Прадыктаванае каханнем
Для прыхільнікаў паэтычнага слова далёка не сакрэт – кожны першы зборнік маладога аўтара прысвечаны тэме кахання. Ды і хіба можа быць інакш? Юнацтва – цудоўная пара, калі эмацыянальны напал спрыяе лавіне вершаў, праз павелічальнае шкло пачуццяў рэчаіснасць выглядае не такой, якой прызвычаіліся яе бачыць людзі з вялікім багажом пражытых гадоў.
Толькі добра, што ставяцца яны да гэтай з'явы спагадліва і з разуменнем, уважліва працуюць з творамі маладых, дапамагаюць парадай. Пры падтрымцы Мінскага гарадскога аддзялення СПБ (пасля таго як Людміла Клачко стала пераможцай літаратурнага конкурсу гэтай арганізацыі да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа) з'явілася яе першая кніжка "На пару слов". Невялікая па аб'ёме, што сведчыць пра строгі адбор аўтара і кіраўніка літаб'яднання, рэдактара Міхася Пазнякова, яна ўбачыла свет у выдавецтве "Чатыры чвэрці" ў гэтым годзе.
Тое, што на шляху ў краіну Паэзіі аўтар робіць першыя крокі, пралічыць не цяжка – у радках трапляюць там-сям і трафарэтныя сцвярджэнні, і недасканалая рыфма (Я радуюсь свече, // Валявшейся в пыли. // Сегодня на Земле // Остались мы одни; Любовь убивают // Притворством ненужным...) Але выразна праступаюць і моцныя прыкметы жаночай паэзіі: лірычная гераіня ахвяна аддаецца пачуццю (Саму себя, как бабочку — булавкой // Прикалываю...), дакладна ведае, што з ёю адбываецца (А у сердца — тоска и простуда //От нелепости будней // И простого отсутствия чуда...).
Чытачам застаецца спадзявацца, што майстэрства з'явіцца, а ўменне абвострана адчуваць рухі душы не знікне ў паўсядзённай мітусні. І, зразумела, павіншаваць Людмілу Клачко з першай кніжкай.
Прэзентацыя выдання адбудзецца ў пятай публічнай бібліятэцы г. Мінска (вул.Казлова, 2а) 23 мая ў 18.00.