Пустата

Абодва вершы, якія прадстаўлены на конкурс «Першацвет» (надрукаваны ў газеце «ЛіМ») з поўнай упэўненасцю можна аднесці да пустышак. Агульнае, што іх аб’ядноўвае – жаданні. Гераіні чагосьці жадаюць. Гэта адзін з прыёмаў сучасных «жаночых» вершаў. Стогн – іх першая прыкмета. Стогнуць па героям, да якіх гераіні палаюць запалам.

Крытыкаваць падобную версіфікаваную – удала ці не – прозу, няма ніякага сэнсу. Таму ўсё зводзіцца, у асноўным, да мноства пытанняў.

Конкурс «ПЕРШАЦВЕТ»

Воля Чайкоўская

***

я хацела б ператварыцца ў журавіну

або ў кроплю вады

зліцца з ландшафтам

згубіцца ў лесе

застацца тут назаўжды

я хацела б зрабіцца разгубленай

і бездапаможнай

згубіць квіток

пашпарт

забыцца на асцярожнасць

я хацела б развучыцца плакаць

наогул забыць што такое слёзы

зразумець як правільна і не балюча

але не заўжды выходзіць

або проста інакш не можна

я хацела б зрабіцца ружовай

або фіялетавай кветкай

такой якія растуць каля твайго дома

слухаць дзіцячы смех

вымяраць глыбіню дзён

будаўнічай рулеткай

я хацела б сыходзіць

але заўжды да цябе вяртацца

размаўляць

бачыць

дакранацца

---

– дзе «тут»?

– што за «квіток»?

– капрызная гераіня пастаянна раве: «я хацела б развучыцца плакаць».

– « зразумець як правільна і не балюча». Што зразумець?

– « слухаць дзіцячы смех». Чый смех, адкуль ён там?

Увогуле, у агародзе бузіна ...
Тое ж самае і з наступным вершам, які ў большай ступені закручаны.

***

Конкурс «ПЕРШАЦВЕТ»

Вікторыя Смолка

Каб вочкам кветкі ўздоўж зямлі

Упасці мне на крок маленства :

Пабачыць светла, як ішлі

Дзяўчынка з Марай сцежкай сэрца.

Хачу ўсёчулай цішынёй

Запоўніць келіх дня гранёны,

Каб ліў свой спеў у сэрцазвон

Зноў голас, небам блаславёны.

Далоні Мары на плячы

Адчуць хачу і адчуваю,

Калі ў пялюшках аблачын

Бог вершанятка спавівае.

---

– што такое «вочка кветк і»?

– як гэта « ўздоўж зямлі»?

А папярок як?

– што такое «крок маленства»?

– што азначае «пабачыць светла»? А «пабачыць цёмна»?

– што такое «сцежка сэрца»?

– чаму келіх « гранёны»?

– што такое «сэрцазвон» і як у яго «ліць спеў»?

– два апошнія радкі наогул глупства.

Алесь Новікаў