Сцвярджаюць гісторыкі і мовазнаўцы
Што паступова сціраюцца грані нацый
І, нібыта як перажытак,
            аджыць павінна абавязкова
Мова маці маёй – беларуская мова…
Што мне, як імя ўласнае, блізкая і знаёмая,
Што па жылах маіх цячэ
                      і сонным Сажом і Нёманам.

Рыгор БАРАДУЛІН
Вы тут: Главная»Рубрики»Литература»Конкурсы»

Сцяпан ЛАЎШУК – лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 2017 года ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці

14/04/2017 в 13:04 Алесь Новікаў премии

 

Віншаванні пераможцу:

 

Галоўнаму навуковаму супрацоўніку ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры» Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі ЛАЎШУКУ С.С.

 

Паважаны Сцяпан Сцяпанавіч!

 

Прыміце віншаванні з нагоды прысуджэння Вам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 2017 года ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці і шчырыя словы ўдзячнасці за Ваш талент і майстэрства, вялікую плённую дзейнасць па прапагандзе беларускай нацыянальнай культуры. Няхай Вам заўсёды спадарожнічаюць натхненне і поспех! Зычым Вам моцнага здароў’я, бадзёрага настою, шчасця і дабрабыту!

 

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў М.С.Орда

 

Сцяпан ЛАЎШУК ветліва пагадзіўся даць эксклюзіўнае інтэрв’ю парталу «ЛітКрытыка.by».

 

Сцяпан ЛАЎШУК – лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 2017 года

ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці

 

Паважаны Сцяпан Сцяпанавіч. У Вас за плячыма вялікая навуковая творчасць і грамадзянскае жыццё. Пасля БДУ Вы былі настаўнікам на Палессі. Потым сталі сакратаром райкама камсамола там, аспірантам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сакратаром партыйнага камітэта КПБ гэтай установы (на правах райкама). Цяпер Вы аўтарытэтны вучоны, Член-карэспандэнт акадэміі. Вамі праведзена велізарная работа ў даследаванні гісторыі і сучасных тэндэнцый развіцця беларускай літаратуры. Ва ўласных навуковых даследаваннях Вы найбольшую увагу ўдзяляеце беларускай драматургіі. Чаму?

 

– Так, найбольшую ўвагу я і сапраўды удзяляю даследаванню драматургіі. Чаму? А Вы задайце пытанне каму-небудзь са сваіх знаёмых, чаму ён кахае сваю жонку. Адназначнага адказу не дачакаецеся. Адно магу сказаць зусім пэўна: я з самага дзяцінства вельмі любіў тэатр. Радыётэатр. Бо мае Васілевічы прафесійныя тэатральныя трупы сваімі гастролямі не дужа песцілі. Затое я мог, зручна ўладваваўшыся на канапе, самахоць далучацца да чароўнага свету сцэнічнага мастацтва.

 

Дзіва дзіўнае, але я і сёння помню некаторыя пастаноўкі. Вось чаму, калі мой навуковы кіраўнік прафесар Ю.С.Пшыркоў прапанаваў тэмай дысертацыі абраць праблемы канфлікту і характару ў сучаснай драматургіі, я вагаўся не дужа доўга. І ніколі не пашкадаваў аб гэтым.

 

Працаваць даследчыку драматургічных тэкстаў надзвычай складана, бо драматургія ў аднолькавай меры адносіцца да двух відаў мастацтва – літаратуры і тэатра. Затое і працаваць з ёю надзвычай цікава.  

 

Сцяпан Сцяпанавіч, як вядома, Вас вылучылі на атрыманне прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па выніках 2016 года ў галіне літаратуры і мастацтва. І вось вынік – Вы пераможца!.. Віншую!

Сярод усіх намінантаў – а іх было пяцера – Вы атрымалі найбольшую, падаўляючую колькасць галасоў камісіі. А ў камісію ўваходзяць вельмі знакамітыя прадстаўнікі розных галін культуры.

Як Вы ўспрынялі перамогу?

 

– Ёсць у нас такая салідная грамадская арганізацыя пад назвай Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў. Якраз яна і вылучыла маю манаграфію «Праз церніі да брамы неўміручасці: Кандрат Крапіва і беларуская драматургія». Члены камісіі на атрыманне прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці прагаласавалі за маю кандыдатуру дружна: 25 чалавек з 29. Дзякуй ім! Дзякуй і Вам за віншаванне.

 

Як я ўспрыняў перамогу? Адэкватна. Перамога – яна заўсёды прыемная. І вельмі мне было прыемна, што кіраўнікі ФПБ, якія арганізоўвывалі конкурс, не фармальна аднесліся да яго правядзення. Давяраючы шаноўнай камісіі, яны і самі азнакоміліся з конкурснымі работамі: прачыталі кнігі, прагладзелі спектаклі і г.д.

 

Вы перажылі ў сваім жыцці такі нядаўні перыяд, калі пісьменнікаў амаль прымушалі ўступаць у чаргінцоўскі саюз – Саюз пісьменнікаў Беларусі. Некаторым нават ставілі ўмовы: або туды, або пасада. І вось Вы, прадстаўнік СБП, аб’яднання, якое некаторыя кіраўнікі «правільнага саюза» на ўсіх перакрыжаваннях аб’яўляюць апазіцыйным, нібыта яны – сябры СБП – выступаюць супраць дзяржаўнай палітыкі. Што Вы, вядучы вучоны ў галіне літаратуразнаўства, гісторыі нашай літаратуры, Член-карэспандэнт НАН Беларусі скажаце на гэты конт?

 

– Ох, як бы мне хацелася з вышыні свайго ўзросту прыкрыкнуць на Вас, маўляў, не трэба блюзнерыць абы-што. Хіба ж магла быць такая сацыяльна-палітычная гнюснасць у Беларусі? У центральна-еўрапейскай краіне з векавымі традыцыямі народнай духоўнасці? Але ж – усё было. Вы можаце для свайго выдання падрыхтаваць серыю матэрыялаў пра скалечаныя лёсы некаторых таленавітых пісьменнікаў. Міф пра татальную апазіцыйнасць Саюза беларускіх пісьменнікаў выгадны некаторым «дзеячам». На жаль, не толькі з асяродзя кіраўнікоў СПБ. Ну, вядома ж, не ўсе ў СБП беленькія ды пухнаценькія. Ёсць тут добры тузін крыкуноў-праўдашукальнікаў. І гэта нармальна, бо творчы чалавек па прыродзе сваёй апазіцыйны. І яна – тая апазіцыйнасць – мусіць быць канструктыўнай. Я ўжо ў літаратурным цэху працую паўстагодзя. Ведаю становішча ў ім не па слухах. Дык вось, з поўнай адказнасцю сведчу: у СБП шчырых дзяржаўнікаў больш, чым у СПБ. А няшчырых? Не лічыў. Не хачу. Мяне радуе тое, што і ў шырокіх грамадскіх колах, і ў асяродзі кіраўніцтва краіны (гэта я так сама ведаю не па слухах) няслушнасць абвінавачванняў у адрас СБП становіцца ўсё больш відавочнай.  

 

Кіраўніцтва СПБ паўсюль заяўляе, што ў іх арганізацыю з былога пісьменніцкага саюза перайшла найбольшая колькасць самых знакамітых пісьменнікаў. Ці так гэта?

 

Цікавае пытанне. І трошкі правакацыйнае. Я мог бы дзеля куражу схавацца за выказванне на гэты конт народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Калі да яго завіталі агітатары з просьбай уступіць у неафіцыйны саюз пісьменнкаў, ён папрасіў азнаёміць яго з навабранцамі. Прачытаўшы спіс, ён усклікнуў: «Хлопцы, дык тут ўсе творчыя імпатэнты!» Усе? Ды не, не ўсе. А вось тое, што наібольшая колькасць самых знакамітых пісьменнікаў не перайшла ў СПБ – гэта неаспрэчны факт. Вазьміце спісы, параўнайце. Хто ёсць хто – пра гэта сведчаць творы. Успрыманне іх чытачамі і незашоранымі крытыкамі.

 

Я ж асабіста гляджу на саюзаўскія памежныя спрэчкі з паляшуцкай насмешлівасцю. Ну чаго вы лямантуеце, чаго распачалі несусветную валтузню?  Крычы, хоць лопні, што твор твой геніяльны, што яго трэба ўключаць у навучальныя праграмы. Дзівакі! І дзесяці гадоў не пройдзе, як літаратурную пацяруху садзьме вецер справядлівасці. І яшчэ. Калі я рыхтаваў заключныя тамы «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагодзя», калі адбіраў кандыдатуры для манаграфічных раздзелаў, ніколі не зважаў, да якога саюза належыць пісьменнік. Літаратура – яна адна! Гісторыя яе складаецца не з нахрапістых акцый кіраўнікоў пэўных літарганізацый (узгадаем «Маладняк», БелАПП), а таленавітых твораў.

 

Каб завяршыць гаворку пра нашых і нянашых, зазначу: раскол былога пісьменніцкага згуртавання Беларусі на СПБ і СБП быў несусветнай лухтой і правакацыяй. Прызнаюся, да мяне ў ліку першых будучы кіраўнік СПБ звярнуўся з прапановай прымкнуць да яго праекта, тлумачачы, што «той саюз» – варожа настроены да нашай дзяржавы. Дазволю самацытату: «Так, ёсць у нас з дзесятак непрымірымых. Але іх можна ўкруціць у адну постілку і пацягнуць у бок Свіслачы. Не утапіць, бо няма за што, а трохі астудзіць іх запал. Із-за іх расколваць Саюз пісьменнікаў? Пладзіць варажнегу? Ставіць крыж на нармальным творчым працэсе?» На жаль, не пачут быў я.

 

Мой лепшы сябар з Васілевіч, месца Вашага дзяцінства. Ці бываеце Вы на сваёй радзіме?

 

– Усе палешукі любяць свой родны кут. Для мяне Васілевічы заўсёды заставаліся святым месцам. З чароўнымі краявідамі і вельмі разумнымі землякамі. На жаль, часта бываць там не дазваляе загружаннасць працай. Але я вырашыў абхітрыць лёс. Атрымаўшы «надзел» зямлі на славутай Лысай гары, я перавёз з родных мясцін добрую хату. Цэгла на грубку – таксама адтуль. Як я быў усцешаны, калі на адной з цаглін прачытаў: «Василевичский кирпичный завод №2». Золкім асеннім часам я прыхінаюся да цёплай бакавіны грубкі і… Антэем сябе не адчуваю, але мне робіцца вельмі камфортна, бо адчуваю злітнасць з Радзімай, успамінаю сцежкі дзяцінства.

 

– Дзякуй, Сцяпан Сцяпанавіч за цікаваю і вельмі дасведчанаю размову.

 

 

Гутарыў: Алесь Новікаў

Оставить комментарий (1)
Система Orphus

Нас считают

Рейтинг@Mail.ru

Откуда вы

free counters
©2012-2017 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.