17 сакавiка 2012 года, «Звязда» № 10 (139)
Пісьменніка Алега Ждана чытачы ведаюць як аўтара многіх кніг прозы, у тым ліку раманаў «Князь Мсціслаўскі», «У гасцях і дома», «Знаёмы». Ён актыўна друкуецца не толькі ў беларускіх літаратурных выданнях, але і ў маскоўскіх часопісах «Дружба народов», «Новый мир», «Наш современник», «Знамя» і іншых.
Апошнім па часе напісання творам стала аповесць «Геній», якую змясціў на сваіх старонках спачатку «Нёман», а зусім нядаўна і «Наш современник». Гэта аповяд пра таленавітага мастака, які супрацьпаставіў сябе і абставінам, і занадта многім людзям, а магчыма, нават і ўсяму грамадству.
З празаікам, драматургам, перакладчыкам Алегам Жданам гутарыць карэспандэнт «Звязды».
— Алег Аляксеевіч, у аповесці вы даследуеце жыццёвую гісторыю, характар, псіхалогію скандальна цікавага героя, які не стварае (ён жа — мастак, творца), а разбурае: міжасабовыя адносіны, свае карціны, уласную рэпутацыю. У чым была ваша звышзадача як аўтара? Вы хацелі абараніць мастака Трышку ці перасцерагчы нас ад яго?
— Шчыра кажучы, я не вельмі разумею, што такое звышзадача для пісьменніка. Задача — з гэтым больш-менш ясна. Ды і то яна часцей за ўсё канчаткова праясняецца ў працэсе работы. Я сапраўды хацеў абараніць майго недарэчнага і таленавітага героя. Хоць спачатку збіраўся заклеймаваць, нават праклясці. Быў у мяне знаёмы — вельмі адораны, разумны, адукаваны чалавек, у якога нават з маці не складваліся адносіны. Час ад часу гэтыя адносіны ўзрываліся ад узаемнага неразумення. Маці яго была цудоўная жанчына, магчыма, з ліку лепшых у гэтым свеце. І аднойчы ён плюнуў ёй у твар. Той выпадак і падштурхнуў мяне на напісанне гэтай невялікай аповесці. А калі пачаў працаваць, прыцягнуў сюды іншыя выпадкі, іншых людзей… Матэрыялу было дастаткова.
— Вы хочаце сказаць, што такія героі (ці антыгероі) сустракаюцца ў жыцці часта?
— Не буду сцвярджаць, бо няма такой статыстыкі. Але сустракаюцца, праўда? Яны цікавыя тады, калі таленавітыя. І прызнаных сярод іх не многа. Людзі часцей за ўсё не ведаюць і не хочуць ведаць сваіх геніяў і паводзяць сябе ў адносінах да іх абсалютна абыякава. Невыпадкова кажуць: няма прарока ў сваёй Айчыне…
Я быў знаёмы з некалькімі надзвычай таленавітымі людзьмі, і ўсе яны былі вельмі адзінокімі. Грамадству прыносілі карысць, а вось сваім блізкім даволі часта — шкоду (праўда, не ўсе).
Але вернемся да майго героя. Я не настойваю, што ён геній. Назва аповесці — гэта яшчэ не сцвярджэнне. Не пра генія размова, а пра чалавека, які лічыць сябе геніем. І выстаўляе да людзей занадта высокія патрабаванні. Але і да сябе — таксама.
— Як вы лічыце, такі эгацэнтрызм, як у Трышкі…
— Ён, хутчэй за ўсё, уласцівы любому таленту. Іншы раз эгацэнтрызм вельмі кідаецца ў вочы. Калі не — гэта і ёсць разумныя межы. І лічыцца з такой асаблівасцю даводзіцца, бо нічога не зробіш — талент. Мы і лічымся. Іранізуем, насміхаемся, нават злуемся, але — лічымся.
— У тым, што ён — геній, Трышку пераканала маці. (Цытуем яе: «Хлопчык жа — геніяльны, гэта само сабой…».) Яго маці — падкідыш, а ён — незаконнанароджаны, чалавек «без кораня, без традыцыі». Маці, хутчэй за ўсё, шукала кампенсацыю сямейнай неўладкаванасці — гэта было яе права. Але звернем увагу: неўладкаванасць у жыцці часта суправаджае сапраўды таленавітых людзей, нават сапраўдных тытанаў думкі. Прыкладаў колькі хочаце. Ці ёсць тут нейкая заканамернасць?
— Думаю, што ёсць. Геній патрабуе разумення, як мы ўжо казалі. А яго не заўсёды жадаюць разумець. Я і сам толькі ў канцы аповесці зразумеў майго героя і дараваў яму. Спадзяюся, што і чытачы адчуюць яго пэўную абаяльнасць, альбо, як зараз часта кажуць, — харызму.
— Здаецца, гэта якраз той выпадак, калі ў адоранага чалавека няма духоўнага стрыжня. Магчыма, высокай маральнасці? Сур’ёзны мастак можа быць маральна заняпалым, непаўнацэнным? Ці тут своеасаблівы «трышкін кафтан»: ёсць адно — другога не шукай?
— Лёгка патрабаваць бездакорнасці ад іншых. І талент, і геній не могуць быць бездакорнымі хоць бы таму, што іх мала цікавіць нешта іншае, акрамя прафесійнай страсці, прафесійнага азарту. Аднаго вядзе навуковая ідэя, іншага — нейкая мастацкая задума. Пры гэтым забываецца занадта многае. Але я баюся збіцца на паўтарэнне вядомых пастулатаў.
— Цікавая дэталь: размова Трышкі з «прыяцелем-здраднікам», да якога ён зайшоў абсушыцца і пазычыць грошай, нагадвае сучасную інтэрпрэтацыю тэмы Моцарта і Сальеры. У такім выпадку хто з іх хто?
— Не, прэтэндаваць на інтэрпрэтацыю вечнай тэмы я не магу. Гэта толькі адгалосак яе. Ні Моцарта, ні Сальеры тут няма. Ёсць старанны і паспяховы вучань, і ёсць таленавіты няўдачнік. А няўдачнікам можа быць і геній, бо надзвычай залежыць ад іншых людзей, ад грамадства. Менавіта грамадства выносіць свой прысуд, калі ставіць пячатку генія ці няўдачніка. Але і адно, і другое — цяжкая ноша.
— Прызнайцеся: вы хацелі зрабіць своеасаблівую «прышчэпку» маладому чытачу, каб правільна суадносіў талент са звычайнымі здольнасцямі і не разбіў лоб аб сцяну неразумення?
— Шчыра кажу: прышчэпак рабіць не збіраўся, няхай маладыя ў сваіх прафесіях набіваюць сабе гузакі і самі ставяць сабе прымочкі. Гэта адзіны шлях развіцця. Безумоўна, кожны малады чалавек (і не толькі малады) балюча перажывае неразуменне акружэння. І чым больш арыгінальная ідэя, тым большае неразуменне. Але шлях адзін: гузакі і прымочкі.
— Дзіўна: Трышка ўспамінае аб сваіх мінулых жыццях…
— Трышка не атрымаў добрай адукацыі, у галаве яго каша з хрысціянства, ісламу, іудаізму. Ён прыдумаў уласную веру ў некалькі жыццяў для вартых людзей. Але, здаецца, толькі маці, якой ён прынёс шмат гора, вартая сустрэчы з ім у новым жыцці. Так што прызнаюся: асабіста я геніяў не люблю. І ўсё ж, і ўсё ж… Патрэбна быць справядлівым.
— У аповесці такая шчыльнасць мастацкага палатна, столькі дакладных вобразаў і творчых знаходак… Але запытаюся пра іншае. Ці павінен мастак, пісьменнік, творчы чалавек мець дар прадбачання? Калі вы пісалі раман «Князь Мсціслаўскі», надрукаваны асобнай кніжкай і ў часопісах, ці маглі меркаваць, што сённяшнім палітыкам, людзям дзяржаўным давядзецца паўтарыць той подзвіг мудрага князя, які выратаваў горад ад спусташэння і яго народ ад галечы, а то і вынішчэння? Упусціць чужых у горад… Гэта гістарычны факт?
— Што датычыць прадбачання — не ведаю, але павінен быць здаровы сэнс. Якраз здаровы сэнс і быў уласцівы князю Мсціслаўскаму ў поўнай меры. Упусціць чужое войска ў горад патрабавалі абставіны.
Факт гістарычны. Адзін гісторык нават расказваў, што так рабілі ўдзельныя князі і ў іншых невялікіх гарадах. Але гэта якраз гаворыць аб тым, што здаровы сэнс быў уласцівы многім палітыкам.
Гутарыў Уладзімір Хількевіч.
Прочел «Гения». Очень интересная повесть. Обязательно отзыв напишу, поскольку там сплошная психология.