Новая кніга-крэсіва вядомага аўтара

Чужыя словы мне не трэба:

Хапае ўласных сэнсаў мне,

Што йдуць з падвышанага неба

Ў маёй у роднай старане.

Гэта мае радкі пра настраёвасць кнігі, якую хочацца тут разгледзець.

Пасля выхаду ў свет апошняга, дапрацаванага і дапоўненага выдання кнігі Васіля Якавенкі “Пакутны век” (2009) – твора, без перабольшання, па ўсіх паказчыках або вызначэннях класічнага і па-добраму народнага, міжволі пачынаеш заўважаць, што гэтыя зыходныя пазіцыі праследжваліся ўжо і ў яго папярэдніх кнігах (да прыкладу – “Крушэнне на ростані”), мелі працяг у выданнях наступных (да прыкладу – “Нячывелле”). А вось перад намі новая кніга неардынарнага пісьменніка і грамадзяніна (як на літаратурнай ніве, так і на абсягах жыцця) “Прывіды Шанхая над Свіслаччу” (2011). Кніга сведчыць пра тое, што аўтар умацоўвае і прабівае далей сваю пуцявіну як актыўны, уважлівы і шчыры дзеяч нашага грамадства, як інтэлектуал-энцыклапедыст, як пранікнёны знаўца рэалій жыцця, беларускай душы і мовы, як вялікі працаўнік і падзвіжнік.

“Прывіды Шанхая…” у анатацыі вызначаецца як кніга мастацкай публіцыстыкі. Думаецца, яна – значна шырэй, прынамсі, выходзіць за рамкі кароткага вызначэння. Па ахопе жыццёвых праблем праз інтэрв’ю, гутаркі, рэцэнзіі, успаміны, артыкулы, лісты, роздумы яна сягае ў прастору шматграннага эпічнага твора, у цэнтры якога нязменная для аўтара тэма: Бацькаўшчына ўчора, сёння і заўтра. Беларусь для аўтара – яе палымянага адваката – не адцягнутае, абстрактнае ці спекулятыўнае паняцце-катэгорыя, а жывы, праўда, вельмі хворы ў варунках цяперашняга часу суб’ект-арганізм у сусветнай прасторы. На старонках кнігі гэты жывы арганізм падаецца В.Якавенкам у самых розных аспектах: гістарычным, цывілізацыйным, моўным, эканамічным, экалагічным, эстэтычным, этычным і інш. Часта сама падача выглядае лаканічна, як скандэнсаваны канспект ці то па тэорыі і практыцы гістарычнага жыцця Бацькаўшчыны (“Місія БНР у Берліне як аптымістычная трагедыя”, “Там за лініяй фронту”); ці то па аналізу экалагічнага стану нашай прыроды і нашай душы (“Запатрабаваныя і адрынутыя” – да 25-годдзя Чарнобыльскай катастрофы, “Купіце бомбу ў акаймоўцы кветак” – АЭС для Беларусі); ці то па стану мовы тытульнай нацыі Беларусі (“Каб зняць ганебнае таўро”); ці то па архітэктурнай гісторыі і сённяшняй забудове беларускай сталіцы (“Розум перамагае хімеры”) і многае не менш важнае, іншае.

Галерэя імёнаў, прадстаўленых у выданні, дзе кожная асоба ў прамым і фігуральным сэнсе названа карэктна, аб’ектыўна, “дакуменціравана”, без хістанняў у той ці іншы бок, успрымаецца як належнае. Ад знаёмства з імёнамі У.Сакалоўскага, Л.Дайнекі, Г.Вашчанкі, У.Папругі, А.Астапенкі, светлай памяці Т.Белавокай і многіх іншых на душы становіцца светла, што такія людзі нараджаюцца і твораць у Беларусі. А ёсць і “героі” з пазнакай адыёзнасці. Але чытач сам іх знойдзе на старонках зборніка…”. Трэба таксама зазначыць, што характэрнымі персанажамі кнігі выступаюць не толькі людзі, але і ідэі аб суверэнітэце і нацыянальных каштоўнасцях, а устойлівым развіцці краіны і іншыя.

“Прывіды Шанхая…” – кніга горкай, выкрывальнай праўды ў адрас былых, сённяшніх і будучых ворагаў годнага ўладкавання краіны з яе нацыянальным духоўным багаццем, як бы іх хто ні імкнуўся выставіць у ролі нашых сяброў, партнёраў і выратавальнікаў – нашых дабрадзеяў; гэта кніга – папярэджанне аб тым, што лёс наш можа яшчэ больш сур’ёзна пагоршыцца. Але чаму так? Міжвольна ў гэтай сувязі ўспамінаецца наш славуты суайчыннік Васіль Цяпінскі з яго маючымі глыбінны сэнс словамі: “Хіба не кара Божая – лад, што ўсталяваўся ў нас у доме?” Дарэчы, гэтыя словы ў якасці эпіграфа В.Якавенка размясціў да ўкладзенай (разам з Т.Скібінскім) і выдадзенай ім раней кнігі “Письма к живым” (Мінск, 1999 г.). Тэма, хвалюючая нас і сёння.

Нельга не заўважыць, што графічна-шрыфтавае афармленне вокладкі і тытула, іх адваротных бакоў, а таксама загалоўкаў “Прывідаў Шанхая…” выканана ў класічнай афарміцельскай кітайскай традыцыі. І гэта не выпадкова. Тут праглядаецца адкрытая алюзія на тое, што хутка ў Мінску (ды і ва ўсёй Беларусі) можа ўтварыцца штосьці накшталт кітайскага ўплыву (“Паглядзі на сябе праз прызму народа”), і гэты ўплыў у пэўнай меры будзе ў піку расійскаму. Пасля знаёмства з “Прывідамі…” прыходзіш да думкі, што ў беларусаў ёсць небяспека на сваёй зямлі канчаткова ператварыцца ў гастарбайтараў дый у донараў – біяносьбітаў запасных “біячастак”, якія будуць адбіраць з іх цела і скарыстоўваць трансплантолагі розных адценняў для абагачэння сваіх гаспадароў і, вядома ж, па астаткаваму прынцыпу і сябе. Прынамсі, такіх з’яў ужо ёсць прыкметы. Вось тады ў поўным аб’ёме і велічы (у нязвыклым святле ) можа паўстаць праблема знікнення людзей у нашай краіне і на планеце Зямля. І яшчэ, дарэчы… Калі ўспомніць словы, сказаныя ў вярхах, што рускія ў Беларусі будуць пачуваць сябе лепш, чым у Расіі, то, зыходзячы з гэтай заявы-дыскурса, паўстае пытанне: “А чаму б і кітайцам не пачувацца ў Беларусі лепш, чым у Кітаі?” Адно які лёс напаткае далей беларусаў? Што чакае іх?

Як у прыгожым пісьменстве, так і ў жыцці В.Якавенка – на пярэднім краі. Ён – стваральнік і кіраўнік “Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза (БелСаЭС) “Чарнобыль”, заснавальнік і рэдактар шырока вядомай у свой час духам шчырасці і прынцыповасці газеты “Набат”, лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Ф.Нансена за цыкл нарысаў і артыкулаў, прысвечаных Арменіі, Нагорнаму Карабаху, каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Інстытут нацыянальнай памяці”. З ініцыятывы і пры ўдзеле В.Якавенкі праводзіліся і праводзяцца шматлікія грамадскія акцыі, мерапрыемствы, дзействы. Бадай, усяго і не прыгадаеш, і не пералічыш, што можна ўключыць у паслужны спіс гэтага нястомнага працаўніка (аб гэтым больш падрабязна – у ягоных кнігах).

Часам можна падумаць, ці не перашкаджае такая актыўнасць В.Якавенку як пісьменніку. Атрымліваецца ж наадварот! Перашкоды нібыта не для яго існуюць… Відавочна, усё, што мае афарбоўку беларускай народнай душы, увабрала і носіць ягоная творчасць з самых першых яго крокаў у літаратуры. І тут ён, часам нагадваючы Дон-Кіхота, з адкрытым забралам, без намёкаў на піяр, без снабісцкіх вывертаў, дыялектычна палемізуючы, піша панарамна аб самым галоўным і цярпліва абуджае да самасвядомасці і адпаведна – дзейнасці; заклікае пазнаваць у чалавеку чалавека, а ў беларусу – беларуса; заклікае да працы, да супрацьстаяння свайму і чужому бяспамяцтву, бескультур’ю, дзікунству і г.д. Ну чым, скажыце, не класічнае выяўлкнне сапраўднага грамадзяніна і пісьменніка (дарэчы, ён піша таксама і для тэатра і для дзяцей); ну чым гэта не пазіцыя вартага усялякай павагі і прызнання прадстаўніка беларускага народа?!

Вядома, так не бывае, каб не зрабіць колькі заўваг майстру слова (не грамадскаму дзеячу і арганізатару!) на прадстаўленую ім кнігу. У дадзеным выпадку абыйдземся толькі двума ўдакладненнямі:

1. Да сцвярджэння аўтара (“Паглядзі на сябе праз прызму народа”), што мы, беларусы, аж да ХVІІ стагоддзя ўключна былі донарамі для ўсходняга суседа, прынцыпова-катэгарычна неабходны каментар. Донарамі для Расіі, яшчэ ў большай меры, мы былі і ў ХVІІІ, і ў ХІХ, і ў ХХ стагоддзях. Імі застаемся і сёння. Тое ж можна сказаць і пра заходняга суседа. Яшчэ калісьці Ю.Пілсудскі канстатаваў, што Польшча, як абаранак, напоўненая і моцная заўжды крэсамі (ускраінамі), а ў яе сярэдзіне – нішто”. Возьмем, да прыкладу, толькі польскую літаратурную класіку. А.Міцкевіч, Ю.Нямцэвіч, Ю.Крашэўскі, Э.Ажэшка, У.Сыракомля і іншыя. Хто яны этнічна? Ну, вядома, ліцвіны – беларусы. А пра шматграннае і шматаблічнае донарства у расійскую і польскую культурную прастору – як небудзь іншым разам і ў іншым месцы.

2. А цяпер аб агрэсіі да таленавітых асобаў з боку “сваіх аглаедаў альбо асталопаў” пануючага рэжыму ў гісторыі беларускага народа (“Паглядзі на сябе праз прызму народа”). Да імёнаў пацярпелых у свой час М.Крукоўскага і А.Рагулі можна дадаць імёны перакладчыка В.Сёмухі (“няправільныя паводзіны, непажаданыя кантакты з замежнікамі”), паэта А.Наўроцкага (адмовіўся супрацоўнічаць са спецслужбамі), мастака У.Хмызнікава (не прызнаваў догмы соцрэалізма, выступаў супраць З.Азгура), навукоўца В.Зайцава (захапляўся, прапагандаваў і распрацоўваў ідэі іншаземных цывілізацый) і многіх іншых.

Падсумоўваючы сказанае вышэй, сцвярджаю, што кніга “Прывіды Шанхая над Свіслаччу” робіць моцнае, нават балючае ўражанне і што кніга гэта, як і іншыя творы В.Якавенкі, здольная перадаваць дзейсны імпульс-патэнцыял аўтарскага розуму і душы, клопату і рупнасці тым, хто не абыякавы да лёсу сваёй Радзімы.

Яўген Гучок,

паэт, літаратуразнаўца, публіцыст

ГУЧОК, ЯКАВЕНКА, КРУКОЎСКІ

 

Комментарии запрещены.