Жыццё — як сюжэт для серыяла

У выдавецтве «Чатыры чвэрці» ў серыі «Асоба і час» выйшла кніга «Алесь Савіцкі: «Сонца на ўсіх адно» (проза, публіцыстыка)».

Гэтая кніга — плён роздуму пісьменніка-франтавіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, Ганаровага грамадзяніна Полацка пра мінулае і сённяшні дзень, пра сувязь пакаленняў, пра духоўны свет.

Як адзначаюць укладальнікі выдання Навум Гальпяровіч і Наталля Ваніна, упершыню пад адной вокладкай сабраны не толькі некаторыя празаічныя творы, публіцыстыка, інтэрв’ю, успаміны, але і артыкулы аб творчасці аднаго з самых вядомых нашых сучаснікаў, чалавека легендарнай біяграфіі. Як на трох кітах, трымаецца кніга на роздумах аўтара — на Паклоннай гары, ля берагоў нямецкага Рура і на берагах роднай Дзвіны.

У кнізе прыводзіцца баявая характарыстыка на камандзіра дыверсійнай групы партызанскага атрада «Бальшавік» брыгады імя Варашылава Аляксандра Ануфрыевіча Савіцкага за подпісам камандзіра партызанскага атрада «Смерць фашызму» Слаўскага і камісара атрада «Бальшавік» Пячонкіна, датаваная 12 кастрычніка 1944 года.

Вось вытрымкі з баявой характарыстыкі вядомага беларускага пісьменніка: «Тов. Савицкий А.А., уроженец города Полоцка Витебской области БССР. До войны был учащимся средней школы г. Полоцка. При оккупации г. Полоцка фашистскими извергами и организации в этом районе ещё первичных групп партизанского движения молодой юноша, тов. Савицкий А.А., оставляет свою родную мать и идет в ряды народных мстителей. Вступив в ноябре 1942 года в отряд «Смерть фашизму», тов. Савицкий вступает добровольно в диверсионную группу партизанского отряда для того, чтобы как можно больше отомстить оккупантам за те ужасы зверств, которые были нанесены белорусскому народу…

За период с ноября 1942 по июль 1943 года в партизанском отряде «Смерть фашизму» тов. Савицкий имеет на своем боевом счету: спущенных под откос вражеских эшелонов с живой силой и техникой — четыре эшелона, подорваны на противотанковых минах — три вражеских автомашины с живой силой, тов. Савицким лично были подорваны толом 5 шоссейных мостов и 2 железнодорожных моста, на линии Полоцк — Молодечно, тов. Савицким лично было уничтожено 27 немецких солдат и офицеров.

За эти подвиги командование отряда «Смерть фашизму» тов. Савицкого А.А. дважды представило к правительственной награде.

В июле 1943 года организовывается новый отряд этой же бригады — «Большевик». Тов. Савицкий А.А. как имеющий большой практический опыт по диверсионной деятельности с первых же дней организации отряда назначается командиром диверсионной группы в количестве 5 человек. За короткое время, т.е. за 4 месяца, тов. Савицкий вырастил группу в 18 человек…

…Указом Верховного Совета СССР тов. Савицкий уже награжден дважды: орденом Красной Звезды и медалью «Партизану Отечественной войны» І степени.

Тов. Савицкий скромный воин, никогда не кичится своими успехами, имел широкий авторитет среди партизанских масс не только нашей бригады, но и всего партизанского движения Белоруссии, его боевые подвиги не раз обсуждались и изучались на партизанских собраниях. На его боевых примерах учились многие партизаны как надо бить врага».

* * *

Вось аб чым падумалася, чытаючы гэтую кнігу: біяграфія Алеся Савіцкага — сама па сабе нібыта легенда: партызан — франтавік — журналіст — пісьменнік… Ордэн Славы 3-й ступені яго знайшоў праз паўвека пасля заканчэння вайны…

Які лёс!..

* * *

Апошнім часам вялікім поспехам карыстаюцца фільмы не па літаратурных творах — а менавіта па канкрэтных лёсах, сапраўдных біяграфіях вядомых людзей (узгадайма хаця б серыялы «Катоўскі», «Фурцава»).

А які сюжэт для «кіношнікаў» — біяграфія Алеся Савіцкага!..

А то нашы майстры «тузаюцца» ў творчых пошуках — і не заўважаюць таго, хто побач. Няма прарока ў сваёй Айчыне?..

* * *

«Першае, сваё, напісаў у партызанскім атрадзе. Зімою сорак другога мяне параніла. Разам з Сяргеем Зімніцкім мы мініравалі чыгунку ў сасновым бары паміж Полацкам і Фарынава. Міну — амаль дваццаць кілаграмаў толу, выплаўленага з артылерыйскіх снарадаў, — паставілі, але адбегчыся далёка не паспелі: цяжка было адольваць завалы з таўшчэзных соснаў, аплеценых дротам і закіданых снегам. Выбуху не чуў; памятаю вялізнае, на ўсё неба, малінава-белае сонца і ціхі, вельмі ціхі і прыгожы гул, як бомканне маленькіх званоў…

Журналісты Алесь Савіцкі (злева) і Рыгор Голанд каля рэдакцыі газеты «Бальшавіцкі сцяг», 1946 год.

Журналісты Алесь Савіцкі (злева) і Рыгор Голанд каля рэдакцыі газеты «Бальшавіцкі сцяг», 1946 год.

Выратаваў мяне Сяргей. Ён першы апрытомнеў, доўга поўзаў па снегавых гурбах, але мяне знайшоў і пацягнуў да лесу. Потым я апрытомнеў таксама і папоўз сам. Мы дапаўзлі да лесу і там знайшлі сваіх хлопцаў з групы — яны шукалі нас, — і коні панеслі ўсіх па лясной дарозе…

(Алесь Савіцкі. «Пад роднымі клёнамі».)

* * *

У 1980 годзе газета «Чырвоная змена» падрыхтавала анкету, на пытанні якой адказвалі вядомыя беларускія літаратары. Апошні пункт анкеты — «Вашы парады маладым».

Вось што параіў пачаткоўцам Алесь Савіцкі больш як тры дзесяцігоддзі таму: «Ідзіце смялей. І толькі наперад. І спяшайцеся пісаць. Друкаваць, аднак, не спяшайцеся: радок, які крыху паляжыць на тваім пісьменніцкім стале, робіцца разумнейшы».

Спяшайцеся пісаць — аднак не спяшайцеся друкаваць… Парада, надзвычай актуальная і сёння!

* * *

Кніга «Сонца на ўсіх адно» ўтрымлівае і «візуальны дадатак» — здымкі з асабістага альбома пісьменніка. Як адзначае рэдактар выдавецтва «Чатыры чвэрці» Лілія Анцух, гэта своеасаблівая ілюстрацыя знакавых момантаў жыцця. Перад намі Алесь Савіцкі — партызан, франтавік, журналіст (ды такі прыгожы мужчына — «эталоннаму» французу Алену Дэлону ой як далёка да яго!), пісьменнік, старэйшына…

Выданне адрасавана шырокаму колу чытачоў, але ў першую чаргу — прадстаўнікам маладога пакалення, якім жыць і працаваць у суверэннай Беларусі, свабоду і незалежнасць якой у баях адстойваў кавалер ордэна салдацкай Славы Алесь Савіцкі.

* * *

Прачытаўшы кнігу «Сонца на ўсіх адно», патэлефанавала Савіцкаму, каб удакладніць:

— Алесь Ануфрыевіч, вы сапраўды пакінулі свой аўтограф на рэйхстагу — або гэта метафара?

— Ні якая не метафара?! Сапраўды — распісаўся. У мяне ёсць медаль «За ўзяцце Берліна».

— Гэты год абвешчаны Годам кнігі — цікава, а якая самая любімая ваша кніга?

— Адкажу, не задумваючыся, — «Курган» Янкі Купалы. У 8 класе вывучыў гэтую паэму на памяць — і ведаю да гэтага часу. Будучы ў партызанах, аднойчы прачытаў яе хлопцам — і потым яны часта прасілі: «Шурка, чытай!..».

Таццяна ПАДАЛЯК. «Звязда», 06 студзеня 2012 года № 3 (27118).

Р.S. 8 студзеня 2012 года Алесь Ануфрыевіч Савіцкі адзначыць 88-годдзе. Сцвярджаюць, што загадзя з днём нараджэння не віншуюць — таму «Звязда» ад імя ўсіх чытачоў проста перадае пісьменніку каляднае прывітанне з пажаданнямі добрага здароўя, плёну ў творчасці і ў жыцці.

Комментарии запрещены.