Як я і спадзяваўся, Мікола Шабовіч адгукнуўся на маю просьбу і даслаў свае вершы, якія былі перакладзены на рускаю мову і надрукаваны ў «Белай Вежы» №3(5)-2012 года. Іх можна прачытать вось

тут.

Я уважліва азнаёміўся з дасланым і атрымаў вельмі дзіўнае здавальненне. Можаце самі ацаніть майстэрства Мікола Шабовіча.

***

Давай пафіласофствуем з табой,

Згадаем, што прайшло, не адбылося.

Нам не вярнуцца ў колішнюю восень –

У пачуццёвы светлы лістабой.

Мы іншыя, бо восені няма

І выпіта другімі наша лета.

Між намі сцюжнавейная зіма.

Мы іншыя. І ведаем мы гэта.

Разумныя. На слоўны перапал

Адзін другога лёгка выклікаем,

Нібыта дні пражытыя гартаем,

Спраўляем вэрхал і лагодзім шал.

Не зберагчы таго, чаго няма,

І выдумляць не варта і не трэба.

Мы, як маглі, трымалі наша неба –

Усё прайшло. І плакацца дарма…

Давай пафіласофствуем з табой.

Мы не змаглі жыццё пражыць іначай,

І тэлефон нябачнаю слязой

Па нас з табою болей не заплача.

***

Вяртаюся, каб вымавіць “люблю”

Дзяўчынцы, што калісь зачаравала,

І летуценні стоена лаўлю

Ў паглядзе тым, што ты падаравала.

Лаўлю дакор за тое, што змаўчаў.

(О нерашучасць, як цябе пазбыцца?!)

Такі балючы – першы мой адчай

Ізноў ля сэрца мройліва гняздзіцца…

А ты пралескай першаю цвіцеш,

Хоць да вясны яшчэ далекавата,

І ў тым, што развітаемся навек,

Ні ты, ні я – ніхто не вінаваты.

***

Там, за нябачнаю імглой,

Дзе зорак прадзіва,

Яшчэ мы стрэнемся з табой,

Так Богам дадзена.

І будзем стоена лавіць

Пяшчоту восені,

Жыцця нязмушаную ніць

І неба ў просіні.

І піць пачуццяў ціхаспеў,

Бы ў смагу, росамі,

І слухаць вечнасці павеў

Пад сонца косамі.

Яшчэ мы стрэнемся з табой –

Так Богам дадзена –

Там, за нябачнаю імглой,

Дзе зорак прадзіва.

***

Ты спіш нячутна на маім плячы,

Магчыма, ноч, а то і больш не спала,

І вейка на шчаку тваю упала…

Ты спіш нячутна на маім плячы.

Мне гэты сон да скону берагчы,

Хоць застанецца тайнаю навекі:

На шчасце ці на гора ўпала вейка?

Мне гэты сон да скону берагчы.

Ты спіш нячутна на маім плячы…

***

Хопіць, восень, вяртаць успамін…

Зорка падае, потым – другая.

І глядзіць цішыня з-пад ялін.

– Дарагі мой…

– Мая дарагая…

Тое ж месца. Прабеглі гады.

Маладзік. Развітанне навекі.

Як сляпыя ўначы – хто куды

Два чужыя пайшлі чалавекі.

***

Гэта казка, ці ява, ці сон –

Чуць твае сэрцагрэйныя словы.

О, які іх салодкі палон!

Так і слухаў бы: “Што Вы! Ну што Вы!..”

Дзіўнавокая краска Зямлі

Ці спагады ручай хуткацечны?..

Мы з табою і дня не былі,

А здаецца: знаёмыя вечнасць…

Зноў як прыйдзеш у мройныя сны,

Нібы сонечны промнік маёвы,

Я скажу: “Ты царыца вясны!”

І пачую: “Ну што Вы! Ну што Вы!”

***

Паміж знадзееных дарог,

Калі не спіцца аж да золака,

Магчыма, слова й серабро –

Не забывай: маўчанне – золата.

У дзён самотлівай журбе,

Дзе хвілі шчасця хуткацечныя,

Магчыма, любяць не цябе –

Не забывай: каханне вечнае.

І што там чын ці хваласпеў,

Як лёсу ніць трымціць дрыготкая?

Магчыма, шмат ты не паспеў –

Не забывай: жыццё кароткае…

***

Нібыта зорачкі ўначы,

Так Вашы вочы паглядзелі.

Мой сум і боль куды падзелі?

Нібыта зорачкі ўначы,

Так Вашы вочы паглядзелі.

Таго пагляду не забыць,

Бо ён прынёс вясны залеву.

Цяпер – мая Вы каралева,

І мне маліцца і маліць,

Усе адкінуўшы сумневы.

Калі ж мы стрэнемся яшчэ

І ці пашле нам Бог спатканне?

Так нараджаецца каханне…

І ў Вашым позірку вачэй

Жыве надзея на спатканне.

Мне хтосьці скажа: “Летуцень!

Яна табе зусім не роўня”, –

Ды не забыцца мне ўсё роўна,

Як ночы ўслед прыходзіў дзень,

Такі святочны і чароўны.

Мне песціць Вашае імя

І чуць у ім прыліў італій.

О, каб жа зноў Вы завіталі

У тую казку, дзе зіма

З вясной заручыны спраўлялі.

Той міг сустрэчы берагчы

У будні буду і ў нядзелі.

Нібыта зорачкі ўначы,

Так Вашы вочы паглядзелі.

***

Як на цябе, я, мабыць, не глядзеў

Шчэ ні на кога – толькі на ікону.

Спатканая сягоння неспадзеў,

Ты не мая, але мая да скону.

Ты нараджаеш рыфмы і радкі,

Ў тваім паглядзе яснаспевіць лета.

О, як крануцца мне тваёй рукі,

Мая Джаконда і мая Джульета?!.

Як і прыйшла, ты пойдзеш неспадзеў,

Хоць не мая, але мая да скону.

Як на цябе, я, мабыць, не глядзеў

Шчэ ні на кога – толькі на ікону.

***

Няхай хвіліны не вярнуць назад

І цеплыня пачуццяў толькі сніцца,

Як гэта страшна: за вярсту пазнаць,

А падысці бліжэй – і памыліцца.

***

За якой гарою,

Дзе шукаць па свеце

Маладыя мроі

Маладога лета,

Што цвілі, буялі

Колісь так шматкветна,

А пасля завялі

Ціха й непрыкметна,

Хоць душа й сягоння

Леціцца й вяснуе

Над гадоў прадоннем,

Над вячэрнім сумам

І радкі міжволі

Мкнуць на край Сусвету

Ў маладыя мроі

Маладога лета?..

***

Н.

Нашы дні – беспрытульныя мроі.

Нашы мары – заўчорашні снег.

Мы з табою зусім не героі,

Нас даўно падымаюць на смех.

Мы з табою – бяскрылыя птахі.

Наш палёт – ад сцяны да сцяны.

Спадзяванняў паднебныя гмахі

Адлюлялі ружовыя сны.

Мы бязгнёзда жывём і бязглузда,

Летуценім калі-нікалі,

Як шары, што загнаныя ў лузу, –

Адгулялі сваё. Аджылі.

***

Якія песні ні спявай,

Якому Богу ні маліся, –

Калі ўжо сказана: “Бывай!”, –

Вярнуць былое не імкніся.

І як ты час спыніць ні мар

Пад споведзь дзён звонкагалосых, –

Гадоў жыццёвы каляндар

Даўно ўжо складзены ў нябёсах.

Нам толькі мары спеліць-грэць,

Свае патолячы прывычкі,

І ўслед за зоркаю гарэць,

І растварыцца ўслед за знічкай…

***

Як мітусня гасцюе дзень пры дні,

Змяняе вэрхал даўкія турботы,

Захочацца хоць хвілю цішыні,

Захочацца хоць хвілю адзіноты.

Захочацца заснуць пад клёнаў шум,

Уткнуўшыся ў падушку травяную,

І спавядаць уласную душу,

І піць да дна сімфонію лясную.

Не шкадаваць, што мклівяцца гады,

А шкадаваць, што вёсны за гарою

І што не я, а нехта малады

Не спіць да рання летняю парою

І прысвячае дзіўныя радкі

Дзяўчынцы той, якой не знаць ніколі

Тых шчырых слоў, шчымліва-трапяткіх,

Таго пякуча-радаснага болю…

Гады, гады… Не вернуцца яны,

Хіба прысняцца толькі на хвіліну

Пад клёнаў шум, гаючы шум лясны,

Пад ветру спеў, пад посвіст салаўіны.