Выступаў ў гімназіі, у центры Мінска. Гімназія вядомая. Папрасілі пісьменнікаў правесці ўрокі па літаратуры. Кожны дзень па аднаму-два ўрокі. Сёння – два правялі, заадно, паслухалі настаўнікаў і вучняў.
Беларуская літаратура выкладаецца толькі адзін раз на тыдзень – адна акадэмічная гадзіна – 45 хвілін. Дзеці тут не пры чым… Канечна, калі мы ў свой час вучыліся, ведалі “Дрыгву” Якуба Коласа, аповесць пра дзеда Талаша, Янку Маўра ведалі. Ўсё ведалі. А ім цяпер не да гэтага. Вучацца спехам і, нярэдка, як бачна, вывучаюць не тое, што трэба. Напрыклад, у восьмым класе мне паказалі падручнікі, якія, аказваецца, давялося выцягваць з былых часоў таму, что мяняюцца праграмы. І кажуць: «Слава богу, што я ранейшыя падручнікі не выкінула на сметніцу, бо як бы я вучыла». І ў гэтых падручніках чаго толькі не накручана. Асабліва па старажытнай літаратуры. Ёсьць раздельчык па старажытна-грэчаскай літаратуры. Але, не зразумела, чаму гэта на ўроках беларускай літаратуры?
Далей – старажытная беларуская літаратура… Прымушаюць дзяцей розныя пісьмы вывучаць, пра іх нават студэнты філфакаў далёка не ўсе ведаюць. А гэта для дзяцей-васьмікласнікаў. І мяне надзвычай уразіла, калі настаўніца беларускай літаратуры апавядала, што дзяцей змушаюць вучыць напамяць раздзелы паэмы Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”. А гэта паэма была напісана у ве-е-ельмі даўні час. Ды была яна аўтарам напісана на лацінскай мове. Пераклаў на беларускаю Язэп Сімяжон. Памятую, калі мы, дарослыя, гэта чыталі ўпершыню, то нам, з вышейшай адукацыяй, даволі нуднавата было. А гэта дзяцей вымушаюць вывучать, ды яшчэ зубрыць напамяць. І калі адна дзяўчынка, ну, ніяк не магла засвоіць, то нават плакала. Гэта не на карысць беларускай літаратуры, не на карысць беларускай мове. Няўжо нехта робіць гэта свядома? Каб ніякай любві і павагі ні да роднай мовы, ні да роднай літаратуры не было. А як іначай лічыць?
Я пытаўся ў гэтых разумных васьмікласнікаў, гэтых мілых дзетак – што яны ведаюць пра беларускаю літаратуру? Адчуў, што вельмі мала. А колькі часу адводзіцца на вывучэнне рускай літаратуры? Беларуская літаратура вывучаецца адну гадзіну ў тыдзень, руская – два разы. У старэйшых класах гэта прапорцыя , як я даведаўся, значна большая ў карысць рускай літаратуры.
Таму адчуваецца, што гэтыя дзеткі – сваеасаблівыя закладнікі незразумелай сітуацыі. Чаму ім не ведаць сваю літаратуру? Ідзе 130-годзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа? Сёлета – 120-годзе Багдановіча. Неўзабаве – стагодзе Максіма Танка. Выдатнейшыя іх творы. Можа б на іх засяродзіцца? Чаму дзеці павінны вывучаць у перакладзе з лацінскай мовы Гусоўскага, ды розную старызну? Якая радасць душы і сэрцу?
Ёсць спецыялісты — філолагі, няхай вывучаюць гэта. Я дапускаю, што можна нейкім уроке зрабіць агульны агляд, каб дзеці ведалі, што ў нас было ў гісторыі літаратуры. Але, прымушать зубрыць! Даруйце мне…
Не раз чуў, як настаўнікі адкрыта гавораць – праграмы па вывучэню беларускай літаратуры складзеныя абсалютна без уліку думак практыкаў. Настаўнікі непасрэдна працуюць са школьнікамі, яны бачаць, што кладзецца на дзіцячаю душу, а што не кладзецца. На вялікі жаль, настаўнікі адкрыта наракаюць на Інстытут педагогікі, дзе, па іх словах, там праграмы складаюцца. Выходзіць, што гэтыя праграмы складаюць людзі, якія далекія ад ведання літаратуры. Скажам, у праграму восьмага класа уключаны творы Анатоля Вярцінскага. Вядомы паэт. Але ж восьмы клас – гэта не старэйшы клас. Якія творы паэта можа ўспрыяць чалавек падлеткавага ўзросту? Таму вельмі заклапочаныя настаўнікі. Ў справе вывучэння роднай літаратуры, роднай мовы, відавочна, патрабуюцца новыя падыходы. Болей таго – на адзін урок беларускай мовы — пяць урокаў англійскай.
Для каго дзяцей гадуем? Хіба, гэта разумная прапорцыя? Ці мы для замежных універсітэтаў будучых студэнтаў вырошчваем? Каб яны там, за мяжой, пасля засталіся?
І разам з тым здзіўляе вось што. Ў Саюз пісьменнікаў звярнулася студэнтка-завочніца, настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Яна жыве на вёсцы, вучыць дзяцей роднай мове, літаратуры. Яна прышла да нас восенню, прынесла дапаможнік для настаўнікаў, для студэнтаў педагагічнага профілю, па вывучэнню беларускай літаратуры. Пытае: можа у вас ёсьць вось такія кнігі?.. Нас нацельваюць на такую літаратуру… Абыйшла ўсе магазіны – нічога нідзе няма. Мы паглядзелі тое “нацельванне”. Яўна некі перакос. Усё вакол літаратуры палітазаванай, не задаволеннай ні часам, ні ўладай, ні Беларуссю, ні самім жыццём. І гэта ўсё разлічана, на студэнтаў педагагічных ВНУ. Нішто сабе сяўба! Калі на такія творы нацельваюцца настаўнікі, то не цяжка уявіць наступнае: вось паедуць у школы, а у кожнай, амаль, педагагічнай ВНУ, універсітэце, вучаць будучых настаўнікаў. А пасля, у кожнага з іх будзе свой выпускны клас. А гэта па 20-30 выпускнікоў. І калі ім увесь гэты “багаж” укласці у маладыя голавы, то можна уявіць, каго мы атрымаем на выхадзе. Дзе там месца будзе Янку Купалу, Якубу Коласу, Аркадзю Куляшову, Пімену Панчанку, Аляксею Пысіну, іншым выдатным пісьменнікам? Калі такую сістэму навучання прыдумалі людзі, якія лічать сябе прыхільнікамі нацыянальнага духу, нацыянальнай літаратуры, то я вельмі і вельмі ў той прыхільнасці сумляваюся…
Генадзь Пашкоў, Першы сакратар СПБ, Лаурэат дзяржаўнай прэміі,
5.12.2011