«Зорка Венера ўзышла над зямлёю»

Біяграфія Максіма Багдановіча (120 гадоў з дня нараджэння)

Нарадзіўся 9 снежня (27 лістапада ст. ст.) 1891 года ў Мінску, у сям’і настаўніка. У чэрвені 1892 г. сям’я Багдановічаў пераехала ў Гродна. У 1902 годзе Максім паступіў вучыцца ў першы клас Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. У 10-11 гадоў пачаў пісаць вершы па-беларуску. 6 чэрвеня 1907 года ў газеце «Наша Ніва» публікуюць першае апавяданне М. Багдановіча «Музыка». У 1909 годзе ў гэтай газеце публікуюць першыя вершы паэта. У 1911 г. пасля заканчэння гімназіі Максім Багдановіч прыехаў на Беларусь. У гэтым годзе паступіў вучыцца ў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй. У 1912 г. у газеце «Наша Ніва» публікуецца цыкл яго вершаў аб гісторыі Беларусі.

У 1913 г. у друкарні Марціна Кухты выдаецца зборнік вершаў М. Багдановіча «Вянок» – адзіная яго прыжыццёвая кніга паэтычных твораў. У 1914-1916 гг. працягвае актыўна займацца паэтычнай творчасцю, напісаннем артыкулаў, перакладамі. Выданы брашуры М. Багдановіча: «Братья — чехи», «Угорская Русь», «Червонная Русь». Аўтар паэм «Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык» (1914), «Максім і Магдалена» (1915), «Страцім-лебедзь» (1916).

У кастрычніку 1916 г., пасля заканчэння юрыдычнага ліцэя, вярнуўся на Беларусь, у Мінск, дзе ўладкаваўся на працу ў губернскі харчовы камітэт. Прымаў актыўны ўдзел у рабоце Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны.

У лютым 1917 г. М. Багдановіч паехаў на лячэнне ад сухотаў у Крым, у Ялту. 25 мая (12 мая ст. ст.) паэта не стала. (Вершы.ru)

 

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

Светлыя згадкi з сабой прывяла…

Помнiш, калi я спаткаўся з табою,

Зорка Венера ўзышла.

 

З гэтай пары я пачаў углядацца

Ў неба начное i зорку шукаў.

Цiхiм каханнем к табе разгарацца

З гэтай пары я пачаў.

 

Але расстацца нам час наступае;

Пэўна, ўжо доля такая у нас.

Моцна кахаў я цябе, дарагая,

Але расстацца нам час.

 

Буду ў далёкім краю я нудзіцца,

Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;

Кожную ночку на зорку дзівіцца

Буду ў далёкім краю.

 

Глянь іншы раз на яе, – у расстанні

Там з ёй зліём мы пагляды свае…

Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,

Глянь іншы раз на яе…

***

Народ, Беларускi Народ!

Ты — цёмны, сляпы, быццам крот.

Табою ўсягды пагарджалi,

Цябе не пушчалi зь ярма

I душу тваю абакралi, -

У ёй нават мовы няма.

Збудьзiўшысь ад грознай бяды,

Увесь поўны сьмяротнай жуды,

Ты крыкнуть ня вольны: «Ратуйце!»

I мусiш ты «Дзякуй» крычаць.

Пачуйце жа гэта, пачуйце,

Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!

***

Пагоня

Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За краіну радзімую жах, —

Ўспомню Вострую Браму сьвятую

I ваякаў па грозных канях.

 

Ў белай пене праносяцца коні, —

Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць…

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.

 

У бязьмерную даль вы ляціце,

А за вамі, прад вамі — гады.

Вы за кім у пагоню сьпяшыце?

Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

 

Мо яны, Беларусь, панясьліся

За тваімі дзяцьмі уздагон,

Што забылі цябе, адракліся,

Прадалі і аддалі ў палон?

 

Бійце ў сэрцы іх — бійце мячамі,

Не давайце чужынцамі быць!

Хай пачуюць, як сэрца начамі

Аб радзімай старонцы баліць…

 

Маці родная, Маці-Краіна!

Не усьцішыцца гэтакі боль…

Ты прабач, Ты прымі свайго сына,

За Цябе яму ўмерці дазволь!..

 

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далёка грымяць…

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.

Комментарии запрещены.