Жураўліная пошта Максіма
Я далёка ад дому,
а дом мой — пры мне.
Як цыган, я вандрую дарогамі лёсу,
і што суджана ім, пэўна ж, не праміне
як зямельку абдыме калоссе.
Калі вырай захмар’я сюды прыплыве,
з тае пушчы,
з балот,
з той мяжы васільковай,
папрашу журавоў:
— Пёрка скіньце вы мне.
Напішу развітальныя словы.
Тым сівым курганам
між панылых палёў,
пад ліснём шапатлівага гаю,
тому млыну, дзе я пад вадою залёг
і бяспамятна колы піхаю.
На ўзыходзе згарае зарына мая.
Дагарыць – цемру ў грудзі абрыне.
Хоть тады абдымі, маіх продкаў зямля,
хоць у багну вазьмі, хоць у гліну.
За сцяной маёй цуглямі коні грымяць
і жалобны рамізнік чакае.
Ну, а песню, што здолеў
табе прыспяваць,
перашлю журавамі, мой краю…
1981, Генадзь Пашкоў
***
Ракуцёўшчына
У будане, пад сховай вецця,
даўно калісці жыў паэце.
Пагасцяваў паэт нядоўга,
ды пачуваўся, як у Бога,
між маляўнічых скрозь
пагоркаў,
дзе палыном вятры прагорклі,
дзе ціха ўзыходзіць знічка,
звініць гаючая крынічка
і чыста, радасна і весне
душу пад вечар лашчыць песня,
як салавейка па начах,
ды так – аж слёзы
ў вачах!
Схілі чало,
стань на калені:
у свеце – святасці свячэнне.
Міганне зораў.
Ззянне рос…
Яшче хвіліна –
сам Хрыстос
у белым воблачным адзенні
цябе кранецца
як забвенне.
У студзень снежны,
цёплы май
благаславёны родны край.
2010, Генадзь Пашкоў