«Тусклый свет из окна кухни достигал погреба. У Николая вдруг все похолодело внутри. Он мгновенно протрезвел, и почему-то очень ясно вспомнил, что оставил вчера вечером Вовку в погребе. Отгоняя дурные мысли, он в два прыжка оказался у занесенной снегом двери, которая была закрыта не полностью. Через узкую щель снег намело и внутрь. Николай рывком приподнял дверь, под собственной тяжестью опустившуюся в ледяную канавку, рванул ее на себя и замер: на пороге лежал Вовка…».

Александр НОВИКОВ, «Роковое застолье».
Вы тут: Главная»Рубрики»Писатели»Интервью»

«Гарганцюа і Пантагруэль» пераарала мяне, як Валодзю Ульянава «Што рабіць?"

 

Партал «ЛітКрытыка.by» звярнуўся да Глеба Ганчарова з просьбай даць інтэрв’ю, каб болей даведацца пра гэтага вядомага таленавітага беларускага пісьменніка.

 

Глеб Гончаров

 

Глеб Уладзіміравіч, як і калі вы прыйшлі ў літаратуру?

 

Калi не лічыць дробных дзіцячых публікацый, то першы даволі буйны мой твор датуецца кастрычнікам 1996 года. Так атрымалася, што за некалькі год да таго я трапіў у вельмі паганую сітуацыю, аб якой дагэтуль не люблю ўспамінаць.

 

Адзін з вельмі блізка мне знаёмых людзей з прычыны варожых стасункаў кінуўся на мяне з нажом. Нож я здолеў выбіць, а за адным разам ударыў яго па твары. Але не ведаў, што сваяком гэтага чалавека быў даволі высокапастаўлены ў той час суддзя. Гэты чалавек пайшоў да суддзі і распавёў яму, нібы я збіў яго. Яны націснулі на ўсе педалі, і супраць мяне была ўзбуджана крымінальная справа.

 

Да болю знаёмая сітуацыя з непрыстойным суддзёй...

 

Чатыры месяцы я правёў у следчым ізалятары на Валадарцы. Дзякуй Богу, потым было даказана, што ў маіх дзеяннях не было саставу злачынства, і я быў апраўданы. Напачатку 90-х гадоў гэта было яшчэ магчыма. Дарэчы, пасля гэтага беззаконня я і змяніў прафесію інжынера-фізіка, скончыўшы юрфак.

 

Тое, што я ўбачыў і перажыў на Валадарцы вылілася ў «Нарысы следчага ізалятара», якія я аднёс у «Нёман». Алег Аляксеевіч Ждан, які працаваў рэдактарам аддзела публіцыстыкі, і тагачасны галоўрэд часопіса Анатоль Паўлавіч Кудравец адразу надрукавалі іх і зрабілі прапанову перайсці ў часопіс на пасаду рэдактара. Але я ў той час марыў аб прафесіі адваката, а таму адмовіўся. Зараз я разумею, што тая адмова была амаль самай вялікай маёй жыццёвай памылкай. Потым цягам трох год было яшчэ некалькі нарысаў, эсэ і г.д., а затым я спыніў друкавацца і толькі зрэдчас пісаў у стол, бо не хапала часу – трэба было зарабляць грошы на сям’ю. 

 

Псіхалагічная драма «Уваскрэсенне Лазара».

Фота з сайта газеты «Гомельская праўда»

 

Ці шмат вы чыталі з дзяцінства і чым захапляліся?

 

Чытаў я з самага ранняга дзяцінства, яшчэ раней, чым пачаў усведамляць сябе. У нашай сям’і, дзе прынамсі чатыры апошніх пакалення былі настаўнікамі, іншага цяжка было чакаць. Дарэчы, я першы з радні, хто не пайшоў па педагагічным шляху. А непасрэдна чытаць вучыўся па падручніку хіміі для 8 класа. Мае бацькі скончвалі ўніверсітэт, даглядала мяне бабуля і, каб я сядзеў ціха, пакуль яна кешкаецца па гаспадарцы, яна ўсоўвала мне гэты падручнік, бо там было шмат яркіх малюнкаў. Вось так неяк неўпрыкмет і нечакана для ўсіх і навучыўся.

 

Помню, калі мне было гады тры з паловай, дзед павёў запісваць мяне ў бібліятэку імя Кузьмы Чорнага, бо дзіцячыя кнігі з дому я ўсе ўжо прачытаў. Там сказалі, што запіс чытачоў пачынаецца з сямі год. Тады дзед дамогся, каб мне дазволілі пачытаць перад бібліятэкарамі ўголас. Вынялі з паліц нейкую кнігу, далі мне, а я і ляпні: – А я гэта ўжо чытаў! – Вынялі другую – тое ж самае. Нарэшце, адшукалі штосьці, што я не чытаў, і я спакойна, выразна прачытаў ім услых. Пасля гэтага дырэктар бібліятэкі загадала запісаць мяне і нават дала дазвол браць дадому кнігі з чытальнай залы.

 

Лічу, менавіта ў дзяцінстве вы атрымалі амаль усё неабходнае для паспяховага занятка літаратурай...

 

Магчыма. Дык вось, потым па два разы на тыдзень мы з дзедам на працягу амаль чатырох год, пакуль я не пайшоў у школу, здзейснялі набегі на бібліятэку.

 

Што тычыцца таго, чым я захапляўся і захапляюся, то магу сказаць, што амаль усім. Адзіная рэч, якая ніколі не выклікала ў мяне цікавасці, гэта ўсходняя філасофія.

 

Пачынаў чытанне, вядома, з казак, прычым, народныя не вельмі вітаў, а вось аўтарскія любіў да страты пульсу. А потым пайшло-паехала: і хатняя бібліятэка, і школьная, і ВНУшная, і кнігарні. У СССР добрых кніг у гарадскіх крамах бракавала, там усё завалена было сацрэалістычнай лабудой, але неяк я здолеў вылічыць, што у раённых цэнтрах і вёсках яны ёсць, таму мы вельмі часта садзіліся на поезд ці аўтобус і адпраўляліся па сельскіх крамах. I заўжды прывозілі добрыя набыткі.

 

І дзе вы знаходзілі патрэбныя кнігі?

 

У гэтым плане самымі шчодрымі мясцінамі былі Драчкава Смалявіцкага раёна і Багданава на Валожыншчыне. А першая кніга, пра якую я і зараз магу сказаць, што яна пераарала мяне, як «Што рабіць?» Валодзю Ульянава, гэта «Гарганцюа і Пантагруэль». Мне было год дзесяць-адзінаццаць, калі бацька прынёс з працы акадэмічны том Рабле з каментарыямі і паралельнымі адсылкамі. Я ад тых каментарыяў ажно звар’яцеў. Мне так падабалася ісці ад адсылкі да адсылкі! З тых пор болей за ўсё люблю ў тэкстах гэту своеасаблівую шматслойнасць, калі трэба дарывацца да сэнсу, здымаючы інфармацыю слой за слоем, як шалупінне з цыбуліны.

 

Таму зараз, калі казаць пра сучасную (толькі пра сучасную!) мастацкую літаратуру, перавагу аддаю такім аўтарам (прыгадваю наўскід), як Хорхе Луіс Борхес, Умберта Эка, Барыс Акунін, Роберт Пен Уорэн, з беларусаў – Уладзімір Караткевіч (куды ж без яго), Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч i Людмiла Рублеўская, то бок, тым, дзе ёсць «падсэнсы». У драматургіі – Жан Ануй і Бертольд Брэхт. П’есы ўзроўню «Жаўрука» альбо «Каўказскага мелавога круга» яшчэ ніхто не здолеў стварыць. З паэтаў люблю Iосіфа Бродскага, Воле Шоінку, Роберта Фроста. Сярод сучасных беларускіх паэтаў вылучаю перш за ўсё Алену Беланожку, у якой ахматаўскі патэнцыял, і шкадую, што яна паступова сыходзіць у фэнтэзі, і Аляксея Арцёмава. Вось каму Бог адсыпаў дзесяць вагонаў таленту! У гэтым плане я хутчэй прыхільнік постмадэрнізму, чым крытычнага рэалізму. Рэалізмам мяне наша школьная праграма перакарміла да ванітаў.

 

 

Да 2015 года вы пісалі творы на сваёй роднай рускай мове, мове мыслення. Чаму звярнуліся да беларускай?

 

Дакладней кажучы, да 13 студзеня 2015 года. Тут паспляталася багата асабістых абставінаў. Я, сапраўды, пасля траўня 1982 года, калі скончыў сярэднюю школу, амаль не меў зносінаў па-беларуску. Жыццё не патрабавала. Нават, калі ў часы перабудовы ўсе мае знаёмыя сябры, прыяцелі і знаёмыя кінуліся ў адраджэнскі рух і сталі чальцамі «Талакі» і БНФ, мяне гэта не вельмі кранала. Не таму, што я не спачуваў іхнім ідэалам, а таму, што не бачыў і не разумеў: за кошт чаго можа ўзмацнець «беларушчына», калі 95 адсоткаў насельніцтва – гэта быў так званы «савецкі народ», 95 адсоткаў якога былі дзецьмі тых, хто па аб’ектыўных прычынах пасяліўся тут з іншых зямель пасля Другой сусветнай вайны. Гэта ў тыя часы было неабходна, каб хоць трохі пабудаваць эканоміку.

 

Але ў наш час гэты «савецкі народ» стаў абскурантысцкім тормазам усяго, што хоць як-небудзь адрознівалася ад ягонага светапогляду. I вось у 2014 годзе ў адным пункце сутыкнуліся некалькі рэчаў. Па-першае, мой малодшы, найлюбімейшы сын пачаў вучыцца ў старэйшых класах. Усё ў яго было добра: і неблагія адзнакі, і грамадская актыўнасць, і цікаўнасць, і цвярозыя ацэнкі нашага жыцця, але ён рашуча адмаўляўся вучыць беларускую мову, адгаворваючыся тым, што яму гэта не патрэбна, і, наогул, мова хутка адамрэ. Мяне гэта чамусьці крыўдзіла. Сам не магу зразумець чаму, бо я ж таксама быў не беларускамоўным пасля заканчэння школы, але крыўдзіла.

 

Па-другое, тры драпежных словы: «Крым і Данбас»! Я зараз не буду распавядаць з юрыдычнымі доказамі, чаму акупацыя Крыма і Данбаса – гэта дзікунская, людажэрная хіжасць, якая не адпавядае ўсім чалавечым і боскім законам, але гэтыя словы давялі мяне да таго, што я – рускамоўны чалавек – адчуў нянавісць да ўсяго расійскаімперскага.

 

Мабыць, лепш вашай дакладнай ацэнкі тым падзеям, што адбылися пяць гадоў таму, я не знаходзіў...

 

Па-трэцяе, у снежні 2014 года са мной здарыўся інсульт, і я тры тыдні за малым амаль не размаўляў. Не мог. А калі пачаў гаварыць, мне неяк незалежна ад самога сябе шалёна захацелася чамусьці неяк прычыніцца да беларускай мовы.

 

Па-чацвёртае, я з дзяцінства звар’яцелы прыхільнік оперы. У сучаснасці найлепшая прапаганда і навучэнства оперы – гэта праграма «Большая опера» на тэлеканале «Культура». Як раз у снежні 2014 года скончыўся чарговы сезон, які курыравала вялікая Алена Абразцова. 14 студзеня яна павінна была пець у Мінску «Пікавую даму» разам з прызёрам «Большой оперы», салістам нашага Вялікага тэатра Iллёй Сільчуковым. Я трымаў у потным кулачку білет на гэты спектакль. I вось раніцой 13 студня, яшчэ нямы, я ўключаю камп’ютэр і бачу паведамленне аб раптоўнай смерці Абразцовай. Не ведаю, што са мной здарылася, але я сеў і адразу ж, упершыню ў жыцці, напісаў верш па-беларуску «На смерць Алены Абразцовай», а потым загаварыў. Загаварыў па-руску, але ўжо ведаў, што мне рабіць далей, бо разумеў, што юрыстам у працэсах мне далей не працаваць, калі я не хачу хутка здохнуць.

 

I пайшло: другі верш, трэці, чацвёрты і гэтак далей. Прачытаў (перачытаў, прыгадаў) тую беларускую літаратуру, на якую забыўся пасля сканчэння школы, пачаў чытаць сучаснае, паступова, па ледзь-ледзь скончыў саромецца гаварыць. А галоўнае, што калі мяне пачалі друкаваць, сын раптам стаў такім заўзятым ліцвінам, што я калі-некалі нават стрымліваю яго: маўляў, у Расіі таксама такія ж людзі жывуць, так што прыхавай свой кулямёт і зарый атамную бомбу. Яны самі сябе перадушаць праз сваю агрэсіўнасць. Боскія жораны кожнага ў свой час перамелюць. Вось так і распачалося ўсё.

 

Руская мова так і засталася вашай мовай мыслення?

 

I так, і не! Калі я разважаю аб тым, што не мае дастатковага тэрміналагічнага інструментарыя ў беларускай мове, напрыклад, фізіка ці вышэйшая матэматыка, я думаю па-руску. Калі чытаю навіны ў Iнтэрнэце альбо гляджу тэлевізар – таксама. Калі думаю аб гуманітарных пытаннях, то, як правіла, ужо амаль на 100 адсоткаў перайшоў на беларускую мову. Так што зараз: 50/50. На гэта мне – чалавеку пасля інсульту, у сталым узросце – спатрэбілася гады два-тры.

 

На якой мове маеце зносіны ў побыце?

 

Залежыць ад таго, куды іду і з кім маю зносіны. Мая сям’я і іншыя сваякі зараз таксама перайшлі на двухмоўе. Калі чалавек звяртаецца да мяне па-беларуску, адказваю гэтак жа; калі па-руску – размаўляем па-руску. Праблем няма. Але, калі іду ў Выдавецкі Дом «Звязда», прынцыпова – толькі па-беларуску, хаця той-сёй і вытрэшчвае на мяне вочы. Але я лічу, што, калі ты зарабляеш грошы за кошт беларускай мовы, то, будзь ласкавы: хаця б восем гадзін на дзень на рабочым месцы дасі волю свайму языку парабіць так, як трэба. Для мяне гэта прынцыпова!

Вельмі мала вядома аб вашых дасягненнях. Толькі тое, што вашы перамогі на конкурсах заслужаныя. Раскажыце больш падрабязна пра іх.

 

Дык казаць, уласна кажучы, няма чаго. Так, было некалькі перамог на мясцовых конкурсах, але такіх конкурсаў, дзякуй богу, у нас штогод ладзіцца дастаткова. Гэта, на маю думку, адна з тых нешматлікіх рэчаў, за якую дзяржаўным і грамадскім установам трэба шчыра падзякаваць.

 

Першы, у якім я прыняў удзел, гэта быў конкурс «Скарынавай душой узлашчанае слова» до 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Там мне, зусім яшчэ невядомаму, здолела перамагчы ў галіне паэзіі. Я не ведаю, хто менавіта быў у складзе журы, але яго сябры Анатоль Крэйдзіч, Георгій Марчук і Міхась Пазнякоў вельмі добра да мяне паставіліся, за што я ім ад усяго сэрца ўдзячны.

 

Потым быў конкурс, прысвечаны 950-годдзю Мінска пад эгідай выдавецтва «Чатыры чвэрці», дзе таксама да майго вялікага здзіўлення чакала перамога, бо там была даволі моцная суполка.

 

Ну, і зараз конкурс часопіса «Маладосць» і БДУ «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», у якім атрымалася ўвайсці ў склад пераможцаў за белетрызаваную біяграфію Янкі Лучыны «Крыло, працятае стралой».

 

Вось і ўсё. Ах, так! Быў яшчэ адзін ізраільскі конкурс на тэму халакоста, у якім перамог «Анёл Януш». Гэта, канешне, усё вельмі прыемна, але ж, па гамбургскім ліку, не здзяйсняе вялікага ўплыву на якасць твораў. Я больш ганаруся тым, што па «Каятане Чаборы» ўжо напісаныя і абароненыя дзве дысертацыі. На жаль, не ў нас, а на Украіне. Людзі збіраліся даследаваць раман Ніла Гілевіча «Дарослыя дзеці», але пасля таго, як прачыталі «Каятана», змянілі тэму. Аб гэтым мне паведамілі знаёмыя з філфаку МДПУ.

 

Мне здаецца, такімі праўдзівымі дасягненнямі мала хто можа пахваліцца.

Вы праявілі свой талент у прозе, паэзіі і драматургіі. Што вас больш вабіць? У чым сябе лічыце мацней?

 

Ох, шчыра не ведаю! I тое, і другое, і трэцяе прываблівае. Калі бяруся за тую ці іншую тэму, перш за ўсё прыслухоўваюся да сабе: як яна лепей прагучыць – у прозе, вершах або драме, і зыходзячы з гэтага, прымаю вырашэнне. Магу толькі ўпэўнена сказаць, што п’есы пісаць нашмат, у сто разоў цяжэй за іншае, бо ў іх нельга анідзе адхіляцца ў бок ад магістральнага сюжэта і трэба максімальна раскрыць кожны характар. У вершы лягчэй, таму што, калі пішаш верш, сам не ведаеш, куды крывая вывязе – свабоды значна багацей. У прозе там-сям можно зрабіць перадых, каб аддыхацца і даць перадыхнуць чытачу. П’еса такой вольнасці не даруе. Так што хай чытачу будзе больш бачна. Я ж, са свайго боку, проста ведаю, што не самы апошні літаратар ва ўяўнай іерархіі.

 

Якія планы ў бліжэйшай перспектыве?

 

Будзем Бога смяшыць – аб планах расказваць? Планаў вельмі шмат, таму малю аб тым, каб ні здароўе, ні лянота не падвялі. Аб вершах казаць няма чаго, бо яны ж – такая зараза, што нараджаюцца знянацку, таму хай будзе, як будзе.

 

З драматургіей больш акрэсленасці: зараз, нарэшце, амаль скончыў другую п’есу з трылогіі пра здрадніцтва «Уваскрэсенне Лазара», назва якой «Вальпургіева ноч, Варфаламееў ранак», якую замовілі два тэатры. Дзеянне адбываецца ў заходнебеларускім гарадку ў верасні 1939 года, куды ўваходзяць спачатку нацысты, а потым саступаюць месца Савецкай уладзе. Цікава прасачыць, як дзве гэтых чалавеканенавісніцкіх, людажэрных пачвары кожная па-свойму перамолваюць лёсы людзей. Калі з гэтай п’есай зладзіцца, то на выхадзе ўжо і трэцяя частка, пра тое, як у 1956 годзе з ГУЛага выходзяць вязні і сустракаюцца з тымі, хто пісаў на іх даносы.

 

Акрамя таго ёсць думка зрабіць камедыю ў вершах накшталт «Сірано дэ Бержэрака» альбо «Даўным-даўно», бо на Беларусі хоць і ёсць досвед вершаванай драматургіі, напрыклад, «Хамуціус» Аркадзя Куляшова, але пра вершаваныя камедыі мне невядома.

 

Таксама ёсць дамова з тэатрам на дзве інсцэніроўкі па аповесці Купрына «На спачынку» і апавяданні Андрэ Маруа «Гатэль «Танатас».

 

Па-ранейшаму займаюся перакладамі, шукаю невядомых ліцвінскіх аўтараў. Ужо амаль пераваліў за палову у старажытным рамане Гугона Наваградскага «Раман пра чатырох сыноў Альгімонта», але там яшчэ працаваць і працаваць багата год.

 

Дробныя апавяданні планаванню не паддаюцца. Што тычыцца вялікіх твораў, то скончаныя махлярскі раман пра беларускага Хаджу Насрэддына «Прыгоды Тумеля Дарадунды» і раман «Сапраўдная гісторыя Саула Шаля». Напісаны дзесьці ў стылістыцы «Маладых гадоў караля Генрыха IV». Саул Шаль – гэта паўлегендарная асоба. Ён быў скарбнікам караля Рэчы Паспалітай Генрыха Валезія. Засталіся цьмяныя, амаль не задакументаваныя звесткі, што, калі Генрых збег у Францыю, па нейкіх загадкавых юрыдычных прычынах магнатам неабходна было на адні суткі да выбрання новага караля на прастол пасадзіць прамежкавага манарха. I такім манархам стаў іўдзей Саул Шаль, за што і паплаціўся галавой. У габрэйскіх суполках аб ім хадзілі легенды. Найцікавейшая тэма! Пытанне толькі ў тым, дзе надрукаваць. Для часопісаў, нават калі з імі захаваюцца добрыя стасункі – гэта нефармат. А друкаваць у выдавецтве за асабісты кошт я не буду!

 

Ну, і павінен прызнацца, што шмат хто з літаратурных знаёмых падштурхоўвае мяне да даўняй мэты: раман-плынь пра лёс беларускай інтэлігенцыі цягам XX веку – беларуская «Сям’я Цібо». План даўно распрацаваны з 1913 па 1994 год, звесткі з архіваў пазбіраныя, але страшна брацца, бо бачу ўсю неабсяжнасць тэмы. Дзякуй Богу, наш вядомы літаратуразнаўца, прафесар Iван Iванавіч Штэйнер літаральна ўпіхвае мяне ў гэту працу. Ну, як казаў Леў Талстой: «КБЖ» – «Калі буду жывы».

 

Вось так пацешылі Бога! Планаў «громадьё». Упэўнены, вы вызначыце паслядоўнасць іх выканання. Што тычыцца выдання кніг за свой кошт. Напэўна, пара Міністэрству інфармацыі і холдынгу «Звязда» прапусціць выданне макулатуры аднаго-двух графаманаў ад літчыноўнікаў і іх паплечнікаў, і выдаць вашы творы, якія маюць знак якасці і рэальна карыстаюцца высокім попытам у чытачоў. Ды гэта і прэстыж краіны, калі хочаце.

 

Поспехаў вам, паважаны Глеб Уладзіміравіч. Вельмі хочацца, каб вы рэалізавалі ўсе вашы планы. Моцнага вам здароўя і далей трымайцеся ад дзяўчыны, імя якой Лень.

 

Дзякуй за размову.

 

Гутарыў Алесь Новікаў

Оставить комментарий (0)
Система Orphus

Нас считают

Рейтинг@Mail.ru

Откуда вы

free counters
©2012-2019 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.