ЛіМаразм-135. Фокус з пераапрананнем
Паэт Анатоль Аўруцін зрабіўся сталым аўтарам “Полымя”, то перыядычна перакладаючы вершы чыноўнікаў ад літаратуры, то і сам імправізуючы на тэмы рускіх паэтаў.
Вось і ў вершы, які адкрывае падборку ў сёлетнім “Нёмане” №2, Аўруцін далучае сябе да высокага – да Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, якім, паводле верша, ён заслухваўся ў маленстве, будучы велічынёй з два вяршка. Прычым высокая паэзія ў пэўным сэнсе замяняла Аўруціну і ежу. Духоўнае адольвае плоцевае.
Чытаем:
* * *
...Наш примус все чадил устало,
Скрипели ставни... Сыпал снег.
Мне мама Пушкина читала,
Твердя: «Хороший человек!»
Забившись в уголок дивана,
Я слушал – кроха в два вершка, –
Про царство славного Салтана
И Золотого Петушка...
В ногах скрутилось одеяло,
Часы с кукушкой били шесть.
Мне мама Пушкина читала –
Тогда не так хотелось есть.
Забыв, что поздно и беззвездно,
Что сказка – это не всерьез,
Мы знали – папа будет поздно,
Но он нам Пушкина принес.
И унывать нам не пристало
Из-за того, что суп не густ.
Мне мама Пушкина читала –
Я помню новой книжки хруст...
Давно мой папа на погосте,
Я ж повторяю на бегу
Строку из «Каменного гостя»
Да из «Онегина» строку.
Дряхлеет мама... Знаю, знаю –
Ей слышать годы не велят.
Но я ей Пушкина читаю
И вижу – золотится взгляд...
У творы гэтым – усё поза, форс, апроч шчырай любові Аўруціна да бацькоў. Але многія з нас любяць маму і тату, нават памерлых, аднак той факт не далучае нас да высокай паэзіі, куды Аўруцін так прагна імкнецца цягам жыцця.
Мала таго, што ён малечай, галодны, у драўлянай хаце, пад завіруху, заслухоўваецца Пушкіным, дык яшчэ і чакае, каб тата замест ежы яму прынёс Пушкіна.
Верш начыста спісаны і па стылістыцы, і па спосабе мыслення, і па скупой вобразнасці з Пастарнака апошніх гадоў. Ну а зарыфмаваць думку Аўруцін добра напрактыкаваўся за дзесяцігоддзі ў паэзіі. Свайго тут, паўтаруся, толькі тата і мама. Астатняе – поза дзеля ўласнай велічы.
Як мастак Адам Глобус у мемуарах, нядаўна разгледжаных намі, скарыстоўвае прыём гіпербалізацыі ўласнай асобы менавіта ў першым абзацы, гэтак і Аўруцін ва ўступным вершы падборкі намякае на сваю велічнасць, маўляў, Пушкіна з маленства слухаў і стаў прадаўжальнікам яго справы. Дададзім сюды і задуменны выгляд паэта на фота зверху, бакенбарды пад Пушкіна… Прага пераканаць нас ва ўласнай велічы камічнага вартая. Але ж недасведчаныя павінны чытаць усю падборку ў абсалютна сур’ёзным ключы.
А.Пушкин А.Аврутин
Усё ў вершы, паўтаруся, перанятае ў позняга Пастарнака. І дзе тут Аўруцін, што новага ён сказаў? Сапраўднае – толькі рэальныя мама і тата, да таго ж амаль у кожнага чалавека яны ёсць.
Аўруцін скрупулёзна сочыць за стылістыкай, у гэтым ён за кар’еру руку набіў. Але часам не ўпільноўвае дробязі – два разы блізка ставіць слова “поздно”. Або ўбівае натужлівае і недарэчнае па кантэксце “беззвездно”. І без яго ж ясна, што снег падае – гэта паэт акрэсліў раней. А то б зоркі яго голад перабілі, каб на небе з’явіліся!
Яшчэ ўпусціў Анатоль Аўруцін той факт, што крытык Міхась Южык выдатна ведае рускую класіку, таму імгненна прыгадаў страфу з Пастарнака, каб не быць галаслоўным:
Пастарнак:
B горячей духоте вагона
Я отдавался целиком
Порыву слабости врожденной
И всосанному с молоком.
(стихотворение «На ранних поездах»)
Аўруцін:
Забившись в уголок дивана,
Я слушал — кроха в два вершка, —
Про царство славного Салтана
И Золотого Петушка...
Як вам такі паварот? Згадзіцеся, што куток канапы вобразна вельмі падобны да духаты вагона. Потым адно і тое ж “я” адчыняе другі радок, і адно і тое ж “И” адчыняе апошні. У абодвух строфах паэты ”внимают” нечаму высокаму. Ну і памер вершаваны такі самы, плюс вобраз знешняй суровай рэальнасці, які намагаецца перадаць наш паэт, апранаючыся пад рускага класіка.
Фокус Анатоля Аўруціна не ўдаўся, не прайшоў – творчай індывідуальнасці (якой так многа і ў Пушкіну, і ў Пастарнаку) мы не пабачылі. А сам нібыта велічны верш змізарнеў, і ўжо праз іншую прызму будзе глядзець чытач на вялізную падборку стараннага аўтара.
Спадары, каб здавацца вялікім, трэба насамрэч быць вялікім, у тым ліку і ў жыццёвых паводзінах. Цяжка ўявіць нават, каб Пастарнак пэцкаў сваё пяро аб пераклады вершаў Міхася Пазнякова, лічы, ваяўнічай бяздарнасці.
Вось яшчэ характэрны для Аўруціна ўрывак з яго верша, дзе дарэшты сцёртая творчая індывідуальнасць:
* * *
Вьюги поздним набегом
Города замели...
Я шептался со снегом
Посредине земли.
В суете паровозной,
У хромого моста,
Стылой ночью беззвездной,
Что без звезд – неспроста...
Я со снегом шептался,
Мне казалось, что он
Только в мире остался –
Ни людей, ни времен.
………………………
Верш у такім памеры і стылі мог належаць сотням рускіх паэтаў дваццатага стагоддзя. А тэма – зноў ад Пастарнака як быццам: непраглядная зіма, завірухі, чаму прысвечаны быў цэлы верш “Свечка гарэла”, дзе свечка гарыць насуперак суровым завеям і холаду. Аднак тэму паспелі рускія паэты з таго часу заездзіць, і тое, што ў генія ёсць высокае, яны ператварылі ў камічнае.
Што такое, дарэчы: “Я шептался со снегом // Посредине земли”, як гэта, пасярод зямлі, і што гэта за зямля? Ясна: Аўруцін узяў такі выраз для прыгажосці, для форсу.
Потым ён заражаецца ад беларускамоўных паэтаў зоркамі: “Стылой ночью беззвездной, // Что без звезд – неспроста...” Зашмат зорак у двух радках, ды яшчэ адсутнасць зорак – нездарма! Вось і думай, і гадай, што за мудрую думку схаваў там Аўруцін.
Паэт наш ніяк не можа ўразумець, што пад шэдэўр падрабіцца нельга ні памерам, ні азбукай вершаскладання. Ён выходзіць з душы непасрэдна, як гатовая існасць, і ніякіх стылістычных правак не патрабуе. У ім не будзе такіх какетлівых выразаў як “кульгавы мост”. Мост што, ходзіць куды?
Дрэнна, спадар Аўруцін, што даводзіцца даваць вам такія ўрокі.
Аднак паэт наш сам літаральна напрошваецца, з’яўляючыся ці не ў кожным нумары “Нёмана” з перакладамі вершаў уплывовых асобаў. Быццам хоча Вечнасць ад іх заслужыць.
Яшчэ раз, спадарства: мы не шукаем высокапастаўленых графаманаў, яны самі нарываюцца на пяро крытыка, які сумленна аглядае кожны холдынгаўскі нумар. Дарэчы, у гэтым жа нумары і неўгамонны Васіль Макарэвіч з аўтарскім перакладам сваіх вершаў на рускую. Не інакш як Пушкіна з Пастарнакам абскакаць сабраліся нашы айчынныя малайцы.
Міхась Южык