ЛіМаразм-110. Прыбор для паэзіі
Часопіс “Маладосць” у №10 мінулага года змясціў падборку вершаў, прысвечаную восені ад розных паэтаў. Хто яны і што, нам не ўказваецца. А між тым уступны верш падборкі Міколы Антаноўскага выглядае годна, прачула, натуральна, а не фальшыва, як мы прывыклі чытаць што ад маладых, што ад старых аўтараў.
Прывядзём:
* * *
Любім спасылацца мы на сэрца,
Спачувальна ляпаць па плячы...
Бацька мой мяне сваёю смерцю
Не баяцца смерці навучыў.
Мо таму і сум мой светлы сёння,
Як над полем ветах малады,
І не прагну кінуцца ў пагоню,
Каб вярнуць мінулыя гады.
Паўтараецца, відаць, бясконца
Аднастайны захад і усход –
Для жывых і ўмёрлых адно сонца,
Шумных крыгаломаў хрэсны ход.
Для жывых і ўмёрлых адзін вецер
І адзін знак шчасця і бяды:
Асыпаецца спачатку квецень,
А пасля на дол ляцяць плады...
Гэта класічная паэзія светлай журбы, адносна правільная па форме і насычаная зместам. Тым болей што ў вершы так і пішацца “сум мой светлы сёння”. Не хочацца каментаваць гэты змест, ён, паўтаруся, звычайны для такой паэзіі. Галоўнае тут – шчырасць і натуральнае валоданне моваю. І ўсё-такі мы не можам прапусціць хібы, за якія адразу, міжволі, чапляецца вока крытыка.
У першай страфе “мой мяне сваёю” можна было б, напружыўшыся, змяніць на нешта больш паэтычнае. Бо калі бацька, то мы здагадаемся, што бацька гэты лірычнага героя.
Другая страфа пачынаецца з непаэтычнага, гутарковага “мо”, вытворнага ад “можа”. У гэтай жа страфе называецца ветах чамусьці маладым, хоць паводле сэнсу – гэта месяц у апошняй квадры, на зыходзе. Неабходна карэкціраваць сваю музу па слоўніку. Малады месяц – маладзік.
У наступнай страфе не зусім дарэчнае слова “відаць”, бо па сэнсе – сумненняў быць не можа, што захад і ўсход паўтараюцца бясконца. Рыфма ж “сонца–бясконца” досыць ужо абыграная беларускімі паэтамі, не арыгінальная. Затым ідзе няправільнае па граматыцы слова “ўмёрлых”, тады як правільна – “памерлых”. Далей узнікае сумненне – чаму “крыгаломы” ідуць хрэсным ходам? Хрэсны ход – рэч, па-першае, сакральная, па-другое, закругленая, па коле. Крыгалом жа ідзе ў адным напрамку. Да таго ж – калі крыгалом, то ўжо ясна, што ён шумны.
У апошняй страфе ідзе спрэчнае сцвярджэнне, што для жывых і для мёртвых – адзін знак шчасця і бяды. Увесь вопыт чалавецтва, у тым ліку рэлігійны, гаворыць адваротнае. Аднак бачыць па-свойму – воля паэта.
Ты заўважыў, чытач, колькі сумнеўных месцаў у вершы, а між тым ён пакідае прыемныя пачуцці. Чаму – я акрэсліў спачатку. Аднак ад прыемнага верша да шэдэўра адлегласць касмічная. Каб было інакш, то ў нас з’явілася б процьма Пушкіных, і мы не ведалі б, што з імі рабіць. Рэдкасць Пушкіных вызначаецца законам парабалы, максімальнай аддаленасцю ў “плюс-бясконцасць”. Таму, чым геніяльнейшы творца, тым ён больш рэдкі. Матэматыка гэта апісвае. Як і ўвесь Сусвет. Акрамя, бадай, верагоднасці з’яўлення чалавека.
У Бялінскага прачытаў цікавае: ён сцвярджае, што амаль ва ўсёй шматтомнай паэзіі Пушкіна сталага перыяду ні ў водным вершы нельга замяніць ніводнага слова – настолькі яны стаяць па месцы і ў гармоніі з цэлым. Я, дарэчы, раней думаў інакш, але, як будзе час, пастараюся праверыць. Бо і вялікія крытыкі памыляюцца. Тым болей што Бялінскі паэтам не быў. Я ж памятаю свае адчуванні ад даволі мнагаслоўнай і няправільнай па класічных мерках прозы Дастаеўскага – не змяніў бы ніводнага слова, настолькі яны смачна і дарэчы стаяць.
Другі верш Антаноўскага:
І з ценем смутку, нейкага папроку
Сябе спытаю: «Хто ты на зямлі?»
Няўжо, як ліст самотна-адзінокі
Сярод лістоў, што сыплюцца з галін?
Хаджу ў задуме ціха між бярозаў
І, ап’янелы, можа, упершыню
Так разважаю аб жыцці цвяроза
І так высока сэнс яго цаню.
Таму прычынай, мусіць, гэта восень –
Нібы ў яе патрапіў неспадзеў,
Калі шукаюць вочы ў небе просінь,
А бачаць шэрыя шкілеты дрэў.
І, хоць я знаю, што пасля завеяў
У прадчуванні з выраю гракоў
Вішшо бяроз ізноў заружавее,
Сумніў гняце з упартасцю грахоў.
А мо сумніў мой – толькі бура ў шклянцы,
Калі душа так прагне цеплаты?..
Ах, як зайздросна у паўсонным танцы
Ляцяць з бяроз спакойныя лісты!
Верш зноў апелюе да светлай журбы, пранікае ў душу крытыка нечым харошым. Таму дужа не хочацца прыдзірацца, аднак указваць на хібы – наш абавязак. Хібаў менш, чым ва ўступным вершы. Напрыклад, слоў “нейкага”, “мо”, “самотна-адзінокі” (два сінонімы) неабходна пазбягаць, як і рыфмы “восень–просінь”.
Таксама я аказаўся збянтэжаны словам “вішшо”, як і акадэмічны тлумачальны слоўнік. Акрамя таго, няма слова “сумніў”, а ёсць “сумнеў” і “сумнеўны” ад “сумнявацца”.
Ёсць яшчэ два вершы ў падборцы, аднак агульны напрамак іх, скажу не гледзячы, будзе такі самы. Бо паэт выяўляе сваю душу, выкарыстоўваючы талент і паэтычны досвед. Хіба толькі вершы разведзены па часе дзесяцігоддзямі. Майстэрства паэтычнае можа палепшыць форму, аднак з гадамі і вопытам можна прайграць у свежасці ды шчырасці пачуццяў. Не заўсёды паэты растуць. Гэта тэма для цэлай дысертацыі. Мы ж не літаратуразнаўцы, а толькі крытыкі, досыць спрактыкаваныя шматгадоваю працаю.
Паўтараць не стамлюся, што любая крытыка суб’ектыўная, але менавіта ў паэзіі ёсць строгія законы, парушэнне якіх бясспрэчнае і можна яго раскласці па пунктах. Аднак гэта не музыка, дзе фальшывыя ноты вызначаюцца дыяпазонам частот і правяраюцца прыборамі. Строгіх прыбораў для вызначэння фальшу ў паэзіі няма. Таму чыста суб’ектыўна скажу, што за ўвесь час існавання рубрыкі найбольшае набліжэнне да паэтычнай гармоніі я рэдка калі адчуваў. Больш гарманічныя вершы трапіліся, памятаю, у Ігара Пракаповіча, сталага паэта. Так што талент у Міколы Антаноўскага, безумоўна, прысутнічае. А вось сталы ён ці малады паэт – пра гэта не ведаю, “Маладосць” не ўказвае біяграфіі ўдзельнікаў гэтай восеньскай падборкі.
Міхась Южык
---
Даведка «ЛитКритики»:
Мікола (Мікалай Дзьмітрыевіч) Антаноўскі (6 студзеня 1952, в. Сташаны Пінскага раёну) – беларускі паэт, журналіст, публіцыст.
Скончыўшы мясцовую сярэднюю школу, працаваў у калгасе, пасьля адслужыў у войску (1970-1972). Папрацаваўшы год у ганцавіцкай раённай газэце «Савецкае Палесьсе», паступіў на факультэт журналістыкі БДУ (скончыў у 1978).
Накіраваны ў браслаўскую «раёнку». У 1982 пераехаў у Пружаны, працаваў загадчыкам аддзелу пісьмаў газэты «Зара камунізму» (цяпер «Раённыя будні»). З 1984 – галоўны рэдактар.
Чалец Саюзу пісьменьнікаў Беларусі (1996), чалец праўленьня ГА «Беларускі саюз журналістаў», сябра ТБМ імя Францішка Скарыны.
Вершы піша са школьнага ўзросту, упершыню публікаваўся ў ганцавіцкай раённай газэце «Палеская праўда» (пасьля «Савецкае Палесьсе»). Вершы друкаваліся ў часопісах «Маладосьць», «Полымя», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», альманаху «Дзень паэзіі», рэспубліканскіх газэтах.
Аўтар зборнікаў вершаў «Сьвятаяньнік» (1993) і «Падсочаны бор». Узнагароджаны знакам Беларускага саюзу журналістаў за кнігу нарысаў «Зялёная рапсодыя».
(ВІКІ)


