Яшчэ зялёны лёд не хрумснуў.
Яшчэ
   нецалаваных вуснаў
не апаліў
   гарачы хмель.
Яшчэ галінкаю вярбовай,
развёўшы фарбы снегіровай,
мароз малюе акварэль…

Генадзь ПАШКОЎ, 1980
Вы тут: Главная»Рубрики»Литература»ЛіМаразм»

ЛіМаразм-106. Страчанае лібіда

04/03/2016 в 11:03 Міхась ЮЖЫК, вядучы рубрыкі "Полымя" , поэзия , поэты

Ад уступнага верша Алёны Папко, змешчанага ў “Полымі” №1 2016 года, павеяла доўгачаканай свежасцю – у параўнанні са звыклай затхласцю заўсёдных “паэтаў” часопіса, якія асядлалі яго гадоў трыццаць таму ды ніяк не жадаюць саскочыць.

 

Алёна мае філалагічную адукацыю, звесткі пра яе можна паглядзець на сайце, выклікаўшы адпаведны нумар. Не будзем губляць час на гэта. Скажам толькі, што аўтарцы 26 гадоў. Узрост для паэтаў цудоўны. І філалагічная адукацыя павінна была б узмацняць паэтычнае майстэрства. Аднак… Мяркуйце самі.

 

ЯК ВЫПАДЗЕ СНЕГ…

 

Алёна Папко А ты напішы мне, як выпадзе снег,

Чым сэрца жыве, чым баліць.

На долю злавацца, ты ведаеш, грэх,

І шчасця да донца не спіць.

 

А вусны кранае ледзь бачны адчай,

За гэта мяне не журы.

За сэрца пажар ты мяне выбачай,

Як промень у сцямнелым бары.

 

Прысядзь на дарогу. Але цішыню

Я першай парушу сама

Чакала калісьці скупога дажджу,

А зараз так прагну цяпла.

 

Балюча і лёгка глядзець на цябе,

Нібы праз туман на шашы.

Як выпадзе снег, ты ўсё ж такі мне,

Чым сэрца жыве,  напішы.

 

 

Алёна, як бачна, піша лёгка, натуральна, свежым і адначасова не прыцягнутым за валасы стылем. Гэта першае ўражанне. Калі ж прыгледзецца ды ўнікнуць – у вершы няма ніводнай свежай метафары і выкарыстоўваюцца спрэс заезджаныя: “Чым сэрца жыве, чым баліць”, “На долю злавацца” (грэх), “шчасця да донца не спіць”. Гэта толькі ў адной першай страфе!

 

У другой – тое самае “вусны кранае… адчай”. Затым зусім фортэль з моваю – “не журы” гэта, любыя мае, махровы русізм, у нас прынята пісаць “дакарай”, “папікай”, “упікай”. Ці не дастаткова сінонімаў? Затым зноў штампанутае “сэрца пажар”. Ну і ўрачыста завяршае страфу збой у рытме, які б выратавала “ў”, але ж нельга ставіць яго. Таму – кепска, ні рэдактары паэзіі, ні нехта Мальчэўская, што каторы месяц узначальвае “Полымя” з пазнакаю цяпер “намеснік галоўнага” (а галоўнага як быццам і не знайшлі за паўгода!) – не дапамаглі і прапусцілі ў галоўным літаратурным часопісе рэспублікі жудасны ляп. Зрэшты, ляпсусы ў “Полымі” перыяду пасля Міколы Мятліцкага сталіся завядзёнкаю.

 

У трэцяй страфе аўтарка гаворыць паэтычнай зладжанай моваю, але зноў без метафар. Метафары, канешне ж, не самамэта, але калі імі цалкам пагарджаюць, тут ужо наводзіць на адсутнасць фантазіі паэтычнай.

 

У чацвёртым радку гераіні “балюча і лёгка” глядзець на каханка, “нібы праз туман на шашы”. Няўжо ж скрозь туман лёгка глядзець, задаём мы законнае пытанне.

 

У выніку верш паплыў, растаў і аказаўся далёка не такім лёгкім, ладным, лірычным, як з першага погляду. Што яго сапсавала – вынікае з нашага даследавання. І выкажу меркаванне, што Алёне Папко яшчэ шмат трэба над сабой працаваць. Кірункі працы мы больш-менш указалі. Але нам будзе цікава даследаваць яшчэ хоць адзін верш, для параўнання і для вызначэння, ці можа талент паэта ў адным вершы быць цьмяным, а ў другім зіхацець поўнымі фарбамі.

 

Возьмем апошні верш падборкі.

 

* * *

І ў россып зорнага святла

Наперад марам кроч усмешна!

Каб расказаць, як я жыла,

Мне хопіць верша.

 

Як плён няспеленых гадоў,

З якой вясны ізноўку разам?

Каб выказаць сваю любоў,

Зашмат мне сказа.

 

Святлеюць ночы, як і дні,

Жывой размовай.

Лунаць бясстрашна ў вышыні,

Мне досыць слова.

 

І спорным дождыкам у сне

Супроць маўчання:

Пачуць бы роднага цябе

Адно жаданне.

 

Тут Алёна выкарыстала даволі складаны паэтычны строй і таму ўзяла на сябе вялікую адказнасць, рызыкнула.

 

Задума, канва верша таксама неблагая. Але ж памятаеце, чым мы распачыналі папярэдні артыкул пра творчасць Віктара Шніпа, – выказваннем Бялінскага пра тое, што нават адно слова ці недакладны выраз могуць сапсаваць увесь верш. Гэтую думку, зрэшты, мы выказваем пастаянна, з першых артыкулаў рубрыкі, аднак не шкодна было абаперціся на беспярэчны аўтарытэт карыфея. Памятаю, у далейшых вершах Шніпа, якія мы не аналізавалі, прысутнічалі касаватыя словы кшталту “ізноўку”. То бок старэйшыя сваім прыкладам заахвочваюць моладзь.

 

Бач ты, і ў Папко вымкнула гэтае пачварнае слова. Дарагія мае, гляньце вы тлумачальны слоўнік – няма там нават “зноўку”, ніколі не было і, можа, не будзе. Гэта гутарковая і зручная для паэтаў форма “зноў”. Але ж дапусціўшы вырадка ў верш, мы непазбежна прыходзім для двайной выродлівасці – маладая аўтарка зухавата ставіць пасля галоснай “ізноўку”, тады як “і”, паводле правілаў нашай мовы, дадаецца толькі пасля зычных, для мілагучнасці. Алёна Папко гэтага як быццам не ведае. Затое, як бачна па біяграфічных звестках, добра ведае, як праяўляць сацыяльную актыўнасць, удзельнічаючы ў розных літаратурных конкурсах, быццам спартсменка якая. Запомніце, мілыя паэты, што творчасць не ёсць спорт з медалямі і граматамі. Тут зусім іншыя крытэрыі і памкненні павінны быць.

 

На пачатку верша Алёна Папко ставіць дзіўнаватае слова “ўсмешна”, вырадка ад “усмешліва”. Так ёй зручней, не трэба напружвацца. Другая страфа адразу агаломшвае нас словам “няспеленых” (гадоў). Шчыра не ведаю, што гэта значыць, асабліва ў дачыненні гадоў.

 

Дарэчы, верш пачынаецца паэтычным штампам “россып зорнага святла”. Ох ужо гэтыя зоркі, якія бесперастанна падаюць і зіхацяць! Ну не даюць яны паэтам спакою.

 

Чацвёртая страфа адкрываецца нам граматычнай памылкаю – “дождыкам” замест “дожджыкам”. Зноў сем нянек на чале з намеснікам няіснага галоўрэда не дагледзелі. (Затое Карлюкевіч з брыгадай добра даглядаюць за выданнем сваіх кніг за народныя грошы.)

 

Гэтага мала, спадары: схаваўшыся за велічным паэтычным строем, паэтка накруціла тут досыць лагічных недарэчнасцяў, якія я прапаную разабраць самому чытачу. Жывога ж пачуцця, метафар свежых, як і ва ўступным вершы, абсалютна няма. І хочам пры гэтым, каб вас называлі паэтамі.

 

Сумна тым больш, што Алёна Папко або валодае, або яе навучылі ў ВНУ пачуццю прыгожага, як трэба весці ды ткаць паэтычны радок, каб ён не выглядаў шурпата ды каструбавата. Гладкасці, відаць, навучылі. А ці магчыма Паэзіі навучыць?

 

одинокая женщина

 

Наша рубрыка і сайт “літкрытыка” ўвогуле выконваюць найважнейшую для айчыннай літаратуры ролю: робяць яе двухполай. А то яна гібела апошнім часам жанчынаю без мужчыны, страчваючы ўжо нават прыроднае лібіда – то бок жаданне аддацца крытыцы. Не будзем жа забывацца на тое, што жанчына без мужчыны ёсць істотай непаўнавартаснай. Гэтак задумаў Усявышні. Нават калі два разнаполыя індывідуумы не разам – лібіда пастаянна захоўвае імкненне да процілеглага і памяць стагоддзяў пра салодкія эмоцыі зліцця ў адно цэлае. Мы ўсяляк спрабуем навучыць нанова афіцыёзную літаратуру хацець, а затым і мець мужчыну.

 

Міхась Южык

Оставить комментарий (1)
Система Orphus

Нас считают

Откуда вы

free counters
©2012-2016 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.