"Понять, что люди безнадежно гнусны – это одна сторона медали, причем, светлая; другая сторона, потемнее: предстоит смириться с тем, что среди них надо жить".

Анатолий Андреев, "Маргинал"
Вы тут: Главная»Рубрики»Литература»ЛіМаразм»

ЛіМаразм-90. Даць кіслароду

25/01/2016 в 12:01 Міхась ЮЖЫК, вядучы рубрыкі поэты , поэзия , Бел.

Какой бы ни был мороз и ветер,

бросать работу нельзя никак.

                            

Олег Митяев

 

Антон Анісовіч, прадстаўлены ў 2-м нумары “ЛіМа” 2016 года, відаць па ўсім, вясковы інтэлігент. Ва ўсякім разе, ён распачынае падборку вершаў з гімну вёсцы. Гэтых гімнаў, трэба прызнаць, у беларускай літаратуры цэлае мора. І арыгінальнасцю тут не вызначышся. Хіба што стварыўшы літаратурны шэдэўр.

 

деревня

 

У вёсцы

 

Я назаўсёды з вёскай лёс звязаў.

А ён і не «развязваўся» ніколі.

Род на зямлі мой вечна працаваў,

Тут свой уклад, і час ідзе паволі.

 

У вёсцы ты заўсёды на вачах:

Сам ведаеш усіх, цябе ўсе знаюць.

І ў час, калі бяда пяройдзе шлях,

Табе тут шчыра ўсе паспагадаюць.

 

Павагу ў вёсцы цяжка заслужыць,

Калі гультай ты і жывеш няшчыра.

З суседзямі старайся ў згодзе жыць,

Нягоднікаў не любяць і праныраў.

 

У вёсцы нават дыхаеш лягчэй,

З людзьмі на роднай мове размаўляеш.

Пасля сустрэч становіцца святлей,

І радасней сябе ты адчуваеш.

 

Я назаўсёды з вёскай лёс звязаў,

Ды ёй я і не здраджваў аніколі.

Пра вёску ў вершах многае сказаў.

Жадаю ёй здароўя, добрай долі!

 

Верш выглядае ладна і складна, як маналіт.

 

Здаецца, у апошнім радку першай страфы коска паміж “уклад” і “і час” не патрэбная.

 

Заўважце, што мы разбіраем не раёнку якую, а газету, прызначаную даваць напрамак развіцця нацыянальнай літаратуры. Але шматгадовая адсутнасць крытыкі на выданне дала свой “плён”: граматычныя памылкі задужа частыя.

 

Калі глядзець верш Анісовіча ў цэлым, то ён напісаны правільнай літаратурнай моваю, што і дало мне падставы лічыць аўтара вясковым інтэлігентам. Тым больш што на фота, якое папярэджвае падборку, паэт пазіруе на фоне паліцы з кнігамі.

 

Верш не перапоўнены ляпамі літаратурнымі, надуманасцю, як у суседкі па старонцы Людмілы Кебіч, якую мы разбіралі надоечы. Аднак і вершам назваць такі слаўны гімн мы не можам. Гэта хутчэй зарыфмаваная проза. Бо няма вобразнасці – галоўнай прыкметы паэзіі. Верш можа быць без рыфмы і рытмічнай асновы, але менавіта вобразнасць далучае яго да паэзіі. У Анісовіча ж ёсць лозунгі, клятвы ў любові да вёскі, даволі банальныя, зарыфмаваныя прымітыўна – дзеяслоў з дзеясловам. Напрыканцы ён пажадаў вёсцы здароўя, як быццам гэта адушаўлёны прадмет.

 

У выніку добрае валоданне мовай сапсавана зместам верша.

 

Наступны верш:

 

Зіма

 

Ціха! Памаўчыце, калі ласка!

Цішыню начную не трывожце.

Кружацца сняжынкі, нібы ў казцы,

То зіма збіраецца у госці.

 

Белае адзенне апранае,

Лёд на рэках замяніў люстэрка.

Косы ёй Снягурка заплятае.

Пэўна ўжо апошняя прымерка.

 

Сам Мароз за фурмана на ганку,

У валёнкі цёплыя абуты.

Для зімы запрэжаная ў санкі

Тройка коней: снежань, студзень, люты.

 

Не спяшайцеся, пастойце, калі ласка!

Прыгажосць такую не трывожце.

Падаюць сняжынкі. Гэта казка.

Добры дзень, зіма! Заходзь у госці!

 

У ім значна болей паэзіі, чым у першым. Зухаватая энергетыка. Заўважна, што чалавек такую карцінку бачыў неаднойчы, і склалася яна ў яго ў песню зіме.

 

Аднак адразу вынікае пытанне: калі цішыня “начная”, то якім зрокам паэт бачыць гэтую прыгажосць? У лесе ліхтароў няма. А тады як ён бачыць сняжынкі, якія падаюць, “нібы ў казцы”? Яны месяцам высвятляюцца? Тады трэба ўказаць гэты нюанс. Дарэчы, слова “нібы мае націск на апошнім складзе, што парушае рытм у вершы. Гэта дробязь, але менавіта з дробязяў складаецца вязь паэзіі.

 

Потым паэт прымяніў паэтычны штамп “белае адзенне” (у зімы), бо навошта шукаць сваё, калі ёсць гатовае? Затым уяўная Снягурка заплятае косы зіме. Гэта як? І не здзіўляешся ўжо, што заплятанне гэтае адбываецца ў цемры, бо сама Снягурка персанаж казачны. Як і Дзед Мароз, які “за фурмана на ганку”. У гэтым выразе паэт няправільна паставіў націск – “фурмана” і прымяніў спалучэнне літар, якое не вітаецца ў паэзіі: два разы “на” і “на”, што ідуць следам.

 

Далей пайшла, здавалася б, цікавая метафара – “тройка коней: снежань, студзень, люты”. Каб усе не ведалі фільм “Чарадзеі” і песню з яго: “Три белых коня: декабрь, январь и февраль”. Яшчэ раз вяртаюся да таго, што каб быць вершу самадастатковым, літаральна ўсе метафары павінны быць арыгінальнымі. Гэта няпроста? Так. А каб было проста, то кожны быў бы Пушкіным.

 

І яшчэ на што скіроўваю ўвагу ў вершы – паэт заклікае:

 

Не спяшайцеся, пастойце, калі ласка!

Прыгажосць начную не трывожце.

 

Скажыце, хто гэта поначы ў лесе спяшаецца? Няйначай зламыснікі з сякерамі, якія накіраваліся высечы яго пад корань. Ну трэба ж неяк сябе кантраляваць, правяраць. Няма ў начным глухім зімовым лесе людзей, якія б некуды спяшаліся.

 

Усё гэта не адмяняе, аднак, неблагога ўражання асабіста ў мяне ад верша. Каб паэт выправіў указаныя хібы, верш бы зусім акрыяў.

 

Мона Литта

 

У Веры Міхно, прадстаўленай паэзіяй побач з Анісовічам, манера выказвання сціслая, вобразнасць выразная. У цэлым вершы выглядаюць больш правільнымі.

 

Першы:

 

***

 

Імчаць думкі-планы, што коні,

Нацягваюць лейцы, ірвуць.

Нібы ад шалёнай пагоні,

Наперад, у заўтра, бягуць.

 

Галопам у пене, ды ў пыле.

Здаецца, сам Чорт ім не брат.

А Бог закілзае, супыніць,

Ды ўладна асадзіць назад.

 

Праўда, рыфма “коні–пагоні” нясвежая, даўно “зайграная” паэтамі. Аднак пра думкі і планы, якія асадзіць Бог – выдатна. Паміж “у пене” і “ды ў пыле” коска не патрэбная. Потым: з якога часу ў дзяржаўных выданнях слова “чорт” пішуць з вялікай літары? Дзівосы ў рэшаце, дый годзе. Штораз скаланаешся ад досведу рэдактараў і карэктараў тамашніх.

 

Наступнае:

 

Твар анёла, птушкі голас,

Малака з грудзей струмені.

Мацярынства вечны вобраз:

Німб, дзіцятка на каленях.

 

Як сялянкай, так мадоннай

Увасобленая маці

На партрэтах, на іконах,

Ад якіх святлее ў хаце.

 

З кім жа побач, як не з маці,

Так спакойна, так утульна?

Шчасце поўнае шаптаць ёй:

 Мама родная, матуля!

 

Ды святой любоўю грэцца

Ад маленства і да скону.

За дзяцей матулі сэрца

Міраточыць, што ікона.

 

Верш пакідае дваістае ўражанне: з аднаго боку, тэма выклікае павагу, увасоблена пранікнёна, без яўных хібаў, адчуваецца майстэрства паэтычнае. І тут такая няўдалая метафара, як фальшывы кусок у вытанчанай арыі – “малака з грудзей струмені”. І гэта побач з “німбам”. Ну няўжо ж не адчуваюць паэты дысанансаў сваіх? Тут ужо ніякімі падручнікамі не навучыш, гэта чуццё, прыроднае там ці выпрацаванае, не ведаю.

 

І яшчэ, напрыканцы: “матулі сэрца міраточыць” (за дзяцей). Сакральнае нельга кранаць, так лічу. Аблівацца кроўю за дзяцей сэрца можа, а вось міраточыць… У міратачэння прызначэнне зусім іншае, а прыроду яго тысячы навукоўцаў пэўна растлумачыць не могуць. Таму і нам туды лезці не варта. Да таго ж што гэта за метафара “сэрца, як ікона”? Сэрца падобнае хоць чым на ікону? Фальш у “нотах”, паўтаруся.

 

І крыўдна гэта таму, што сам верш у цэлым напісаны выдатна. Рэдактары выпраўляць тое, на што я ўказаў, не будуць. Гэта ўжо тонкасці паэтычныя, з якімі мусіць справіцца сам паэт.

 

Не магу не зазначыць, што вершы Веры Міхно нашмат лепшыя, чым у дваіх астатніх паэтаў, суседзяў па старонцы – Людмілы Кебіч і Антона Анісовіча.

 

Нам не трэба баяцца выстаўляць ацэнкі паэтам, што, маўляў, мэтры і “сакратары” з’ядуць з зайздрасці таго, каго хваляць, перакрыюць кісларод. Перакрыюць яшчэ ці не, гэта мы паглядзім. А сваю справу нам трэба зрабіць.

Оставить комментарий (1)
Система Orphus

Нас считают

Откуда вы

free counters
©2012-2016 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.