"Ибо все, что я пишу и создаю сегодня и буду сотворять завтра, вижу в том незримую поддержку и улыбку моего страстного, непутевого, горячего в поступках и желаниях, страстях и бедах человеческих, моего незабвенного отца. Может, таким образом облегчу перед ним свою вину, и маленькая девочка с непослушными косами, заплетенными его добрыми руками, перестанет молчаливо заглядывать мне в самую душу".

Ирина ШАТЫРЁНОК, "Старый двор".
Вы тут: Косметолог минск»Вы тут: Мужская стрижка Минск»Вы тут: Окрашивание волос Минск»Вы тут: Главная»Рубрики»Писатели»Визитка»

Па той бок вясёлкі... (Эсэ)

13/03/2013 в 17:03 Васіль Макарэвіч литликбез , писатели

Здаецца, добра ведаў калегу, не аднойчы сустракаўся з ім, дзяліўся навінамі, радаваўся яго ўдалым радкам і новым кніжкам, ды нечакана, можна сказаць, выпадкова даведаўся пра незвычайны ўчынак, які ён зрабіў у школьныя гады, і, быццам узбліснула маланка і неяк па-новаму высвеціла яго постаць. Нават не верыцца, што гэты разважлівы і памяркоўны творца быў здольны на такое, на што можа рашыцца не кожны. Уявіце сабе выхаванага ў інтэлегентнай вясковай сям'і падлетка, зусім фізічна не баявога складу, які завітаў у раённы ваенкамат з заявай паслаць яго, вучня-васьмікласніка, дабраахвотнікам у В'етнам, каб з тамашнімі байцамі абараняць ад агрэсараў, што пагражалі "убамбіць у каменны век". Ваенкомаўскі маёр быў здзіўлены і нават збянтэжаны. Ён не ведаў, як быць і паводзіць сябе з падлеткам. Што магло падбіць яго падацца ў дабраахвотнікі? А калі ваенком у ходзе гаворкі даведаўся, што падлетак друкуе на старонках раёнкі не толькі допісы, але і вершы; што маці яго – сельская настаўніца, а бацька – даўно памёр ад ваенных іспытаў, глянуў па-іншаму на "шкаляра" і параіў узяцца за вучобу каб лепшымі адзнакамі закончыць школу і паступаў у грамадзянскі. А гэта ішло ўразрэз з намерамі падлетка: ён даўно  звязваў сваё жыццё, як і многія яго аднагодкі, з арміяй.

 

генадзь пашкоў, пістменнікДык хто ж гэты загадкавы дабраахвотнік-валанцёр? Сёння вядомы паэт Генадзь Пашкоў, лаўрэат літаратурнай прэміі камсамола Беларусі і Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар каля двух дзясяткаў кніг паэзіі і дакументальнай прозы. Усё атрымалася, як параіў маёр-ваенком. Паступіў Генадзь Пашкоў ў Беларускі Дзяржаўны універсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля працаваў на Беларускім радыё, а потым "каркаломна" пайшоў, як казаў слынны настаўнік моладзі па службовай лесвіцы. Яго запрасілі ў рэдакцыю часопіса "Полымя", спачатку на пасаду літаратурнага супрацоўніка, потым адказнага сакратара, намесніка галоўнага рэдактара.

 

Тут, у рэдакцыі "Полымя", пачалася плённае шчыраванне Генадзя Пашкова над паэтычным радком, мастацкім вобразам, ускладнёнай метафарай і іншай атрыбутыкай верша. Уважлівым дарадцам і клапатлівым настаўнікам  быў для маладога на той час паэта выдатны майстар мастацкага слова Анатоль Вялюгін. Дарэчы, сваім хросным літаратурным бацькам лічылі яго мно-гія пачаткоўцы, якім ён дапамагаў стаць на самастойнае крыло. З асаблівай бацькоўскай прыхільнасцю ставіўся ён да маладога Генадзя Пашкова. Не менш пашанотна адносіўся да старэйшага калегі і малады паэт. Звяртаючыся да А.Вялюгіна, ён пачціва, але неяк нязвычна, называў яго: "Учитель". Здаецца, пайшло гэта ад радкоў А. Някрасава, які ў адным са сваіх твораў звяртаўся да паплечніка Дабралюбава: "Учитель, перед именем твоим позволь смиренно преклонить колени". А.Вялюгін паблажліва ўспрымаў гэткі зваорт, адно толькі ціха пасмейваўся, атрасаючы попел з цыгарэты, што звычайна трымаў у руцэ, ды чакаў ад свайго выхаванца новых, як ён казаў, "пшанічных" радкоў, дзе прывык сустракаць паэтычныя залацінкі. Генадзь Пашкоў шчыраваў і радкі, якія з'яўляліся зпад яго пяра, нават блізка не былі падобныя на тыя, што пісаў і друкаваў у раёнцы ў школьныя гады. Ды і стаўленне да паэзіі было зусім іншае: побач жа працавалі класікі беларускай літаратуры. Паэт імкнуўся гаварыць вобразна і запамінальна, коратка і сцісла. Беражліва і ашчадна ставіўся да слова, імкнуўся да таго, каб у радку яно было да месца. Яскравым прыкладам і сведчаннем усяго гэтаму стаўся першы паэтычны зборнік "Кляновік". Кляновік, як тлумачыў паэт, самы першы і салодкі вясновы сок.

 

Як прызнанне маладога паэта свайму паэтычнаму настаўніку А.Вялюгіну, эпіграфам да сваёй першай кнігі ўзяў страфу з яго вядомага верша: "Беларусь... Я не помню, якою парою навек палюбіў: // калі верасам сінім гарэлі трывожна лясы, // калі першы кляновік з лядзінкамі першымі піў, // калі скублі заснежаны стог у зарэччы ласі...". Амаль такімі ж лірычна прачулымі і пранізанымі любоўю радкамі да роднай зямлі пачынаеца і верш маладога аўтара, што стаўся запеўкай да кнігі: "Зямля, дзядоў маіх зямля, // прызнанне гэта не для клятвы. // Ты рукі мне перапляла // трыпутнікам і дзікай мятай". Трапная і пераканаўчая заява маладога паэта падкупіла многіх творцаў як мэтраў, так і яго равеснікаў. Нават і сёння, калі патрыятызм некаторыя лічаць чымсьці ўстарэлым і архаічным, радкі гучаць свежа  і душэўна: "Прашу цябе, зямля, // дазволь быць каласком у роднай ніве".

 

Раннія вершы Генадзя Пашкова з двух-трох строф, якія былі, здаецца, створаны на хаду экспромтам, нагадваюць яркія накіды ці замалёўкі, зробленыя з натуры, дзе маецца агульны фон і на ім узнаўляюцца такія дэталі, што кідаюцца ў вочы і запамінаюцца. З асаблівай увагай і пэўнай прыдзірлівасцю мы знаёмімся з радкамі Г.Пашкова і з палёгкай пераводзім дыханне: дэбютант ні на ёту не паўтарае настаўніка, гаворыць па-свойму і робіць пэўнае паэтычнае адкрыццё: "Нясе кляновік раннюю вясну // усім пупышкам, блізкім і аддаленым". Праўда, калі разважаць лагічна, то на самой справе адбываеццап наадварот: ранняя вясна абуджае ў клянах сок і нясе іх "пупышкам, блізкім і аддаленым". Але паэзія, як гаварыў Ул.Маякоўскі, такая "пресволочнейшая штуковина", што здольна вырабляць неверагодныя кульбіты, і тое, пра што ідзе гаворка у вершы Пашкова, выглядае жыццёва праўдзівым. У другой страфе верша настолькі густое метафарычнае сіло, што можна дзіву дацца, як малады аўтар змог саўладаць з тым хітраспляценнем слоў, дзякуючы якому мы маем выдатны эцюд: "А пад карой трашчыць напяты луб, вось ля галінкі бліснуў, нібы вочка, і прыпадае льдзінкамі да губ сцюдзёнага кляновіка падсочка". Сказана так, што, мы адчуваем халадок і жыватворнасць кляновіка. Разам з гэтым паэт смела пераасэнсоўвае слова "падсочка". Мы прывыклі, што звычайна падсочваюць, гэта значыць, падразаюць сосны, каб з іх цякла смалажывіца. А што тычыцца  кляновіка, то яго падпускаюць, робячы на дрэве засечку ці надрэз. А вось паэт ужывае слова-вобраз "падсочка". Калі як след задумацца, то выходзіць, што па гучанню слова "падсочка" больш стасуецца да падпускання сока-кляновіка. Хіба не чутно, як перагукваюцца паміж сабой  словы "сок" і "падсочка". Магчыма, так гавораць у родных мясцінах паэта альбо гэта слова прыйшло да яго ў час творчагага пошуку. Цікава і тое, што лядзінкі, які піў герой верша А.Вялюгіна, з'ўляюцца і ў вершы Г.Пашкова. Але яны выступаюць ужо зусім у іншай інтэрпратацыі. Паэт гаворыць: "Прыпадае льдзінкамі да губ // сцюдзёнага кляновіка падсочка". Ёсць розніца ў сказаным? Ды яшчэ якая! Вучань, здаецца, больш ускладніў і заглыбіў паэтычны вобраз.

 

Папаўняючы творчы набытак, Г.Пашкоў звяртаўся да чэпкай памяці, што берагла ў сваіх глыбінях дзівосныя малюнкі прыроды, якія ён бачыў у маленстве, жывучы на хутары, ведаў паводзіны і звычкі шматгалосага птаства, лясных звяроў, скавытанне ветру і завірухі. І варта было  сканцэнтравацца на нечым цікавым, як дзівосныя малюнкі ваколіц паўствалі і ажывалі пад пяром ва ўсіх дзівосных праявах. Гляньце, як пададзена карцінка летняга досвітку: "Сцяжынак прамураўленыя ніці, // смалля на ўзлеску выстаены дым, // пакуль крылом дрымоту сціпла выцяў, // і рэха шышкай грукнула ў бары...". У страфе свабоднае і лёгкае дыханне, па-святочнаму ўзнёслае і прыўзнятае гучанне, што міжволі перадаецца і нам. У гэтым паэту дапамагаюць слоўныя залацінкі-знаходкі, за якія нельга не "зачапіцца" вокам. Іншаму паэту хапіла б і таго, каб сказаць: "Сцяжынак ніці." А вось для Г.Пашкова гэта замала. Таму ён і ўдакладняе: "Сцяжынак прамураўленыя ніці". Што гэта значыць? А тое, што ў даным выпадку ён знаходзіць слова-новатвор, які дапамгае наблізіць да нас сцяжынкі настолькі, што мы, здаецца, наяву бачым не толькі яе, але і кожную травінку-муравінку. Далей: "Смалля на ўзлессі выстаены дым, // пявун крылом дрымоту сціпла выцяў". Каго не ўсцешаць і не парадуюць гэтыя ўзятыя з народнага фальклору важкія і каларытныя словы, а таксама выкарыстаная метафара пра певуна, якой няма цаны, бо звычайную з'яву, кукарэкання курынага верхавода, яна дапамагла перадаць надзвычай ёмка і дакладна. Так мог сказаць толькі паэт, які адчувае слова, ведае яго мастацкія магчымасці, умее абнаўляць фарбы і адценні, не парушаючы пры гэтым сінтаксічныя і іншыя моўныя законы.

 

Пасля каларытнай і самадастатковай страфы, у якой гаворыцца пра досвітак, аўтар палічыў патрэбным дадаць штрышок, які ўдакладняе, што усё сказанае: "Мне сёння зноў прыснілася чамусьці". На першы погляд радок нагадвае сабой звычайную "адбіўку". Аднак, учытаўшыся ў верш, няцяжка зразумець, што ён нясе немалы сэнс, і пры кожным паўторы становіцца музычным акордам, які настройвае чытачоў на пэўны лад.

 

У наступнай страфе падаецца тое, што адбываецца раніцай у лесе: "Гарбузікаў лычастых з вадапою // ажыннікам калючым пад дубкі // вядзе сякач з дзічыхай у суполлі, // і звоняць па карэннях капыткі." І зноў перад намі карціна, якая нагадвае гравіроўку на камні ці разьбу па дрэве. Не так сабе малых лясных парасятак паэт называе "гарбузікамі". Калі гэта не прыдумка творцы, то, відно, так называюць іх леснікі і паляўнічыя. Услед за страфой ідзе паўтор радка: "Мне сёння зноў прыснілася чамусьці". Паэт падцвярджае: яму прыснілася менавіта тое, пра што сказана ў папярэдняй страфе і адначасова папярэджвае пра што пойдзе гаворка ў наступнай. Такім чынам, радок нясе адразу двайную функцыю. Гэту вынаходлівасць паэта нельга не заўважыць і не аддаць яму належнае.

 

Не менш цікавая і заключная страфа: "Лапоча туга корба каля брамы, // нырцуе сонца і вядро ў ваду". Прымушаюць засяродзіць увагу і тыя радкі, дзе гаворка ідзе пра самага дарагога для кожнага чалавека, маці: "А я не пазнаю хаду, // пярэпінкі на твары тваім, мама". Нельга не здзівіцца, што аўтар заўважае тое, што, здаецца, цяжка і заўважыць, а іменна "пярэпінкі", адмецінкі, якія сведчаць пра ўзрост і не вельмі лёгкае жыццё жанчыны.

 

Як мы ўжо ведаем з аўтабіяграфіі Г.Пашкова, у дзяцінстве ён жыў на хутары, які абступала балота і саснякі. саснякі. Там ноччу ноччу ў Піліпаўку вылі ваўкі, кугалі совы, трубілі ласі. Будучы паэт меў магчымасць убіраць у сябе галасы і фарбы пор года. Яму рупіла падзяліцца ўражаннямі, перадаць дзівосы, што адбываюцца вокал. Робіць ён гэта акварэльна-размашыстымі,  пластычнымі мазкамі: "Варочаюцца скразнякі // у кроквах, шашалем пабітых. // Над азярынай саснякі // журбою выраяў спавіты." Усё тое, што трапляе на вока паэта, жыве і варушыцца, дыхае і трапеча, ззяе і праменіцца, знаходзіцца ў руху і дзеянні. Нават неадушаўлёныя рэчы і прадметы таксама ажываюць пад пяром паэта, як вось у гэтым выпадку: "І шыба з-пад брыва страхі // ў цяжкім сінее задуменні". Нават тады, калі паэт усяго-наўсяго толькі канстатуе нейкі факт, ствараецца ўражанне, што ўсё-такі нешта адбываецца, дзеецца: "На дрэвах светлыя вярхі, // спакой мурожны ў загуменні." Як ні дзіўна, гэтыя прыметнікі ствараюць ілюзію чароўнага жыцця, мігцення фарбаў, адчування вераснёвых пахаў. І на заканчэнне твора аўтар прыпасае самую каштоўную і зіхоткую знаходку, якая нагадае гравюру, філіграннай шліфоўкі: "А глянь пад елачкі: брыдзе // баразной баравік баравінны з баравіняткамі ў барадзе". Не кожнаму ўдаецца падгледзець такое дзіва. Аўтарскай фантазіі маецца тут цераз край. Звяртаюць на сябе ўвагу і два апошнія радкі, у якіх зменена інтанацыя. Дзеля чаго гэта зроблена? Можа тое, пра што хацеў сказаць паэт, не ўкладвалася ў памер радка? Не, гэтым самым Г.Пашкоў знарок выдзеліў і падкрэсліў важкасць і значнасць метафары, якая сапраўды варта шэрагу ўдалых выразаў.

 

Па-добраму здзіўляюць і тыя вершы, дзе некаторыя з'явы прыроды выступаюць ў нязвычнай для сябе ролі. Хто мог не толькі дадумацца, але і адважыццаь сказаць пра зімовыя маразы так, як гэта зрабіў Г.Пашкоў: "Цецерукамі маразы // на такавішчы адвячорка, // дзе купкі стылае лазы // бягуць да проламкі з пагорка". Той-сёй можа недаўменна паціснуць плячамі, маўляў, як гэта маразы могуць такаваць цецерукамі? Але паэзія для таго і існуе, каб ламаць прывычныя стэрэатыпы, прывучаць да новага мыслення. Хоць малюнак таго, як трашчаць-такуюць маразы, абстрактны, але мы, здаецца, бачым яго, і  здзіўляемся з цуда, якое жыве побач з намі. У канцы верша аўтар зноў звяртаецца да гэтага вобраза: "Твае да раніцы сляды // пазанясе, пазамятае, і больш ніхто не памятае,//  дзе такавалі халады". І мы яшчэ раз пераконваемся, што вобраз не выглядае надуманым і штучным, далёкім ад жыццёвай праўды. Ён па-мастацку апраўданы ўсёй логікай разгортвання паказу зімовай пары праз асобныя дэталі, пададзеныя буйным планам. А што да страфы ўцэлым, то яна падобна на заключныя акорды элегічнага музычнага скерца ці санаты.

 

У шэрагу твораў, багатых на моўную палітру, маляўнічыя фарбы і адценні, Г.Пашкоў імкнецца падмеціць самае дробнае, здавалася б, неістотнае і паглядзець на яго, як праз павелічальнае шкло, каб яно прыняло новую форму і заззяла ўсімі колерамі вясёлкі. Паэт дэманструе віртуознае ўменне ў валоданні родным словам, якое дапамагае яму пры стварэнні мастацкіх вобразаў, што часам мяжуюць з крылатымі выразамі. Калі ён хоча здзівіць нас зелянінай, у якую вясной апранаецца ўсё жывое ў полі і лесе, то кажа, што "зялёнай веяй ляда замяло". Яго востры зрок здольны заўважыць амаль незаўважнае, напрыклад, як "скрозь дзеразу прабілася травінка // і выпрастала лісціка крыло", у другім выпадку ад яго не схававалася і тое, што "ручаінка на глыбокім донцы // хавае кветкі сонечны спакой", бачыць, як "апошнюю расінкаю дрыжыць // пад елачкаю ранні светаяннік". Для паэта гэта кветка больш, чым звычайная кветка. І ён ўсклікае: "...А светаяннік – светлая праталінка // зялёнай веі выспелых бароў". Згадзіцеся, што вобраз атрымаўся вытанчаны, магчыма, нават  крышку ўскладнёны. Дык можа, паэта трэба папракнуць за празмернае захапленне вобразнасцю? Навошта? Паэзія – гэта не толькі лірыка, якая, як зазначаў класік, не павінна прыгажуням "ухо ласкать в завиточках-волосках", але адначасова і тое дзіва, да якога "подползают поезда лизать... мозолистые руки". Да ўсяго яна павінна яшчэ і вучыць думаць.

 

Час-адчасу верш для Г.Пашкова становіцца тым палігонам, дзе свае метафары ён выпрабоўвае на трываласць і доўгавечнасць і з гатоўнасцю і задавальненнем дэманструе іх перад чытачамі. Хто з сучасных вершатворцаў не паставіў бы сваё прозвішча пад гэтымі радкамі: "Галінку на сасне пакратай – // пачуеш водгулле грамоў", "Як леснічанчына акно, // у соснах маладзік іскрыцца", "Кладзецца першы-першы след, // дзе столькі зім і столькі лет // перапляло трывогай вецце". А вось вобразы, створаныя пры дапамозе сінтаксічна-сэнсавай будовы вершаваных радкоў і строф: "Зарэчча сакаўны мурог // ад раніцы напоўніў соты", "Карчэўе чорнае ляшчын // нанізвае кругі усплёскаў, дзе крутабокія ляшчы // заварушыліся, як вёслы", "Вудзільны кінула ў віры // кустоў'е гнуткіх вербалозаў", "Застыў зялёнай хмарай воз, // задышны храп звялі аглоблі", "І не пазнаць: віры ці броды – // расшчадраваўся так мароз, // што нават пень чорнабароды // калючым інеем аброс". Каб сказаць вось так густа і каларытна, трэба мець багатае ўяўленне і талент.

 

Генадзь Пашкоў пільным вокам глядзіць навокал сябе, разважае пра ўласнае жыццё нават пра службовыя калізіі, і, здаецца, нейкая  незадаволенасць сама сабой з'яўляецца ў душы. Можа, таму нараджаецца адкрытае прызнанне: "Бунтуе кроў агнём юначым, // а я міжволі пазнаю // у зманным поспеху няўдачу // і ўсю няўпэўненасць сваю...". Справа ў тым, што "зманны поспех" паэт ўспрымае, як поспех несапраўдны, міражны ці, горш таго, хлуслівы, і ў такім выпадку, зразумела, што гэта – няўдача, якая ідзе ад юначай нявопытнасці і няўпэўненасці. Няхітрая і просценькая з выгляду страфа, падобная на звычайны запіс, а выклікае вунь колькі асацыяцый.

 

Нешта падобнае ёсць і ў радках, дзе гаворка вядзецца ад імя аўтара ў выглядзе прызнання і адначасова звароту да сябра ці нават да каханай: "У лёса я не папрашу спагады, // як скруха скрух світанак дзень пазначыць // але, мой друг, калі ты друг, то значыць, // здалёк прыдзі і вернасцю парадуй". Страфа ўяўляе сабой разгорнутую фразу, дзе не зусім новая думка пра жыццёвае бытаванне пададзена пры дапамозе такой лексічнай будовы і расстаноўцы слоў, што ўражвае і прымушае звярнуць на сябе ўвагу. Пра што гэта гаворыць? Ды пра тое, што паэзія – гэта чараўніца, якая мае безліч магчымасцей і сродкаў высвеціць для ўсіх вядомае і нейкім чынам так, што яно здзіўляе і выглядае, як пэўнае адкрыццё.

 

Ніхто не скажа, што ў адрозненне ад радкоў, прысвечаных прыродзе, нечаканым стала з'яўленне верша пра лазню, у якім мы пазнаем многае з та-го, што робіцца і адбываецца падчас мыцця, гэтага па-язычніцку паганскага занятку, які нагадвае сабой пэўны абрад ці рытуал. Лазні прысвячалі радкі выдатныя майстры паэтычнага слова А.Твардоўскі і Б.Слуцкі, знаходзячы яркія фарбы і колеры. У Г.Пашкоў вобразы лазні без перабольшвання падобны да самацветаў, якія так і сыпяцца з-пад пяра, балююць, радуюць душу і зрок. Прадметы і з'явы ў вершы жывуць, мігцяць і свецяцца, не могуць утаймавацца ад вар'яцтва, што пануе ў лазні, калі паддаюць пары: "Ляціць з кадушкі вечка // пад лаву ў душны змрок, // раз'юшаная печка // хапілася за бок". У такім хапатліва-нястрымным рытме перадае паэт усё тое, што бачыць і што адбываецца ў лазні. Для яго "чырвоныя каменні" печкі не проста каменні, а "сквірчлівыя храшчы". І палок, на якім парацца і хвошчацца дзецюкі, "ажно трашчыць, шукаючы збавення." Пругкая рытміка дапагае паэту ў поўнай меры ўзнавіць лазенную крутаверць і шаленства: "І твар, і медны таз ірдзеюць, // нібы грыўня". Пашкоў не прамінае выпадку, каб адным скупым, але кідкім, мазком удакладніць, менавіта ў які час адбываецца гэта стаўпатварэнне: "А печ – лінуў якраз – здаецца, // ў космас рыне". Космас – адзнака таго, што верш ствараўся якраз у той час, калі чалавецтва паспяхова асвойвала міжзорную прастору. Паэт настолькі выразна выпісвае асобныя дэталі і малюнкі, што міжволі мы становімся не толькі сведкамі, але і ўдзельнікамі лазневай эпаеі. Дзеянне развіваецца з дакладнай паслядоўнасцю: "Ахутае знянацку // рабінавы туман. // Парыльшчык-атаман // рукой вушак намацаў". Як нам хочацца, каб свята гукаў і фарбаў працягвалася, як мага, далей. Але для ўсяго прыходзіць завяршэнне. І мы з палёгкай уздыхаем, нібы разам з аўтарам выскокваем з парыльні, прачытаўшы апошнюю страфу: "Завешана акенца воблакамі сну, і, як дразды ўвясну, пяюць шчасліва сенцы".

 

Пасля вось такой паспяховай заяўкі, зробленай у першай кніжцы, калегі па пяру і прыхільнікі паэтычнага слова Генадзя Пашкова, безумоўна, чакалі ад яго новых твораў і былі ўпэўнены, што знойдуць у іх густую і да неверагоднасці ўскладнёную і вынаходлівую вобразнасць, якой пад сілу сваімі чарамі запалоніць і прывесці ў захапленне любога паэтычнага сноба і гурмана. Але ён пайшоў крыху іншым шляхам. Яго вершы, хоць і не згубілі свежасці і метафарычнасці, што падцвярджаюць нават назвы наступных зборнікаў "Дыстанцыя небяспекі" і "Гравюры дарог", але сталі больш простыя, даступныя, празрыстыя, лірычныя і меладычныя, з трапна падгледжанымі ў побыце і перададзеныя па-фальклорнаму сакавітай мовай і дасціпным словам такія жывінкі-жарынкі, ад якіх яснее зрок і робіцца больш відушчай душа. Аднак разам з гэтым хочацца спытаць, а, можа, паэт усё-такі хоць троху здаў свае ранейшыя пазіцыі, зрабіў крок назад? Ні ў якім разе! А тое, што стаў пісаць крышку інакш, то хіба падобных выпадкаў не было ў паэзіі раней? Напрыклад, Б.Пастэрнак, якога ў свой час заўважыў і пахваліў Ул.Маякоўскі за незвычайна густую метафорыку, праз некалькі гадоў пасля выхаду ў свет першага зборніка, узяў і перагледзеў свае адносіны да ранейшай ускладнёнай формы. Маецца і бліжэйшы да нас прыклад. У паэме "Праз горы і стэп" П.Броўка, узнаўляючы нялёгкі пераход кавалерыі праз пяскі, дайшоў да такой гіпербалізацыі, што ў яго творы  конскія слёзы "зрывалі супоні". Аднак ён своечасова спахапіўся і стаў пісаць так, што яго радок зрабіўся просты і шматмерны, як у гэтай страфе, што стала класічнай: "Возера глыбокае, як памяць, // ад вады узняўся сіні дым. // І кусты шырокімі лістамі // пляскаюць далонямі над ім".

 

Што тычыцца творчасці Г.Пашкова, то ў яго новых радках хапала вобразнасці і экспрэсіўнасці і іншых мастацкіх якасцей, якія не з меншай эмацыянальнай сілай перадавалі тое, пра што гаварыў паэт. А гаварыў ён пра тую самую прыроду, якая па-ранейшаму хвалявала і непакоіла яго. З'яўляюцца эцюды і замалёўкі, нацюрморты і накіды ў выглядзе мазаікі, што ўрэшце-рэшт перарастала ў маляўнічае панно. Паэт імкнецца гаварыць немнагаслоўна, афарыстычна: "Згодна зімовае квоты – // сонца і сіні мароз". Услаўляючы геаграфічныя мясціны роднага краю, у прыватнасці, возера Палік, ён не толькі звяртаецца да гісторыі: "Тут даўней была крутая сеча", але не прапускае выпадку ўспомніць і яе насельнікаў, робячы гэта жыва і з добрай прыдумкай: "Сігане стаянкай партызанаў // маскхалат заечы праз сумёт". І мы разумеем, паэт ішоў да прастаты, а не да спрошчанасці. Ён настолькі ўражаныаны і ўс-хваляваны прыгажосцю і чысцінёй зімы, што, імкнучыся, як мага паўней, перадаць і данесці ўсё гэта дзіва да нас, выкарыстоўвае гукапіс: "Сум і сон... І толькі ён, як грэшнік, // распусціўшы голле ля вады, // зацвітае зазімкам арэшнік, // гледзечы на злыя халады". Снежнай светлынёй і лірычнай шчырасцю напоўнены скупыя радкі, дзе перадаецца душэўнае трапятанне і здзіўленне, калі чалавек выходзіць раніцой на падворак і не пазнае яго – такія змены прынесла зіма: "Ступаць у чысты снег // ні боязна, ні смела. // Ён на алтар вядзе – // вядзе душу і цела". Сказана па-малітоўнаму мякка, абачліва і неяк маўкліва-прытоена, нібы паэт баіцца лішнім словам ці гукам парушыць цішыню і снег, што не толькі акрыў падворак, але і павіс на голлі дрэў, і які можна спалохаць, патрывожыць і ён, не дай Бог, абрушыццца долу. А тым часам у паэта нараджаюцца новыя асацыяцыі ў сувязі з такой зімовай з'явай, як снегапад: "На скроні, далані – // нябеснае прычасце. // Ідуць Хрышчэння дні // мароз, агонь і шчасце". Побач з урачыста-святочнай са спавядальнай інтанацыяй замалёўкай, суседнічае знешне празаічны і будзённы малюнак, напоўнены душэўным узрушаннем:

 

Скупое студзеньскае сонца –

ледзь узышло –

і ўжо няма! –

падсвеціць рыбаку

ў палонцы,

што ён на лёдзе нездарма,

як зазвініць тугая леска

і ўспыхне ў снезе

вугалёк –

трапечыцца

зямлі палескай

чырвонапёры акунёк!

 

Хто не заўважыць, што ў прыведзенай фразе ўмясціліся дзве страфы Але дзеянне, пра якое гаворыцца ў іх, свабодна пераліваецца з радка ў радок, і перад нашымі вачамі ўстае дзівосная карціна рыбацкага промысла, менавіта таго асаблівага і запамінальнага для ўсіх рыбакоў моманту, калі на лёсцы з-пад лёду вылятае чырвонапёрая ўдача. І паэт здолеў сказаць пра яе з такім захапленнем, што яно міжволі перадаецца і нам. Такога эфекту ён дасягнуў, дзякуючы жывой размоўнай інтанацыі, якая прымушае чытачоў засяродзіцца на тым, пра што вядзецца гаворка. Немалаважнае значэнне мае і тое, што ў радках мы не знойдзем прыблізных і выпадковых слоў, якія можна замяніць іншымі.

 

Калі ўважліва прыслухацца да меладычнага гучання вершаў Г.Пашкова, то праз замілаванне і лірычнае прызнанне ў любві да роднага краю і бацькоўскай зямлі, там-сям міжволі прабіваюцца ноткі трывогі, якія прымушаюць схамянуцца і насцярожыцца, маўляў, адкуль яна ўзяліся? І толькі тады, калі паэт у адным вершы намёкам, у іншым адкрыта выказвае занепакоенасць за стан роднай прыроды, мы разумеем, што ён, напэўна, як калісьці заўважыў М.Танк, адзін з тых "апошніх паэтаў, што вось так цікавіцца зямлёй." Ён перажывае за лясы і пушчы, якія валяць і нішчаць пад корань нават у такіх запаведніках, якімі з'яўляюцца Белавеж і Налібокі. Знішчаюць, знаходзячы розныя прычыны, то, маўляў, караеды напалі і трэба праводзіць санітарную высечку хворых дрэў, то шукаюць іншыя зачэпкі, згодна якіх выюць бензапілы і ляскочуць сякеры. У інтэрпратацыі паэта гэта выглядае так: "У прастору дыхнуў // век нязнанай атрутай. // Засцярожлівы боль і надзея ў вачах. А дубровы маўчаць, ды густой мятай-рутай даўка горкне туман, як раней, па начах. У свой час Г.Пашкоў пабыў на высокіх пасадах, і больш, чым хто з яго калег, ведае менавіта што і як робіцца ў рэспубліцы і чаго трэба чакаць у недалёкім будучым. Трывожыць яго і хвалюе тое, што дзеецца ці ўжо зроблена ў непер-спектыўнай вёсцы: "Што ты, царква, // ловіш чуйнаю макаўкай? // Колькі блукаў і выгукваў – // дарма! // Хоць бы азвалася вёска сабакамі – // тут ні людзей, ні сабакаў няма!". Пра бяду, што напаткала сельскую мясцовасць, паэт паведамляе знешне стрымана і памяркоўна, хоць і з прыхаваным болем. Да звычайнага калодзежнага жураўля, ён звяртаецца, як да жывой істоты: "Што, журавель, // марна віснеш над студняю? Можа, падкажаш ты, // дзе хлебадар?" Бываюць выпадкі, калі паэт не можа стрымаць абурэння і гневу і  ўсклікае: "У мутнай вадзе катлаваны. // Скрозь вогненна-рыжая гразь. // І страшыць прыбор прыкаваны: // "Увага! Заб'е! Не падлазь!". Тут максімум увагі паэт аддае не паэтычнаму майстэрству радка, а трагедыі, што адбываецца ў сувязі з прыходам, так званай, навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. З невымерным болем у душы глядзіць ён і на ўсё тое, што знаходзіцца не дзе-небудзь у далёкім мядзведжым кутку, а літаральна, як пазначана ў загалоўку верша, "у кроках двух ад горада", і вымушаны канстатаваць факт разрухі і дзікунскага стаўлення да маці-прыроды: "Знявечана поле. // Збавіцель не прыйдзе пасеяць-скасіць. //  Адно развітальна // ў зеніце апошні званочак звініць". Г.Пашкоў настолькі абураны жахлівым відовішчам, што яму, як найхутчэй, хочацца сказаць пра нядбайства і запусценне, якое пануе пад вокнамі  ў высокіх начальнікаў, і кінуць ім у вочы верш, як сказаў калісьці М.Лермантаў, "облитый горечью и злостью". У другім творы паэт прыводзіць голас земляка, з якім сустрэўся падчас чарговай паездкі ў родныя мясціны і які з журбою заўважае: "...А мне шкада гайка на грудзе... // І рэчкі ў нас цяпер няма...". Нас бянтэжыць абыякавасць, што чуецца ў голасе героя, які, пэўна, даўно змірыўся з тым, што ніхто не пытаецца ў вясковых жыхароў, як абыходзіцца з навакольнымі лясамі, рэкамі і азёрамі, і робяць так, як узбрыдзе ў голаў. Таму зямляк далікатна папракае паэта: "Вось ты... Спяваеш абнаўленне..." А ён адказвае яму: "А думаю усё ж: прыроду стаўлю на калені, // ганю сабе пад рэбры нож!..". І ўжо пасля горкай для абодвух гаворкі і пэўнага роздуму Г.Пашкоў прызнаецца: "...Маўчу, зямельцы той адданы. // Не праглыну гаркотны ком // ні з мёдам леташнім духмяным, // ні з гэтым парным малаком". Такое аўтарскае рэзюме, якое мяжуе недзе з роспаччу, зразумела для кожнага з нас.

 

Па эмацыянальнай усхваляванасці, драматызму і душэўнаму напалу недзе блізка да гэтых твораў стаіць цыкл вершаў, прысвечаны каханню. Падобныя да запісаў і занатовак, накіданых наспех, відаць, для таго, каб перадаць у іх першапачатковае пачуццё, што ўспыхнула і з'явілася ў душы, знешне яны нагадваюць сабой дзённік, які паэт вёў на працягу некалькі гадоў, дзе можна прасачыць узаемаадносіны двух закаханых асоб, аўтара і яго нарачонай. Каханне ў вершах Г.Пашкова гарачае і цнатлівае, сарамлівае і пяшчотнае, святое і грахоўнае. Але не тое, разбэшчанае і напаўжывёльнае, што тыражыруецца і распаўсюджваецца ў парнафільмах, якія ідуць па ўсіх тэлеканалах і дэманструюцца ў кінатэатрах, дзе бруд ліецца суцэльным патокам. Калі паэт гаворыць нават пра самыя інтымныя моманты, якія бываюць у закаханай пары, то робіць гэта, хоць і размашыста, але асцярожна і далікатна: "І Сусвет дрыготкі -- у руках. // Абсыпае зорамі і стогне // ад шчаслівай мукі хмельных слоў // двух агнёў, абнятых трапятаннем. // ...Паміраем! Ажываем зноў! // ...Божы дар, свяшчэнны дар – каханне!". Безумоўна, сказана пра міг апафеозу гарачага пачуцця, якое ўзнікае паміж двумя маладымі асобамі. Але ж яно кожны раз пачынаецца неяк неўпрыкметку, хаця нават і з першага позірку. А ўслед за гэтым выспявае, мацнее і, набываючы крылы, выклікае столькі эмоцый і хвалявання, што навакольны свет  для паэта робіцца незвычайным, ледзь не казачным: "Ты на тым баку вясёлкі. // Я на гэтым". Паступова да яго прыходзіць развага і ўсведамленне, што ім трэба быць разам: "Без цябе стаміўся так! // У адчаі // над вясёлкай, быццам знак, -- // лямант чаек". Каб больш ярка і выразна перадаць незвычайны стан лірычнага героя, паэт "ломіць" радок, разнастаіць рытміку невялічкага па сваім памеры верша. Робіць гэта і ў апошняй страфе:

 

"Светлаззянне... Прэч, туга! // Іду прама. // Каляровая дуга – // наша брама!..".

 

Звяртаючыся да суджанай, Г.Пашкоў ласкава гаворыць, што для яго "мілы тварык, // тварык нязменны, // як для стронгі // зорная рака". І, як з марской пены, у якой час-адчасу бавіцца і паэт, паволі з'яўляецца яе вабная постаць. Не, яна і на кроплю не падобна на някрасаўскую гераіню, што "коня на скаку остановит, // в горящую избу войдет". Аднак па ўсяму бачна, што гэта свавольніца і гарэза ўмее быць гордай і незалежнай, іншы раз можа паказаць сябе і ганарліўкай. І ўсё ж яна ведае, калі трэба быць ласкавай і паслухмянай, а ў які час – строгай і непадступнай. І мы не надаем асаблівага значэння, калі паэт нечакана пытаецца ў самога сябе: "За мукі, за слёзы // каго мне ўшчуваць...". Але ўслед за гэтым нас прымушае насцярожыцца, а пасля і збянтэжыцца яго роспачна-узрушанае прызнанне: "Рызыкую быць пабіты камнямі, // бо каму такое па душы? – // дзвюх жанчын люблю – і паміж намі, // паміж мной і кожнай – жар душы!". Іншым разам такія радкі можна было б успрыняць, як жарт. Але толькі не тут. Бо ўжо ў наступным вершы паэт прыводзіць словы жанчыны, якую, відно, кахае без памяці: "Я не хачу цябе любіць...-- // пусціла дым замілавана. -- Я не магу, калі баліць // душа развержанаю ранай. // Я не магу цябе любіць: // любоўю змучана нямала". Можна падумаць, што жанчына не толькі не хоча адказваць узаемнасцю на яго пачуццё, але і бачыць самога. І ўсё ж справа тут зусім у іншым. Яна, відно, перажыла не адну сямейную драму і лічыла сябе галоўнай віноўніцай кожнай з іх. Таму і не хоча новага знаёмства, загадзя ведаючы, што і яно не прынясе шчасце. Любоўная інтрыга, як бачым, закручвецца ў нас на вачах. І не толькі інтрыга, але і чарговая драма як паэта, так і лірычнай гераіні. І тым не менш ён не адступае ад свайго, бо ўпэўнены, што звёў іх не выпадак, а лёс: "Хоць позна перасеклі мы // жыцця зямныя пуцявіны, // але чаму глушыць грамы // у сэрцах збліжаных павінны?..". Паэт гатоў дараваць каханай  ўсё тое, што было з ёй раней: "Твой альбом захацеў пагартаць. // Ты рашуча альбом адабрала. // Ну і што і навошта хаваць? // І чаму наляцела, як хмара?". Гэта сведчыць яшчэ і пра тое, што, мінулае гераіні не было ідэальным. Але ён разважае пра яго нават з пэўнай доляй іроніі, як толькі можа разважаць безаглядна закаханы малады чалавек, што пабычыў на сваім вяку нямала чаго добрага і дрэннага: "Мы з табою – жывы шэпт лісця. А былыя твае – гербарый." Лірычны герой выяўляе нават душэўную высакароднасць. Пасля таго, як гераіня дзеліцца з ім пра былых і былое, ён спакойна прызнаецца: "Ды дзіва! Злосці – ні следу! // Не дакараю марна, // іначай бы і не ўведаў, // што гэтакі самаахвярны". І ўсё ж тады-сяды яго апаноўвае роздум і ён з горыччу ў голасе канстатуе: "Ты была першароднай крыніцай. // Ды, напэўна ж, ужо не адна. // Я прыпаў у дарозе напіцца. // Схамянуўся, не ўбачыўшы дна". Здаецца, хапіла б і такога балючага прызнання. Але рэўнасць горкім комам падступае да горла і ён ледзь не пераходзіць на роспачны крык: "Столькі розных з цябе папіла, // прагна, похатна, як арда. // Прахадным называлі – "мілай", // покуль звонкай была вада". Відаць, не лёгка лірычнаму герою ўзяць сябе ў рукі, прыйсці да развагі: "Страшна бозна мне напіцца: // канчаткова б не замуціць...". І далей ён ужо гаворыць шчыра і пяшчотна: "Я цябе прыняў такой, як ёсць. // Ты мяне – таксама без аглядкі". Змірыўшыся са сваім становішчам, паэт імкнецца абнадзеіць жанчыну, пераканаць: "Я з табою не ў амурным блудзе, // я з табой адкрыты. Без прыкрас. // Ты баішся: як жа далей будзе?.. // Хто і дзе падсцерагае нас?..". І, каб супакоіць канчаткова, дае клятву: "Ты не бойся, што ў парыве веснім // я ў жыцці такога накручу!.. // Трэба будзе, наступлю на песню! // І сябе самога растапчу!". У тым, што лірычны герой зможа наступіць на песню, ніхто не сумняваецца. А вось растаптаць самога сябе... Хочацца думаць, што гэта гіпербала. Але ў рашучасці, якая чуецца ў абяцанні, угадваецца нешта надта знаёмае. Ці не яна прысутнічала ў заяве дзевяцікласніка, які прасіў паслаць яго дабраахвотнікам у В'етнам? Але ж там была адна сітуацыя, а тут зусім іншая. І не трэба забываць, што апошняе гаворыцца ў лірычным вершы. Аднак клятву, хто б яе не даваў, паэт ці лірычны герой, трэба разглядаць, як жыццёвую драму. Менавіта праз гэты катарсіс ідзе ачышчэнне чалавечай душы і каханне становіцца тым пачуццём, якое здольна ўзвышаць кожнага да такой ступені, каб рашуча заявіць: "Хоць судзіце, хоць біце прылюдна -- // заручоныя вечнасцю мы!".

 

Увогуле, цыкл вершаў, прысвечаны каханню, чымсьці падобны да паэмы. У ім маюцца пэўныя прызнакі сюжэтнай фабулы, яе пачатку, кульміна-цынага пункту і завершанасці. А ў некаторых паэмах Г.Пашкова ў сваю чаргу можна заўважыць пэўную прысутнасць асобных частак, падобных да разгорнутых вершаў, уманцірараваных у агульны тэкст. Калі згадваць паэмы паэта, то лепшай з іх з'яўляецца "Дзяўчынка з блакітным мячыкам", дзе гаворка ідзе пра трагедыю Пампеі, якая была спалена вогненнай лавай, што нечакана вырвалася з вулкана. І яшчэ пра тое, што падобная катастрофа можа адбыцца кожную хвіліну і кожны дзень з усім зямным шарам і чалавецтвам. Чалавецтва і ўся яго гісторыя ўяўляецца Г.Пашкову безабароннай дзяўчынкай, якая забаўляецца з блакітным мячыкам, што падобны на зямны шар. Апынуўшыся на развалінах Пампеі, паэт прыслухоўваецца да цішыні і яму здаецца: "У камянях уздыбленых, няйначай, // імгненні затаіліся жыцця. // Чуваць: нібыта побач скача мячык... // Чуваць: смяецца жвавае дзіця". Але ўсё гэта, безумоўна, слухавы падман, бо на месцы былой Пампеі: "Ну хоць бы дзе галінка ці сцябло // ці хоць бы ўбачыць парасончык кропу". Паэт жахаецца з гэтага па-марсіянску страхатлівага відовішча: "Аж па спіне пабеглі мурашы. // Хутчэй, хут-чэй – дзе з лабірынту выйсце? // Хутчэй туды, дзе чуцен гул шашы, // дзе людзі, дзе шуміць пад ветрам лісце". І ён выходзіць на такое месца, дзе "нехта за вуглом, на тратуары, бесклапотна скача...". І адразу ажывае навакольны свет. Аказваецца, што гэта дзяўчынка і гуляе яна ў  цікавую для сябе гульню на камені, які "размалявала крэйдай на квадраты". Г.Пашкоў выкарыстоўвае прыём кантрасту і падае постаць дзяўчынкі так, што малюнкі нагадваюць кінематагратфічныя кадры: "Адна... Адна... Абуднаю парой – нібы пылінка у далоні веку – была яна. І цэлы свет над ёй ускінуў думна сонечныя вейкі." Высвя-тляецца, што дзяўчынка не адна: "Яе паклікаў нехта: -- Наталет!.. А ёй, маленькай шчабятусе, смешна. З дзвярэй выходзіць прыбіральшчык-дзед, зграбае смецце з камянёў няспешна". Можна спытаць: чаму столькі ўвагі ўдзяляе паэт дзяўчынцы з Пампеі? Па-першае, яна для яго – своеасаблівы сімвал жыцця на тым месцы, якое калісьці спапяліў землятрус. А па-другое,  блізкая яшчэ і тым, што нагадвае родную дачушку. Да іх ён і звяртаецца: "Абедзьвух вас у сэрцы калышу, маёй Зямлі маленечкія птушкі!".

 

Дзве дзяўчынкі і блакітны мячык, з якім яны гуляюць і які падобны на зямны шар, увесь час застаюцца ў цэнтры ўвагі паэта, і вакол іх вядзецца га-ворка пра мірнае жыццё і прыгажосць зямлі, згадваюцца нелюдзі, што развязваюць войны і тое, чым яны для іх канчаюцца: "Гісторыя, ты помніш! Там, дзе жыў вар'ят, там сёння дом адчынен для вар'ятаў". Незвычайную маштабнасць набывае дзіцячы мячык, з якім не расстаецца малая Наташка нават падчас падарожжа, у якое яна выпраўляецца з бацькамі па Прыпяці. І калі загрымела навальніца, то пачалося неверагоднае: вецер "падхапіў і кінуў мяч дзіцячы у вадавей, у кіпень, у прастор, дажджом замглёны громагалосы, дзе неба, Прыпяць, разгайданы бор – усё сякуць маланак вострых косы." Менавіта ў гэтыя хвіліны зазначае паэт: "Думаў я, што гэтак жа прад намі не толькі можа счэзнуць мяч малы – мацерыкі абмытыя марамі, сагрэтыя праменнем і травой, дзе вольніца норд-остам і пасатам..." Г.Пашкоў звязвае трагедыю Пампеі з тым, што можа адбыцца ў свеце, і пытаецца: "Няўжо над вулкай выпаленай магмай галктыкаю рэха паплыве апошнім словам чалавецтва: "МА-МА..." Ты чуеш? Чуеш, як вулкан раве?" Але ён верыць, што такога не адбудзецца: "Скрозь веснавое сонечнае мліва ахутвае блакітам гарады. А мне дзяўчынкі бачацца шчаслівыя праз мроіва, праз белыя сады." Хто яны, гэтыя дзяўчынкі, мы ўжо ведаем. Імёны іх гучаць і ў заключным радку паэмы: " Наташка з італійкай Наталет".

 

Цікава, што пад гэтым лірычна-публіцыстычным творам стаіць паметка "Мінск -- Рым – Пампея – Мінск". Думаецца, гэта не даніна модзе, а сведчанне, што паэма, магчыма, не поўнасцю, а часткова, стваралася ў дарозе. І гэта акалічнасць надае ёй асаблівую вагу і каштоўнасць.

 

Генадзь Пашкоў пабываў у многіх краінах свету, яму пашчасціла пабачыць на ўласныя вочы розныя цуды і дзівосы, пазнаёміцца з рознымі звычаямі і завядзёнкамі, размаўляць з цікавымі людзьмі. Сваімі ўражаннямі ад гэтых вандровак-падарожжаў ён дзеліцца ў празаічных нататках, адгукаецца і ў паэтычных радках. Часцей за ўсё "турыстычныя" вершы ўяўляюць сабой замалёўкі з натуры экзатычных мясцін ці нейкіх незвычайных прыродных з'яў, што кідаюцца ў вочы творцу, і не вельмі кранаюць чытачоў. А вось Генадзя Пашкова напаткала творчая ўдача ў Рыме, як гэта здарылася калісьці з М.Танкам, з-пад пяра якога пасля сустрэчы з манашкамі Ватыкана, з'явіўся маленькі шэдэўр "Аве Марыя". Г.Пашкоў у вершы, прысвечаным траім дзяўчынам-скрыпачкам, чыю ігру ён слухаў у Рыме, працягвае танкаўскую тэму. Здзіўляе тое, што да якіх бы рэчаў і з'яў у гэтым творы не дакраналася пяро паэта, усе яны ўмомант ажываюць, робяцца інакшымі, набываюць дзівосныя фарбы і адценні. Аўтар "не расцякаецца мысляй па дрэву", а гаворыць сцісла і многазначна: "Аліда, Марыяна, Антанела – аглухлай плошчы звонкая навела." Набліжае да нас карціну і гераінь тое, шт пра іх абмалёўцы паэт звяртаецца да нашых нацыянальных рэчаў і з'яў: "Як тры валошкі ля сцяжыны жы-тняй, былі яны між сценаў старажытных". Не выбіваюцца з агульнага гучання і сцэны, якія, здаецца, вельмі далёкія ад скрыпачак і плошчы, на якой яны іграюць: "Сенаты засядалі атупела, дзялілі свет, на праўду клалі вета". І зусім нечакана і па-сучаснаму ўрываецца ў рытміку верша новая нота, што выклікае ў нас здзіўленне і захапленне навізной і паэтычнай знаходкай: "Была мадоннай першаю ракета...". Умелае чаргаванне высокага і звычайнага, своеасаблівы інтанацыйны лад, які пераходзіць з радка ў радок, робіць на нас магічнае ўздзеянне і мы міжволі падпарадкоўваемся яму і сочым, што будзе далей. А паэт, здаецца, падхапіў мелодыю скрыпачак і працягвае: "Зямля ад жаху кожны дзень нямела. Зямля абараніць сябе не ўмела. Над ёй цяпер, нібы лятункаў зыбкі, смяяліся і плакалі тры скрыпкі." Услед за гэтым пачынаецца новы узлёт аўтарскай фантазіі, якая можа быць проста фантастычнай у сваіх праявах: "На стромкія хрыбты і на лагуны ад скрыпак тых падоўжыліся струны. Між лужынай і грамавою хмарай, між памяццю напятыя і марай". Услед за гэтым паэт робіць пэўную паўзу, нібы пераводзіць дыханне, каб узмацніць гучанне радкоў і мы зразумелі, якімі незвычайнымі былі скрыпічныя струны і што сабой уяўлялі: "Яны звінелі над прасцягам мора, напятыя на заўтра і на ўчора". І дасягае незвычайнага эфекту. Нават абстрактная метафара, дзе гаворыцца, што струны "напятыя на заўтра і на ўчора", становіцца прадметна-зрокавай і фізічна асязальнай. І, як аддалены элегічны ўсплёск мелодыі, гучаць заключныя радкі: "На вуснах ваша песня прамянела, Аліда, Марыяна, Антанела...". Верш нагадвае сабой музычнае араторыю і знаёмстве з ёй прыносіць не толькі радасць, але і сапраўдную эстэтычную асалоду.

 

У заключэнне хочацца сказаць, што нярэдка крытыкі і літаратуразнаўцы, ацэньваючы творчасць паэтаў-сямідзесятнікаў, да якіх належыць і Генадзь Пашкоў,  не абыходзяцца без пэўных закідаў, маўляў, яны нічым не вызначыліся, не зрабілі важкага ўнёску ў паэзію, як, напрыклад, іх папярэднікі-"шасцідзесятнікі". Але не трэба забываць, што кожнаму часу свае песні! І не паэты робяць час, а час робіць паэтаў. Што да Г.Пашкова, то ён працаваў ў традыцыйнай манеры пісьма, шчыраваў над родным словам, граніў і шліфаваў, пашыраў яго мастацкія магчымасці, рабіў больш гнуткім, маляўнічым і шматфарбным, імкнуўся надаць яму новае значэнне і гукапіс, і пад пяром паэта яно час-адчасу свяцілася і ззяла, асобныя вобразы і метафары станавіліся блізкімі да крылатых выразаў і афарызмаў, падцвярджаючы ісціну, што моўнае і фальклорнае наша багацце і запасы бязмежныя і невычэрпныя, хаваюць і тояць ў сваіх артэзіянскіх глыбінях залатыя россыпы народнай мудрасці, досціпу і песеннай меладычнасці.

 

Васіль Макарэвіч

Оставить комментарий (0)
Система Orphus

Нас считают

Откуда вы

free counters
©2012«ЛитКритика.by». Все права защищены.При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.