"Одна из немногих новостей, которыми люди не перестают восхищаться снова и снова, – это известие о том, что они скоты".

Анатолий Андреев, "Маргинал"
Вы тут: Главная»Рубрики»Писатели»Проза»

Крыло, працятае стралой

09/10/2019 в 17:10 Глеб Ганчароў, Янка Лучына история

 

Вялiкi дзякуй спадару Новiкаву, што ён пагадзiўся апублiкаваць гэты тэкст, якi, як мне было сказана ў выдавецтве "Мастацкая лiтаратура", не мусiць быць надрукаваны праз тое, што дзяржава не дае грошай. Чаму ж тады часопiсы, такiя, як "Маладосць", абяцаюць публiкацыi?

 

Глеб Ганчароў

 

Сапраўдная асалода для біёграфа – апісваць жыццё чалавека, якое ад нараджэння да магілы запоўненае падзеямі: барацьбой з крыважэрнымі тубыльцамі, адкрыццём новых зямель і шалёнай скачкай праз палаючыя прэрыі. А што рабіць, калі ў лёсе чалавека, як у лёсе Янкі Лучыны, не было ні капальняў цара Саламона[1], ні піратаў з вострава скарбаў, ні шхуны «Святая Марыя»[2]? Дзе знаходзіць натхненне? Аб чым казаць, каб раскрыць характар?

 

Падобных жа звычайных лёсаў, што панапаўняныя штодзённымі клопатамі, куды больш, чым геройскіх жыццяў. І застаецца біёграфу напрактыкоўвацца ў балаканні, каб хоць малым краем наблізіць свайго персанажа да чагосьці гераічнага. А навошта балакаць, калі гераізм часцяком хаваецца ў штодзённасці? Як кажа французская прымаўка: «Рабі, што павінен, і хай будзе, што будзе».

 

Згодна з гэтым прынцыпам і жыў спрадвеку шляхецкі род Лучыўкаў-Неслухоўскіх. Першым яго дакладна вядомым продкам-заснавальнікам быў нейкі віцязь Пшэбыслаў Дамброва, які прыйшоў аднекуль з Далмацыі[3] ў XIII стагоддзі і, як сцвярджаюць летапісы, паступіў на службу да князя Конрада Мазавецкага[4].

 

Пшэбыслаў стаў адным з самых верных паплечнікаў Конрада. Ён суправаджаў князя ў ягоных шматлікіх паходах і праславіўся падчас узяцця Кракава, захапіўшы ў палон мясцовага князя Генрыха Барадатага. Потым пан Пшэбыслаў прымаў удзел разам з галіцкімі і літоўскімі князямі ў Калішскім[5] паходзе; зноў вызваляў Кракаў з-пад улады ўзурпатара Уладзіслава Лясканогага[6]; біўся разам з сюзерэнам пад Сухадолам[7], дзе Конрад пацярпеў зневажальнае паражэнне ад свайго пляменніка Баляслава Сарамлівага; здзейсніў напад на Люблін і прыняў удзел у славутай Яраслаўскай бітве 1245 года, дзе Конрад разам з будучым «каралём Русі» Данілам Галіцкім і вялікім князем Міндоўгам назаўжды спыніў экспансію венгерцаў на славянскія землі.

 

Ва ўзнагароду за адданую службу рыцар Пшэбыслаў атрымаў ад князя буйны надзел у Драгічынскай зямлі з маёнткам Няслухі, адкуль і пайшло прозвішча роду. І было гэта не пазней за 1246 год, бо менавіта ў гэтым годзе Конрадам і быў зацверджаны герб «Дамброва», які атрымаў сваю назву па мянушцы пана Пшэбыслава. Прыдомак Лучыўка, мусіць, прыляпіўся да прозвішча Неслухоўскіх тады ж.

 

Зарабiў знакамiтасць, удзячнасцей статак,

Незагойную рану, сяброў пахвальбу

Ды напышлiвы герб, а да герба ў дадатак

Жабраванне з журбой прывалок на гарбу.

 

У архівах захавалася згадка пра тое, што пан Пшэбыслаў дамогся такога высокага становішча дзякуючы «бітвам з ворагамі хрысціянства[8]». Некаторыя гісторыкі робяць адсюль выснову, нібы рыцар Дамброва вызначыўся, ваюючы з татара-манголамі. Але, на іхні жаль, Конрад Мазавецкі на полі бітвы ніколі не сустракаўся з татарамі, аддаючы перавагу міжусобным сваркам з сабратамі-князямі. На заранку XIII стагоддзя «ворагамі хрысціянства» польскія хронікі называлі прускіх язычнікаў.

 

Маёнтак, які з гэтага часу стаў вотчынай пана Пшэбыслава, да нашых дзён не дажыў. Вядома толькі, што знаходзіўся ён на невялічкай, ціхай, быццам сон, балоцістай рачулцы Няслуха[9] паблізу ад сутокі з Пінай.

 

З вышыні нашага часу цяжка ўявіць, як мог выглядаць дом багатага гаспадара ў тыя далёкія гадзіны. Мо так, як гэта паказаў Генрык Сянкевіч[10], апісваючы ў рамане «Крыжакі» сядзібу рыцара Зыха са Згожаліц?

 

«Ва ўсім былі бачныя дастатак і багацце. Вокны ў святліцах былі з рога, абструганага і адшліфаванага так тонка, што ён быў празрысты амаль як шкло. Замест ачага пасярод святліцы, па кутах стаялі вялікія печы з намётамі. Падлога з лістоўнічных дошак была чыста вымытая, на сценах – зброя і мноства паўміскаў, што зіхацелі, як сонца, ды прыгожых разных лыжачніц з шэрагамі лыжак, з якіх дзве былі срэбнымі. Дзе-нідзе віселі парчовыя ўзорыстыя дываны, здабытыя на вайне альбо прыдбаныя ў карабейнікаў. Пад сталамі ляжалі велізарныя рудыя турыныя шкуры ды шкуры зуброў і дзікоў».

 

І ўсё гэта хараство, увенчваючы сабой гарачы, як рыцарскі бой, ачаг, упрыгожваў замацаваны на разным дубовым шчыце герб «Дамброва»!

 

Спынімся на некалькі хвілін перад ім, таму што менавіта гербы з прычыны адсутнасці надзейных пісьмовых крыніц, лепш за ўсё здольныя расказаць пра заснавальніка роду: менавіта гербы апісвалі дзеі іх уладальнікаў. Герб – гэта своеасаблівая біяграфія ўладальніка.

 

 

«Дамброва», зацверджаная прывілеем князя Конрада, апісваецца ў гербоўніках так: «у блакітным полі срэбная падкова, адтулінай павернутая ўніз і ўвершаная залатым лапчастым крыжом. Такія ж залатыя крыжы выходзяць з кутоў, якія ўтвараюцца гакамі падковы. У нашлемніку каршуновае крыло налева, працятае стралою ў тым жа кірунку».

 

Геральдыка – строгая навука. Кожны знак і колер у гербе мае толькі адно значэнне. І таму гэта апісанне можа нам даць даволі дастатковае ўяўленне аб паходжанні і лёсе пана Пшэбыслава.

 

Пачынаючы з часоў Рымскай імперыі, асноўным колерам высакародных саслоўяў быў чырвоны, і толькі напачатку XIII стагоддзя рыцарскія шэрагі пачалі масава насіць лазуркавыя колеры, якія надаваліся выхадцам з нізкіх слаёў грамадства. А таму не дзіўна, што блакітны колер у геральдыцы з часам стаў абазначаць сумленнасць, вернасць і бездакорнасць.

 

Аб простым паходжанні пана Пшэбыслава кажуць і намёт на гербе, і нашлемнік у выглядзе рыцарскага салада[11]. Высакароднае рыцарства валодала намётам з пёраў ці лісця, а нашлемнік аздабляўся страусавым пер’ем або замяняўся каронай. Была графская карона і на гербе «Дамброва». Але, паколькі надзетая яна была на салад, з гэтага вынікала, што Пшэбыслаў атрымаў графскі тытул пасля таго, як пэўны час прабыў простым рыцарам.

 

А што ж значыла каршуновае крыло? Чорны каршун у геральдыцы – гэта знак сілы і пільнасці. За адным выключэннем: крыло, прабітае стралой, сімвалізавала ганца. Гэта значыць, пан Пшэбыслаў быў не проста набліжаным да князя Конрада, але выконваў пры ім абавязкі асабістага пасланца.

 

Падкова не ўяўляе сабой нічога незвычайнага. Як і цяпер, у тыя далёкія часы яна лічылася сімвалам шчасця і ўдачы. А залатыя лапчастыя крыжы былі знакам ордэна гаспітальераў[12]. Падчас трэцяга крыжовага паходу[13] частка рыцараў-манахаў адасобілася ад асноўнай часткі ордэна. Прынята лічыць, што адасабленне адбылося па нацыянальнай прыкмеце: маўляў, раскольнікамі былі выключна гаспітальеры нямецкага паходжання. Але з ордэна вылучыліся не немцы, а падданыя імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Генрыха VI Гогенштаўфена, большасць з якіх сапраўды былі немцамі. Але ж мы памятаем, што пан Пшэбыслаў паходзіў з Далмацыі! Адзіная вобласць Далмацыі, якая знаходзілася пад уладай Гогенштаўфенаў, – гэта Істрыйскі паўвостраў, які некалі належыў Венецыі[14], а да таго – остгоцкаму[15] каралю Тэадорыху Вялікаму.

 

                                      Всё, что минутно, всё, что бренно,

                                     Похоронила ты в веках.

                                     Ты, как младенец, спишь, Равенна,

                                     У сонной вечности в руках…

 

                                     Далёко отступило море,

                                     И розы оцепили вал,

                                     Чтоб спящий в гробе Теодорих

                                     О буре жизни не мечтал.

           

Залаты колер у геральдыцы сімвалізуе Італію. Таму мы мусім сцвярджаць, што род Лучыўкаў-Неслухоўскіх меў остгоцкія карані.

           

Калі крыжакоў выгналі з Палесціны, гаспітальеры-раскольнікі перасяліліся ў польскае памор’е, прынялі назву Тэўтонскага ордэна і заключылі саюз з Конрадам, які якраз распачаў вайну з прусамі, што захапілі ягоныя землі. Мабыць, тады пан Пшэбыслаў і трапіў на службу да князя Мазавецкага.

            

Як бы там ні было, віцязь Пшэбыслаў аказаўся спраўным гаспадаром. Зернетка да зернетка род прымнажаў свае багацці. За чатырыста год маёнтак разросся. І не дзіва, што Лучыўкі-Неслухоўскія паступова прыдбалі і сядзібу Косава[16], што побач з аднайменным горадам, і маёнтак Моладава[17], які значна пазней – ужо пасля падзелаў Рэчы Паспалітай – стане гняздом знакамітага роду Скірмунтаў[18], і Сакалову-Волю ў Падкарпацці, і нават Марачнае з Завідчыцамі, выкупіўшы іх у некалі заможнай, ганарлівай, а цяпер нэндзнай, быццам жабрак, сям’і Дастаеўскіх-Рцішчавых[19].

 

Але, адрозніваючыся ад шматлікіх суседзяў і сваякоў, якія, абрастаючы дабром, забыліся на прызначэнне шляхты, Лучыўка-Неслухоўскія працягвалі добрасумленна выконваць дзяржаўныя абавязкі.

 

І хай займалі яны невялікія пасады, але, усё ж, былі сярод Лучыўкаў-Неслухоўскіх стражнікі Брэсцкага ваяводства, гусарскія ротмістры[20] – камандзіры харугваў, а Юрый Іванавіч Неслухоўскі даслужыўся да ганаровай і значнай пасады каптуровага[21] суддзі.

 

Здавалася б, лёс спрыяў роду. Аднак крах Рэчы Паспалітай і змена дзяржаўнага ладу, якая рушыла за ім, спляжылі сталы побыт соцень дваранскіх сем’яў. І называлася гэта бяда «разбор шляхты»!

 

Лучыўкі-Неслухоўскія сталі падданымі Расійскай імперыі пасля трэцяга падзелу[22]. Законы дзяржавы патрабавалі, каб кожны шляхціц дакументальна пацвердзіў свае правы на дваранства. Указ імператара Паўла 1800 года вызначаў двухгадовы тэрмін для падавання дакументаў. І вось тут паўстае незразумелая закабуня. Калі гаворка ідзе пра самыя «нізкія» шляхетныя колы: чыншавую[23], служылую[24] шляхту, зямянаў[25], панцырных баяраў[26], – то няма нічога дзіўнага, што яны не маглі аніяк даказаць сваё высакароднае паходжанне. Гэтыя малапісьменныя людзі няшмат чым адрозніваліся ад сялян, даўно пазабываўшыся на тых сваіх продкаў, чые подзвігі далі ім магчымасць прылічыць сябе да прывілейнага саслоўя. Ад усіх прывілеяў у іх заставалася толькі права насіць шаблю. Таму не трэба здзіўляцца, што падчас разбору іх, гаротнікаў, гамузам, пагалоўна запісвалі ў дзяржаўныя сяляне.

 

Але Лучыўкі-Неслухоўскія былі несумненнымі графамі. Справа нават не ў тым, што галава роду Юрый Іванавіч быў суддзёй, а гэта мела на ўвазе высокае сацыяльнае становішча: нязнатнага суддзю заможнікі слухаць не сталі б. Графская карона на гербе – вось бясспрэчны доказ шляхецтва! У сярэднявеччы з геральдыкай не жартавалі. Чаму ж яны доўгі час не маглі даказаць свайго права?

 

Гісторыя на гэта пытанне не адказвае. Мы можам толькі меркаваць, што патрэбныя дакументы сталіся знішчанымі падчас паўстання Касцюшкі[27]. Ці значыць гэта, што Лучыўкі-Неслухоўскія былі актыўнымі яго ўдзельнікамі? Хто ведае…

 

На шчасце шмат каго Аляксандр I не дужа заклапаціўся выкананнем Указа. У 1802 годзе Мінскі дваранскі дэпутацкі сход прызнаў правы Неслухоўскіх на дваранства і адаслаў сваё рашэнне ў Сенат, дзе яно паспяхова знікла на трыццаць гадоў. Магчыма, тым справа б і скончылася, але ў 1830 годзе выбухнула Лістападаўскае паўстанне[28]! Цэлы год палалі заходнія землі імперыі, пакуль нарэшце фельдмаршал Паскевіч[29] не ўварваўся на чале казацкіх сотняў у Прагу[30] і не патапіў у крыві.

 

Цi лiшак палкаводчай славы

Душыў, калi твае палкi

Па руху ўпэўненай рукi

Ўвайшлi на вулiцы Варшавы,

Дзе разгулялiся клiнкi

Захопленай казацкай лавы?

 

Узвар’яваны Мікалай I загадаў вярнуцца да разбору. З архіваў падаставалі старыя рашэнні. Сенат тройчы разглядаў справы, і толькі ў 1838 годзе Неслухоўскія былі зацверджанымі ў дваранстве. Пытанне з графскай годнасцю неяк адышло ў нябыт, але думаецца, што дзеці Юрыя Іванавіча Люцыян і Франц, якія заставаліся ў жывых да гэтага часу, былі рады і гэтаму.

 

Маёнткі Неслухоўскіх, як гэта часцяком было заведзена сярод польска-ліцвінскай шляхты, былі маяратам, то бок, непадзельнай маёмасцю. Атрымаць у спадчыну іх мог толькі старэйшы сын. Менавіта таму Люцыян уступіў у валоданне бацькаўскай нерухомасцю, а Франц быў вымушаны шукаць шчасця ў іншых краях. Ён скончыў Харкаўскі ўніверсітэт, абараніў дысертацыю па этнаграфіі протабалгараў[31] і стаў прафесарам гісторыі ў Царскасельскім ліцэі[32], даслужыўшыся да сапраўднага стацкага саветніка[33].

 

Для нашага апавядання лёс Франца і яго сына Канстанціна не настолькі важны, таму пакуль пакінем іх у баку. У жыцці Янкі Лучыны яны не згулялі ніякай ролі, зрабіўшы свой унёсак у сямейны летапіс і памяць пра сваяка толькі пасля яго смерці.

 

А Люцыян тым часам пабраўся шлюбам і пераехаў у Мінск. Жонка яго – Антаніна Міхайлаўна з роду Лукашэвічаў – была жанчынай адукаванай і гаспадарлівай. У сям’і панавалі злагада і гармонія, а таму не дзіва, што Бог не абдзяліў Неслухоўскіх дзятвой: 24 чэрвеня 1851 года па старым стылі (6 ліпеня – па-новаму) ў іх нарадзіўся першынец Іван, якога ў сям’і з любасцю клікалі Ясем, а следам, адзін за адным, з’явіліся ягоны брат-пагодак Антон, Антаніна-Аліна, Юльян, Генрых і Вікторыя.

 

Люцыян Юр’евіч пачаў рабіць кар’еру чыноўніка. Спачатку ён паступіў простым пісарам у Мінскую губернскую ўправу[34] і паступова даслужыўся да столаначальніка[35] і сакратара[36] Мінскай палаты цывільнага суда, атрымаўшы чын VIII класа – калежскі асэсар, які прыраўноўваўся да звання маёра. І тут узнікае яшчэ адна нявырашаная загадка, звязаная з дваранствам Лучыўкаў-Неслухоўскіх.

 

Вядома, што вышэйшай адукацыі Люцыян Юр’евіч не атрымаў: усе яго веды былі вынікам гімназічнага і хатняга выхавання. Але, адпаведна законам імперыі, чалавек, які не скончыў універсітэт, мог разлічваць толькі на самы нізкі чын калежскага рэгістратара[37]. Выключэнні з гэтага правіла былі магчымымі, але толькі па Найвышэйшаму дазваленню Гасудара Імператара і толькі для дваранаў. І, калі Люцыян Юр’евіч такія дазваленні атрымліваў, значыць, ён як мінімум пяць разоў звяртаўся да Мікалая I.

 

Шмат пазней, калі ў 1869 годзе Ясю і Антону прыспела пара паступаць ва ўніверсітэты, раптам высветлілася, што яны не маюць права на бясплатную адукацыю, таму што не з’яўляюцца прылічанымі да дваранскага саслоўя. Антаніна Міхайлаўна была вымушана звярнуцца з хадайніцтвам да цара. Згода была атрымана, але чым выклікана такое прашэнне?

 

Адказ можа быць толькі адзін: тым, што падчас разбору шляхты старэйшыя Неслухоўскія набылі права толькі на асабістае дваранства без магчымасці перадачы яго ў спадчыну па сыходнай лініі. Можна толькі меркаваць, чаму Сенат не звярнуў увагу на графскую карону – ці таму, што даравальныя граматы на графства згубіліся, ці праз тое, што Неслухоўскія гэтаксама былі ўблытанымі ў Лістападаўскае паўстанне, хаця даказаць іх віну не атрымалася.

 

І таму Антаніна Міхайлаўна скарысталася тым законам, які дазваляў дзецям чыноўнікаў, што праслужылі «бездакорна» не менш за дваццаць год, прэтэндаваць на спадчыннае дваранства. Балазе, паслужны фармуляр пана Люцыяна спрыяў гэтаму.

 

Але вернемся ў дзяцінства Яся. У Мінску сям’я пасялілася ва ўласным доме на вуліцы Юр’еўскай, які стаяў прыкладна там, дзе цяперашні Палац Рэспублікі. Гэта было самае прэстыжнае месца ў Мінску, гэтакі мясцовы Брадвей[38]. Да Неслухоўскіх меў доступ увесь гарадскі свет. Тут ігралі на фартэпіяна паланэзы[39] Манюшкі[40] і накцюрны[41] Шапэна[42], абмяркоўвалі навінкі літаратуры і прыгадвалі благаславёныя часы Касцюшкі і Чартарыйскага[43].

 

Уся атмасфера ў дзяржаве садзейнічала гэтаму. Пасля паразы ў Крымскай вайне[44] і смерці Мікалая I грамадства чакала перамен. Задушлівае чыноўніцкае ўсеўладдзе аслабела і на нейкі час выпусціла са сваіх кіпцюроў свабодную думку. У гасцёўнях сутыкаліся меркаванні і прынцыпы. Найвысачэйшым рэскрыптам[45] былі адмененыя цялесныя пакаранні[46]. Хадзілі чуткі, што новы цар вось-вось пачне ўсёабдымныя рэформы і, можа быць... ды не! Не «можа быць», а абавязкова дасць свабоду Рэчы Паспалітай, хай спачатку і на правах аўтаноміі! І ўжо Іаахім Лялевель[47] кінуў з Бруселя лозунг, які дзесяцігоддзямі будзе натхняць ліцвінскіх і польскіх інсургентаў[48]: «За нашу і вашу свабоду!»

 

І аднойчы шуганула! Пачалося знакамітае Студзеньскае паўстанне 1863 года. Па дарогах скакалі коні, на касцёлах білі ў набат, у лясы выйшлі касінеры[49]. А імперыя, здрыгануўшыся пасля хвіліннай разгубленасці, паўстала на дыбкі і выскалілася мядзведжай пашчай Мураўёва-вешальніка[50].

 

І па-клікунску вяшчаў з Пецярбурга дзяржаўны паэт-ахоўнік Фёдар Цютчаў:

 

Ужасный сон отяготел над нами,

Ужасный, безобразный сон:

В крови до пят, мы бьёмся с мертвецами,

Воскресшими для новых похорон.

 

Осьмой уж месяц длится эта битва,

Геройский пыл, предательство и ложь,

Притон разбойничий в дому молитвы,

В одной руке распятие и нож.

 

Неслухоўскія ўдзелу ў паўстанні не прымалі. Пан Люцыян састарэў, дый губляць яму было што: ён жа ведаў, як пераможцы канфіскуюць у прайграўшых усю маёмасць, выганяюць са службы і пазбаўляюць усіх правоў стану. А сям’я патрабавала асцярожнасці.

 

Але погляды яго былі добра вядомымі, і таму, калі паўстанне было задушаным, улады ўсё ж папрасілі спадара калежскага асэсара сысці ў адстаўку, устанавіўшы над ім тайны паліцэйскі нагляд. Дзякуй яшчэ, што маёнткаў не кранулі.

 

Зрэшты, ён не вельмі перажываў з гэтай нагоды. Па-першае, таму што Аляксандр II прыняў новыя судовыя статуты, і ўсе чыноўнікі, якія мелі дачыненне да старога паліцэйскага мікалаеўскага суда, павінны былі пакінуць свае пасады, а, па-другое, таму, што адразу ж быў уладкаваны на службу даверанай асобай князёў Радзівілаў. Сумленнасць пана Люцыяна была добра вядомай у Мінску.

 

Але навальніцы, якія пранесліся над краінай і над сям’ёй, у меншай ступені датычыліся Яся. Хлапчом ён быў няўрымслівым, жвавым, справіцца з ім часам было нялёгка, і таму на сямейнай нарадзе было вырашана адправіць яго ў закрыты прыватны пансіён Фердынанда Ціля[51], які размяшчаўся насупраць Траецкага прадмесця ў былым уніяцкім манаскім інтэрнаце.  

 

Што такое закрытая хлапечая навучальная ўстанова ў XIX стагоддзі, шмат хто ўяўляе – дастаткова прыгадаць «Нарысы бурсы» Памялоўскага[52] або аповесць «Кадэты» Купрына[53]. А спадар Ціль адрозніваўся яшчэ і тым, што аніяк не змушаны быў вызначыцца, які ж прынцып выхавання яму выбраць. З аднаго боку, ён быў паслядоўнікам моднага Песталоцы[54] і, падобна свайму настаўніку, лічыў, што чалавечы розум здольны сам стварыць сябе без указанняў выкладчыка. Разумовыя здольнасці ва ўсіх аднолькавыя, а таму дастаткова не перашкаджаць вучню і даць яму поўную свабоду. З іншага ж, як сапраўдны прусак найвышэй за ўсё ставіў дысцыпліну і падпарадкаванне начальніку. Бог ведае, як усё гэта ўжывалася ў ягонай галаве, але ясна, што нічога добрага з гэтага выйсці не можа. Як правіла, і не выходзіла – нездарма ж ні адзін з выхаванцаў Ціля не стаў хоць трохі вядомым.

 

Як бы там ні было, але гарадскі бамонд маліўся на метады Ціля, таму што ён умеў рабіць з падшыванцаў прыстойных людзей. І тыя, у каго не было ні адзінага шанцу праз уласную гарэзлівасць, каб здаць уступныя экзамены ў гімназію, пасля муштры гера Фердынанда паступалі туды без відавочных праблем.

 

Чатыры доўгіх гады правёў хлопчык у пансіёне, ненадоўга адлучаючыся на велікодныя і калядныя канікулы. Была, вядома, яшчэ магчымасць трапіць дадому і па нядзелях, але любая правіна перакрэслівала яе. А правін і свавольстваў было аж занадта. Добра, хоць розгамі сячы пакінулі.

 

І ўявіце сабе, што адчувала дзіцё, калі з акна спальні глядзела на бацькоўскі дом: вось ён, блізка, усяго якіх-небудзь чвэрць вярсты! Там па-баярску гудзе самавар; газавыя лямпы абліваюць цёплым святлом сцены, абабітыя сацінавымі шпалерамі; вакол вячэрняга стала сядзяць бацька і маці; Генрых і Юльян цішком перакідваюцца лаянкай і піхаюць адзін аднаго локцямі; сёстры абдымаюць пузатых лялек у пышных карункавых сукенках, а шчаслівец Антон, якому самае месца тут: у халоднай спальні ціляўскага пансіёна, – нашэптвае бацькам аб пестах малодшых братоў.

 

А на стале дыхае гарачынёй румяны пшанічны макоўнік з мёдам, шарлотка з цёртага кальвіля[55], добра падпражаны сырнік на малацэ, што раніцой прынесла крыклівая малочніца са Старажоўкі[56], тонкія і крохкія фаворкі[57] з цукровай пудрай, пончыкі з яблычным павідлам і тое, смачней чаго няма на цэлым свеце, – ружовая галярэтка[58] з клубнічнага соку з узбітымі вяршкамі!

 

У пансіёне юны Ясь разам з аднакашнікамі ледзь не ўліп у вельмі прыкрую гісторыю. Пачатак шасцідзясятых, як ужо гаварылася, быў часам бурлівым. І дарослыя, і дзеці збіраліся па закутках і крамольна шапталіся аб будучым паўстанні. Яго прадчуванне вісела ў паветры. Каб засцерагчы выхаванцаў ад неабдуманых учынкаў, начальства ўвяло ва ўсіх навучальных установах адпускныя кніжкі, у якіх запісваўся час, на які навучэнец быў адпушчаны ў горад. Гэтае новаўвядзенне выклікала ўсеагульнае абурэнне сярод пансіянераў. Не змаўляючыся, вучні, як адзін, разадралі ненавісныя кандуіты[59], кажучы:

 

– Не хочам ведаць ніякіх кніжак і падпарадкоўвацца ўладам!

 

Гэта быў надзвычайны афронт[60]! У пансіён з разборам неадкладна прыехаў сам мінскі генерал-губернатар Сяргей Ягоравіч Кушалеў.

 

– Што такое? – запытаўся ён.

 

Яму патлумачылі, што, варта выйсці ў горад, як кожны гарадавы або чыноўнік лічыў сваім абавязкам затрымаць пансіянера і праверыць, ці законна той знаходзіцца на вуліцы. Гэта з’явілася для Кушалева непрыемным адкрыццём. Ён неадкладна загадаў спыніць ахавальны запал паліцыі і абвясціў, што правяраць кніжкі маюць права толькі ён і дырэктар пансіёну. Бунт быў пагашаны ў зародку.

 

Кушалева наогул любілі ў губерні. Ягоная прыстойнасць была агульнавядомай, і абывацелі сыходзіліся думкамі, што толькі Кушалеў мог бы стрымаць Міншчыну ад паўстання. Але, на жаль, імперыя ніколі не ўмела глядзець хоць бы на крок наперад – праз два месяцы Сяргей Ягоравіч быў адазваны ў сталіцу і прызначаны генерал-ад’ютантам[61] цара. На яго месца прыслалі сапраўднага стацкага саветніка Кажэўнікава.

 

Найгоршы выбар зрабіць было цяжка. І справа не ў тым, што Андрэй Львовіч Кажэўнікаў быў перакананым бюракратам, які па хаце ходзіць, а дзвярэй не знаходзіць. Ягонае рэтраградства[62] было выклікана самым звычайным страхам.

 

Замалада падпаручык лейб-гвардыі Кажэўнікаў вывеў 14 снежня 1825 года сваіх жаўнераў на Сенацкую плошчу[63] і падбухторваў іх да непадпарадкавання, сыходзячы на гвалт:

 

– Каму і навошта прысягаеце? Дзе імператар Канстанцін Паўлавіч?

 

Ну яму гэта і ўспомнілі! На наступны дзень Кажэўнікаў быў арыштаваны і шэсць месяцаў правёў у Петрапаўлаўскай крэпасці[64]. Нейкім чынам ён не быў асуджаны разам з іншымі дзекабрыстамі, але пакарання не пазбег: быў сасланы тым жа чынам (гэта значыць, фактычна паніжаны ў званні на дзве ступені) у сібірскія гарнізонныя палкі, якія займаліся аховай ссыльных і катаржанаў.

 

Усе выдатна ведалі, за якія заслугі баявых афіцэраў пераводзяць у турэмшчыкі…

 

 У душы Кажэўнікава жыў люты страх перад тым, што яго палічаць нядобранадзейным, а таму хацеў быць свяцейшым за Папу Рымскага. І, калі праз пэўны час пансіянеры абсвісталі настаўніка, які ім не спадабаўся, Кажэўнікаў асабіста заявіўся ў пансіён і прыстрашыў, што ўвядзе ў класы войскі і загадае бязлітасна расстрэльваць усіх бунтаўшчыкоў!

 

Пакуль Ясь вучыўся ў спадара Ціля, шмат чаго адбылося ў краіне. Адгрымела паўстанне, супакоіліся на гары Гедыміна[65] яго прыхільнікі, у Сібір пацягнуліся караваны катаржнікаў, пачалася Эпоха вялікіх рэформаў, была ўведзеная паўсюдная забарона лацінкі, і вершы Адама Міцкевіча[66] з гэтага часу выглядалі, нібы кульгавыя інваліды:

 

 

 

І ўсё ж Ясь скончыў пансіён і быў з поспехам прыняты адразу ў трэці клас мінскай гімназіі, дзе ўжо вучыўся Антон. І нават па выніках года пахвальны ліст атрымаў.

 

Гімназіі ў Расійскай імперыі заўсёды былі рассаднікамі рэвалюцыйнай заразы, і начальства люта наглядала за імі. А ўжо ў Паўночна-Заходнім краі пасля бунту – і казаць няма чаго!

 

Павадзіўся, нібы воўк у авечнік, ездзіць у Мінск папячыцель Віленскай навучальнай акругі Карнілаў. Гэта менавіта ён быў натхняльнікам забароны лацінкі і ўвядзеннем «іншародніцкіх» моў у праваслаўнае набажэнства, каб адарваць люд паспаліты ад польскай ерасі. Кожны яго прыезд канчаўся звальненнем палітычна ненадзейных настаўнікаў і адлічэннем гімназістаў.

 

– Дзіцячыя свавольствы маюць асаблівы мясцовы характар і вылучаюцца езуіцтвам, асцярогай, фальшам, зласлівасцю! – прапаведаваў ён.

 

Дзякуй богу, братоў Неслухоўскіх рэпрэсіі не закранулі. У 1870 годзе яны скончылі гімназію. Антаніна Міхайлаўна выклапатала ім спадчыннае дваранства, і цяпер яны маглі паступаць у любую навучальную ўстанову імперыі.

 

Да нашых дзён амаль не дайшло звестак пра тое, як вучыліся Іван і Антон, з кім сябравалі і аб чым марылі. Адзначым толькі адну рамантычную і мала каму вядомую акалічнасць: іх аднакласнікам быў будучы нарадаволец Сяргей Сінягуб[67]. Так-так, той самы, аб якім Булатам Акуджавам[68] напісаны шчымлівы раманс:

 

Ещё он не сшит, твой наряд подвенечный,

И хор в нашу честь не споет...

А время торопит – возница беспечный,

И просятся кони в полет.

 

Ах, только бы тройка не сбилась бы с круга,

Бубенчик не смолк под дугой.

Две вечных подруги – любовь и разлука –

Не ходят одна без другой.

 

Іван выбраў матэматычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, а Антон паступіў у медыка-хірургічную акадэмію. Дарэчы, той факт, што яны здавалі ўступныя экзамены, сведчыць, што атэстаты ў іх былі пасрэднымі, бо ўладальнікі залатога медаля залічваліся ў альма-матэр без выпрабаванняў.

 

Ах, Пецярбург! Ва ўсе часы ва ўсіх краінах моладзь імкнулася ў сталіцы, дзе, акрамя акадэмій і ўніверсітаў былі забавы! Іван не быў выключэннем.

 

«Хадзілі... глядзець стогадовых грэнадзёраў з Залатой роты ля помніка Мікалаю I. Гэта былі салдаты, якія служылі яшчэ Мікалаю I. Тых, хто засталіся, збіралі з усёй Расіі і прывозілі ў Пецярбург. Хадзілі мы і на разводы варты да Зімняга. Уся цырымонія адбывалася на двары на спецыяльнай платформе, мы яе не бачылі. Але на развод сямёнаўцы і прэабражэнцы ішлі з музыкай, якая іграла бравурныя маршы – аглушальна пад аркай Генеральнага штаба, якая адгукалася рэхам.

 

Пецярбург быў горадам не толькі трагічнай, але і схаванай (у палацах і за шыльдамі) прыгажосці. Зімні – запар цёмны ўначы (гасудар з сям’ёй жыў у Аляксандраўскім палацы ў Царскім Сяле). Вясёлае ракако палаца губляла сваю какетлівасць, было цяжкім і змрочным. Насупраць палаца патанала ў цемры крэпасць-турма. Шпіль сабора, які ўзняўся ўвышыню, – і меч, і флюгер адначасова – камусьці пагражаў.

 

Каналы, якія віліся сярод рэгулярна распланаваных вуліц, парушалі дзяржаўны парадак горада. У Аляксандраўскім садзе супраць Адміралцейства існавалі розныя забавы для дзяцей (зімой катанні на аленях, летам – звярынец і садкі з залатымі рыбкамі) сярод палацаў, нібы пад наглядам бонн і гувернантак. Марсава поле пыліла ў вочы пры самым малым ветры, а Міхайлаўскі замак нібы прыжмурваўся толькі адным сярод шматлікіх замураваным акном пакоя, дзе быў задушаны імператар Павел».

 

Так апісваў Пецярбург таго часу малодшы сучаснік Iвана вядомы мастак Мсціслаў Дабужынскі[69].

 

Год Iван сціпла вучыўся, а ў траўні 1871 года раптоўна выпрасіў у начальства адпачынак і, не дачакаўшыся выніковай сесіі, выехаў у Мінск. Так і хочацца напісаць, што ён усвядоміў: «суха, мой друг, теория везде, но древо жизни вечно зеленеет»; сухая тэорыя яго не задавальняла – хацелася рэальнай справы.

 

Ды дзе там! Ды дзе там! Усё было нашмат больш празаічна. Пра гэта адкрыта распавёў у сваіх успамінах яго будучы прыяцель, таксама інжынер-чыгуначнік і літаратар Мікалай Гарын-Міхайлоўскі[70].

 

«Мы ніколі не любілі тэорыю і, будучы яшчэ студэнтамі, належылі да партыі так званых «аблыжных» студэнтаў, гэта значыць такіх, для якіх уся навука зводзілася да іспытаў. Вытрымаў экзамен, і прэч увесь залішні хлам з галавы».

 

Невядома, куды б магла завесці Івана гэта «аблыжнасць», але тут яму пашанцавала: на Неўскім[71] ён нос у нос сутыкнуўся са сваім аднакласнікам Генрыхам Свянціцкім[72], які вучыўся ў інстытуце інжынераў шляхоў зносін. Слова за слова – і Іван загарэўся нябачаным дагэтуль дзёрзкім прадпрыемствам: будаваць чыгункі. Мала таго, што гэта было нова і рамантычна – гэта было патрэбна і прыбыткова!

 

Пасля адмены прыгону Расія імкліва, як на крылах каршуна, ірванула ў капіталізм. Развіццё гандлю патрабавала новых рынкаў. Старая сістэма перавозак па перагонных гасцінцах і суднаходных рэках не адказвала патрабаванням часу. Толькі чыгункі маглі ўдыхнуць новае жыццё ў адрахлелае цела дзяржавы. Вядома, страшна было мяняць так рэзка кірунак жыццёвага шляху, але Генрых быў не пустым балабонам. Яго грунтоўнасць заўжды выклікала ў таварышаў пачцівую зайздрасць, і, калі ён сцвярджаў, што аўчынка вартая вырабу, то так яно і было.

 

Нездарма Генрых у будучыні даслужыцца да сапраўднага стацкага саветніка, члена Калегіі Міністэрства шляхоў зносін, гласнага Наўгародскага губернскага сходу і будзе абраны дэпутатам III і IV Дзяржаўнай думы. 

 

Іван прыняў выклік, вярнуўся ў Паўночна-Заходні край, дабраўся да фальварка Мархачоўшчына пад Стоўбцамі, куды пераехалі бацькі, і паведаміў ім аб сваім новым выбары. Пярэчанняў не было.

 

Напрыканцы жніўня ён вяртаецца ў сталіцу і падае прашэнне аб залічэнні яго ў Інстытут інжынераў шляхоў зносін. І тут яго чакае няўдача! Свабодных месцаў у інстытуце не было. Яно і зразумела: прэстыжнасць гэтай навучальнай установы тады знаходзілася на завоблачным узроўні. Здавалася б, што новая мара так і застанецца марай, але зноў на дапамогу прыйшоў Свянціцкі. Ён падказаў падаць дакументы на механічнае аддзяленне Санкт-Пецярбургскага практычнага тэхналагічнага інстытута, дзе якраз з гэтага года павялічылі прыём студэнтаў на 200 чалавек і ўвялі пяцігадовую адукацыю. Ні ў адной іншай вышэйшай навучальнай установе імперыі не вучыліся даўжэй: ні ва ўніверсітэтах, ні ў медыка-хірургічнай акадэміі!

 

Напэўна, адыграла сваю ролю яшчэ адно меркаванне. Калі выпускнікі Інстытута інжынераў шляхоў зносін рыхтаваліся выключна для будаўніцтва і эксплуатацыі чыгунак, то «тэхнолагаў» перш за ўсё вучылі кіраванню гэтымі чыгункамі, то бок, магчымасць падняцца па кар’ернай лесвіцы пасля тэхналагічнага інстытута была значна вышэйшай. Акрамя таго, тэхналагічны інстытут лічыўся па ведамстве Міністэрства фінансаў, і матэрыяльная база ў ім была найлепейшай за інстытуты-канкурэнты.

 

Гэта датычылася не толькі навучальных аўдыторый, лабараторый і майстэрняў, але і больш прыземленых рэчаў. У інстытуце студэнты-тэхнолагі забяспечваліся харчаваннем за паўцаны, тут была ўласная бясплатная лазня, а студэнцкія мундзіры, абавязковыя для кожнага слухача, выдаваліся за кошт казны. Кожнаму на год належала двухбортная цёмна-зялёная куртка са светла-зялёнымі выпушкамі, цёмна-зялёная фуражка з выпушкай і брылём, нагавіцы шэрага сукна зімой і белыя палатняныя штаны летам, чорная шыйная хустка, шэры шынель на шэсць гузікаў са светла-зялёным каўняром і выпушкай на рукавах, рабочая куртка з салдацкага шэрага сукна і такія ж порткі, а таксама фуражка з цыраты. Дадаткова выдаваліся куртка і штаны са шчыльнага ціка.

 

Хоць Неслухоўскія ў грошах не мелі вялікай патрэбы і цалкам маглі дазволіць сабе абмундзіраваць Івана за свой кошт, усё ж падобная дзяржаўная ласка была нялішняй дапамогай у сямейным бюджэце.

 

Ці не задаць пытанне: а як вучыўся Іван, кардынальна памяняўшы лёс? Ды так жа, як і ва ўніверсітэце. Першапачатковая «аблыжнасць» нікуды не знікла, ды і знікнуць не магла – у маладосці характар выспявае паступова, без рэзкіх паваротаў. Тым не менш, пасля другога курсу, калі былі праслуханы агульнатэарэтычныя і абавязковыя дысцыпліны накшталт матэматыкі, фізікі і хіміі, ён раптам робіць яшчэ адзін – не, не кульбіт – часовы скачок у бок: бярэ акадэмічны адпачынак і ад’язджае ў Варонеж, у распараджэнне Таварыства Паўднёва-Ўсходніх чыгунак.

 

Здавалася б, добрая справа, цалкам вартая маладога чалавека, які ўсімі сіламі шукае сябе. Але што прымусіла яго раптам сарвацца з наседжанага месца і з’ехаць у далёкі правінцыйны Варонеж? Калі так хацелася папрацаваць, чаму не вярнуцца ў Мінск, бліжэй дадому? Мінск ужо быў буйным чыгуначным вузлом, дзе перакрыжоўваліся дзве значныя магістралі: прывілеяваная Аляксандраўская чыгунка, якая злучала Маскву з Варшавай, а праз яе – і з усёй Еўропай, і Лібава-Роменская, па якой няспынна ішлі разнастайныя грузы. З балтыйскіх партоў у малароскія[73] губерні, да самай Адэсы везлі шведскую руду і фінскі лес, нямецкія станкі і англійскую воўну, ісландскіх селядцоў і нарвежскую траску. А насустрач каціліся вагоны з украінскім збожжам з таўрычных[74] факторый[75], шматпудовыя тушы жывёл, выгадаваных на прыдняпроўскіх травах, і каланіяльныя тавары з далёкіх краін, якія бесперашкодна праходзілі праз Адэскую мытню.

 

Адказ можа ляжаць на паверхні. Улетку 1873 года ў Пецярбургу пачаліся масавыя арышты «чайкоўцаў». Так называлі чальцоў народніцкага гуртка пад кіраўніцтвам Мікалая Чайкоўскага[76]. Чайкоўцы ажыццяўлялі так званую «хаду ў народ» з мэтай распрапагандаваць сялянства і падштурхнуць яго да рэвалюцыі. Гэта быў першы сапраўды буйны разначынскі[77] рух у Расіі, які працяў сабой сталічныя суполкі. Не дзіва, што ўлады засцерагліся!

 

Але самае галоўнае, што большасць чайкоўцаў вучылася ў тэхналагічным інстытуце!

 

Былі арыштаваны Андрэй Франжолі[78] з Крэменчуга, рыжанін Мартын Ланганс[79], аднакашнік Івана Мікалай Чарушын[80]. Пад падазрэнне трапіў Міхайлоўскі (пакуль проста Міхайлоўскі, які яшчэ не ўзяў сабе псеўданім-прыдомак: Гарын). І – што не магло не ўзрушыць Івана – арыштавалі аднакласніка, прыяцеля, аднакурсніка і паверанага душэўных таямніц Сяргея Сінягуба!

 

Усяго ў Петрапаўлаўскую крэпасць пасадзілі больш за 250 чалавек. Некаторых, праўда, неўзабаве адпусцілі, але большасць пакутавала ў казематах да 1877 года, да знакамітага «працэсу 193-х», калі амаль усе яны былі адпраўленыя ў ссылку альбо на катаргу. Таму не дзіва, што Неслухоўскі ад граху далей вырашыў знікнуць з Пецярбурга. А, калі ўлічыць, што ледзь не дзве траціны арыштаваных былі родам з былых зямель Рэчы Паспалітай, то робіцца зразумелым, чаму ён не адважыўся вяртацца дадому.

 

У Варонежы Іван практыкаваўся на тых жа работах, што і большасць студэнтаў: вывучаў прафесіі качагара і машыніста.

 

Паўднёвы горад у перадстэпах Маларосіі ўлетку – месца не самае прыемнае. Высушлівая спякота даймае і мясцовых жыхароў. А што казаць, калі ты знаходзішся ў кабіне паравоза і на цябе без стомы шабохвае полымя з топкі!

 

Вось як апісваў гэтае пекла Гарын-Міхайлоўскі, які таксама паехаў далей ад сталіцы, у Бесарабію[81].

 

Паўднёвае лета. Спякота невыносная. Быццам з распаленай печы ахоплівае полымем. Згарэла паветра, стэп, палаюць усе гэтыя будынкі велічэзнага вакзала.

 

Паўдня.

 

На запасным шляху, на пляцоўцы распаленага чорнага паравоза ў адным куце на парэнчах сядзіць маркотная фігура з вялікім чырвоным носам машыніста.

 

Прасякнуты тлушчам картуз з’ехаў на патыліцу і нібы прылеплены да галавы. Куртка, штаны калісьці іншага, а цяпер такога ж, як навакольны вугаль, чорнага колеру, таксама прасякнутыя ды ільсняцца тлушчам. Пах гэтага сала цяжкі, адурманьваючы. Алей і тлушч усюды: у масленках, на пляцоўках, на стойках, на руках. Пучкі пакулля, род уціральника – гэтаксама ў тлушчы, і выціранне рук – толькі самападман. Гэтым пакуллем я – другая фігура на пляцоўцы паравоза, у іншым куце, – вінавата і марна, каб толькі што-небудзь рабіць, тру свае рукі.

 

Я студэнт-практыкант…

 

Нас на паравозе ўсяго два: ён – машыніст і я – качагар.

 

Але, уласна, гэта «я – качагар» адзін гук. Я нават рыдлёўку ў руках трымаць не ўмею. Гэтай рыдлёўкай трэба перакінуць з тэндэра ў топку да трохсот пудоў вуголля ў суткі. Акрамя рыдлёўкі, шмат іншых інструментаў, якімі таксама трэба ўмець валодаць і сістэматычна паспяваць рабіць працу, якая набіраецца ўвесь час.

 

Разак, напрыклад. Добрых паўтары сажні, ці ледзь не пудовы металічны шпень з загнутым вастрыём на канцы.

 

Лежачы на жываце пад паравозам, трымаючы адзін канец гэтага разака ў руках, трэба другім, прапускаючы яго паміж каласнікоў топкі, падразаць назапашаную там дзындру.

 

Падразаць для таго, каб праходзіла паветра, інакш гарэць не будзе, а тады не будзе і пары, як не будзе яе, калі не ўмець кідаць у печку вугаль так, як яго трэба кідаць: па краях таўсцей, на сярэдзіне танчэй.

 

А я кідаю як раз наадварот. І здаецца, вось-вось добра – і зноў на сярэдзіну, і зноў змрочна кажа Грыгор’еў:

 

– Магіла!

 

І ён раздражнёна зноў вырывае з маіх рук рыдлёўку.

 

Спрытна ляціць з рыдлёўкі вугаль, і белае полымя топкі амаль не чырванее, а ў мяне ад адной рыдлёўкі і дым, і чырвонае полымя, – усе прыкметы няпоўнага згарання. І зараз жа манометр падае і працаваць няма чым, а тут як раз трэба ваду пампаваць, трэба тлушч спускаць у масленцы, трэба новае наліваць, трэба чыніць расхлябаныя падшыпнікі, тармазіць паравоз, крычаць саставіцелям і пільна сачыць, каб не стукнуць адзін з адным тыя заднія, дзесьці ў бясконцым аддаленні вагоны.

 

Як бы там ні было, гадавая практыка станоўча паўплывала на Івана. Юнацкая «аблыжнасць» начыста выветрылася з галавы. Ён пазнаў чыгуначную службу знутры і, вярнуўшыся ў Санкт-Пецярбург, з галоднай заўзятасцю ўзяўся за вучобу.

 

10 верасня 1877 года навучальны камітэт тэхналагічнага інстытута прысвойвае Івану Люцыянавічу Неслухоўскаму ступень інжынера-тэхнолага з прысваеннем чыну губернскага сакратара, як гэта належала пасля атрымання вышэйшай адукацыі. Дарэчы, адсюль вынікае, што выдатнікам Іван усё ж не быў, таму што выдатнікі выпускаліся калежскімі сакратарамі.

 

15 верасня таварыш міністра фінансаў зацвярджае рашэнне навучальнага камітэта і, здавалася б, усё! Але адбываецца нейкая затрымка з выпіскай дыпломаў. Іван не хоча чакаць. Ён пакідае ў канцылярыі хадайніцтва, каб дыплом быў высланы ў Мінск на імя Люцыяна Юр’евіча Неслухоўскага, і з’язджае.

 

Дарэчы, незадаўга да выпуску рэвалюцыйная небяспека зноў ледзь не напаткала яго: у інстытут паступае яшчэ адзін мінскі зямляк: «юноша бледный со взором горящим», выпускнік беластоцкай гімназіі Ігнат Грынявіцкі[82]! Ці мог Іван не ведаць яго? Не, не мог. Ці мог не ўступаць у дыялогі? Хутчэй за ўсё, таксама не. А ці мог паводзіць сябе адхілена? А вось гэта цалкам верагодна, таму што зямляцтва – зямляцтвам, але студэнцкія карпарацыі ў XIX стагоддзі – гэта рэч у сабе, у якой існавала тайная, але строгая іерархія. І ўявіць, што малодшы мог свабодна падысці да старэйшага з размовамі, цяжка. Старэйшы – мог! Але ці хацеў Іван рызыкаваць будучыняй дзеля мімалётнага знаёмства?..

 

Кароткая пабыўка ў любімай Мархачоўшчыне ў асяроддзі сям’і. Бацька з’яўляецца выбарным дэлегатам ад Слуцкага павета ў губернскім дваранскім сходзе, працягвае служыць у Радзівілаў; маці вядзе гаспадарку; брат Антон з поспехам скончыў акадэмію і служыць ваенным лекарам у 18-й артылерыйскай брыгадзе Кіеўскай ваеннай акругі; Юльян заканчвае Новаалександрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводства; Генрых вучыцца ў тым жа Санкт-Пецярбургу на юрыдычным факультэце ўніверсітэта і хоча вярнуцца ў Мінск, каб стаць прысяжным павераным[83]; сястра Вікторыя яшчэ пакуль не прыладжаная. Толькі любімая наперсніца Антаніна-Аліна, якая выйшла замуж за суседскага памешчыка Станіслава Неканду-Трэпку, нарадзіла дачку Ванду і сына Антона, родамі якога памерла.

 

Але няма часу адпачываць! Пошта дасылае дыплом, і Іван выязджае на Каўказ у распараджэнне начальніка Поці-Тыфліскай чыгункі. А чаму туды? Ды таму, што начальнікам толькі што быў прызначаны дзядзька Свянціцкага сапраўдны стацкі саветнік Бенткоўскі[84], які збіраў сваю каманду.

 

Поці-Тыфліская чыгунка за пяць год свайго існавання прынесла страты ў 150 000 рублёў. У Баку ў гэты час якраз адкрылі нафту, якую тэрмінова трэба было падаваць да чарнаморскіх партоў, а грошай на будаўніцтва новых ветак бракавала. Трэба было неадкладна выпраўляць становішча.

 

У Тыфлісе губернскаму сакратару Івану Неслухоўскаму было даручана кіраваць чыгуначнымі складамі, хоць некаторыя даследчыкі лічаць, што ўзначальваў ён чыгуначныя майстэрні. Але гэты пункт гледжання памылковы, таму што ўласныя майстэрні ў Поці-Тыфліскай чыгункі з’явіліся толькі ў 1883 годзе, калі ў строй былі ўведзеныя веткі да Баку і да Батуму, злучыўшы такім чынам Чарнаморскае і Каспійскае ўзбярэжжа, а да гэтага любы рамонт выконваўся ў цэхах Паційскага порта. Да таго ж, не будзем забывацца, што тэхналагічны інстытут перш за ўсё рабіў стаўку на чыгуначнікаў-эканамістаў, таму версія аб майстэрнях відавочна памылковая.

 

Аб тыфліскім перыядзе Неслухоўскага няма аніякіх звестак. Невядома ні дзе ён жыў, ні з кім меў зносіны, ні як ішла наперад яго служба. Ад яго нават лістоў да сям’і таго часу не захавалася. Мы не ведаем нічога. Вядома, ён і заходзіў у цяністыя духаны, і наведваў мясцовыя тэатры, і гуляў па Мтацміндзе[85].

 

Мне Тифлис горбатый снится,

Сазандарей стон звенит,

На мосту народ толпится,

Вся ковровая столица,

А внизу Кура шумит.

 

Над Курою есть духаны,

Где вино и милый плов,

И духанщик там румяный

Подает гостям стаканы

И служить тебе готов.

 

Спрабуючы выціснуць з пустэчы хоць нейкія звесткі, некаторыя літаратуразнаўцы дамовіліся да таго, што ў тыфліскіх майстэрнях пад кіраўніцтвам Неслухоўскага працаваў рабочым Максім Горкі, а дзеля пацвярджэння прыводзяць невядома кім запісаную інфармацыю пра тое, як Горкі, вяртаючыся з вострава Капры, распавядаў на станцыі Негарэлае пра свае сустрэчы з Неслухоўскім і Максімам Багдановічам і цікавіўся, ці жывыя яны. Ды ну?

 

Горкі і бацька Максіма Адам Ягоравіч Багдановіч былі жанатымі на родных сёстрах, вялі прыязную перапіску; жонка Горкага вызваліла з турмы НКУС арыштаванага Адама Ягоравіча; Максім быў фактычна пляменнікам Горкага, і не ведаць пра яго смерць пісьменнік не мог. А што датычыцца Івана Люцыянавіча, то падчас яго службы ў Тыфлісе Горкаму было толькі дзесяць год, і ніякім майстравым ён ніяк не з’яўляўся.

 

Адзінае, што можна з упэўненасцю сцвярджаць, – гэта тое, што служыў Неслухоўскі бліскуча. Калі праз два гады ён назаўжды пакінуў Грузію, то яго мундзір ужо быў упрыгожаны пятліцамі калежскага сакратара, хоць тэрмін выслугі ўстанаўліваўся ў тры гады.

 

Але што прымусіла Івана абарваць так бліскуча распачатую кар’еру і вярнуцца ў Мінск? Адказ просты: смерць бацькі і нечаканая хвароба!

 

Беды нахлынулі адна за адной. Люцыян Юр’евіч памёр раптоўна. Здавалася б – шэсцьдзесят чатыры гады, зусім паважаны ўзрост для другой паловы XIX стагоддзя, але род Неслухоўскіх славіўся сваім доўгажыхарствам. Дзед Юрый Іванавіч пражыў восемдзесят; дзядзька Франц, які выкладаў у Царскасельскім ліцэі, сканае ва ўзросце васьмідзесяці дзевяці; а стрыечны брат Канстанцін – сын Франца – загіне ад голаду ў блакадным Ленінградзе ў семдзесят дзевяць.

 

Люцыяна Юр’евіча адпелі ў касцёле Узвіжання Святога Крыжа[86] і пахавалі на Кальварыі. Потым здарылася нейкая цёмная і да гэтага часу смутная гісторыя з замужжам сястры Вікторыі, у выніку якой сталіся разарванымі яе заручыны з жаніхом, праз што тая назаўжды засталася нахлебніцай у матчыным доме. А потым трагедыя дацягнулася і да самога Івана.

 

Яшчэ з пяцідзесятых гадоў у Мінску на Саборнай[87] плошчы функцыянавала кавярня пад назвай «Цукерня пана Эйснэра». Гэта было не проста кафэ, а шляхетны клуб. Тут акрамя рэстараннай залы была добрая бібліятэка з усімі кніжнымі і газетнымі навінкамі, більярдная, дзе можна было згуляць партыю-другую, і канцэртная зала, у якой выступалі заезджыя знакамітасці. У мінскай суполцы правілам добрага тону лічылася хоць бы раз у тыдзень заскочыць да Эйснэра, выпіць кубачак «bia?y kawy» – кавы з малаком – і пачаставацца ванільнай напалеонкай[88] пад гукі фартэпіяна.

 

Адным нешчаслівым днём Неслухоўскі выходзіў з «Цукерні», страціў раўнавагу на ганку і ўпаў. З якой нагоды здарылася падзенне, цяпер сказаць цяжка: ці то няшчасны выпадак, ці то раптоўны апаплексічны ўдар[89], але разбіўся Іван Люцыянавіч страшэнна! У непрытомным стане яго перавезлі дадому. Да яго былі выкліканыя лепшыя дактары горада.

 

Доўгае і цяжкае лячэнне амаль не дало плёну. Паступова косткі ног зрасліся, але Іван Люцыянавіч назаўжды застаўся інвалідам. З гэтых часоў ён мог хадзіць, толькі абапіраючыся на мыліцы. Зрэшты, трэба сказаць, што ён лячыў сябе перш за ўсё сам. Як толькі змог устаць з ложка, неадкладна пачаў ездзіць на паляванне ў Мархачоўшчыну і Зацэрава пад Стоўбцамі, дзе жылі маці з сёстрамі і брат Юльян, які пасля заканчэння інстытута прыняў на сябе абавязкі аканома, а то і забіраўся больш на поўдзень, на Палессе, і нястомна хадзіў са стрэльбай па пушчах, палюючы на ласёў, ваўкоў, цецерукоў і іншую лясную жыўнасць:

 

Той воўк крадзе мой час. Задам калісь прыпаркі

Я шкодніку! – крыві мне колькі ён псуе!

Не паддаецца воўк на хітрыкі мае,

Ў адным заўсёды месцы, шэльма, чыніць варту.

Ён хітры і бывалец, ды і я ж упарты.

Штораз гусцейшы лес хіліцца ўжо зачаў,

Бо блізка тут вада. Дарога праз гушчак

Віецца. Елка, вольха, цёмны граб, асіна.

Прыемны халадок ад вільгаці ў нізіне.

Раўчак, як шыба, бліснуў у кутку лясным…

 

Гэта ўпартае, праз сілу, адважнае выцягванне сябе да здаровага ладу жыцця не магло застацца незаўважаным. У горадзе змеямі папаўзлі бессаромныя чуткі, што Неслухоўскі сімулюе хваробу і манкіруе[90] сваімі абавязкамі.

 

На службу ў Тыфлісе прыйшлося забыцца – трэба і меру ведаць! Балазе, Бенткоўскі паставіўся да нягоды высакародна: амаль шэсць гадоў не звальняў інжынера Неслухоўскага ад пасады, дазваляючы таму атрымліваць грашовую дапамогу.

 

Уставы расійскіх чыгунак змяшчалі палажэнне, згодна з якім рабочыя альбо служачыя, якiя атрымалі бытавую траўму і не маглі працягваць працу, мелі права атрымліваць гэту дапамогу на працягу двух год у памеры адной траціны ад жалавання. Яшчэ па шостай часці належала бацькам працаўніка, і па столькі ж – кожнаму непаўналетняму брату і незамужняй сястры. Па сканчэнні гэтага тэрміну дапамогу можна было выплачваць з прыбытку згодна з асобным распараджэннем Старшыні Праўлення. Гэта норма была закладзена ў заканадаўства таму, што чыгуначнікі былі своеасаблівай вышэйшай кастай сярод прамыслоўцаў: штучным таварам, – і наймальнікам было выгадна ўтрымліваць іх усімі магчымымі спосабамі.

 

Дарэчы, адсюль мы можам зрабіць выснову, што Iван Люцыянавіч атрымаў пашкоджанне ў цвярозым стане, бо на п’яніц гэтакае дабрадзейства не распаўсюджвалася.

 

А жалаванне чыгуначнага службоўца ў тыя гады было не кепскае. Калежскі сакратар атрымліваў на рукі 150 рублёў у месяц, у той час як цэны на прадукты былі боскія: фунт мяса каштаваў 8 капеек, белага пшанічнага хлеба – 9 капеек, бульбы – 6 капеек, адборнага цукру-рафінаду – 24 капейкі, шакаладных венскіх цукерак – 12 капеек, сметанковага масла – 48 капеек.

 

За перыяд хваробы, дзякуючы Уставу чыгункі і Бенткоўскаму, Івану Люцыянавічу працягвала ісці выслуга чыноў. І вось у 1883 годзе ён атрымаў пятліцы[91] тытулярнага саветніка і пачаў «выслужваць» чатыры гады, неабходныя для ўзвядзення ў чын калежскага асэсара.

 

Але ж не мог ён і далей жыць на чужым хлебе! Трэба было падумаць аб тым, як знайсці прыдатную службу. І тут зноў дапамог Бенткоўскі. Ён звярнуўся да свайго калегі Уладзіміра фон Мека[92], які быў старшынёй праўлення Лібава-Роменскай чыгункі, і пахадатайнічаў перад ім за інжынера Неслухоўскага. Так Іван Люцыянавіч стаў рэвізорам тэхнічнага аддзела чыгункі.

 

Менавіта ў перыяд хваробы патомны дваранін, нашчадак старадаўняга роду графаў Лучыўкаў-Неслухоўскіх, спадчыннік славы пана Пшэбыслава Дамбровы Іван Неслухоўскі ператварыўся ў паэта Янку Лучыну.

 

Вершы ён пісаў з дзяцінства. Вядома, напрыклад, што яшчэ ў дзевяцігадовым узросце, падчас вучобы ў Ціля ён, сумуючы аб доме, паспрабаваў напісаць першы верш, які не захаваўся. Мусіць, і да лепшага, бо, як казаў адзін недурны пісьменнік: «Не трэба бачыць сонца, пакуль яно не ўзышло».

 

Няма нічога дзіўнага, што ў яго ўзнікла неадольнае жаданне заняцца літаратурай. Чым яшчэ можна было змарнаваць час у тыя доўгія месяцы, калі ён быў прыкаваны да ложка, «да матрацнай магілы», як казаў горача любімы ім Гейнэ[93], якога ён спрабаваў перакладаць на польскую мову.

 

Але аўтар нічога не варты, калі не мае зносін з сабе падобнымі, калі не можа свабодна абменьвацца думкамі з сучаснікамі і не мае магчымасці хоць зрэдку бачыць свае творы надрукаванымі. А таму Лучына аднаўляе старыя сувязі з сябрамі юнацтва, якія з’ехалі ў Польшчу, дзе было больш магчымасцяў для самарэалізацыі, і заводзіць новыя знаёмствы.

 

 Ён становіцца карэспандэнтам літаратара Аляксандра Валіцкага, які быў удзельнікам Студзеньскага паўстання, трымаў у Мінску кніжную краму, а потым пераехаў у Кракаў; актыўна мае зносіны з польскімі пісьменнікамі: Адамам Асныкам[94], Зянонам Пшэсмыцкім[95], Марыяй Канапніцкай[96] – «самай здольнай з усёй парнаскай браціі»; пачынае перапіску з журналістам Пецярбургскага польскага часопіса «Kraj» Аляксандрам Ельскім – роданачальнікам і патрыярхам беларусазнаўства; наладжвае адносіны з такімі «зубрамі», як прафесар-гісторык, выдавец «Весніка Еўропы» Міхаіл Мацвеевіч Стасюлевіч, будучы акадэмік Карскі[97], юны, але ўжо вядомы этнограф Доўнар-Запольскі[98]. І, пакутуючы ад нявер’я ў свае сілы, піша, піша, піша, іранічна падсмейваючыся над сваёй працай і сарамліва называючы яе «папяровым хламам» і «вершаплетнымі пачынаннямі»…

 

Але ж ён нават стаў сябе адчуваць вальнейшым! Цяпер, калі ён быў інвалідам, аслабеў паліцэйскі нагляд, які нябачна ўсе гэтыя гады ціснуў род Неслухоўскіх, як жом, не даючы магчымасці забыцца, што стаўленне да іх з боку дзяржавы – насцярожанае. Але што возьмеш з убогага інваліда? Паўстанне ён дакладна не падыме!

 

Гэта для вялікароскіх губерняў Аляксандр II быў царом-вызваліцелем, а для Польшчы, Літвы і Украіны – такім жа дэспатам[99], як і Мікалай I, калі яшчэ не большым: не мог забыцца, як няўдзячная шляхта, замест таго, каб славіць Яго мудрую прагрэсіўную палітыку, спрабавала заліць крывёю Паўночна-Заходні край[100]! Толькі ў траўні 1883 года Аляксандр III сваім рэскрыптам аб’явіць амністыю[101] ўсім паўстанцам і здыме з іх падазрэнні.

 

Да таго ж, канец сямідзесятых – пачатак васьмідзесятых гадоў выдаліся няўдалымі для сельскай гаспадаркі: пачалося пацяпленне клімату. Сталі сохнуць азёры, мяльчэць рэкі, зарастаць рагозам[102] балоты, засаляцца студні, і ў маёнтках усё часцей і часцей быў неўраджай. І ўжо не маці з Юльянам дапамагалі яму грашыма, а ён быў вымушаны са свайго жалавання падкідваць дзясятак-другі рублёў на пражытак сям’і. І прадаць сядзібу не атрымлівалася. Пакупнікі як ад агню беглі ад стратных фальваркаў.

 

Але ён не скардзіцца. Ад тых гадоў захавалася толькі адна згадка пра яго цяжкае матэрыяльнае становішча ў лісце да Пшэсмыцкага:

 

«Рэдакцыя «Вестн[іка] Евр[опы]» плаціць такі ганарар, які нашы часопісы плаціць не могуць; маю надзею, што зараблю крыху марных грошай дзеля таго, каб надрукаваць мае польскія творы, а шчыра кажучы, зусім не зайздросны цяпер, як і заўсёды, мой фінансавы рахунак».

 

Як вядома, бяда па бядзе як па нітачцы йдзе. Колькі твораў ён напісаў! У колькі радкоў уклаў сваю душу за шмат год! Але аніводнае тварэнне не ўбачыла свет! Адны вершы губляліся ў руках нядобрасумленных рэдактараў, іншыя – і ён сам гэта разумеў – былі шкалярскімі і няўмелымі, а трэція – не мелі аніякага шанцу на выданне праз бунтарскі, вольналюбівы дух.

 

Ну, добра! Хай ён няздара, не можа слушна скласці два словы! Хай. Але чаму не друкуюць пераклады? Вунь іх колькі! З Бібліі, з «Іліяды», з Гейнэ, Асныка, Канапніцкай, дзядулі Крылова, Някрасава; з горача любімага ім вялікага Сыракомлі[103], які быў знаёмым бацькі.

 

Няўжо яго пераклады горшыя за знакамітае трэфалеўскае[104] «Когда я на почте служил ямщиком...», якое спявае ўся Расія:

 

Прыстаў я на почту, звычайне – блазнота,

Хоць быў і сілён і ахвочы

На почце – сам знаеш – дзень цэлы работа,

Не відзіш ні свята, ні ночы.

Ад ранка да ночкі, ад ночкі да ранка

Вазіў я пакеты і паны.

Папаў залатоўку, – тады і гулянка,

I сыт, і вясёлы, і п'яны.

 

У адным з лістоў да Доўнар-Запольскага ён ледзь не крычыць ад адчаю:

 

«Не откажите скоро меня уведомить, ежели окажутся шансы на издание. Без цели, то есть без надежды на печатание, моя и без того кульгавая муза маўчыць, зубы зцяўшы».

 

Але боскія жорны мелюць павольна, ды дакладна. У 1886 годзе знаёмы Лучыны натарыус Ігнацій Файніцкі з сябрамі вырашыў выдаваць прыватную губернскую газету «Мінскі лісток», бо ва ўсім Паўночна-Заходнім краі да гэтага часу ніколі не было аніводнай газеты, якая б пісала аб жыцці простых людзей. Не лічыць жа гэтакай афіцыйныя «Мінскія губернскія ведамасці», якія выдаваліся ўрадам на казённы кошт і ва ўсім падтрымлівалі ўладу!

 

Праўда, планавалася выпускаць усяго па два нумары на тыдзень ды яшчэ на рускай мове, але без падпалу дровы не гараць. Вялікі шлях пачынаецца з маленькага кроку.

 

Спачатку ідэя не задалася. Губернатар Пятроў[105] адмоўна паставіўся да яе.

 

– Ды вы што! Якая яшчэ свабодная прэса! Ці вы забыліся, чаго яна нарабіла падчас Студзеньскага бунту?

 

Але імператар Аляксандр III мяняў стаўленікаў свайго бацькі, і ў лютым 1886 года Пятроў раптоўна быў адазваны, а на яго месца быў прызначаны светлай памяці князь Мікалай Мікалаевіч Трубяцкі[106]. З Гедымінавічаў[107], між іншым!

 

Губернатарства Трубяцкога было самым светлым часам для Міншчыны. Чалавек еўрапейскай энцыклапедычнай адукацыі, ён адчуваў шчырую сімпатыю да нацыянальных культур. Выхадзец з сям’і вядомага дзекабрыста, Трубяцкі разумеў, што без развіцця асветы і народнай годнасці дзяржаўны прагрэс немагчымы.

 

Пры Трубяцкім беларуская культура пачала прабівацца на свет, нібы крыніца з-пад каранёў дубовага пня, які ўчапіўся ў зямлю на ўскрайку густога лесу і ніяк не хоча саступіць сваё месца маладым, вясёлым парасткам.

 

У губерні пачалі адкрывацца школы і вучэльні, бібліятэкі і чытальні, паехалі па вёсках этнографы і гісторыкі. Калі ў 1887 годзе ад выпадковай іскры дашчэнту згарэў стары летні тэатр у Аляксандраўскім садзе[108], Трубяцкі на пасяджэнні гарадской думы дамогся пабудовы новага тэатра – грунтоўнага, моцнага, такога, якому быў бы не страшны ніякі агонь.

 

Трубяцкі адразу ж адгукнуўся на прапанову Файніцкага, і ў красавіку першы нумар «Мінскага лістка» з’явіўся на свет. І на першай старонцы – як здравіца! як хвалебны тост! – яго, лучынаўскі, першы надрукаваны верш:

 

Не ради славы иль расчета

Предпринимаем мы «Листок»,

Святая истина – забота

И цель его печатных строк.

Служить стране, глухой, забитой,

Где мрак невежества царит,

В лачуге, где, соломой крытой,

Мужик печально дни влачит.

 

І – хацелася б сказаць: «Прарвала!» – але гэта будзе няпраўдай. Не прарвала ягонымі вершамі ва ўсіх выданнях, але, тым не менш, плаціна была зруйнаванай, і з гэтага часу імя Янкі Лучыны пачынае то тут, то там з’яўляцца і ў польскіх, і ў расійскіх выданнях.

 

У тым жа 1886 годзе ў Варшаўскім часопісе "K?osy" («Каласы»), які ўзначальваў яшчэ адзін сябар сям’і, сусед па стаўбцоўскіх маёнтках Адам Плуг[109], друкуецца «Раскоша натхнення»:

 

О песня мая ты, простая песня!

Дзіця роднай вёскі з-над берага Нёмна,

Калі ты са мною, аточыць балесна

Радасць таемная, сум задумёны.

Сыдзе агонь на душу і цела,

Стануць пачуцці, як жар раздзьмуханы,

А думкі так скора, як пругкія стрэлы,

Адна за адною лятуць несціхана.

 

У яго распростваюцца крылы. Ён ездзіць па глыбінцы і запісвае мову сялян, перасылаючы свае назіранні вядомаму этнографу і фалькларысту Шэйну[110], які працуе над энцыклапедычнай працай «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю».

 

А колькі паэм на тэмы народнага жыцця вылілася на паперу самотнымі вечарамі! Тут і «Андрэй», і «Віялета», і «Гануся». Іх чытаюць, ухвальна ківаюць галавой, абяцаюць надрукаваць, але кожны раз нешта не звязваецца. Рэдактары складаюць іх у партфель да лепшых часоў, якія ніколі не наступяць. Нават любімыя «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» – лепшае, што ён напісаў – выходзяць у свет марудна, па ледзь-ледзь. І Лучына вымушаны прызнавацца:

 

«Чым жа прывабліваюць мае «Паляўнічыя акварэлькі»? Не ведаю. Мабыць, тым, што яны арыгінальныя і праўдзівыя, як фатаграфія, бо спісаныя яны з сапраўдных факцікаў… «Паляўнічых акварэлек» я мог бы напісаць з капу, бо і цяпер, хаця і без ног, трываю ў заўзятасці да шаракоў і бакасаў, за ложкам у мяне ёсць самапал, і ежджу, калі здарыцца, паляваць на ўражанні, бо звярыну нячаста пазбаўляю жыцця. Ці павінен я тады фабрыкаваць «Акварэлькі»? Дзве ўжо абдумаў, адну напісаў слова ў слова з жыцця».

 

Марны лямант у пустыні! «Акварэлькі» будуць друкавацца па раздзелах. Пры жыцці Лучыны ў свет выйдуць толькі чатыры глаўкі – дзякуй панам Ельскаму і Валіцкаму! – а цалкам паэма дойдзе да чытача ўжо пасля яго смерці. І як быць далей? Яму ўжо трыццаць шэсць, а што за плячыма? Чын тытулярнага саветніка, праца з лічыльнікамі на чыгунцы, знаёмствы з вучонымі людзьмі, некалькі апублікаваных старонак «папяровага хламу» ды дзве абрыдлых мыліцы, якія будуць з ім да самае смерці? Ні сям’і, ні кахання, ні будучыні…

 

Вядома, грэх скардзіцца на лёс: у шмат якіх сяброў сітуацыя яшчэ горшая. Сяржук Сінягуб адбыў дзевяць год катаргі і навечна сасланы на пасяленне ў Чыту; Андрэй Франжолі збег са ссылкі, нелегальна прыехаў у Санкт-Пецярбург, быў гаспадаром канспіратыўнай кватэры, на якой Кібальчыч[111] майстраваў бомбы для Аляксандра II, потым два гады хаваўся і памёр у жабрацкай начлежцы на Каўказе; Мікалай Чарушын таксама адсядзеў дзевяць гадоў, а цяпер жыве пад наглядам у Нярчынску; Мартын Ланганс пасля забойства цара быў прысуджаны да смяротнага пакарання, замененага на пажыццёвае зняволенне ў Аляксееўскім равеліне[112], дзе яго прыкончыў туберкулёз.

 

Дарэчы, не ўсё гладка ў брата Антона. Як бліскуча пачыналася яго кар’ера ваеннага лекара! Але не-не ды і прашмыгне ў лістах, што здароўе пачынае падводзіць, што зрэдчас кашлем захліпваецца, адхаркваецца крывавым макроццем, але гэта ўсяго толькі ператамленне, а ніякія не сухоты.

 

І знік дзесьці Коля Міхайлоўскі. Пасля заканчэння інстытута ён з’ехаў у вызваленую ад туркаў Балгарыю, дзе будаваў Бургаскі порт, быў узнагароджаны ордэнам, пайшоў у гару, потым пераехаў у Закаўказзе да Бенткоўскага, каб падоўжыць Поці-Тыфліскую чыгунку на адваяваныя ад туркаў землі, і раптам усё кінуў, купіў маёнтак пад Самарай і цяпер гаспадарыць у ім, спрабуючы прывіць сялянам ідэі фур’ерызма[113].

 

У 1887 годзе «Мінскі лісток» абвясціў, што ў горад на гастролі прыязджае ўкраінская тэатральная трупа Старыцкага, якая вызначалася ва ўсёй Расіі.

 

Міхаіл Пятровіч Старыцкі[114] разам з Маркам Крапіўніцкім[115] быў пачынальнікам украінскага тэатра. Яшчэ ў 1882 годзе Крапіўніцкі са Старыцкім арганізавалі на паях прафесійны тэатр, у якім прынялі ўдзел такія карыфеі[116], як тры брата Табілевічы, што выступалі пад псеўданімамі Мікалай Садоўскі, Іван Карпенка-Карый і Панас Саксаганскі. У будучыні кожны з іх створыць сваю тэатральную школу, а Саксаганскі дажыве да рэвалюцыі 1917 года і стане народным артыстам УССР. Трупа першай з прыватных антрэпрыз[117] была ўдастоенай гонару выступіць на сцэне імператарскага Марыінскага[118] тэатра, куды да гэтага не падпускалі аніводную правінцыйную антрэпрызу.

 

Пасля спектакля Аляксандр III стоячы апладзіраваў калектыву і асабіста прапанаваў акцёрам перайсці да яго на службу. А яшчэ ж дзейнічаў нядобрай памяці так званы Эмскі[119] ўказ 1876 года, які строга забараняў выкарыстанне ўкраінскай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця! Аднак талент артыстаў быў настолькі відавочны, што імператар палічыў за лепшае не ўспамінаць пра ўказ.

 

У 1885 годзе паміж кампаньёнамі прабегла чорная кошка, і кожны з іх пусціўся ў самастойнае плаванне. З Крапіўніцкім засталіся карыфеі, а Старыцкі забраў сабе моладзь і пачаў зноўку зарабляць вядомасць.

 

Яму таксама пашанцавала стварыць моцны тэатр, у якім сярод іншых вылучаўся малады Леанід Манько[120], які ледзь перайшоў дваццацігадовы рубеж. Ён зрываў апладысменты асвечанай публікі і пацалункі захопленых дам. Яго ігра вылучалася рэалізмам і яркай, на мяжы блазнавання, рэзкай характэрнасцю.

 

У летнім мінскім тэатры ў Аляксандраўскім садзе трупа прадстаўляла п’есу Старыцкага «За двума зайцамі». На сцэне была выбудаваная Уладзімірская горка[121], званілі званы Андрэеўскай царквы[122], і Свірыд Галахвосты ў выкананні Манько выгінаўся вужакай паміж сэрцамі Галі і Проні Пракопаўны.

 

Трыумф быў ашаламляльны! Як толькі тэатр не выбухнуў ад авацыі! Для Неслухоўскага гэта з’ява была тым больш неверагоднай, што ён на ўласныя вочы ўбачыў, як ствараецца мастацтва не толькі на вялікарускай гаворцы, але і на сваёй «простанароднай» мове! Менавіта ў гэты дзень нарадзіўся беларускі паэт Янка Лучына.

 

Захоплены, ён неадкладна піша оду «Усей трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова» і тут жа чытае яе трупе і гледачам:

 

Братцы, сястрыцы! – праўды нясыта.

Маці-Зямліца! Ой! Не забыта

Роднага слова святая сіла!..

Ёю гаворыць усюды – магіла!

Яе ж паслышыць наша старонка!

Спявайце ж, братцы, смела і звонка:

Не згіне песня і Украіна!

Будзьце здаровы!

 

Янка Лучына.

 

А наступным днём ён стварае пасланне «Дабрадзею артысту Манько». І зноў усеагульны поспех!

 

 

Толькі ў полю і каморы

Ты вяскова наша гора,

Ліху долю, што на ніве

Паглядзеў ты справядліве.

Калі так, дык ўсюды браты!

Гэй! за Віслу, за Карпаты,

Ад Кралеўца да Дуная

За табой у такт спявая,

Поймуць Цябе ў тваім стане

Ўсе родныя, ўсе славяне.

 

Выступленне трупы Старыцкага было той апошняй сняжынкай, якая зрывае лавіну са скалістага адхону, і тая коціцца па горнай цясніне, змятаючы ўсё на сваім шляху. Так і беларуская літаратура пасля гэтых двух вершаў Лучыны – яшчэ вучнёўскіх, неапрацаваных, нязграбных – вырвалася на шырокі абсяг.

 

Сапраўды, а каго можна паставіць поплеч з ім? Хто да гэтага сістэматычна працаваў з беларускім словам? Нікога не было! Выпаленая пустыня! Вераніцынскі «Тарас на Парнасе» яшчэ ляжыць у рукапісе і будзе апублікаваны «Мінскім лістком» толькі праз два гады. Творы Дуніна-Марцінкевіча кірылічным шрыфтам – і таго пазней. Багушэвіч? Але і яго зборнікі ўпершыню выйдуць толькі праз чатыры гады, ды і то ў замежжы.

 

Пэўны час лічылася, што Лучыну апярэдзіў Вайніслаў Савіч-Заблоцкі[123], калі ў 1873 годзе надрукаваў у «Весніку Еўропы» Стасюлевіча тры свае вершы пад выглядам народных песень, але некалькі год таму беларускія літаратуразнаўцы Вячаслаў Мартысюк і Юрый Пацюпа даказалі, што такой публікацыі не было. Iх вельмі цікавы, доказны артыкул аб гэтым быў надрукаваны ў студзеньскім нумары часопіса «Полымя» за 2015 год.

 

 А Лучыну па-беларуску «Мінскі лісток» пачаў друкаваць ужо ў 1889 годзе. Вось яно: «Вясновай парой» – першы беларускі верш, выпушчаны афіцыйна, дзякуючы таму, што ў дзяржаве трохі пацяплела.

 

Гараць лучы ранняй зоркi,

Свецяць божы служкi,

Блісцяць расой усе прагоркі,

Заспявалі птушкі.

Ціха ў полі, на балоце,

Спяць паўсюды вёскі,

Толькі вецер ў пералёце

Калыша бярозкі.

 

«Из искры возгорится пламя»? Не! Полымя беларускай культуры ўзгарэлася не з іскры, а ад лучыны.

 

Зноў бягуць гады. Ён піша; часам паспяхова. Часам яго друкуюць. Але па-сапраўднаму грандыёзны поспех быў толькі адзін. Стараннасцю Аляксандра Валіцкага ў Кракаве фактычна ананімна, пад ініцыялам «S», быў выдадзены ягоны нарыс «З крывавых дзён: эпізод з паўстання 1863 году на Міншчыне», у якім ён сабраў успаміны знаёмых аб тым страшным часе. Ну, і на тым дзякуй! Друкаваць такую працу ў Расіі пад уласным прозвішчам – гэта значыць, асудзіць сябе, як мінімум, да высылкі.

 

Наступныя гады млява працякаюць паміж службай, домам, выездамі да маці і рэдкімі забаўкамі. Атрымалася вырвацца на курорт у галіцыйскі Буск, падлячыцца мінеральнымі водамі. Потым узнікла шалёная думка выдаваць уласную газету, каб не быць прывязаным да «Мінскага лістка», але з гэтай задумы нічога не выйшла.

 

Надыходзіць 1891 год. Яму ўжо сорак, а наперадзе – нічога светлага. Хвароба паволі падточвае яго. З гэтай нагоды ён вырашае ажаніцца, каб у старасці не застацца зусім адным. Але хто ж выйдзе за кульгавага калеку, якому ў побыце патрэбна заўсёдная дапамога? На шчасце, ёсць такі чалавек. Гэта Ганна Яўстаф’еўна Грыневіч – яго сядзелка. Яна не чужынка для іх сям’і. Род Грыневічаў таксама належаў да шляхты Рэчы Паспалітай, але падчас разбору не змусіў даказаць свайго паходжання і быў запісаны ў сяляне-аднадворцы вёскі Мархачоўшчына. Дзесяць год Ганна аддана выконвала свае абавязкі і цяпер зрабіла ласку адказаць згодай на яго прапанову.

 

Але незадаўга да шлюбу лёс дорыць яму сапраўднае каханне – як выбух, як землятрус!

 

– О, как на склоне наших лет

Нежней мы любим и суеверней...

Сияй, сияй, прощальный свет

Любви последней, зари вечерней!

 

паўтарае ён услед за Цютчавым, які, бясспрэчна, быў і дзяржаўнікам, і шавіністам, і ворагам нацыянальных свабод, але паэтам вялікім, кранальным!

 

У Мінск па дарозе з Вільні ў Харкаў – зусім, як у п’есе Астроўскага: «з Керчы ў Волагду, з Волагды ў Керч» – завітала італьянская оперная антрэпрыза Віктара Людвігавіча Фаркаці. Антрэпрэнёр ён быў знакаміты, нягледзячы на тое, што амаль усю кар’еру пабудаваў у правінцыі. Менавіта Фаркаці ў 1903 годзе адшукаў за кулісамі маладога Шаляпіна[124] і заключыў з ім першы прафесійны кантракт.

 

Сапраўднае імя Фаркаці было Віктар Людвігаў, і ў юнацтве ён працаваў тэлеграфістам у Віцебску. Але неяк перакруціўся, пазычыў грошы, завёў сувязі ў тэатральных колах, нядоўга паслужыў рэжысёрам у маскоўскім тэатры Корша[125] і здолеў стварыць уласную трупу з сапраўднымі італьянскімі спевакамі. Прымадоннай у Фаркаці была Лідзія Отаўна Джубеліні-Раднова.

 

 

У музычных даведніках імя Лідзіі Отаўны згадваецца зрэдку. Але спявачка ў правінцыі яна вельмі была папулярная, хаця слухачы, як адзін, адзначалі яе эмацыянальную халоднасць. Падшыўкі газет з Пермі, Томска, Іркуцка, Растова-на-Доне, Тыфліса, якія захаваліся ў архівах, стракацяць аб’явамі аб спектаклях з удзелам Джубеліні-Радновай. Вось як апісваюць яе выступленне «Томскія губернскія ведамасці» ў студзені 1883 года:

 

«Мы яшчэ не мелі выпадку казаць пра канцэрты артыстаў італьянскай оперы сп.сп. Джубеліні-Шульц і Раднова, якія вельмі старанна наведваюцца тамічамі. Невядома, якой уласна італьянскай оперы яны артысты; у Пецярбургскай імёнаў іх не сустракалася; у Маскоўскай, калі там была італьянская опера, таксама іх не было, але гэта не перашкаджае ім быць спевакамі сапраўднай італьянскай школы. Усё, што яны спяваюць, спяваюць абавязкова капылом італьянскіх оперных спевакоў, няхай гэта будзе рускі раманс, народная песня, твор Глінкі і інш. Само праз сябе зразумела, што лепей за ўсё выходзяць у іх урыўкі з італьянскіх опер.

 

 Сп-ня Джубеліні мае даволі моцнае і гучнае мецца-сапрана, якім добра валодае, але, на жаль, тэмбр голасу пазбаўлены мяккасці, а таму не асабліва прывабны. Апрацоўка голаса, стараннае і дбайнае выкананне паказваюць добрую школу.

 

...Найлепшымі з’яўляюцца дуэты, тут мастацтва абаіх артыстаў выяўляецца ў поўным бляску. Публіка вельмі спачувальна ставіцца да іх; усе канцэрты наведваюцца старанна, зал заўсёды поўны. У канцэрце 18 студзеня сп-не Джубеліні паднеслі букет і брыльянтавы пярсцёнак».

 

Лідзія Отаўна была рознабаковай артысткай. У Тыфлісе, дзе, урэшце рэшт, асела трупа Фаркаці, яна спявала Меербера[126] і Вердзі[127], Пучыні[128] і Чайкоўскага, Панк’елі[129] і Леонкавала[130]. Апошняя згадка пра яе ў газетах датуецца 29 лістапада 1905 года, калі яна памерла ў растоўскай багадзельні.

 

А ў Мінску трупа Фаркаці давала «Макавеяў» Рубінштэйна[131], «Атэла» Вердзі, «Сельскі гонар» Масканьі[132], «Фаўста» Гуно[133], «Джаконду» і «Ліцвінаў» Панк’елі.

 

 

Янка Лучына быў узрушаны. Голас Лідзіі Отаўны зачараваў яго. Ён не заўважаў хібаў. Ды і дзе б ён мог іх заўважыць? Бо пасля Пецярбурга ён ніколі не быў у оперы і ўжо забыўся на тое, як павінна выглядаць сапраўднае мастацтва. І што ён мог прапанаваць ёй – такой прыгожай і таленавітай? Брыльянтавы пярсцёнак? Не па Юрку шапка! Букет? О так! І яшчэ – вершы... вершы, якія бязмежна пацяклі з яго:

 

В Вас чуткая душа, в Вас дышит красотою

На сцене каждый шаг, Ваш голос так глубок, –

Быть может... не поймет бездушною толпою

Художницы души наш тихий уголок?

…Так пой, художница! – веди нас к свету!

Откроется для нас искусства ясный храм!

И не сочти во зло безвестному поэту,

Когда он свой поклон к твоим принес стопам.

 

Але трупа з’язджае, і ў душы зноў пасяляецца пустэча. Ён яшчэ працягвае працаваць, але разумее, што жыццё канчаткова надламала яго. А тут яшчэ памірае любімы брат Антон. І адзіным успамінам пра яго застаецца кароткая нататка Ельскага ў часопісе "Kraj" за 1895 год.

 

«Нядаўна памёр у Мінску шанаваны чалавек, медык-філантроп Неслухоўскі, сын Люцыяна, калісьці ўсімі паважанага сакратара Мінскай цывільнай палаты. Пасля сканчэння медыка-хірургічнай акадэміі ў Пецярбургу ён займаў пасаду лекара пры 18-й артылерыйскай брыгадзе ў Кіеўскай акрузе: яго надзвычай любілі салдаты і калегі за лагодны характар і бязмежную адданасць хворым і ахвярнасць, бо ён не толькі бясплатна лячыў бедных, але і грашыма дапамагаў ім са сваіх сціплых сродкаў… Лячыўся ён у Мікалаеўскім шпіталі ў Пецярбургу. Перавезены ў родны Мінск, скончыў тут жыццё 17 верасня».

 

Незадоўга да гэтага ён з жонкай зноў прыязджае ў Зацэрава. Захаваўся фатаграфічны здымак гэтага прыезду.

 

 

Лучына сядзіць у сямейным асяроддзі: маці ў чорнай удовінай капоце і старэчым чапцы; жонка Ганна і сястра Вікторыя ў простых летніх сукенках; з правай рукі – дзеці Антаніны-Аліны Антон[134] і Ванда; а на пярэднім плане – два сыны Юльяна.

 

Бачна, як ён стаміўся. Пасівела барада, ды і на галаве дадалося шэрані. Твар выцягнуўся, змучаныя вочы ўваліліся, глядзяць адхілена і абыякава. Нічога не засталося ад маладога, дзёрзкага, перакананага ў сваім прызначэнні чалавека. Яму заставалася жыць роўна два гады…

 

28 ліпеня 1897 года Іван Люцыянавіч Неслухоўскі сканаў. Яго адпелі ў Крыжаўзвіжанскім касцёле і пахавалі на мінскай Кальварыі злева ад уваходу, побач з бацькам. Там жа потым супакояцца і астатнія Неслухоўскія, акрамя Юльяна. Той пасля смерці маці разлічыцца з даўгамі і з’едзе землеўпарадчыкам у Курск, дзе ягоныя сляды канчаткова згубяцца.

 

Смерць Янкі Лучыны засталася амаль незаўважанай у грамадстве. Толькі сябры па пяры там-сям адазваліся на яе. Так, напрыклад, варшаўскі пісьменнік Аляксандр Свентахоўскі адгукнуўся кароткім некралогам у сваёй газеце «Праўда»:

 

«У Мінску памёр чалавек, якога не ведала шырокая грамадскасць, якога гiсторыя лiтаратуры не ўвекавечыла на сваiх старонках, а пасля смерцi часопiсы не прысвяцiлi яму нават дробнай нататкi. Стоячы ўдалечынi, на ўзмежку, ён не быў фаварытам, не меў падтрымкi… Хаця ў сваёй душы ён хаваў i талент, i запал».

 

У 1903 годзе пецярбургскія студэнты-выхадцы з губерняў Паўночна-Заходняга краю стварылі паўлегальнае таварыства, якое атрымала назву «Круг беларускі». Таварыства вырашыла выдаваць кнігі на беларускай мове. Даволі жвава надрукавалі яны на гектографе дзве чэзлых рукапісных брашуркі «Калядная пісанка на 1904 год» і «Велікодная пісанка», кожную накладам у два дзясяткі асобнікаў.

 

 Але неўзабаве ім стала ясна, што такая самадзейнасць ні да чаго добрага не прывядзе. Гэта магло выклікаць ганенні з боку ўлады. Да таго ж, гектаграфічныя выданні не маглі задаволіць попыт. Было прынята рашэнне наступную кнігу выдаць афіцыйна. Удзельнік круга Антон Неканда-Трэпка – паміж іншым, таксама студэнт тэхналагічнага інстытута – прапанаваў апублікаваць зборнік вершаў свайго дзядзькі.

 

Прапанова прайшла на ўра. З «Мінскага лістка», з асабістага архіва Янкі Лучыны было выбрана адзінаццаць вершаў – усё, што здолелі спешна знайсці. Атрымалася тоненькая кніжачка, якой далі назву «Вязанка». У літаратуразнаўчых працах існуе меркаванне, што прайсці праз цэнзуру яна не магла, таму што была надрукаванай на забароненай беларускай мове. Гэта не так. Цэнзурны статут 1890 года зняў усе абмежаванні на публікацыю твораў на нацыянальных мовах.

 

І сапраўды: калі б такія абмежаванні існавалі, то як бы мог Янка Лучына друкаваць беларускія вершы ў «Мінскім лістку»? Гэта было б немагчыма! Праблема была ў іншым – той жа Цэнзурны статут дазваляў свабодна, не падаючы рукапіс у папярэднюю цэнзуру, выдаваць любыя кнігі з умовай, што іх аб’ём перавышае 10 друкаваных аркушаў, а «Вязанка» ўтрымоўвала толькі 22 старонкі.

 

А вось што датычыцца тонкіх кніг, то выдавец павінен быў пасля вырабу накладу, за тыдзень да пачатку продажу, атрымаць дазвол на распаўсюджванне кнігі і гарантаваць, што ўвесь наклад будзе распрададзены за год. За парушэнне гэтага правіла накладваўся штраф у 500 рублёў. Такое абмежаванне было звязана з тым, каб абцяжарыць выпуск пракламацый і рэвалюцыйных брашур.      

 

Складанасць была не столькі палітычная, колькі эканамічная. Узнікала небяспека, што «Круг беларускі» пацерпіць фінансавыя страты, таму што меркаваны наклад заяўляўся у 5 000 асобнікаў. Браць на сябе адказнасць ніхто не хацеў. Але ў гэты момант адбыўся цуд!

 

У Пецярбург па шляху з Балгарыі на Далёкі Усход збочыў Мікалай Міхайлоўскі – ужо не проста інжынер, а знакаміты пісьменнік Гарын-Міхайлоўскі, аўтар знакамітай тэтралогіі: «Дзяцінства Цёмы», «Гімназісты», «Студэнты», «Iнжынеры». Расійская імперыя рыхтавалася да вайны з Японіяй, і Міхайлоўскаму было даручана будаўніцтва чыгунак на Карэйскім паўвостраве.

 

Гісторыя не захавала звестак, як ён даведаўся пра «Круг беларускі» і пра яго праблемы. Найбольш верагодна, што, зайшоўшы ў інстытут, ён сустрэўся і пазнаёміўся з Антонам Некандам-Трэпкам, які распавёў яму пра лёс Лучыны. Гэта была шчаслівая сустрэча, бо менавіта Гарын-Міхайлоўскі параіў заявіць «Вязанку» як напісаную на балгарскай мове.

 

Справа ў тым, што кнігі на замежных мовах павінны былі атрымліваць цэнзурны дазвол на продаж у Міністэрстве замежных спраў, і на іх не распаўсюджвалася норма пра штраф, калі парушаліся тэрміны продажу!

 

 Усе праблемы былі вырашаныя, і «Вязанка» – першая кніга на беларускай мове, выпушчаная ў Расіі, паляцела да чытачоў.

 

На гэтым можна было б і скончыць аповед пра горкае і шчаслівае жыццё Івана Люцыянавіча Неслухоўскага, які быў адораны талентам, але праз хваробы і дзяржаўную падазронасць не змусіў рэалізаваць яго поўнай мерай.

 

...Ляціць над палямі Беларусі самотны чарнакрылы каршун[135], лунае ў прасторы, пазіраючы з надхмар’я на родную зямлю, і не можа ўзляцець яшчэ вышэй – да самых зорак, таму што працята стралой, нібы крыло, яго змучаная душа.

 

Засталося толькі сказаць пару слоў аб тых яго сваяках, якія былі згаданымі між іншымі ў гэтым апавяданні.

 

Антон Неканда-Трэпка скончыў тэхналагічны інстытут, потым атрымаў адукацыю электратэхніка ў Бельгіі, вярнуўся на радзіму, працаваў выдаўцом і настаўнікам, быў заснавальнікам Беларускай сацыялістычнай грамады і намеснікам дырэктара Беларускага педагагічнага інстытута. У 1920 годзе з’ехаў у Літву. У 1939 годзе быў арыштаваны супрацоўнікамі НКУС і сасланы на дзесяць гадоў у Сібір. У 1942 годзе атрымаў дазвол выехаць у армію генерала Андэрса для барацьбы з гітлераўцамі, але захварэў на тыфус і памёр у Казахстане.

 

Дзядзька Франц Лучыўка-Неслухоўскі даслужыўся да сапраўднага стацкага саветніка, пакінуў службу і памёр у 1907 годзе. Сярод яго вучняў – прататып галоўнага героя аповесці Льва Талстога «Смерць Івана Ільіча» старшыня Тульскага суда Іван Ільіч Мечнікаў, пераемнік Сталыпіна[136] на пасадзе старшыні Савета мііністраў граф Какоўцаў, апошні Старшыня Дзяржаўнай думы Радзянка.

 

Стрыечны брат Канстанцін 27 лютага 1917 года быў першым афіцэрам, які прывёў свой полк да прысягі Часоваму ўраду і забяспечыў яго перамогу, за што атрымаў генеральскія пагоны і ганаровую мянушку «Першы палкоўнік Лютаўскай рэвалюцыі». Сканаў ад голаду ў блакадным Ленінградзе. Яго дачка Марыя, пляменніца Янкі Лучыны, выйшла замуж за паэта Мікалая Ціханава – аўтара знакамітых радкоў:

 

Гвозди б делать из этих людей:

Крепче б не было в мире гвоздей.

 


[1] «Капальні цара Саламона» – прыгоднiцкі раман англійскага пісьменніка Генры Райдэра Хагарда аб прыгодах паляўнічага і падарожніка Алана Квотэрмейна.

[2] Шхуна «Святая Марыя» – карабель капітана Татарынава, які з’яўляецца аб’ектам пошукаў персанажаў рамана Веніяміна Каверына «Два капітаны».

[3] Далмацыя – гістарычная вобласць на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора, на тэрыторыі сучаснай Харватыі.

[4] Конрад Мазавецкі (1187 – 1247) – адзін з польскіх князёў перыяду феадальнай раздробленасці, прадстаўнік дынастыі Пястаў.

[5] Калішскі паход (1229) – вайна Конрада Мазавецкага, князя Галіцкага Даніла Раманавіча і князя літоўскага Міндоўга супраць князя Уладзіслава Лясканогага (1165 – 1231), які незаконна захапіў усю ўладу ў Польшчы.

[6] Уладзіслаў Лясканогі (1165 – 1231) – польскі і кракаўскі князь, які неаднаразова без законных падстаў захопліваў чужыя княствы.

[7] Сухадол – вёска ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці, дзе ў 1243 годзе адбылася рашаючая бітва паміж Конрадам Мазавецкім і яго пляменнікам Баляславам Сарамлівым за вярхоўную ўладу ў польскіх землях.

[8] Ворагі хрысціянства – у сярэднявеччы агульная назва ўсіх тых, хто не трымаўся каталіцкай веры.

[9] Няслуха – рэчка ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці, прыток Піны.

[10] Генрык Сянкевіч (1846 – 1916) – вялікі польскі пісьменнік, аўтар гістарычных раманаў, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1905 г.

[11] Салад – від рыцарскага шлема с забралам у выглядзе кавальскіх мяхоў.

[12] Гаспітальеры (яны ж – тампліеры, храмоўнікі) – сярэднявечны рыцарскі манаскі ордэн, які адначасова з ваеннымі дзеяннямі займаўся лячэннем хворых.

[13] Трыці крыжовы паход (1189 – 1192) – чарговы паход крыжакоў у Палесціну з мэтай вызвалення Iерусаліма ад мусульманаў. Першапачаткова ўзначальваўся сумесна германскім імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам (а пасля яго смерці – Генрыхам VI), французскім каралём Філіпам II Аўгустам і англіскім каралём Рычардам Iльвінае Сэрца.

[14] Венецыя – арыстакратычная горад-рэспубліка ў Паўночнай Iталіі, заснавана ў 421 годзе.

[15] Остготы – старажытнагерманскае племя, якое ў 493 годзе захапіла ўсю Iталію і заснавала на яе землях самая моцнае варварскае каралеўства на чале з Тэадорыхам Вялікім; сталіцай каралеўства быў горад Равена.

[16] Косава – сядзіба, якая дала назву гораду Косава ў Брэсцкай вобласці.

[17] Моладава – зараз аграгарадок у Брэсцкай вобласці.

[18] Скірмунты – шляхецкі род з Мінскай губерні. Яго прадстаўнік Раман Скірмунт у 1918 годзе быў прэм’ерам Рады БНР.

[19] Рцішчавы – рускі баярскі род, адна з галін якога, набыўшы ва ўласнасць маёнтак Дастоева пад Брэстам, атрымала прозвішча Дастаеўскія; з гэтай сям’і паходзіў вялікі рускі пісьменнік Ф.М. Дастаеўскі.

[20] Ротмістр – афіцэрскі чын у кавалерыі, які прыраўноўваўся да звання капітана; камандзір эскадрона.

 [21] Каптуровы суд – у ВКЛ – вышэйшы суд, які збіраўся падчас бескаралеўя. Яго рашэнні не маглі быць абскарджанымі і падлягалі няўкоснаму выкананню.

[22] Трэці падзел Рэчы Паспалітай (1795) – канчатковы раздел Рэчы Паспалітай паміж Аўстрыяй, Расіяй і Прусіяй, пасля якога яна канчаткова спыніла сваё існаванне.

[23] Чыншавая шляхта – шляхта, якая жыла на чыншавых, то бок, арэндованых землях.

[24] Служылая шляхта – шляхта, якая не мела ва ўласнасці прыгонных сялян.

[25] Зямяне – збяднелая шляхта, якая прыраўноўвалася да заможных сялян.

[26] Панцырныя баяры – прамежкавае саслоўе паміж прыгоннымі сялянамі і шляхтай.

[27] Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка (1746 – 1817) – ваенны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, які ў 1794 годзе арганізаваў і ўзначаліў паўстанне супраць Расійскай імперыі; удзельнік вайны за незалежнасць ЗША; нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, Літвы, ЗША і Францыі.

[28] Лістападаўская паўстанне 1830 – 1831 – нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць Расійскай імперыі на землях былой Рэчы Паспалітай.

[29] Iван Фёдаравіч Паскевіч-Эрыванскі (1782 – 1856) – рускі ваеначальнік, фельдмаршал, намеснік Царства Польскага, пахаваны ў Гомелі.

[30] Прага – прадмесце Варшавы.

[31] Протабалгары – цюркская племя, якое стала прабацькам балгарскага народу.

[32] Царскасельскі Ліцэй – навучальная ўстанова ў горадзе Царскае Сяло пад Санкт-Пецярбургам, якая была заснаваная дзеля падрыхтоўкі дзяржаўных дзеячаў Расійскай імперыі; больш за ўсё вядомая тым, што яе скончыў А.С Пушкін.

[33] Сапраўдны стацкі саветнік – высокі чыноўніцкі чын у Расійскай імперыі; прыраўноўваўся да звання генерал-маёра.

[34] Губернская ўправа – вышэйшы губернскі выканаўчы орган у Расійскай імперыі на чале з губернатарам, фактычна – урад губерні.

[35] Столаначальнік – у Расійскай імперыі чыноўнік, які ўзначальваў так званы «стол» (аддзел) нейкага ведамства.

[36] Сакратар ведамства – у Расійскай імперыі фактычна намеснік начальніка.

[37] Калежскі рэгістратар – самы нізкі чын XIV класа, які прыраўноўваўся да армейскага прапаршчыка.

[38] Брадвей – вуліца ў Нью-Ёрку, на якой знаходзяцца забаўлівыя ўстановы; тут – у пераносным сэнсе: багатая, папулярная вуліца.

[39] Паланэз – урачысты танец.

[40] Станіслаў Манюшка (1819 – 1872) – вялікі ліцвінскі і польскі кампазітар, ураджэнец Мінскай губерні, стваральнік беларускай і польскай оперы.

[41] Накцюрн – лірычная музычная п’еса.

[42] Фрыдэрык Шапэн (1810 – 1849) – вялікі польскі кампазітар.

[43] Адам Ежы Чартарыйскі – князь, міністр замежных спраў Расійскай імперыі, кіраўнік Лістападаўскага паўстання 1830 – 1831 гадоў.

[44] Крымская вайна (1853 – 1856) – вайна паміж Расіяй, з аднаго боку, і Турцыяй, Францыяй, Англіяй, Аўстра-Венгрыяй і Сардзініяй, з другога; скончылася сакрушальнай паразай Расіі.

[45] Найвысачэйшы рэскрыпт – царскі ўказ.

[46] Цялесныя пакаранні – меры крымінальнага пакарання ў Расіі: біццё бізунамі, шпіцрутэнамі і розгамі.

[47] Iаахім Лялевель (1786 – 1861) – польскі гісторык, намеснік Чартарыйскага ў Лістападаўскім паўстанні, пасля паразы паўстання – эмігрант, прафесар Віленскага і Брусельскага ўніверсітэтаў.

[48] Iнсургент – паўстанец.

[49] Касінеры – партызаны, узброеныя косамі.

[50] Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў-Віленскі (1796 – 1866) – гродзенскі, мінскі і віленскі генерал-губернатар, душыцель Студзеньскага паўстання 1863 – 1864 гадоў, які за гэтыя ўчынкі атрымаў мянушку «Мураўёў-вешальнік».

[51] Фердынанд Ціль (годы жыцця невядомыя) – расійскі і прускі педагог.

[52] Мікалай Герасімавіч Памялоўскі (1835 – 1863) – рускі пісьменнік.

[53] Аляксандр Iванавіч Купрын (1870 – 1938) – вялікі рускі пісьменнік.

[54] Iаган Генрых Песталоцы (1746 – 1827) – сусветна вядомы швейцарскі педагог, адзін са стваральнікаў сучаснай педагагічнай навукі.

[55] Кальвіль – гатунак яблыкаў.

[56] Старажоўка – раён у цэнтры Мінска; у тыя часы – вёска на ўскраіне горада.

[57] Фаворка (пол.) – хрусткае печыва з пясочнага цеста; хрушч.

[58] Галярэтка (пол.) – жэле.

[59] Кандуіт – дакумент, у які заносіліся праступкі вучняў.

[60] Афронт – зганьбаванне.

[61] Генерал-ад’ютант – кіроўца царскай канцылярыі.

[62] Рэтраградства – цемрашальства, рэакцыйнасць.

[63] Сенацкая плошча – пляц у цэнтры Санкт-Пецярбурга, дзе 14 снежня 1825 года адбылося папўстанне дзекабрыстаў.

[64] Петрапаўлаўская крэпасць – крэпасць у цэнтры Санкт-Пецярбурга, якая служыла турмой для дзяржаўных злачынцаў.

[65] Гара Гедыміна – гістарычная мясцовасць у Вільні, дзе каралі смерцю дзяржаўных злачынцаў.

[66] Адам Міцкевіч (1798 – 1855) – вялікі польскі і беларускі паэт.

[67] Сяргей Сілыч Сінягуб (1851 – 1907) – паэт-разначынец, рэвалюцыйны прапагандыст.

[68] Булат Шалвавіч Акуджава (1924 – 1997) – выдатны рускі савецкі паэт і выканаўца.

[69] Мсціслаў Валерыянавіч Дабужынскі (1875 – 1957) – сусветна вядомы рускі мастак.

[70] Мікалай Георгіевіч Міхайлоўскі (літаратурны псеўданім: Гарын-Міхайлоўскі) (1852 – 1906) – рускі пісьменнік і інжынер-чыгуначнік.

[71] Неўскі праспект – самая вялікая вуліца Санкт-Пецярбурга.

[72] Генрых Iпалітавіч Свянціцкі (1852 – 1916) – інжынер-чыгуначнік, дэпутат Дзяржаўнай думы.

[73] Маларосія – Украіна.

[74] Таўрыя – гістарычная назва поўдня Украіны.

[75] Факторыя – тут: буйное прыватнае землеўладанне.

[76] Мікалай Васільевіч Чайкоўскі (1851 – 1926) – рускі рэвалюцыянер-разначынец, пасля 1917 года – Старшыня Часовага ўрада Паўночнай вобласці, потым – эмігрант.

[77] Разначынцы – агульная назва рэвалюцыянераў незалежна ад паходжання у Расіі ў другой палове XIX века.

[78] Андрэй Апанасавіч Франжолі (1848 – 1883) – рускі рэвалюцыянер-народнік.

[79] Мартын Рудольфавіч Ланганс (1852 – 1883) – рускі рэвалюцыянер, сябра партыі «Народная воля».

[80] Мікалай Апалонавіч Чарушын (1851/52 – 1937) – пісьменнік, выдавец, нарадаволец.

[81] Бесарабія – тое ж, што і Малдова.

[82] Iгнат Яўхімавіч Грынявіцкі (1856 – 1881) – рускі рэвалюцыянер-нарадаволец, тэрарыст, непасрэдны забойца Аляксандра II.

[83] Прысяжны павераны – адвакат.

[84] Карл Феліксавіч Бенткоўскі (1820 – 1901) – інжынер-чыгуначнік, тайны саветнік, сенатар.

[85] Мтацмінда – гара ў Тбілісі, мясцовы курорт.

[86] Касцёл на мінскіх Кальварыйскіх могілках – самых старажытных могілках Мінска.

[87] Саборная плошча – у тыя часы: цэнтальная плошча Мінска.

[88] Напалеонка (пол.) – пірожнае са сметанкова-ванільным крэмам.

[89] Апаплексічны ўдар – інсульт.

[90] Манкіраваць – нядбайна ставіцца да чаго-небудзь.

[91] Пятліцы – нашыўкі на каўняры мундзіра, знак адрознення ў чыноўнікаў.

[92] Уладзімір Карлавіч фон Мек (1852 – 1892 – расійскі прадпрымальнік, будаўнік і ўладальнік шэрага чыгунак. Мецэнат.

[93] Генрых Гейнэ (1797 – 1856) – вялікі нямецкі паэт-рамантык.

[94] Адам Аснык (1838 – 1897) – польскі паэт і драматург.

[95] Зянон Пшэсмыцкі (1861 – 1944) – польскі крытык і паэт.

[96] Марыя Канапніцкая (1842 – 1910) – польская пісьменніца, паэтка і крытык.

[97] Яўхім Фёдаравіч Карскі (1860 – 1931) – славуты беларускі філолаг-славіст, рэктар Варшаўскага ўніверсітэта, акадэмік Пецярбургскай акадэміі навук.

[98] Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі (1867 – 1934) – рускі і беларускі гісторык і гістарыёграф.

[99] Дэспат – самаўпраўны чалавек, самадур.

[100] Паўночна-Заходні край – тагачасная назва Беларусі.

[101] Амністыя – вызваленне ад судовага пакарання.

[102] Рагоз – балотная і водная расліна, пустазелле.

[103] Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае імя – Людвік Кандратовіч) (1823 – 1862) – беларуска-польскі паэт і перакладчык.

[104] Леанід Трэфалеў (1839 – 1905) – рускі паэт, перакладчык верша Уладзіслава Сыракомлі «Паштальён», які стаў знакамітым рамансам.

[105] Аляксандр Iванавіч Пятроў (1838 – 1915) – рускі дзяржаўны дзеяч, Мінскі і Харкаўскі губернатар, сенатар.

[106] Мікалай Мікалаевіч Трубяцкі (1836 – 1902) – Мінскі губернатар, генерал-лейтэнант.

[107] Гедымінавічы – агульная назва самых ягамосных княскіх радоў у Расійскай імперыі, якія паходзілі ад кіруючай ліцвінскай дынастыі і былі роўняй Рурыкавічам і Чынгізідам.

[108] Аляксандраўскі сад – сквер у цэнтры Мінска, дзе размяшчаецца тэатр імя Янкі Купалы.

[109] Адам Плуг (сапраўднае імя – Антоній Антонавіч Пяткевіч) (1823 – 1903) – польска-беларускі пісьменнік, паэт і рэдактар.

[110] Павел Васільевіч Шэйн (1826 – 1900 – рускі этнограф, лінгвіст і фалькларыст-самавук.

[111] Мікалай Iванавіч Кібальчыч (1853 – 1881) – рускі рэвалюцыянер-народнік і тэрарыст, вынаходнік, стваральнік бомбы, якой I.Я. Грыневіцкі забіў Аляксандра II.

[112] Аляксееўскі равелін – самае жахлівае месца зняволення вязняў у Петрапаўлаўскай крэпасці.

[113] Фур’ерызм – сацыялістычнае ўтапічнае вучэнне, якое прапаведавала роўнасць працы і спажывання ў сялянскіх супольнасцях.

[114] Міхаіл Пятровіч Старыцкі (1840 – 1904) – украінскі тэатральны рэжысёр і драматург.

[115] Марк Лукіч Крапіўніцкі (1840 – 1910) – украінскі тэатральны дзеяч, акцёр, рэжысёр, драматург.

[116] Карыфей – выдатны дзеяч.

[117] Антрэпрыза – невялікае тэатральнае прадпрыемства.

[118] Марыінскі тэатр – Вялікі тэатр оперы і балета ў Санкт-Пецярбургу; асабісты тэатр цара.

[119] Эмскі ўказ – указ, падпісаны Аляксандрам II 18 траўня 1876 года ў нямецкім горадзе Бад-Эмс, які забараняў выкарыстоўванне ўкраінскай мовы ва ўсіх сферах жыцця.

[120] Леанід Якаўлевіч Манько (1863 – 1922) – славуты ўкраінскі акцёр.

[121] Уладзімірская горка – гістарычны раён у цэнтры Кіева, дзе, паводле падання, князь Уладзімір Чырвонае Сонейка хрысціў Русь; мясцовая славутасць.

[122] Андрэеўская царква – старажытны праваслаўны храм у цэнтры Кіева, сімвал горада.

[123] Вайніслаў-Казімір Канстанцінавіч Суліма-Савіч-Заблоцкі (1850 – 1893) – беларускі паэт, празаік і публіцыст.

[124] Фёдар Iванавіч Шаляпін (1873 – 1938) – вялікі рускі оперны спявак-бас.

[125] Фёдар Адамавіч Корш (1852 – 1923) – рускі антрэпрэнёр, драматург, перакладчык.

[126] Джакама Меербер (1791 – 1864) – нямецкі і французскі кампазітар.

[127] Джузэпэ Вердзі (1813 – 1901) – вялікі італьянскі оперны кампазітар.

[128] Джакала Пучыні (1858 – 1924) – італьянскі оперны кампазітар.

[129] Амількарэ Панк’елі (1834 – 1886) – італьянскі оперны кампазітар, настаўнік Дж. Пучыні, аўтар оперы «Ліцвіны» па паэме А. Міцкевіча «Конрад Валенрод».

[130] Руджэра Леонкавала (1857 – 1919) – італьянскі кампазітар-верыст.

[131] Антон Рыгоравіч Рубінштэйн (1829 – 1894) – рускі кампазітар, піяніст і дырыжор.

[132] П’етра Масканьі (1863 – 1945) – італьянскі оперны кампазітар.

[133] Шарль Франсуа Гуно (1818 – 1893) – французскі оперны і царкоўны кампазітар.

[134] Антон Станіслававіч Неканда-Трэпка (1877 – 1942) – беларускі грамадскі дзеяч і педагог.

[135] Каршун – адна з нешматлікіх сярод драпежных птушак пеўчая птушка; датычыцца да роду пеўчых ястрабаў.

[136] Пётр Аркадзьевіч Сталыпін (1862 – 1911) – Старшыня Савета міністраў Расійскай імперыі.

Оставить комментарий (1)

Поделиться в соц.сетях:

Система Orphus

Нас считают

Рейтинг@Mail.ru

Откуда вы

free counters
©2012-2019 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.