...За права душы – пакахаць і любіць
Пераадоленне
А я вось вазьму і забуду на смутак,
Забуду на рэчы, пусты кашалёк.
Зраблюся сабой – незалежнай ад чутак,
Зраблюся як просценькі той васілёк.
Зраблюся дажджынкай, расінкай, травінкай...
У сціпласці гэткай калыска – сусвет.
Чаромха нявесціцца ў белых хусцінках,
І чарамі кружыць вясну першацвет.
Вазьму і бязмэтна адкрыта ўсміхнуся,
Зямлі і аблокам складу свой санет.
Усё гэта здзейсню і не схамянуся,
Што нехта не так зразумее мяне.
Пачуцці
Пачуццяў крылатых шчаслівыя ўсплёскі
Не вымераць мерай абдымак зямных.
Мінулага часу чуваць адгалоскі,
Ды іх успрымаць адмаўляецца слых.
Ёсць тое, што сёння, астатняе – жарты,
Вір думак і змешаны з слодыччу жар.
Дваіх –не апошняга толку і гарту
Гартуемся новай спакусаю мар.
Забыцца на побыт, на будні і страты,
І ў гэтым імкненні сябе не згубіць.
Не зведаць чужой неразумнай адплаты
За права душы – пакахаць і любіць.
Запавет сыну
Не прадаць, не зганьбіць, не пакінуць
Роднае і крэўнае ў бядзе.
Запавет такі рыхтую сыну,
Каб у згодзе жыў сярод людзей.
Мала выпадковую падкову
Над дзвярыма новымі прыбіць.
І зусім, мой сын, недастаткова
Не згубіць, не ўкрасці, не ўгнявіць.
Мала не судзіць, не спакушацца,
Не манахі шчаснымі былі.
Так патрэбна вольным называцца
На святой ад прадзедаў зямлі.
Так патрэбна мець яе кавалак,
З белай назвай свята й чысціні.
І, напэўна, мала, вельмі мала
Быць як вершнік горды на кані.
Насамрэч жа ні сцягі, ні зоркі
Не гартуюць гэтак пачуццё,
Як да родных ніваў і ўзгоркаў
Хіліцца пяшчотаю жыццё.
Бласлаўляю ў шлях цябе складаны,
Дзе лаўровы не дадуць вянок.
І не ён збаўляе ад заганаў,
Іншы табе трэба, мой сынок.
Той, які каханая жанчына
Жартам пакладзе на валасы.
Мой ты любы, мой ты родны сыне,
Для цябе – Радзімы галасы.
Мала на руках не мець аковаў.
Што з той волі, як душа маўчыць?
Трэба роднай, спадчыннаю мовай,
Як бясцэнным дарам даражыць.
Больш жадаць нічога не бяруся.
Многа – без граху і без спакус,
Мала нарадзіцца беларусам,
Неабходна ЖЫЦЬ як БЕЛАРУС.
Ілюзіі
Пачварка-самота з адрынутым тварам
Звычайных людзей забірае ў палон,
Савецкіх людзей, што жылі толькі марай,
Пра светлае заўтра, нібыта пра сон.
Дзяцей гадавалі і іх навучалі,
Што трэба жыць верай у заўтрашні лёс.
А іхнія дзеці ці беднымі сталі,
Ці чорт іх у пекла за продаж занёс.
За продаж Радзімы, за продаж Айчыны,
За здадзены ў скупку адвечнасці крыж.
На Белай Русі, як на полі, на мінным,
Стаяць Ваўкавыск, Навагрудак, Нясвіж.
Куточкі гісторыі любай і годнай...
Няхай сабе ў стольным у Мінску глядзяць
На край наш заходні, нібы чужародны,
А ў нас жа малых гарадоў не адняць.
Мы – тыя, хто родам з-пад Гродна і Брэста,
Хто з Дзятлава, Зэльвы, Бярозы, Ашмян,
З другога, відаць, нарадзіліся цеста,
Тут роўныя Янка, Іванка і Ян.
І поіць, і корміць малая радзіма
Вялікую, тую, з якой не спытаць.
Глядзяць мацяркі выцвілымі вачыма
На доўгае поле, дзе век каратаць.
Падарожжа
У чаканні падарожжа
Падсумоўваю свой быт.
Дай жа мне цярпення, Божа,
Час прамежкавы пражыць
Не панура і не дзёрзка.
Не марудна і не ўскос,
Не цягнуцца ўвысь да зоркаў
І на дне не браць урок.
Падарожжа, падарожжа...
Ўсё прыводзіцца у рух.
Свет уражанняў памножыць
Сябар мой – дарожны зух.
У дарозе спадарожнік,
Знаю, знойдзецца заўжды,
Гаманіць з ім шчыра можна,
Перабраць свае гады.
Прытуліўшыся, спаслацца
На дарожны лёгкі сон.
Безыменна развітацца,
І сыйсці... на свой перон.
Знічкі шчасця
У вачах тваіх карых – смутак,
І ніяк ты яго не схаваеш.
Як магутнай энергіі згустак,
Бо мяне ты адну кахаеш.
У вачах тваіх – боль пяшчоты,
Ад таго, што набыў і губіш.
Забываеш на непагадзь, слоту...
Бо мяне ты адну галубіш.
У вачах тваіх – знічкі шчасця,
І за іх ты мяне цалуеш,
Бог даруе табе багацце,
Бо мяне ты адзін
шануеш.
Важней кахання
А што было важней кахання –
Крынічкі чыстай пачуцця?
Важней за ўсё было чаканне
Народзін новага жыцця.
Важней за ўсё было цвіценне
Пяшчоты ў патаемны час,
Калі прыходзіла натхненне,
Каб памірыць няверных нас.
Важней было не ўпасці духам,
Каб уцалеў, ажыў паэт.
Каб жаль жалобы або скруха
Не зацямнілі белы свет.
Важней за ўсё было маленне
У кут загнанае душы,
І покліч чыйсці ў час здранцвення:
Ідзі, змагайся і пішы.
Важней было апроч кахання
Пражыць жыццё сваё наўздзіў.
І мець святое дараванне
Да тых, хто ганьбіў і судзіў.
Калі б паэтам ты не быў...
Калі б паэтам ты не быў,
Не разгадаў бы сутнасць кветкі,
Пяшчоты б гэтулькі не піў
Ад закаханае паэткі.
Калі б паэтам ты не быў,
То не адчуў бы скарб імгнення,
І ўжо даўным даўно б забыў
Вясну – у восеньскім сталенні.
Калі б паэтам ты не быў,
То без лірычнай асалоды,
Узбагачаючай наўздзіў,
Нідзе б не зведаў смак свабоды.
Калі б паэтам ты не быў.
А Бог прабачыць
А Бог прабачыць зможа грэх
Табе – ужо за тое,
Што мне вярнуў шчаслівы смех,
І зняў ад сэрца злое.
Што адрадзіў маю душу,
Якой няма спакою.
І зноўку вершы я пішу
Царыцаю ў пакоі.
І смутак леташні сышоў
За далягляд барвовы.
Хай не хапае трапных слоў,
І блытаюцца словы.
Я знаю месца на зямлі
Сваё і прызначэнне.
З табой мы шчырымі былі –
І наша ў тым збавенне.
28.06.2012.