"Понять, что люди безнадежно гнусны – это одна сторона медали, причем, светлая; другая сторона, потемнее: предстоит смириться с тем, что среди них надо жить".

Анатолий Андреев, "Маргинал"
Вы тут: Главная»Рубрики»Писатели»Интервью»

Андрэй ФЕДАРЭНКА, пісьменнік: «…Гэта самы багаты, самы лепшы, самы прыгожы ганарар у маім жыцці»

02/02/2018 в 19:02 Аліна СТРАШКЕВІЧ проза

 

Пра такіх, як Андрэй Федарэнка, цяпер кажуць: сацыяльна не актыўны.

 

У адрозненне ад многіх сваіх калег, ён пазбягае тлумных літаратурных тусовак, не піярыцца ў сацсетках (яго ў іх папросту няма) і зусім не любіць даваць інтэрв’ю.

 

Так і жыве: не зважаючы на чытачоў і грамадскія запыты. Больш за тое, перакананы: “калі не баяцца адстаць ад часу – літаратура робіцца даволі прыемным заняткам”. Чалавек, імя якога – амаль што сінонім сучаснай беларускай прозы, жывы класік Андрэй Федарэнка – сённяшні госць “Народнай Волі”.

 

Андрэй Федарэнка

 

– Андрэй Міхайлавіч, гэтым студзенем вам "стукнула" 54. Як адзначылі дзень нараджэння?

 

– Як звычайна – устаў у пяць раніцы і засеў за ноутбук рэдагаваць. Па вялікім рахунку для чалавска кожная новая раніца – дзень нараджэння, і потым: што такое Geburtstag – усяго толькі дата нараджэння цела, якому далі імя. Але кожны чалавек, акрамя імені і цела, адчувае, што ёсць у ім нейкае безыменнае Я, якое непадуладнае часу.

 

– У адным са сваіх твораў вы напісалі, што ўзрост – гэта калі звычкі замяняюць шчасце. Цікава, якія словы знойдзеце для свайго цяперашняга стану? Як адчуваеце свае 54?

 

– Таксама, як некалі адчуваў свае пяць гадоў. Аднолькава востра пахне снег, увесну лісток бярозы такі ж клейкі, і, калі чуеш любімую музыку, тыя самыя мурашкі бегаюць па спіне. Змяняецца цела, а адчуванне сябе – можна назваць яго словам "душа" – не змяняецца, і адсюль выснова: калі цела зношваецца, а нешта пастаяннае застаецца, дык для нечага гэта ж дадзена? I, можа быць, наша цялеснае, зямное жыццё – усяго толькі першая серыя якогасць бясконцага серыяла?

 

I калі ў такім выпадку адбываецца кульмінацыя гэтай "экранізацыі"? Іншымі словами які ўзрост для пісьменніка – залаты?

 

– Прыкладна ад 35 да 50 гадоў.

 

Калі ўлічыць, што вам ужо трошкі за пяцьдзясят, то гучыць не вельмі аптымістычна...

 

– Затое ў сталасці ёсць адна вельмі істотная перавага – мала хлусіш. У маладосці, калі нешта не падабалася, дык, каб зрабіць субяседніку прыемнае, можна было схлусіць, сказаць, што падабаецца. А ў сталасці хлусіць – як багатаму красці: і сорамна, і няма патрэбы.

 

Ну, добра – сталасць, маладосць. А паміж імі? Хрэстаматыйны "крызіс сярэдняга веку"?

 

– Гэта абсалютны міф. Некалі даўно я прачытаў, што чалавек сумуе сама больш у дзяцінстве, а наймацнейшыя крызісы перажывае ў падлеткавасці.

 

У крызісы сямейнага жыцця таксама не верыце? Псіхолагі нават вызначаюць пэўныя тэрміны іх надыходу!

 

– Сямейнае жыццё, як і творчае, і працоўнае, і любое іншае, – толькі сегмент, частачка ўвогуле жыцця, і калі ў адным месцы нешта пайшло не так, дык, натуральна, адаб’ецца і на сямейным. Так не бывае, каб усё астатняе было цудоўна, а вось на сямейным фронце – крызіс. Па шчырасці, я не ведаю, што гэта такое.

 

Вы шчаслівы чалавек! Праўда, я часта вось пра што думаю: быць пісьменнікам, вядома, вялікі талент. Але быць жанчынай такога чалавека – вось дзе часам дар! У гэтым сэнсе вам пашчасціла?

 

– Гэта самы багаты, самы лепшы, самы прыгожы ганарар у маім жыцці.

 

Адчуванне прынукі

 

Андрэй Міхайлавіч, варункі цяпер такія, што ўмець сябе прасоўваць, быць навідавоку – так-сама частка прафесіі. Тым больш не зразумела ваша ўпартае нежаданне выходзіць са сваей "вежы". Вядома, што за зорамі у ёй назіраць нашмат утульней, але як жа знаёмствы, сувязі, кантакты?

 

– Вы пра маю адсутнасць на літтусоўках, выступленнях і прэзентацыях? Мне заўсёды здавалася, а цяпер і падаўна, што ёсць у тым, калі адзін доўга гаворыць, а іншыя нехаця слухаюць, нешта ненатуральнае, добраахвотна-прымусовае. Выступоўца і слухачы пастаўлены ў розныя ўмовы: тыя, каму не падабаецца (а такія, вядома, ёсць), вымушаны сядзець і слухаць, як прывязаныя да крэслаў, бо падняцца і пайсці няветліва... Так узнікае адчуванне прынукі. I чым большая аудыторыя, тым большае гэтае адчуванне...

 

Дапусцім, пераканалі. Але як быць з інтэрнэтам? Зараз жа так: калі цябе няма ў сацсетках, цябе няма нідзе...

 

– Тут яшчэ прасцей – прычына ў маёй ляноце. Даўно збіраюся завесці "Фэйсбук", зайздрошчу пісьменнікам, якія ім актыўна карыстаюцца, а ў самога ўсё не даходзяць рукі. Але, спадзяюся, дойдуць. Вось толькі ці застанецца пры цяперашнім імклівым развіцці гэтая самая пляцоўка? Каб не сталася так, што пакуль збяруся, "Фэйсбук" можа састарэць, як састарэў некалі ЖЖ. Падазраю, што ў хуткім часе нашы ўнукі могуць смяяцца з "Фэйсбука" як мы цяпер смяёмся з пэйджара.

 

А пісьменнік паспяховы і пісьменнік сапраўдны: сёння гэта сінонімы?

 

– Не. Першае прозвішча, якое прыходзіць у галаву, – Акунін. Паспяховы? Яшчэ які. Але пісьменнікам ён і сам сябе не называе.

 

Прыдумаць можна ўсё

 

Не магу ўтрымацца ад спакусы і не папрасіць дазволу зазірнуць у ваша творчае закуліссе. Ці не маглі б вы расказаць пра свае пісьменніцкія рытуалы?

 

– Я пішу план чарнільнай (дарэчы, чарніла пахне старой школай) або гелевай ручкай, накрэсліваю схему перамяшчэння герояў, падлічваю час – каб не атрымалася, што герой выходзіць з дому ў дзевяць раніцы, а праз паўгадзіны аказваецца за 25 кіламетраў, на палях абавязкова малюю – часта каляровымі алоўкамі – ілюстрацыі: дзе хто стаіць, дзе сядзіць, што вакол... Потым на ноутбуку набіраю "вал" – на кароткае апавяданне звычайна прыпадае старонак пяцьдзясят чарнавіка. Потым раздрукоўваю і ручкай выкрэсліваю лішняе – вось і ўсё.

 

Калі да немагчымага спрасціць сутнасць вашай прафесіі, яна можа выглядаць так: прыдумаць і ўвасобіць. З чым звычайна прасцей?

 

– З першым. Прыдумаць можна ўсё, рэалізаваць – лічаныя адзінкі.

 

А што рабіць, калі не пішацца?

 

– Не пісаць. Бо калі гэта рабіць цераз сілу, вельмі і вельмі потым пашкадуеш.

 

Адно ўдакладненне: прыдумаць сапраўды можна ўсё? Пытання "Пра што пісаць?" для вас увогуле не існуе?

 

– Мне дастаткова паглядзець у акно, у кнігу, у камп’ютар ці на крайні выпадак у сцяну насупраць, каб прыдумалася, пра што пісаць. Калі-небудзь нават шкада, што пасля мяне застанецца столькі нерэалізаваных сюжэтаў.

 

Але гэта пасля, а тут і зараз?

 

– Хачу напісаць стары добры класічны дэтэктыў. Аказваецца, гэта так цікава! Не разумею, чаму не напісаў яго раней.

 

Адной левай

 

Тое, што ствараецца на адным дыханні і, наадварот, у творчых пакутах, для вас у выніку аднолькава каштоўна?

 

– У маладосці спрабаваў пісаць хутка. Напрыклад, апавяданні "Падслуханая казка" ці "Пеля" пісаліся за лічаныя гадзіны і ўвогуле па заказе часопіса "Бярозка" (мне давалі тэму і прасілі заўтра прынесці апавяданне). Дзіўна, што яны засталіся. "Пеля" па сёння перакладаецца, не так даўно на польскую і на нямецкую, "Падслуханая казка" нават у школьнай праграме. Але гэта шчаслівыя выключэнні. Звычайна чым хутчэй напісана, тым больш сорамна потым за гэта. Доўга пісаўся "Шчарбаты талер" – два гады кожны дзень. У канцы другога года я зламаў правую руку, навучыўся пісаць левай. Потым, калі на выступленнях ці ў інтэрв’ю пыталі, як вам удалося напісаць такую рэч, без іроніі адказваў: адной левай.

 

У акцёраў ёсць такі прыём: каб адчуць, зразумець свайго персанажа, яны прыдумваюць гісторыю яго жыцця, што было "да" і "пасля" падзей у п’есе. А ці ведае аўтар, які лёс напаткае прыдуманых ім жа самім герояў?

 

– Я звычайна стараюся забыць і кнігу, і яе герояў, як толькі рукапіс патрапляе ў выдавецтва. Няма большай пакуты, чым вычытваць гранкі, здымаць рэдактарскія заўвагі, ужо не кажучы пра прэзентацыі, у чаканні якіх толькі адна думка: як людзі не разумеюць, што гэта хочацца забыць? Забыць і не згадваць мінімум гады два, пакуль не напішацца новая кніга...

 

Нескладаны крытэрый

 

У Набокава было сваё меркаванне наконт таго, калі гіне пісьменнік, а менавіта: "Калі яго пачынаюць займаць пытанні: у чым сэнс пісьменніцкай дзейнасці?" Але няўжо не павінны хваляваць тыя самыя "навошта" і "каму гэта патрэбна"?

 

– У ідэале – так, не павінны. Што да Набокава, гэта адзіны вядомы мне пісьменнік, які, прынамсі на словах, з непарушнай, здавалася б, трыяды "пісьменнік – выдавец – чытач" рашуча выключыў, ці, лепш сказаць па-сучаснаму, выдаліў менавіта апошняга. I што? Чытачы адвярнуліся ад яго? Няма для пісьменніка большай памылкі, чым падстройвацца пад "чытача" і дагаджаць яму.

 

I яшчэ адна вечная тэма: пісьменнік і дзяржава. У якой танальнасці яна сёння гучыць?

 

– У больш-менш нармальнай дзяржаве супрацьстаянне творцы і ўлады зводзіцца да аднаго: першы хоча ўсё большай і большай свабоды, другая ў меру сваіх сіл гэтую свабоду абмяжоўвае. Але наша дзяржава – унікум. Яна проста і мудра падзяліла творчых людзей на дзве часткі, каб не замарочвацца, хто ёсць хто, і махнула рукой і на тых, і на тых – жывіце як знаеце і пішыце што хочаце, а ў нас ёсць больш важныя "дзяржаўныя" справы, напрыклад, спорт, пасяўная, уборачная ці нешта там яшчэ.

 

Напэўна   ж,   памятаеце знакаміты анкедот пра Шаляпіна, калі яму рамізнік казаў: "Я разумею, барын, што спяваеце, а працуеце вы кім?" Знаёмая гісторыя?

 

– Асабіста я з літаратуры не жыў ніводнага дня. З іншага боку, я сябе ніколі і не лічыў прафесійным пісьменнікам, перадусім я – рэдактар. Перафразуючы класіка, рэдактура – мая законная жонка, а літаратура – капрызная, ненадзейная, легкадумная палюбоўніца.

 

Тады пытанне як да рэдактара: чаго не даруеце сваім калегам?

 

– На шостым дзясятку жыцця я цвёрда пераканаўся, што няма ў свеце нічога, чаго чалавеку нельга было б дараваць. Гэта тычыцца не толькі літаратуры.

 

Творца без двукосся

 

Музыкант бачыць сваю публіку, мастак на выставе таксама можа паназіраць за гледачом сваіх карцін, а пісьменнік? Якая ў вас зваротная сувязь з чытачом?

 

– Некалі я дзясяткамі атрымліваў – папяровыя! у канвертах! – пісьмы, не ведаў, як адбіцца ад запрашэнняў на розныя выступленні, адкрытыя ўрокі, практыкумы і семінары... Цяпер нічога гэтага няма. Парадокс у тым, што я так і не зразумеў, што лепей: актыўная зваротная сувязь ці адсутнасць яе.

 

А як жа пісьменніцкія амбіцыі!? Вядомасць, запатрабаванасць – вам гэта зусім не цікава?

 

– У мяне адна амбіцыя: нарэшце навучыцца пісаць так, каб я сам быў хоць крыху задаволены тым, што пішу.

 

Наіўнае, вельмі наіўнае пытанне, але ўсё ж такі: а навошта людзям чытаць?

 

– Гадоў дзесяць таму я ўпэўнена адказаў бы: чытаць – каб пазнаваць сябе і вакольны свет, чытаць, бо без чытання не тое што паспяховым у жыцці чалавекам не станеш, a і проста чалавекам... Цяпер шчыра скажу: не ведаю. Ведаю, чаму людзі пішуць, але навошта ім цяпер чытаць? – не ведаю...

 

Андрэй Міхайлавіч, якое яно пісьменніцкае шчасце?

 

– Калі героі ажываюць і пачынаюць рухаць дзеянне, паступова ствараюць тканіну твора, самі некуды ідуць і здзіўленага, радаснага аўтара вядуць за сабою. У такія хвіліны сапраўды адчуваеш сябе творцам (яшчэ адно цяпер паўзабытае слова) – з малой, праўда, літары, затое без двукосся.

 

Аліна СТРАШКЕВІЧ,

«Народная Воля» №10-02.02.2018г.

 

Оставить комментарий (0)
Система Orphus

Нас считают

Рейтинг@Mail.ru

Откуда вы

free counters
©2012-2018 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.