Яшчэ зялёны лёд не хрумснуў.
Яшчэ
   нецалаваных вуснаў
не апаліў
   гарачы хмель.
Яшчэ галінкаю вярбовай,
развёўшы фарбы снегіровай,
мароз малюе акварэль…

Генадзь ПАШКОЎ, 1980
Вы тут: Главная»Рубрики»Писатели»Поэзия»

Друкуецца ў "Полымі". Глеб Ганчароў. "У кнізе лёсаў". Вершы

10/07/2018 в 18:07 часопіс "Полымя" поэты

 

Ганчароў Глеб Уладзiмiравiч нарадзiўся 23 верасня 1965 года у горадзе Мiнску. Скончыў iнжынерна-фiзiчны факультэт Беларускага полiтэхнiчнага iнстытута (1988) i гаспадарча-прававы факультэт Беларускага iнстытута правазнаўства (1999). Аўтар рамана ў вершах «Каятан Чабор», паэм «Анёл Януш», «Цвет нiкацiяны», «Гiпербарэйская легенда», аповесцей, апавяданняў, вершаў, п’есы «Уваскрэсенне Лазара».

Уладальнік гран-пры літаратурнага конкурсу «Мінск – горад майго лёсу» выдавецтва «Чатыры чвэрці» (2017), першай прэміі Літаратурнага конкурсу «Скарынавай душой узлашчанае слова» Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання (2017).

 

***

 

У КНІЗЕ ЛЁСАЎ

(«Полымя» №6-2018)

 

***

 

…А што, калi Iсусы, Маiсеi

Ды iншая прароцкая гурма

Вялi сябе з людзьмi, як фарысеi,

Бо ведалi, што вечнасцi няма?

 

Што не сустрэць нiколi ўратавання:

Там – пустата i ледзяная твань! –

I хлусiлi з вар’яцтвам спачування,

Каб паства не ўвасобiлася ў здань?

 

Таму ў якiмсьцi насланнi змярцвелым,

У хiжасцi iмглы i скавышу,

Аж сорак дзён над апусцелым целам

Вымотвае i скручвае душу.

 

Яна, што абяссiлены падранак,

Iрвецца марна ў перажыты лёс!

Няўжо настолькi жудасны прыстанак

Наканаваны ёй замест нябёс?

 

Клён

 

На схiле сонца ў мёрзлым небе клён

Быў стрэты мной, што адзiноты плён.

Яго чарнiльны ствол у лубе споднiм

Стаяў, як свечка, на пагорку ўсходнiм.

Трывожылася лiсце ва ўнiсоне

Ў яго старэчай парадзелай кроне,

I покрывам з бурштынавай тафты

Драпiраваны быў адхон круты.

 

Маркоўны пук запозненых лiстоў

Пад свежым ветрам быў напагатоў

Удалеч з чаранкоў сухiх сарвацца,

I першы з iх маланкай пяцiпальцай

Ужо iмчаў наўскач да лепшай долi –

У выразным ды прасветлым арэоле.

 

А тыя, што часова засталiся

З галiнамi, працягнутымi ў высi,

Мне прыгадалi зменлiвыя сценi –

Бы подых меланхолii асенняй

На апусцелай, прыбранай зямлi.

Яны сядзелi сцiжмай на галлi

Ва ўзрушанасцi зменлiвых пачуццяў.

I я адчуў, як у кляновым луццi

Спыняецца паволi сок імклівы,

Прыцішвае вясновыя разлівы.

 

Той аблыселы шар лiстоў чаканных

Быў вiдарысам дзён доўгачаканых,

А клён, як перапоўнены фiял,

Іх па адным, шкадуючы, губляў,

I так перада мной яны луналi,

Нiбы малюнкi снежнай бiенале…

 

Урывак з апакалiпсiса

 

…Упала цемрадзь, i прыйшла журба,

I вад iголкай прадзіравіў скронi,

Калi ён да распаленага лба

Даткнуўся, як да вогнiшча, далонню,

I падзiвiўся ззянням уначы,

I зазiрнуў iмгле за аверс споднi:

Там небасхiл праменныя мячы

Расквечвалi, як полымя паходнi.

Ён скалануўся i сышоў слязой,

Бо ля свяцiл – янтарных, што пярэсна, –

Iх сем было… I кожнае лязо

Ў зямлю было нацэленым злавесна.

Вятрыска дзьмуў, шпурляючы пясок,

I голы шлях быў мёрзлым, быццам полаз,

I – ад няўцешнасцi на валасок –

Ён раптам з неба счуў паўсюдны голас

I сцiснуўся самотным дзiцянём.

Была бязлюднай цёмная дарога,

А голас пёк нябачным прамянём

I з коранем вымаў душу прарока.

I ў вуха, як у змятую трубу,

Цёк подых, прыпадоблены да гушчы,

Падказваючы вернаму рабу

Пасланне на навуку невiдушчым,

Пасланне на пакорлiвасць глухiм,

Што неслася з навiслага адгор’я…

I ўскрыкнуў Iаан, калi над iм

Няўмольнае застыла сямiзор’е,

Калi запелi трубы i калi

Пад вершнiкамi храпянулi конi,

I з неба наблiжаўся да зямлi

Бяскроўны жах у белым балахоне...

 

Мацi

 

…I калi павялi Яго, як абавязваў закон,

Кожны волас Яго аб’яўляючы па-за законам,

Ты, за сон палiчыўшы жахлiвы, ганебны палон,

Да астачы чакала, мо ён зберажэцца палону.

 

У сярэдзiне радаснай, прагнай, што воўк, мiтуснi,

Мiж натоўпу, якi вiнавацiў праклёнам шчаслiва,

Ты хацела сканаць, да гары скiраваўшы ступнi,

Дзе драпежнае мора гуло ад людскога наплыву.

 

Зазiраючы ў бельмы i поўныя слiнай раты,

Падзяляючы ў сэрцы пароўну любоў i пагарду

Двух аскепкаў эпохi, у сэрцы разрэзаным ты

Праз пакору адно не пасмела пакiнуць спагаду.

 

Нават там на вяршынi, калi Яго кат крыжаваў,

А абветраны воiн мiж рэбраў кап’ё Яму ўставiў,

Ты, схаваўшы ў грудзях апустошаных роспачны гвалт,

Разумела, што роднае – гэта цяпер супраць правiл.

 

Пад iржанне п’янчуг, што багата хапiлi вiна,

Скрозь натоўп разявак, што пацех зажадаў па-плебейску,

Ты маўклiва iшла, i расла адчужэння сцяна,

Бо ўзвалiў Яго кроў на сябе твой народ iудзейскi.

 

I, калi вар’явалiся ўсе, бы на ловах звяр’ё,

То маленнем такiм, што не снiлi i высi Сiная,

Выкупляла ад чорнага космасу сэрца тваё

Ўсiх, хто роў «Разапнi!», i твая мiласэрнасць святая!

 

***

 

Адгэтуль мне не страшны галалёд

Ды снегам прыхаваныя палонкi…

У кнiзе лёсаў – драны пераплёт,

Паточаныя шашалем старонкi.

 

I нашы душы безлiччу вятроў

Былi гурмой патопленыя ў моры

Старонак без дакладных нумароў,

У зломках недапiсаных гiсторый.

 

I хто зрабiў пасля дарэмны чын,

Злажыў сюжэт, напiсаны багамi?

Ён аркушы сабраў i спалучыў

Нязграбна, кепска, дагары нагамi.

 

Хто iх хапаў са спрытнасцю гульца,

Не гледзячы на сэнс апавядання,

Што лёсы без пачатку i канца

Паўсталi наўзамен наканавання?

 

Каму крычаць, прыкмецiўшы падлог,

На ўцеху разнастайным фаталiстам?..

Маё жыццё згубiла эпiлог

I маналог аб самым асабiстым.

 

Крыніца: «Созвучие»

Оставить комментарий (0)
Система Orphus

Нас считают

Рейтинг@Mail.ru

Откуда вы

free counters
©2012-2018 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.