Яшчэ зялёны лёд не хрумснуў.
Яшчэ
   нецалаваных вуснаў
не апаліў
   гарачы хмель.
Яшчэ галінкаю вярбовай,
развёўшы фарбы снегіровай,
мароз малюе акварэль…

Генадзь ПАШКОЎ, 1980
Вы тут: Главная»Рубрики»Писатели»Поэзия»

Лірыка кахання Міхася Башлакова

04/12/2014 в 16:12 Таццяна Выскварка поэты , Бел.

"музыка кахання", міхась башлакоў«МУЗЫКА НЯЗВАНАЯ»

Лірыка кахання

Міхась Башлакоў. — Гомель, БАРК, 2014

 

Анатацыя

 

Лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхася Башлакова, чыя кніга "Нетры" (мастак М. Барздыка) упершыню ў гісторыі беларускай літаратуры ўвайшла ў лік ста лепшых кніг свету (2005), чытачы ведаюць у асноўным як паэта грамадзянскага гучання. Лёс роднай мовы, народа, Айчыны, чарнобыльская трагедыя - тэматыка большасці ягоных твораў. I ў той жа час гэта перш за ўсё тонкі і пранізлівы лірык, эмацыянальны, шчыры, меладычны.

 

Новую кнігу паэта якраз і склалі лірычныя вершы, напісаныя ім у розныя гады і прысвечаныя самаму пяшчотнаму і дзівоснаму, таемнаму і запаветнаму пачуццю - каханню.

 

 

 

ПРАДМОВА

 

"HE ЗНІКАЙ З НЕБАСХІЛУ МАЙГО..."

 

Міхась Башлакоў найперш вядомы чытачу як паэт пранікнёнага грамадзянскага гучання, а яго паэзія няўхільна застаецца скарбніцай сумлення і лёсавызначальных пошукаў усяго беларускага народа. Але сярод скрываўленых, замоленых, пранізлівых радкоў мільгаціць ціхім і ўпэўненым святлом ясная зорка паэта, "шчымлівая, як песня, і найчароўная, як сон":

 

Не знікай з небасхілу майго,

Не знікай, мая ясная зорка.

Між самоты, хлусні і трывог

Без цябе адзінока і горка.

Не знікай з небасхілу майго...

 

Лірычны герой Міхася Башлакова сцінаецца ад непазбежнага ўнутранага болю, народжанага рэаліямі не заўжды квяціста-мройнага жыцця. Але глыбокае асэнсаванне штодзённай непрытульнасці, сіверу адорвае пільнасцю, мужнасцю, ачышчае, вызваляе ад прыгнёту зямных турбот і дазваляе ўбачыць сутнаснае, нязменнае, неўміручае - каханне зродненых сэрцаў.

 

Для паэта каханне становіцца ўвасабленнем адзінай святасці, да якой грэшны чалавек можа дакрануцца на ненадзейна-таропкай зямлі. Толькі ў імкненні растварыцца ў каханым, аддаць яму глыбіні свае, раздзяліць яго крыж, знітаваць сваё жыццё з ім адвеку і навекі - подступы да святасці:

 

На крыжы нашых горкіх дарог

Ты і грэшная, і святая.

Не знікай з небасхілу майго,

Не знікай, я цябе заклінаю...

На крыжы нашых горкіх дарог...

 

У паэзіі Міхася Башлакова каханне гаворыць сваей зашыфраванай мовай, якая куды больш суадносная з "музыкай дажджу", чым са спустошанымі чалавечымі словамі:

 

Нібы сон які

Мне сніцца.

Дождж шапоча

Закахана.

Вечар...

Лісце...

 

Цвет сунічны... У лірыцы паэта чалавек і прырода сустракаюцца ў пракаветным таемным суладцзі. I ў гэтай еднасці і нараджаецца гармонія.

 

Прырода лагодная да закаханых, яна расквечвае іх свет, смяецца і маркоціцца разам з імі.

 

Каханне, зліўшыся з прыродай, робіцца святыняй і блаславеннем.

 

Навальнічныя спевы, танец месяца, трымценне зор, залатакрылыя чмялі хутчэй не ачалавечваюцца, а "надчала-вечваюцца", паўстаюць над чалавекам у мудрай і спагадлівай велічы:

 

Які духмень... Уецца п 'янкі хмель,

Пяшчотна абдымае твае ногі.

I травы сцелюць мяккую пасцель,

Хоць пахне сенам свежым ля дарогі.

 

I раптам лёгкі ветрык прабяжыць.

Кране за грудзі, смагу твою вып'е.

I на паляне ляжа адпачыць

На спелых травах сам спякотны Ліпень...

 

Адкрыты, даверлівы лірычны герой Міхася Башлакова адчувае блізкасць, адданасць прыроды і прымае яе дарункі як непарушную частку свайго "я".

 

"Вясновая" лірыка кахання быццам акроплена чыстым дажджом, напоўнена "перасвістамі залівістых птушак", "веснім водарам", "вішнёвай завеяй", "кветкавым маем" і іскрыцца, зіхаціць, уся вытканая з жыццядайнага святла:

 

Жаўцеюць коцікі ля рэчкі...

Дыхнула дапьняю парой,

Калі у такі ж вясновы вечар

Ламалі коцікіз табой.

 

Сонечным настроем мільгаціць і лета - пара "дзяўчынкі з вядзерцам духмяных суніц", "лугавых рамонкаў", "маладой ліпы", "роўных пакосаў", "настою жнівеньскіх начэй":

 

Як ты ўся за гэта лета

Нечакана расцвіла.

У валасах тваіх, бы ў цветках,

Заблудзілася пчала...

 

Але хутка заблукае "у скошаных лугах, па выцвілых палетках" Восень, і ўздыме свае глыбокія вочы "заасененая" каханая:

 

Самотная, нібыта восень,

Што атавее на лугах,

Глядзела ўслед...

Як неба просінь,

Душу захмарвала туга.

 

Сум развітання, жаль няспраўджанасці завітваюць да лірычных герояў паэта ў знакавую для ўсёй творчасці Міхася Башлакова пару.

 

I вясна, і лета, і зіма нібыта толькі прыступкі да Восені. Няхай нараджаюцца, праменяцца і крышталяцца пачуцці, пакуль завітае яна, велічная ў сваёй шматаблічнасці: пара ўспамінаў і забыцця, золата і шэрасці, светлага суму і роспачы, сакральнай музыкі залатога лісця і заўчаснай знямеласці...

 

Восені найчасцей выпадала быць адзінай сведкай схаваных ад усіх імгненняў - самых таемных, трапяткіх, асуджаных на неўміручасць:

 

Помніш, як блукалі

У асенніх далях?

I крычала сойка

Ў соннай цішыні.

Мы яшчэ не зналі,

Мы з табой не зналі,

Што мінаюць нашы

Залатыя дні...

 

I нават зіма са сваім "раннім следам" і мяцеліцай не мае той улады над пачуццямі, якой валодае Восень. Зіма ў лірыцы Міхася Башлакова паўстае хуткаплыннай, імгненнай, часовым кароткім сном:

 

І няхай між сцягоў бясконцых

Шчэ надзеі няма на лета,

Усміхніся ласкавым сонцам,

Закружыся духмяным кветам.

 

У паэзіі Міхася Башлакова пераплятаюцца глыбока стоеныя перажыванні і ўзгадаваная народам фальклорная спеўнасць.

 

Мары - гэта крылы, якія Бог даў кожнай часова прыкутай да зямлі, але пакліканай у неба душы. У марах чалавек зведвае радасць палёту, веліч свабоды, спатольвае сваю адвечную прагу да ўзнёслага, дасканалага. Прывіды светлага шчасця ў лірыцы кахання Міхася Башлакова - гэта маленькае жыццё, вяртанне ў якое і дае сілы выжываць у жыцці вялікім і часам невыносна рэальным.

 

Свята мілосці, красы - які век наканаваны табе? Нярэдка прыходзіць яно, агністае, і ўмомант згарае, пакідаючы адвечны знак на апаленым сэрцы.

 

Каханне не ведае згубнай для кожнай жывой істоты нязрушнай повязі часу, напластавання гадоў, звыклай непазбежнай тленнасці. Наўрад ці яно прыкмячае, як сівеюць бласлаўлёныя ім:

 

І, быццам забыўшы пра нашы гады,

Шапчу, пасівелы, табе пра каханне.

І зноўку, здаецца, цвіце ля вады

Чаромхавы снег на вясновай поляне...

 

Каханыя паэта жывуць на зломе пачуццяў, і нават словы іх народжаныя на крык і на шэпт адначасова.

 

Унікальнасць інтымнай лірыкі Міхася Башлакова - ва ўсёпранікальнай, усеўладнай сутнасці кахання. Пачуццё недасягальнай для чалавечага розуму ўзнёсласці прыходзіць, каб узняць на такую ж вышыню ўсе астатнія адценні, зрухі жывой душы, каб дадзенае Богам сумленне, абуджанае каханнем, набыло новы голас.

 

Закаханыя - гэта птушкі, але зведаць слодыч палёту яны змогуць толькі трымаючы адно аднаго ў абдымках:

 

Дзе падзецца мне,

Птушцы параненай?

Я абвугліў крыло,

Абпаліў у агні...

Ты ж на беразе тым

Затуманеным.

Ты маўчыш,

Ты не спіш,

Ты чакаеш мяне.

Мы з табой –

Два крылы

Непадзельныя.

 

I ў гэтым зорным мігценні, у адчайным палёце зродненых крылаў нараджаюцца дзівосныя радкі Міхася Башлакова - беларускага лірыка, дыханнем якога была і будзе ціхая малітва:

 

Божа,

Пашлімне радок

Шчыры і светлы...

Таццяна Выскварка

Оставить комментарий (0)
Система Orphus

Нас считают

Откуда вы

free counters
©2012-2016 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.