В эту ночь старый Летун не спал. Ворочался с боку на бок, умащивался и так и этак – сон не шел. Рядом на полу храпел Игнат – старший сын. «Паскуда, хлебнул все ж таки чарку на ночь»...

Георгий МАРЧУК, «Крик на хуторе».
Вы тут: Главная»Рубрики»Литература»Разное»

Глыбокі шлях

11/07/2018 в 19:07 Алена Руцкая критики , память

 

Успаміны – гэта хада па слядах часу. I сляды гэтыя розныя: адны – яскравыя, выразныя, другія – цьмяныя, ледзь бачныя. I ўспаміны гэтыя не менш розныя. У кожнага свая афарбоўка, сваё гучанне, свая значнасць. А яшчэ ёсць успаміны-адтаемнаванні, якія даюць нам магчымасць убачыць перажытае ў нейкім новым выяўленні, з іншай глыбінёй і значнасцю. Успаміны- адтаемнаванні... Іх нямала, калі ўспамінаю Ігара Васільевіча Жука. Многае бачыцца, нібы было толькі ўчора. Вось і першая мая сустрэча з ім, здаецца, была зусім нядаўна, а не больш трох дзесяткаў гадоў назад. Знаёміў нас Аляксей Нічыпаравіч Карпюк, які на той час кіраваў абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў. Мы прыехалі са Слоніма, дзе я тады працавала настаўніцай, на чарговае пасяджэнне аддзялення – у домік Ажэшкі – першымі. Неўзабаве зайшоў Ігар Васільевіч. Карпюк пажартаваў: "Вітай, Ігар, – слонімскі пісьменніцкі дэсант (нас заўсёды прыязджала некалькі чалавек)". А нам – падроблена сур'ёзна: "Малады, але "беспашчадны" крытык, калі хто не ведае. Так што заводзьце сяброўства".

 

Ужо з першых літаратурных аглядаў, з якімі ён выступаў на сходах аддзялення, стала відаць, што перад намі кампетэнтны даследчык, творчая і ўражлівая натура, са сваім непаўторным, духоўна акрэсленым светабачаннем. Ён упэўнена выказваў свае думкі, меркаванні, пачуцці, бо найперш выяўляў іх самому сабе, вывяраючы праз інтуітыўнае і дакладнае, рэфлексійнае і лагічна аргументаванае. Уражвала, як без спеху, грунтоўна рэалізоўваў малады літаратуразнаўца закладзены ў ім самім патэнцыял. За некалькі гадоў (прыехаў на працу ва ўніверсітэт у 1982 годзе) Ігар Васільевіч набыў аўтарытэт удумлівага крытыка. Нават такі прызнаны, самабытны, "непрынукнуты" (паводле ацэнкі Уладзіміра Калесніка) празаік, як Карпюк, лічыўся з яго меркаваннямі. Помніцца, як я забегла з нейкай абласной настаўніцкай нарады ў наша аддзяленне і стала сведкай таго, як Аляксей Нічыпаравіч аддаў Ігару Васільевічу часопісны варыянт свайго рамана "Карані" і папрасіў выступіць на абмеркаванні, падкрэсліўшы, што ён "крытык учэпісты, незалежнага духу", а значыць ацэніць як ёсць. А той аджартаваўся: "Хто ж адмовіцца ад магчымасці падрэдзіць лаўровы вянок мэтра." На абмеркаванні ж яго выступленне, сапраўды, было адным з самых грунтоўных.

 

Ігар Васільевіч ЖУК (racyja.com)

 

У Ігара Васільевіча быў імунітэт ад модных павеваў і ад укаранелых догмаў. Ён беспамылкова размяжоўваў наватарства як духоўнае самавыяўленне, як мастацкі рух на аснове законаў высокай эстэтыкі ад прымітывізму, вычварэнства і самапіяршчыны. Запомнілася яго іранічна перабудаваная фраза: "Не збіраюся, задраўшы штаны, бегчы навыперадкі або ўслед за рознымі "ізмамі". Наватарства патрэбна, каб рэалізавацца, а не "засвяціцца". Быў перакананы, што любая нацыянальная культура не можа развівацца без апоры на традыцыі, бо траціцца глыбінная духоўная вартасць, але не адмаўляў і таго, што нешта старее і патрабуе карэктываў дзеля адкрыцця новых мажлівасцей, новага часу.

Было ў Ігара Васільевіча і асабістае стаўленне да аўтарытэтаў. Ён сам акрэсліваў гэты статус. Але і такое прызнанне не азначала, што з прызнанымі ўжо нельга не пагадзіцца або нават паспрачацца. Легендай у пісьменніцкім асяроддзі стаў выпадак з Іванам Чыгрынавым. Іван Гаўрылавіч ужо пасля выхаду раманаў "Плач перапёлкі" і "Апраўданне крыві" набыў вядомасць і аўтарытэт. Карпюк высока цаніў яго як празаіка, праўда, з роўнымі долямі гумару і сур’ёзу адзначаў, што высокія чыноўніцкія крэслы (дэпутат Вярхоўнага Савета БССР) прышчапілі яму "мэтраўскія замашкі", але "гонар быў па таленце". У той раз Чыгрынаў прыехаў у Гародню па запрашэнні Аляксея Нічыпаравіча. Пасля творчага пасяджэння вячэралі ў рэстаране. Чыгрынаў вёў размову з Ігарам Васільевічам, а таму яны і селі поруч. Гутарка ішла пра раман "Свае і чужыя", які на думку Ігара Васільевіча быў слабейшы за папярэднія. Гэта ён і даводзіў аўтару, дакладна ўзгадваючы эпізоды і персанажаў. Спачатку ўганараваны празаік паблажліва слухаў, вяла аспрэчваў, а пасля прыкметна стаў злавацца. Карпюк, які заўсёды пільна сачыў за сваёй непрадказальнай парафіяй, тут жа ўмяшаўся ў дыскусію. Малады крытык не збіраўся саступаць, а намерыўся прыхіліць на свой бок і Аляксея Нічыпаравіча. Карпюку ўрэшце рэшт удалося патушыць спрэчку, а Чыгрынаў не на жарт пакрыўдзіўся. Праўда, калі неўзабаве мы прыехалі на пісьменніцкі з'езд, Іван Гаўрылавіч першы падышоў да Жука, паціснуў руку, прызнаўшы, што крытык меў рацыю. Пасля ён не прамінаў адзначыць прынцыповасць і прафесіяналізм даследчыка.

 

Так, Ігар Васільевіч быў вольны ў сваіх поглядах і перакананнях. Можа, толькі зараз асэнсоўваеш (далёка не ўсе былі, як Чыгрынаў), якою цаною гэта ўсё сплочвалася. А яшчэ ў яго баў унікальны інтуітыўны тып мыслення, аналітычнае і падсвядомае адчуванне вартаснага, таленавітага і нават дар прадбачання. Як доказ узгадваецца наша знаёмства з Уладзімірам Бутрамеевым, які тады жыў у Слоніме, пісаў апавяданні і пачынаў друкавацца. Бутрамееў паказаў Ігару Васільевічу свае творы. Той адразу адчуў руку майстра, параіў выдаваць зборнік. Неўзабаве гэты зборнік і выйшаў пад назвай "Любіць і верыць" (1986) у выдавецтве "Маладая гвардыя". I Ігар Васільевіч адразу адгукнуўся на яго грунтоўнай рэцэнзіяй, упершыню яна была надрукавана ў Гродзенскай праўдзе" за 5 чэрвеня 1987 года, пад загалоўкам – "Застаецца галоўнае". Мне ж (у выглядзе газетнай выразкі) даў пачытаць яе сам Бутрамееў, сказаўшы: "Як бы падгледзеў мае сумненні і пошукі." Ігар Васільевіч пісаў, што аб кнізе "можна сказаць так: сустрэўся з разумным суразмоўцам, які многа ведае, і ад гэтага – нешматслоўны, нават скупаваты на словы. Але ёсць у гэтай скупаватай нешматслоўнасці свая элегантнасць, вытанчанасць. Я б назваў – вытанчанасць прастаты. У.Бутрамееў так і называў іх "простыя расказы". I ўжо пасля глыбокага аналізу, у заключных абзацах адзначыў: "Самае ж цікавае і неверагоднае палягае ў тым, што далейшае развіццё У.Бутрамеева ў знойдзеным эстэтычным ключы – у ключы "простых расказаў" – уявіць цяжка, бо і першая кніга засведчыла, што талент пісьменніка, яго ветаразуменне больш значныя і маштабныя. Рана ці позна змест прыдзе ў сутыкненне з формай, а патэнцыял драматычнага адчування свету непазбежна выкліча ў творчасці Бутрамеева і новыя жанры..." I сапраўды, сказанае спраўдзілася. Жанравая палітра творчасці Уладзіміра Бутрамеева на сённяшні дзень вельмі разнастайная.

 

Мне, каб Ігар Васільевіч сам не прызнаваўся, здавалася, што ў плане літаратурных ацэнак, ён увогуле не можа памыляцца. Ён, безумоўна, меў свой адметны крытычны почырк. Гэта вызначалі пэўныя суб'ектывістычныя якасці яго характару і літаратурна-эстэтычнага густу, але дамінавала шчырасць, няўтойванне сваіх думак і ацэнак, што дазваляла перамагчы эмоцыі, паразумецца, выбраць адзіна сэнсоўнае. Ён быў заўсёды адкрыты для дыялогу. У нас з ім дыялог ці хутчэй міралюбная дыскусія наконт значнасці майго прадмета – "Методыкі выкладання беларускай літаратуры" доўжылася амаль дзесяцігоддзе. Гэта Ігар Васільевіч кардынальна змяніў маё жыццё, запрасіўшы на працу ва ўніверсітэт, але неўзабаве прапанаваў распрацоўваць курс "Рыторыкі", бо, па яго словах, варта было займацца сур'ёзным прадметам. Не скажу, што мне ніколькі не было крыўдна. Проста адчуванне было не зусім адпаведнае гэтаму паняццю. Мы ўжо былі знаёмыя дзесяць гадоў. I я мела магчымасць упэўніцца, што ён ставіць тлустую кропку ў спрэчцы толькі тады, калі канчаткова вырашае гэта для сябе, а ў нашых дыялогах бачылася шматкроп'е. Але першы крок да прызнання методыкі быў зроблены толькі гадоў праз дзесяць, на Купалаўскіх чытаннях. На секцыі, якой кіравалі Ігар Васільевіч і Алесь Іванавіч Бельскі, я ваступала з паведамленнем пра новыя тэхналогіі ў выкладанні літаратуры. Калі закончыла гаворку пра Дальтан-тэхналогію, Ігар Васільевіч здзіўлена заявіў: "То і я ж так працую, па гэтай тэхналогіі." Бельскі пажартаваў, што можна не прызнаваць заслуг методыкі, але актыўна ёю карыстацца. Пасля гэтай канферэнцыі нашы дыскусіі сталі перарастаць у абмен меркаваннямі. Да методыкі Ігара Васільевіча ўрэшце прыхіліла яго ўласнае вызначэнне, што гэта "шлях і рух да прывіцця разумения хараства слова". Сам ён якраз умеў шчыра захапляцца хараством мастацкага слова, а напісанае ім адлюстроўвае талент крытыка і літаратуразнаўцы, прыцягвае ёмістасцю думак, філасофскай глыбінёй і грунтоўнасцю даследавання.

 

У Алеся Разанава ёсць азначэнне "глыбокі шлях" – гэта шлях не гарызантальны, глыбіню і з яе. Такім шляхам і ішоў Ігар Васільевіч у сваім творчым жыцці.

 

Алена РУЦКАЯ

(Крыніца)

Оставить комментарий (0)
Система Orphus

Нас считают

Рейтинг@Mail.ru

Откуда вы

free counters
©2012-2018 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.