Яшчэ зялёны лёд не хрумснуў.
Яшчэ
   нецалаваных вуснаў
не апаліў
   гарачы хмель.
Яшчэ галінкаю вярбовай,
развёўшы фарбы снегіровай,
мароз малюе акварэль…

Генадзь ПАШКОЎ, 1980
Вы тут: Главная»Рубрики»Литература»Разное»

Чытач "разбірае" сучасныя беларускія творы

15/04/2018 в 16:04 Алесь Новікаў беларуская літаратура

 

Прывітанне, шаноўныя суайчыннікі! Аднойчы я агледзеўся вакол сябе і прыйшоў да высновы, што сучасную беларускую літаратуру неабходна ратаваць. Справа ў тым, што сучасная моладзь, якая цікавіцца беларушчынай, не вельмі дасведчана ў сусветным культуралагічным кантэксце. І некаторыя мясцовыя літаратурныя з’явы прымае за выспы, калі на самой справе гэта кантыненты. Мне здаецца, што сучаснай беларускай літаратуры не хапае погляду чытача, які выразна адрозніваўся б ад погляду прафесійных літаратуразнаўцаў. Такім чынам, панове, я збіраюся, наколькі гэта будзе магчыма, зрабіць разбор сучасных беларускіх твораў не закранаючы сюжэтных падрабязнасцяў, каб шырэй высвятліць тыя неардынарныя з’явы ў нашай літаратуры, якія вартыя ўвагі. Мая любая прапанавала, каб я спачатку разгледзеў кнігі, якія я сам прачытаў апошнім часам. Аднак вы можаце ў асабістых паведамленнях папрасіць мяне разабраць тую ці іншую кнігу.

 

Такім высакародным учынкам заявіў пра сябе Ян Захмялеўскі ў фэйсбуку. Вось яго першы водгук.

 

«Ноч цмока». Валеры Гапееў (Valer Gapeev)

 

Пачынаючы чытаць гэту кніжку, я не чакаў ад яе шмат. Але аўтар мяне прыемна здзівіў. Перш за ўсё нетрадыцыйным поглядам на сучаснае беларускае мястэчка, якое ў гэтым творы бачыцца прывідам, які блукае па рэчаіснасці, часам знікае, а часам з’яўляецца на вочы кіраўнікоў вертыкалі. Па-другое, вельмі спадабаўся вобраз следчага, які нагадаў мне знакамітага польскага капітана, які «піў усё, акрамя какавы». А яшчэ прыемна ўразіла наяўнасць агульнай усходнеславянскай містычнасці, якую можна прасачыць ад «Масакры» да «Тараса Бульбы». Таксама зацікавіла пытанне, амаль філасоўскага кшталту, якое можна сфармуляваць наступным чынам: «Якое месца займае сучасная беларуская жанчына ў грамадстве, у якім пачварна злучаюцца панаванне састарэлых мужчын з жэстачайшым матрыярхатам».

 

Цалкам гаворка можа ісці пра тое, што прачытаць гэту кнігу будзе карысна і тынэйджару, і рамантычнай жанчыне бальзакаўскага ўзросту, бо «лязо не разрубіць хвалі».

 

Падобна на рэкламу кніг у нашых літаратурных выданнях, ці не праўда? Аднак гэта меркаванне чытача, які, па яго словах, не з’яўляецца пісьменнікам і ніколі ім не стане. Выдатна, што пра беларускую літаратуру адклікаюцца хоть так, таму што крытыкі маўчаць.
 

Цікавы водгук пра кнігу А.Бахарэвіча. Яго чытач аформіў у два заходы.

 

«Белая муха, забойца мужчын»

Альгерд Бахарэвіч

 

З часоў дзяцінства для мяне самымі пачварнымі і агіднымі казуркамі былі мухі. Таму назва кнігі А. Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын» выклікала ў мяне падвоеннае незадавальненне. Па-першае, забойства – гэта заўсёды грэх, а па-другое, муха – ёсць муха. І пачаў я чытаць гэты твор, і раптам зразумеў, што гэта гісторыя аб тым, што хацеў бы зрабіць мужчына, калі б ён быў жанчынай. Сучасныя амазонкі ў гэтым творы паказаны бязлітаснымі маньячкамі, кожная са сваім цяжкім бэкграундам. Але кожны са злачынцаў, калісьці ім і не быў. Увесь час у мяне было такое ўражанне, што на старонках гэтай кнігі я бачу метафарычны аповед пра ўласныя жаданні аўтара. Так гэта ці не, не мае значэння, бо феміністычныя творы заўсёды казачныя, асабліва калі на жаночы бок імкнецца стаць мужчына. Пры гэтым уся ажурнасць стылю і імклівая вязь падзей нівеліруюцца занадта бруднымі падрабязнасцямі, якія не працуюць на агульную мэту аўтара.

 

 

Дарэчы. Наконт Альгерда Бахарэвіча

 

Я вельмі ўдзячны тым людзям, якія адгукнуліся на маю просьбу прапаноўваць мне ў асабістых паведамленнях той ці іншы твор для разбору. Я імкнуся знаёміцца з усімі прапанаванымі творамі, але самі разумееце, гэта патрабуе часу. Аднак у любым выпадку, я ўжо посціў разборы прапанаваных мне для разгляду твораў і планую рабіць гэта ў будучыні, бо немагчыма ахапіць і адсачыць усе вартыя творы самастойна.

 

Пры чым тут Бахарэвіч?

 

Пры тым, што мэйнстрымавы твор «Сабакі Эўропы», артыкул пра які нават працяглы час «вісеў» на галоўнай старонцы tut.by, мяне папрасілі разглядзець больш разоў, чым усе астатнія прапанаваныя творы разам узятыя. 4 супраць 3. Мне хаваць няма чаго, я тут не для папулізму, таму і лічбы прыводжу сціплыя, але сапраўдныя.

 

Дык вось да Бахарэвіча. Пісьменніцтва – гэта добра. Але ж трэба і чытачоў паважаць. Спадар Бахарэвіч думае, што беларусы – не самы багаты народ у свеце, які лічыць кожную капейку, каб хапіла на хлеб, аддадуць адразу 39 р (лічба з сайту Логвінаў)? Ці што беларусы, якія працуюць на трох працах, каб пракарміць сям’ю, і ў якіх няма вольнага часу ад слова «зусім», будуць начамі чытаць гэта графаманства на 900 старонак? Нават мне, чалавеку «хвораму на беларускую літаратуру», проста шкада на гэта часу. А ёсць жа людзі, якія чытаюць не толькі «айчынных вытворцаў». І яны адкладуць у бок Грэгары Дэвіда Робертса, Ісігура Кадзуа ці Харукі Муракамі дзеля 900 (!!!) старонак Бахарэвіча?

 

Спадар Бахарэвіч, шануйце сваіх чытачоў. Гэта я Вам кажу, як звычайны чытач, які ніколі не быў пісьменнікам і ніколі ім не будзе.

 

А тым, хто прасіў мяне разабраць гэты твор, абяцаю, што рана ці позна, але я і да яго дабяруся.

 

Ян выступае ананімна. Пра яго толькі вядома, што скончыў БДУ, жанаты і жыве ў Мінску. Цікава, ці стане паспяховым яго пачынанне? Вядома, хацелася б не асцярожных агульных ацэнак, а больш разгорнутых водгукаў. Але ж чалавек мае сям’ю і гэта яго захапленне.

 

Алесь Новікаў

Оставить комментарий (0)
Система Orphus

Нас считают

Рейтинг@Mail.ru

Откуда вы

free counters
©2012-2018 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.