Нема выюць ваўкі
У "ЛіМе" № 24 ад 15 чэрвеня бягучага года надрукавана апавяданне Святланы Дзянісавай "Гаспадыня балотных ялін". Аўтар згаданага апавядання не так даўно ўзначаліла вядомы беларускі часопіс "Маладосць", і чытачы, зразумела, чакаюць ад яе публікацый нешта такое, што па-добраму здзівіла б, узрушыла, прымусіла задумацца над сэнсам жыцця і быцця, настроіла б на добры лад кожнага, у каго бываюць, здараюцца непаразуменні, чорныя дні і ад прачытанага гэты змрок рассеяўся б, знік. На вялікі жаль, галоўны рэдактар "Маладосці" у вялікіх неладах з беларускай мовай, сваёй публікацыяй яна сцвярджае, што сляпая і глухая да беларускага слова, да таго сэнсу, які яно нясе і што выражае. Таму яе апавяданне "Гаспадыня балотных ялін" акрамя расчаравання, шкадавання аб патрачаным часе дзеля яго прачытання нічога іншага выклікаць не можа. Застаецца толькі здзіўляцца, каму гэта прыйшло ў галаву пасадзіць у крэсла галоўнага рэдактара "Маладосці" чалавека, якому беларуская мова чужая, які не валодае словам, далёкі ад разумення таго, як, якім чынам можна напісаць мастацкую рэч? А яна ж павінна рэдагаваць іншых аўтараў, нечаму вучыць іх, падказваць, папраўляць. Няцяжка здагадацца, чаму навучыць такі гора-рэдактар... Канечне, гэтакім рэдактарам лёгка маніпуліраваць, загадваць яму рабіць тое, што трэба тым, хто падсадзіў С.Дзянісаву ў крэсла, якому яна не адпавядае ні ў якім разе сваімі дзелавымі якасцямі.
Каб не быць галаслоўным, звернемся да тэксту згаданага "твора". "Вецер выў над вухам немым воўкам" піша ў самым пачатку апавядання С.Дзянісава. Я ніколі не чуў немых ваўкоў. Немы воўк – гэта ўпершыню ў беларускай літаратуры, гэта "адкрыццё" С.Дзянісавай.
"... і вось цяпер кіруе павозкай, запрэжанай жвавым пярэстым конікам" піша далей аўтарка. Выходзіць, павозку запрагаў жвавы пярэсты конік. Запрагаюць, звычайна, каня ў калёсы або ў сані, плуг і г.д. Але ў галоўнага рэдактара "Маладосці" жвавы пярэсты конік запрагае павозку. Бязглуздзіца, бесталач дый годзе.
"Дзядзька Кандрат кінуў рукою ў бок будынка", "быццам недалягала ім чаго", "невялікімі акенцамі ў фіранках", "адкрыўшы да прагляду кожны свой зуб", "мужчынскай насоўкай", "смешна растапырваючы пальцы і робячы твар", "дзверы адчыніліся, з іх выбегла старая"... Гэта ўсё вытрымкі са згаданага "твора" С.Дзянісавай. Гэтакімі "перламі" ўсыпана апавяданне ад пачатку да канца.
Сюжэт апавядання надуманы, далёкі ад сапраўднага жыцця, дыялогі герояў штучныя, размова ў іх такая, што робіцца сорамна за аўтара і яе герояў-марыянетак, бо ў іх адносінах ніякага дастойнага ўвагі этыкету, нічога такога, над чым можна задумацца, што выклікала б нармальныя пачуцці. Сапраўды ад гэтакай "прозы" можна завыць воўкам.
Адно застаецца здзіўляцца таму, чаму рэдакцыя "ЛіМа" надрукавала гэтакае сырое, недасканалае ў мастацкіх адносінах апавяданне.
Заснавальнікамі "Маладосці" з'яўляюцца Міністэрства інфармацыі РБ і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Няўжо ім усё адно, што паважаны рэспубліканскі часопіс, на старонках якога былі апублікаваны творы вядомых таленавітых беларускіх пісьменнікаў, узначаліў чалавек выпадковы, некампетэнтны, далёкі ад разумення таго, што гэта такое - літаратурная творчасць?
Мікола Корч.