Сцвярджаюць гісторыкі і мовазнаўцы
Што паступова сціраюцца грані нацый
І, нібыта як перажытак,
            аджыць павінна абавязкова
Мова маці маёй – беларуская мова…
Што мне, як імя ўласнае, блізкая і знаёмая,
Што па жылах маіх цячэ
                      і сонным Сажом і Нёманам.

Рыгор БАРАДУЛІН
Вы тут: Главная»Рубрики»Литература»Гумар»

Нячысцікі падшуткавалі. Гісторыі пра Антона Бялевіча

29/08/2013 в 12:08 Васіль Шырко УЗДЗЕНЦЫ ЖАРТУЮЦЬ , писатели

Я ўжо гаварыў: сям"я Антона Пятровіча Бялевіча жыла на ганарары паэта. Жонка нідзе не працавала. Дзяцей трэба апранаць і карміць. Хочаш не хочаш, а будзеш ашчаджаць кожную капейку. І вось у выдавецтве "Мастацкая літаратура" убачыла свет чарговая кніга Бялевіча. Вершы, паэмы. Ганарар па тым часе не сённяшні, мізэрны, а цэлых тры тысячы важкіх савецкіх рублёў. Антон Пятровіч апрануўся ў святочны касцюм, на ўсякі выпадак пачапіў гальштук на рызіначцы, і, пакруціўшыся перад люстэркам, накіраваўся ў Дом друку, у той час ён размяшчаўся па Ленінскім праспекце, 77.

 

Ішоў і аглядваўся па баках, не дай Бог  сустрэць каго-небудзь са знаёмых пісьменнікаў. Сядуць на хвост. Не адчэпішся. Але гэта, мусіць, быў не дзень Антона Пятровіча.  Дарогу ля парка Чалюскінцаў перабег чорны кот, а каля Дома друку ступіў насустрач заўзяты аматар зялёнага змія паэт Сцяпан Гаўрусёў.

 

-- Добры нос чуе чарку за вярсту, - пажартаваў ён.

 

антон пятровіч бялевіч"Добра, што Гаўрусёў адзін, - падумаў Антон Пятровіч, - а не з кампаніяй. Давядзецца адшкадаваць сто грамаў камсы і пляшку партвейна". Але і тут не пашанцавала. Быццам з-пад зямлі перад паэтам выраслі Анатоль Астрэйка, аўтар "Нёмана" і "Прыгод дзеда Міхеда" і малады па гадах, а не па колькасці выпітых бутэлек, празаік Мікола Капыловіч. "Гэта ўжо, як не круці, перабор. Пранюхалі, гады, вунь як лісліва ўсміхаюцца, каб хвасты мелі, то вілялі б імі, як цюцькі", - падумаў Антон Пятровіч.

 

Даўно вядома: у каго грошы той и заказвае музыку.

 

-- Жди меня и я вернусь! – сказаў чамусьці па-расейску Бялевіч і патупаў на трэці паверх.

 

"Калі ў чарзе да акеца будзе больш трох чалавек, то трасцу-матары п"янтосы пажывяцца за мой кошт", - загадаў наш Антоні.

 

Чарга была даволі вялікай, але вядомага паэта-партызана прапусцілі наперад. Касір пералічыла грошы, хоць выдатна ведала Бялевіча, але на ўсякі выпадак (беражонага Бог беражэ, заглянула ў пашпарт. Той распісаўся ў ведамасці, паабяцаў прынесці шакаладку, і праз чорны ход падаўся на выхад, дзе яго ніхто не чакаў.

 

Азіраючыся па баках, рушыў да дзевятнаццатага магазіна. Купіў дзве пляшкі партвейну, кулёк камсы і падаўся ў парк Чалюскінцаў.

 

Настрой быў выдатны. Ашукаў хітравана Гаўрусёва, за кампанію Астрэйку і Капыловіча. А яшчэ жонку. Ганна забрала б усе грошы да капейчыны, не было б за што горла прамачыць.

 

У цяньку прысеў на адмысловую лаўку. Смачнае віно заядаў камсой, кідаючы галовы вераб"ям. Душа прасіла песні.

 

А я лягу-прылягу ля гасцінца старога,

Я здарожыўся трошкі, я хвілінку пасплю.

 

"І што гэта за песня?! - злаваў Антон Пятровіч. – За такія словы нелюбімага ім Ніла Гілевіча варта б розгамі высякчы. Гэта ж гімн гультаям, абібокам. "А я лягу-прылягу, - перадражніў ён, - каб ты, кнораз недарэзаны, лёг ды не ўстаў!" Вой як на сон цягне.

 

...Прачнуўся Антон Пятровіч ў трусах і майцы. Ні грошай, ні касцюма, толькі гальштук на рызіначцы зладзеі, быццам здзекваючыся, павесілі на сасновы сук, побач з лаўкай. А вось і міліцыянеры.

 

-- Я беларускі паэт Антон Бялевіч, - прахрыпеў наш герой, - мяне сам Пётр Міронавіч Машэраў ведае.

 

-- Не хвалюйцеся, і мы вас выдатна ведаем, - усміхнуўся старшы сяржант. – Вас паў-Мінска ведае. Вось зараз адвязём дадому.

 

-- Голы не паеду.

 

-- Апранём.

 

Беднага паэта завезлі ў райаддзел Першамайскага раёна, апранулі ў форму старшыны міліцыі, і павезлі дадому. Ля дзвярэй Бялевіч пазваніў. Жонка адчыніла дзверы і ледзь не самлела.

 

-- Аня, гэта я! – выдыхнуў паэт. – Нячысцікі падшуткавалі.

 

***

 

ПЛЯСТЫР

 

Падвяселены Антон Пятровіч Бялевіч вяртаўся дадому. Штосьці напяваў, размаўляў сам з сабою.

 

-- Чаму гэта ты, Антоне, сам з сабою гаворыш? – спытаў сусед па лесвічнай пляцоўцы.

 

-- З добрым чалавекам добра і пагаварыць, - не палез за словам у кішэню Бялевіч, - а з табой, нявось, і жонка не хоча размаўляць.

 

-- А чаму штаны парваны на мягкім месцы?

 

-- За цвік зачапіўся, - агрызнуўся Антон Пятровіч.

 

Было позна. І жонка, і дзеці спалі.

 

Пятровіч зайшоў у ванную, зняў штаны. Крутнуўся ля люстэрка. Праклятучы цвік не толькі парваў ткань, але і скуру падраў.  Каб спыніць кроў, паэт апрацаваў ранку ёдам і заляпіў плястырам. Ціха, на дыбачках, каб не пачула каханенькая-родненькая, асцярожна забраўся ў пасцель і праз хвіліну захроп.

 

Прачнуўся раніцай ад жончынага крыку.

 

-- Каб жа ты, мой гаспадарок стаяў на гары і сонца не бачыў, - галасіла Ганна, - каб ты апынуўся ў вадзе па горла і не мог напіцца. Што мне цяпер рабіцьме з простынямі? Усе ў крыві.

 

І сапраўды простыня і пададзеяльнік нагадвалі бел-чырвона-белы сцяг. Не хапала хіба што выявы пагоні.

 

-- Я ж заляпіў рану плястырам, - апраўдваўся муж. -- Сам не ведаю адкуль гэтая кроў і хоцькі-няходзькі падаўся ў ванную. О Божа праведны, першае, што ўбачыў – плястыр, прыклеены да люстэрка.

 

***

 

ТАВАРЫШ  ГЕНЕРАЛ

 

"Колькі жонцы не дай грошай, - разважаў Бялевіч, атрымаўшы сціплы ганарар за некалькі вершаў, - будзе мала. Ат, было не было, схаджу ў рэстаран".

 

У савецкіх рэстаранах цэны, зрэшты, як і на таксі, былі за бальшавікамі даволі сціплымі. Знайсці вольнае месца за столікам без блату амаль немагчыма. Але на гэты раз Бялевічу пашанцавала. За адным са столікаў сядзеў генерал і пацягваў каньяк.

 

-- Можна да вас прысуседзіцца? – спытаў Антон Пятровіч.

 

-- Калі ласка! – адказаў генерал. Яго чамусьці не здзівіла, што чалавек звярнуўся па-беларуску. Мову родных асін у адрозненні ад большасці сённяшніх ахвіцэраў генерал ведаў.

 

-- Калі вы не супраць, - прыязна ўсміхнуўся генерал, то пакуль прынясуць ваш заказ – паспрабуйце майго "Напалеона".

 

"Ого, - здзівіўся пра сябе Антон Пятровіч, - як у песні: "Как хорошо быть генералом, как хорошо быть генералом". "Напалеон" паэт піў двойчы ў жыцці: аднойчы ў Маскве на прыёме ў знакамітага Панамарэнкі, а другі раз дарагой вадкасцю  пачаставаў "багаценькі" Бураціна, Андрэй Макаёнак. Паэт ніколі не даваў ганьбы гарэлцы і нават не грэбаваў "чарнілам". Як тут дасі ганьбу "Напалеону"?

 

Выпілі, закусілі.

 

-- Давайце знаёміцца, - прапанаваў сусед, я – намеснік камандуючага ваеннай акругі генерал Сокалаў.

 

-- А я – генерал-маёр Бялевіч, -  ахвотна працягнуў руку Антон Пятровіч. Ён хацеў сказаць, што генерал ад паэзіі, але неяк выпала з галавы.

 

Сапраўдны генерал і ліпавы  прасядзелі ў тым рэстаране да яго закрыцця. Абмяняліся тэлефонамі. Сокалаў выклікаў машыну і адвёз цёзку-"генерала" дадому.

 

Спаў Антон Пятровіч, як пшаніцу прадаўшы. Прачнуўся ад тэлефоннага званка.

 

Трубку падняла жонка.

 

-- Гэта кватэра генерала Бялевіча? – прабасіў незнаёмы голас.

 

-- Колькі можна званіць, - закрычала Ганна. – Надакучылі вашы смеху...чкі. Якога, чорт вазьмі, енерала?

 

Калі тэлефон задрыжэў яшчэ раз, Антон Пятровіч з горам папалам дацягнуўся да трубкі.

 

-- Таварыш генерал, - раздаўся знаёмы голас, - скажыце домработніцы каб не кідала трубку.

 

-- Ганна, - закрычаў паэт, - калі будзе тэлефанаваць генерал Сокалаў і ты кінеш трубку – уволю, прэч выганю з хаты.

 

© Васіль Шырко

Оставить комментарий (0)
Система Orphus

Нас считают

Рейтинг@Mail.ru

Откуда вы

free counters
©2012-2019 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.