"Ибо в том, что я пишу и создаю сегодня и буду сотворять завтра, вижу незримую поддержку и улыбку моего страстного, непутевого, горячего в поступках и желаниях, страстях и бедах человеческих, моего незабвенного отца. Может, таким образом облегчу перед ним свою вину, и маленькая девочка с непослушными косами, заплетенными его добрыми руками, перестанет молчаливо заглядывать мне в самую душу".

Ирина ШАТЫРЁНОК, "Старый двор".
Вы тут: Главная»Рубрики»Литература»ЛіМаразм»

Лімаразм-105. Падмануць Бога

02/03/2016 в 13:03 Міхась ЮЖЫК, вядучы рубрыкі "Полымя" , поэты , поэзия , Бел.

Поэзия есть искусство, художество, изящная форма

истинных идей и верных (а не фальшивых) ощущений:

поэтому часто одно слово, одно неточное выражение

портит все поэтическое произведение,

разрушая целостность впечатления.

           

Виссарион Белинский

 

Вершаваная частка першага нумара сёлетняга часопіса “Полымя” распачынаецца падборкай твораў Віктара Шніпа, галоўнага рэдактара “Мастацкай літаратуры”. Падборка магутная, з 16-й па 21-ю старонку. Для параўнання: супрацоўніку Шніпа, вядучаму рэдактару “Мастацкай літаратуры” Дзмітрыю Пятровічу зусім нядаўна “Полымя” адшкадаваў роўна дзве старонкі, мінус плошча на фота і на біяграфічныя звесткі. З гэтага мы заключаем, што вядучага рэдактара славутага выдавецтва не цэняць, не захапляюцца ім, як паэтам, у той час як вершам галоўнага рэдактара заўсёды радыя.

 

Калі адрынуць намёкі і жарты, то вершы Віктара Шніпа сапраўды мацнейшыя за вершы Дзмітрыя Пятровіча, да таго ж у літаратуры Шніп даўно і мае пэўны аўтарытэт не толькі як буйны чыноўнік, але і паэт з імем.

 

І тым не менш. Зусім нядаўна скончылася публікацыя дзённікавых запісаў Віктара Шніпа (“Полымя”, №№6-7, 2015 г). А роўна ў тыя дні, калі на сайце запярэсціў першы сёлетні нумар “Полымя”, выходзіць у “ЛіМе” (№7) хвалебны, аж да захлёбу, артыкул штатнай штампавальніцы артыкулаў Алесі Лапіцкай пра… канешне ж, пра новую кнігу Віктара Шніпа “Першы папяровы снег”. Вось як заводзіць публіку бравая Лапіцкая:

 

“Адметнасць таленту Віктара Шніпа гэта ўменне напісаць пра сучаснасць і не збіцца на публіцыстыку, звярнуцца да гісторыі, але не трапіць у шэрагі летапісцаў. Зборнік «Першы папяровы снег» (2014) запрашае ва ўрачыста-велічнае, а часам па-восеньскі сумнае падарожжа ў мінулыя дзесяцігоддзі і нават стагоддзі”.

 

Гэта затраўка такая нам.

 

Далей уласна артыкул:

 

“У «Першым папяровым снезе» змешчаны выбраныя творы з папярэдніх зборнікаў паэта ад «Гронкі святла» (1983) да кнігі «Страла кахання, любові крыж» (2008). Першыя зборнікі багатыя на ўсмешкі ды сонца, свет паўстае радасным і прыгожым. Найлепшая ўкраса пейзажу гэта яркія колеры роднай прыроды вогнішча рабінніку, касачы ў агародчыках, стракатая сарока на дрэве... “

 

Во як распелася! Аднак прыпынім аднастайнае стракатанне крытыкесы і скажам пра істотнае. Ці не здаецца вам, спадары, што ў час усеагульнага эканамічнага крызісу і зусім кепскіх спраў у плане кнігавыдання для “проста літаратараў”, не зусім этычна выдаваць кнігу выбранага за дзяржаўны кошт? Тым больш што і проста зборнікі нашых паэтаў ніхто не чытае і тыражы “Мастацкай літаратуры” непамерна завышаны, і кнігі ляжаць непрыбраным  друзам на складах, або пыляцца ў вясковых заняпалых бібліятэках. І тым болей гэта непрыгожа, калі ты сам працуеш галоўным рэдактарам у памянёным выдавецтве. Напрыклад, Георгій Марчук, былы галоўны рэдактар “Мастацкай літаратуры”, і цяпер як быццам ганарыцца тым, што, будучы на гэтай пасадзе, не выдаў ніводнай сваёй кнігі. Ну гонар яму. Аднак і тут ёсць скрытая хітрасць – калі глянуць Вікіпедыю, то па бібліяграфіі Марчука бачна, што ў тыя гады ён шмат навыдаваў сваіх кніг у іншых дзяржаўных выдавецтвах, пасада давала зялёнае святло. (Гэта тычыцца і кнігі Шніпа “Папяровы снег”, якая выдалася-такі не ў “Мастацкай літаратуры”; тлумачэнні пры канцы артыкула.)

 

Не ведаю, як у вас, грамадства, а мне такія раскошы з “выбраным” няслаба нагадваюць баляванне пад час чумы, і малюецца карцінка знясіленых як шкілеты літаратараў, што поўзаюць, не ў змозе падняцца на ногі, перад рэдакцыйным ганкам, а тут, літаральна на першым паверсе, разнасцежыўшы вокны ў вясну, рэдактары сабраліся і застольнічаюць, і п’юць за здароўе (сваё), і пяюць-заліваюцца.

 

А цяпер зададзім сабе пытанне, што гэта яшчэ нагадвае? Ды непрыхаванае паханства, здаецца, калі важак паказвае сваю сілу. Або правілы ў статку прыматаў, адкуль, паводле вучоных, мы ўсе паходзім, калі самы мацёры самец апускае прынародна маладзейшых самцоў.

 

Ну ніяк не чалавечыя гэты правілы. І галоўнае, хто апявае такое ў крытычных артыкулах, – маладзенькая Лапіцкая, за капеечную зарплату, нават не за ганарар, і не за будучыя кнігі свае, якія галоўны рэдактар, канешне ж, ёй выдаваць не будзе ніколі. Во як вышкалілі паству сваю!

 

А калі па-чалавечы, то ўсе гэтыя паханскія дзеянні выглядаюць як карыкатура на людзей, гэты працэс дасціпна абсмяяў Бялінскі ў сваіх пранізлівых артыкулах, калі наглядна паказаў яшчэ жывых літаратараў, якія ўспыхвалі пры маладым Пушкіну, але на якіх за якія 20 гадоў цалкам забыліся, не чытаюць. Тады таксама былі ўласныя газеты, часопісы, дзе аўтары-гаспадары самі сябе друкавалі ды наймалі чаляднікаў апяваць сябе. Усіх сцерла гісторыя. Нават лепшыя з іх – Языкаў, Сумарокаў са сваім прыжыццёвым зборам твораў. Хто іх чытае цяпер? Дый ужо пры жыцці саміх аўтараў не чыталі.

 

Няўжо мы Бога падмануць хочам? Ды чаго далёка хадзіць – амаль усіх савецкіх класікаў на пачатку трэцяга тысячагоддзя немагчыма стала чытаць, і амаль не чытае ніхто, акрамя знаўцаў, якія даследуюць гісторыю літаратуры. Літаральна на маіх вачах памерклі ўсе, за якіх дваццаць гадоў. Састарэлі ды змізарнелі. І не выратавалі званні ды прэміі савецкія, ды пасады. Што гэта значыць, спадары? А роўна тое, што паспяшаліся некаторыя з вызначэннем класікаў беларускай літаратуры, і будуць тыя адно прадметам гісторыі, але ніяк не чытання. Місія іх была літаратурную мову ствараць, але ніяк не шэдэўры літаратуры.

 

Для ўразумення гэтага не шкодна пастаянна перачытваць Бялінскага, чалавека з неверагодным эстэтычным чуццём, які за сваё кароткае жыццё – што нагадвала літаральна апостальскае служэнне – напісаў праграму развіцця наймацнейшай у свеце літаратуры на стагоддзі. Удумайцеся – за паўгода да смерці Лермантава, ён пісаў, што вельмі хутка той стане народным паэтам! Не гаварыў у кулуарах, а менавіта пісаў са ўсёй адказнасцю. Гэта да 26-гадовага хлопца ён дастасоўваў такое званне. Не, не нашае затхлае кабінетнае званне, а любоў народную прадказваў крытык. Дык вось спадары: калі неўтаймоўны Бялінскі расхвальвае кніжку паэта, і калі штатны крытык без свайго твару – розніца каласальная.

 

Так што зусім не слабаму паэту Віктару Шніпу такая частата выданняў, і пахвала запісных крытыкаў адно шкодзіць. Тым болей што Шніп, наколькі я ведаю, чалавек даволі ціхі, сціплы і ніколі на пахвалу не напрошваецца. А, ну каб і зусім было зразумела – ён мне нічога кепскага не рабіў, і рукапісаў у “Мастацкай літаратуры” маіх не адпрэчваў. Я іх проста туды не нашу, лічачы для сябе амаральным удзельнічаць у нашай гульні ў літаратуру, калі з табой за картачны стол садзяцца дужацца чыноўнікі з заведама краплёнай калодай ды некалькімі тузамі ў рукавах.

 

А цяпер коратка пра ўласна паэзію Віктара Шніпа ды пра вершы, змешчаныя ў “Полымі”.

 

Хай жа з ваўком яны вып’юць там разам  За Беларусь прад халоднай зімой…

Хай жа з ваўком яны вып’юць там разам

За Беларусь прад халоднай зімой…

(Кадр из фильма «Дикая охота короля Стаха»)

 

Уладзіміру КАРАТКЕВІЧУ

 

Поўня пячаткай Вялікага Княства

Па-над маёю асенняй зямлёй.

Дым у лагчыне  там курыцца «Астра»

Шэрым ваўком прад халоднай зімой.

З ім Караткевіч ля вогнішча з півам,

Што наварыў яму заяц стары.

Добра ім сёння, таму я шчаслівы.

Воўк журавін назбіраў тры вядры

Для Караткевіча, што прыйшоў з княства,

Дзе ён цяпер несамотна жыве,

Курыць з князямі савецкую «Астру»,

Моліцца з імі ў паднебнай царкве.

Я назіраю здалёк і нясмела.

Босым іду па траве да агню.

Птушка над мною стралой праляцела

І напалохала мне цішыню.

Далей і я не пайшоў, хай хоць часам

Будзе ў паэта святочны настрой.

Хай жа з ваўком яны вып’юць там разам

За Беларусь прад халоднай зімой…

 

Асноўнай якасцю творчасці Шніпа з’яўляецца любоў да Беларусі. І разам з тым – адпрэчванне ўсіх расійскіх і савецкіх каштоўнасцяў. Гэта любоў да нейкай Беларусі. Да Беларусі віртуальнай, якой у прыродзе не існуе. Бо ўсе мы – чаго там крыўляцца – выйшлі з СССР, раслі пад дамінантнымі каштоўнасцямі рускай культуры. А каштоўнасці беларускія ў нас былі – лес ды хата, старадаўні вясковы побыт і мова. Праз беднасць уласна беларускіх каштоўнасцяў мы пачынаем выдумляць сваю сівую даўніну з гераічнымі дзеямі ды асобамі. Аднак і тут укліньваецца ўсюдыісная Расія і крычыць, што гэтая сівая даўніна такая ж наша, як і яе. І чорт тут галаву зломіць, у той гісторыі.

 

Мы ж абапіраемся на рэальнасць – што разам са Шніпам жывём у сталіцы, дзе слова беларускага не пачуеш. Так, можна стварыць маласвет у рамках сям’і, можна гутарыць па-беларуску ў рэдакцыі сярод аднадумцаў. Аднак як быць з тым, што да працы мы дабіраемся на аўтобусе? Або з тым, што ўся сацыяльная інфраструктура абслугоўвае нас па-руску. Або з тым, што раз-пораз трэба і тэлевізар уключаць, дзе 300 каналаў гарлаюць на «ненавіснай» нам рускай мове.

 

Дык давайце ж адштурхоўвацца ад рэальнай Беларусі, а не ад той, што адно ў галаве.

 

Віктар жа Шніп апелюе ў сваёй творчасці выключна да нацыянальных каштоўнасцяў, да імёнаў нацыянальных патрыётаў і пісьменнікаў, таго ж Караткевіча, якому прысвяціў першы верш падборкі. Добра. Але ж і Караткевіч – што ты будзеш рабіць! – жыў у такой жа хрушчоўцы, як і ўсе нармальныя савецкія людзі, хадзіў па горадзе, дзе слова беларускага зусім не гучала, і гэтая велічная Беларусь была адно ў яго галаве. А лячыўся і абслугоўваўся Караткевіч у рускіх, так сказаць, установах. То бок і ідалы, да якіх апелюе Шніп, таксама плоць ад плоці ну мінімум на палову савецкія, а Беларусь іхняя – летуценная. А значыць, заведама падманваем чытача фальшывымі каштоўнасцямі, адштурхоўваем у выніку яго ад сябе, або ствараем прэцэдэнт сектанцкага мыслення, зацягваем у свае цянёты яшчэ пакуль здаровых людзей. Адрыў ад рэальнасці заўсёды прыводзіў паэтаў да забыцця іх Гісторыяй. Чытайце зноў жа Вісарыёна Бялінскага.

 

Аднак адыходзім ад сентэнцый і звяртаемся да ўступнага верша.

 

Вылучанае мной тлустым – “асенні”, варта разабрацца і спыніцца ўсё ж на адным – “восеньскі” ці “асенні”, аднак менавіта апошні варыянт цягне больш на русізм.

 

Савецкая “Астра” курыцца “шэрым ваўком”. Як такое ўявіць? Ну ладна, уявілі. Тады як гэты воўк (дым) можа назбіраць “тры вядры журавін”? Зусім нестыкоўка.

 

Слова “што” ў сярэдзіне радка не дадае паэтычнага строю вершу, тым болей што ў наступным слове літара “ш” узмацняе шапялявасць.

 

Потым тое, што Караткевіч “курыць з князямі савецкую “Астру”, іначай, як сцёбам з усёй нацыянальнай ідэі, не назавеш. А значыць, паэт разумее хадульную штучнасць сваіх ідэалаў.

 

“Птушка над мною” – кепска. Парушэнне граматыкі, дзірка ў фанетычным строі.

 

Слова “далей” стаіць з няправільным ціскам, гэтак паэты ўводзяць у зман грамаду.

 

Ну і выпіць з дымным ваўком “за Беларусь” пры канцы верша – усё адно як плюнуць любай краіне ў вочы.

 

І крыўдна тут тое, што Віктар Шніп ад прыроды лірык, бачыць свет менавіта ў паэтычных вобразах. Ну мала ён як быццам прыстасаваны да чыноўнай высокай пасады. Адсюль раздвоенасць асобы, што не можа не шкодзіць творчасці, бо служэнне музам мітусні ўсялякай не церпіць. Аднак такая наша рэчаіснасць – трэба карміць сям’ю, а значыць, цярпець вакол сябе на працы розную гніль жыцця, дагаджаць чыноўнікам, якія называюць сябе “паэтамі” і лезуць у класікі, самі будучы ад таго ж Шніпа значна ніжэйшыя па таленце. А разам з тым – жыццё вымушае і адпрэчваць таленавітае, зноў жа каб дагадзіць Сістэме. Жыць па паханскіх правілах, якія гідкія тонкай душы паэта. Адсюль – пакуты. Адсюль – уразуменне, што цябе не будуць чытаць роўна пасля страты пасады, дый ужо не чытаюць амаль, а фаліянты ціхамірна згінуць у нетрах Літаратуры.

 

Я зусім не жартую, калі называю Віктара Шніпа лірыкам. І не ўсе каштоўнасці, да якіх гэтая лірыка звяртаецца, з пальца высмактаныя. Напрыклад, існуе непадробная любоў да бацькоў, жонкі, дзяцей, да роднай прыроды і кутка, дзе ты нарадзіўся і пачуў, і жыў, і гаварыў натуральна на сваёй мове. Вось зерне, з якога ўзышло ўсё лепшае ў паэзіі Шніпа, які валодае талентам (нягледзячы на мнагаслоўнасць) пісаць элегантна, прыгожа, ствараць цікавыя вобразы.

 

Віктар Шніп змагаецца з мнагаслоўем, як можа, намагаючыся рабіць верш як мага карацейшым. Аднак піша ён усё роўна шмат. І амаль усё выдае, “абкатаўшы” папярэдне ў часопісах. А гэта міжволі выклікае пры агульнай сітуацыі нядобрыя пачуцці ў літаратараў. Аднак, што рабіць, калі муза заклікае схавацца ад гэтай подлай і недасканалай рэчаіснасці ў віртуальную, выдуманую галавой і сэрцам Беларусь, і там падсілкавацца прыгожым. Ну шмат пішацца ў Шніпа вершаў, яны лезуць на свет, не пытаючыся. І спробы перавесці творчы імпэт у прозу не надта дапамагаюць паэту – не на сваім ён там месцы, не прыносіць гэта патолі, роўнай з рыфмаваннем ды адшуканнем гармоній. А нарадзіўшыся, верш патрабуе жыцця. І шкада яго забіваць. Адсюль і шмат кніг. Не са зла, спадары, а проста жыццё так уладкавана. Кожны стаіць на сваім месцы – і невядома, як бы мы паступалі на пасадзе галоўнага рэдактара, а значыць, размеркавальніка дабротаў паміж пісьменнікамі (якія, зрэшты, дабротамі не з’яўляюцца, бо ад колькасці публікацый слава не расце, дзіўны закон!)

 

А Віктар Шніп, між тым, валодае добрымі чалавечымі якасцямі. Пра гэта можна меркаваць і праз яго дзённікавыя запісы ў Інтэрнэце, і праз той факт, што ён павыдаваў шмат падапечных Людмілы Рублеўскай (яго жонкі), якая чыста на дабрачыннай аснове доўгія гады кіруе літаратурнай студыяй. Павыдаваў у серыі “Дэбют” кніжкі маладых паэтаў. Што мог, тое зрабіў. Даў ім першую прыступку, штуршок. Зрэшты, ці то талент у паэтаў аказаўся нязначны, ці то умовы для выжывання ў літаратуры аказаліся невыноснымі, – аднак па факце яны, бадай, навечна засталіся перспектыўнымі пачаткоўцамі. І гэта таксама суровыя правілы літаратуры, дзе выжывае мацнейшы талентам. Найперш талентам, а ўжо потым прабіўнымі і камунікацыйнымі здольнасцямі, якія часовыя і на Судзе Гісторыі зусім не памочнікі.

 

Напрыканцы неабходнае ўдакладненне: паглядзеў у Інтэрнэце – “Першы папяровы снег” Віктара Шніпа выдадзены ўсё ж не ў “Мастацкай літаратуры”, а ў выдавецтве “Чатыры чвэрці”, у “Бібліятэцы Саюза Пісьменнікаў Беларусі”. У 2014 годзе.

 

Але гэта нічога не мяняе па сутнасці, бо выдала кнігу Сістэма, і кніга гэтая выбранага, напрыклад, не паэта Івана Іванова які, напрыклад, па таленце ніяк не слабейшы за Шніпа як пісьменнік, і сябар ён СПБ, і таксама мае выбранае за 30 гадоў.

 

Такія выдавецтвы выкарыстоўвае СПБ менавіта для таго, каб хаваць канцы – каб не рэзала вочы, не нервавала грамаду выданне за выданнем у “Мастацкай літаратуры” адных і тых жа дзяржаўных рэдактараў.

 

І наастатак хочацца пажадаць “ЛіМу” ўзнавіць старую традыцыю – указваць перад артыкулам агляданай кнігі выдавецтва і год, каб не правакаваць блытаніну.

 

Міхась Южык

Оставить комментарий (1)
Система Orphus

Нас считают

Рейтинг@Mail.ru

Откуда вы

free counters
©2012-2018 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.