Яшчэ зялёны лёд не хрумснуў.
Яшчэ
   нецалаваных вуснаў
не апаліў
   гарачы хмель.
Яшчэ галінкаю вярбовай,
развёўшы фарбы снегіровай,
мароз малюе акварэль…

Генадзь ПАШКОЎ, 1980
Вы тут: Главная»Рубрики»Литература»Отзывы»

Сэрца маё пакарыла Раіса…

09/09/2019 в 15:09 Алесь Новікаў критика

 

Марнасць жыцця зацягвае, і я не заўсёды заўважаю прыгожае. Часам яго не даюць заўважыць. Перашкаджаюць устаноўкі. Неяк хацеў звярнуцца да творчасці паэткі Раісы Баравіковай, але мне, з веданнем справы, адзін з яе калег сказаў прыкладна наступнае: ды што яна там напісала?.. Мой парыў так і не рэалізаваўся.

 

Не памятаю ўжо, з якой нагоды не так даўно я набраў у пашукавіку «Баравікова вершы». Віктар Шніп неяк сказаў прыкладна наступнае: калі б Інтэрнэту не было, яго варта было прыдумаць. Цяжка ўявіць вынаходніцтва за ўсё тысячагоддзя, параўнальнае з Сеткай. І вось я знаходжу выдатны сайт «Родныя вобразы» (на жаль, з 2015 года ён не актыўны), дзе сабраны творы многіх беларускіх празаікаў і паэтаў. Мяне здзівіў аб’ём паэзіі Раісы Баравіковай, прадстаўленай на гэтым сайце: больш за дзвесце вершаў, якія размешчаны па алфавіце і асобна ў зборніках.

 

Вядома, я разгубіўся. Прыйшла на розум самая простая методыка – чытаць з пачатку. Па алфавіце гэта было «А за вёскай дымяцца снягі!». Адразу ўспомніў мноства аднатыпных вершаў пра вёску Міхася Пазнякова, і з некаторай прадузятасцю прыступіў да чытання. Менавіта тут нешта здрыганулася ў сэрцы. Я стаў нейкім сентыментальным. Дзіўна.

 

Раіса Баравікова (фота з сайта euroradio.fm, 2012г.)

 

Не ведаю, калі напісаны верш. Ён з першай кнігі паэткі «Рамонкавы бераг» (1974). Аўтару зборніка тады было дваццаць сем гадоў.

 

А за вёскай дымяцца снягі!
Завіруха бусліхай клёкае
I вядзе прадчуванне тугі
У дзяцінства мае далёкае!
Заміраю! I зноў, як раней,
Уяўляю хаціну нізкую,
Вельмі смачны з капустай алей,
Ўся сям’я – над адною міскаю.
 
А за вёскай дымяцца снягі,
На лістку каляндарным – люты
Без радні, з прадчуваннем тугі,
Я жыву, нібы восеньскі люцік!

 

Як шмат сказана ў кароткім вершы, простым на першы погляд. Але перад вачыма цэлая пасляваенная эпоха. Яна выказана ў трох радках:

 

…Уяўляю хаціну нізкую,
Вельмі смачны з капустай алей,
Ўся сям’я – над адною міскаю.

 

Маладому пакаленню гэта не зразумець, не адчуць.

 

Другі верш «А на душы і светла, і шчымліва» гэтак жа ускалыхнуў забытыя эмоцыі. Стала зразумела: перада мною творы таленавітай паэткі, што з’яўляецца рэдкасцю для жанчын. Пацвярджэннем таму ўсяго два аўтары, якіх найбольш часта ўспамінаюць у расійскай паэзіі за ўсю яе гісторыю – Марына Цвятаева і Ганна Ахматава.

 

А на душы і светла, і шчымліва.
Разгубленасць спакоем наталю.
І ціхае скажу табе: «Шчасліва!»
За тое, што цябе не палюблю.
 
За свой спакой, за ветлівасць пагляду,
за той агонь, што сэрца не апёк,
i буду ўдзячна, можа, нават рада
твой профіль тонкі прасачыць здалёк.

 

Паглядзіце, наколькі рэльефна апісана падзея. Ужо растанне. З гэтай нагоды сказана некалькі слоў, але як выразна адчуваюцца адносіны, каханне, якое не адбылося. Тут прыкметны ўвесь такт гераіні, яе вытрымка, калі хочаце – прыстойнасць. Гэты верш, як і многія іншыя, хутчэй за ўсё, аўтабіяграфічны.

 

Варта адзначыць: хоць у гераіні і шчыміць на душы, але яна цалкам валодае сабой і нават, як сапраўдная жанчына, некалькі какетнічае. Гэта відаць у апошніх двух радках верша.

 

Захапіўшыся, я працягнуў чытанне. Зразумеў, што трэба будзе шмат прачытаць, паколькі адчуванне таго, што падобнага ў творчасці нашых паэтак я не сустракаў, не пакідала мяне. Гарманічнасць паэзіі Р.Баравіковай, яе дасканаласць не пакінулі мяне абыякавым. Раіса Андрэеўна раптам пранікла сваёю лірыкай ў маё пакуль яшчэ адкрытае для людзей сэрца.

 

Хочацца многае расказаць пра вершы, з якімі я азнаёміўся. Але гэта зойме нямала часу. Спынюся коратка толькі на некаторых.

 

«Той ганак». Можна сказаць – гэта вытокі паэзіі Баравіковай. Хутчэй за ўсё, гаворка пра родны дом у в.Пешкі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе нарадзілася будучая паэтка.

 

Адтуль у сукенцы баціставай

па модзе вясковых майстрых

пайшла я дарогай імглістаю,

стрымаўшы расстання уздых.

 

 

Мне мара хусцінкай махала,

а песні нашэптваў аер,

я шчасьце сваё майстравала

алоўкам на стосе папер.

 

Мала кто ведае, зараз, што такое «баціставая хустка». Вельмі шкада.

 

Дастаткова пранікнёныя і трывожныя два вершы пра зіму: «Зімовы эцюд» і "Не давайце мне думаць пра лета». З першага:

 

Зіма мінаецца, чаму ж

на сэрцы боязна-трывожна,

па белым снезе асцярожна

бяжыш ад холаду і сцюж?

 

 

Зірні ў акно і схамяніся,

капрызна просіць: «Пасміхніся!»

Там сына тоненькі слядок.

 

У другім больш вызначана:

 

Не давайце мне думаць пра лета,

затрымайце гадзінніка ход!

 

Што ж гэта такое? Не хочацца сыходзіць з зімы... На снезе бачны сына слядок.

 

Вось яшчэ адзін верш, прывяду яго цалкам:

 

Я бялізну мыла, потым паласкала,
з ветрам размаўляла:
– Ой, ляці, мой ветрык, можа, ўбачыш сына,
дык скажы: сняданак год каторы стыне...
 
Я бялізну мыла, потым паласкала,
слёзаньку пускала.
– Ой, каціся, слёзка, па густой травіцы,
можа, недзе сын мой прыпадзе напіцца?..
 
Я бялізну мыла, потым паласкала,
долю ушчувала.
– Ой, каціся, рэха, па зялёным гаю,
мо пачуе сын мой, як яго гукаю?..

 

Гераіня страціла сына. Гэта трагедыя для маці, і яна ўвесь час перажывае яе. Вось чаму не хочацца, каб сканчалася зіма – маленькі сын бегаў па снезе і цешыў сваю маці.

 

Наколькі ж моцна з дапамогай паэтычных інструментаў перададзеныя пачуцці і адчуванні гераіні. Немагчыма без хвалявання чытаць гэтыя радкі.

 

«Такое кароткае лета» – сумны верш. Ды і не бывае іх іншых, калі разбураецца каханне, хоць і ёсць пробліскі надзеі на будучыню. Верш надрукаваны ў 1981 годзе, паэтке ўсяго трыццаць чатыры гады. І вось што яна піша пра сябе (ох ужо гэтыя жанчыны!):

 

Я надта многа не прашу!
Цяпер ужо не так i проста
прыняць бяз роздуму ў душу
патрэбы сталага узросту.

 

Рэдка сустракаў я такую стройную жаночую паэзію, якую ўяўляе Баравікова. Версіфікацыя проста бездакорная: што рыфма, што рытм. Вершы лёгка чытаюцца і свабодна пранікаюць у душу. Дзіўна, але пасля чытання яны помняцца. Гэта рэдкасць для сучаснай паэзіі.

 

Люблю вясновы ціхі дзень,
туман замглёнага світання,
з палёгкаю гляджу на цень
свайго апошняга кахання.
 
Пачуцці даўнія маўчаць,
а дойдзе ноч да небакраю,
як страшна хочацца крычаць:
i спадзяюся, i – кахаю.

 

Так заканчваецца верш «Такое кароткае лета». Хочацца, каб у гераіні ўсё ў жыцці склалася, паколькі за радкамі пачуццёвых строф бачная чыстая душа.

 

І вось апошні твор, пра які жадаю распавесці ў гэты раз. Ён і завецца «Апошняя сустрэчы выбраных». Праўда, у маім выпадку, гэта не апошняя сустрэча з творчасцю выдатнай паэткі Раісы Баравіковай.

 

Азвуцца хутка снегапады.

Пра іх ужо гамоняць ветры.

А мы з табой зіме не рады

у гэты вечар непрыветны.

 

У час апошняе сустрэчы

засланы вочы ціхім жалем,

пакутліва накрыла плечы

я пры табе пуховым шалем.

 

Глядзіш адчужана, зласліва –

я для цябе ужо чужая!

На санках снежаньскіх імкліва

да нас расстанне пад’язджае.

 

Адводжу позірк свой маўкліва

i час зацягваю упарта!

З табою не была шчаслівай,

а без цябе i жыць не варта!

 

Лягла на твар разлукі боязь,

ды пагляджу ніякавата...

I пакланюся нізка ў пояс,

нібыта ў нечым вінавата.

 

Ясна, што растанне адбываецца не па віне гераіні. Звярніце ўвагу на лагоднасць, пакорлівасць. Што чакае яе? Адзінота? Мноства іншых мужчын (у папарэднім вершы – «гляджу на цень свайго апошняга кахання»)? Зноў надзея...

 

***

 

Вось і ўсё. Перавярнуў апошнюю старонку ўмоўнай кнігі пад назвай «Паэзія Раісы Баравіковай». Але я дакладна ведаю, што яшчэ не раз яе адкрыю.

 

Пасля такога падрабязнага знаёмства з творчасцю рознабаковага таленавітага чалавека, якім з’яўляецца Раіса Андрэеўна Баравікова, я раблю інтуітыўнае заключэнне: яна паэтка высокага ўзроўню сярод сучасных аўтараў-жанчын. Калі не самага высокага.

 

Алесь Новікаў

Оставить комментарий (1)
Система Orphus

Нас считают

Рейтинг@Mail.ru

Откуда вы

free counters
©2012-2019 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.