Вера Федоровна спустилась на этаж ниже... и вдруг увидела: …солдаты в голубых беретах несли что-то тяжелое.
«Десантники, как мой Коля, – подумала она, и тут страшная догадка, словно молния, ослепила ее. – Так это же гроб, цинковый гроб! Нет, нет, это не ко мне… Это к кому-то другому!!!».
В этот момент офицер ступил на лестничную площадку и увидел Веру Федоровну. Некоторое время он печально смотрел на нее и, ничего не говоря, снял фуражку.

Николай ЧЕРГИНЕЦ, "Сыновья".
Вы тут: Главная»Рубрики»Юбилеи»

«Не дай мне, Божа, старцам стаць душою!»

12/04/2018 в 10:04 Ала КЛЕМЯНОК поэты

 

Гэтымі днямі 70-гадовы юбілей адзначыў паэт, публіцыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт Міжнароднай славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры Генадзь ІІашкоў. На Смаргоншчыну яго бацькі прыехалі ў 1953 годзе. У ваколіцах «салаўінай» вёскі Войстам прайшлі дзіцячыя і юначыя гады. Памяць часта клікала сюды, дзе пад вясковымі дахамі чытаюць яго вершы, захоўваюць вершаваныя зборнічкі ды эпцыклапедычныя выданні, якія пісьменнік шчодра дарыў землякам падчас працы на пасадзе дырэктара выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Ён і сёння часцяком наведваецца ў знаёмыя з дзяцінства мясціны, дзе чэрпае натхненне і адпачывае душой.

 

Нездарма зямля жаночага роду. Як і жанчына, яна мае ўласцівасць адраджацца нават пасля самых жудасных спусташальных падзей. Перахварэе, перапакутуе, перазімуе, спавітая белымі пялюшкамі завірух, а на весну адродзіцца свежымі травамі, заквітнее першацветамі, што прарастаюць на залізаных дажджамі і ручаінамі ранах-стромах. Мімалётны павярхоўны позірк не заўважыць колішніх рубцоў – вочы замілавана цешацца прыгажосцю абнаўлення, багаццем фарбаў і дагледжанасцю абшараў. Падмануты гэтай знешняй гармоніяй, ты ступаеш басанож на мяккі росны мурог, і ў ступню нечакана ўпіваецца ржавым джалам калючы дрот даўняй вайны, наўмысна замоўчанай, выкрасленай з памяці нашчадкаў. I ўспамінаеш, як часта ў дзяцінстве зямля імкнулася прыцягнуць тваю ўвагу такімі ўколамі:

 

Я ступіў па калючы асот,

на дзядоўнік за вёскаю ніцы.

Галава мая, нібы дзот

дзве прыжмураныя байніцы.

 

Трывожныя радкі Генадзя Пашкова – як яркі фрагмент карціны яго пасляваеннага дзяцінства-юнацтва.

 

Генадзь Пашкоў

 

Знітаваны з вясковым светам, ён заўжды быў упэўнены, што «калі ёсць сцяжыначка да раю – гэта тая, што вядзе дамоў». З цягам часу яго прыцягваў на Смаргоншчыну не столькі салодкі дым Айчыны, як аголеная праўда мінулых падзей, што так доўга заставалася па-за ўвагай, а цяпер навязліва патрабавала справядлівай рэабілітацыі хоць бы ў вершаваных радках.

 

Нельга казаць, што тэма гісторыка-культурнай спадчыны не знаходзіла ўвасаблення ў ранейшай творчасці пісьменніка. Варта згадаць вершы «Зямля мая», «Укропінка», эпічны верш-роздум «На Крэўскай градзе». I наогул, тэма малой радзімы была вызначальнай яшчэ ў першым паэтычным зборніку «Кляновік».

 

Калісьці, на пачатку творчага шляху, паэт Генадзь Пашкоў заявіў пра сябе як рамантычны, чулы і эмацыянальны лірык, чый звонкі і чысты голас ухваліў Пімен Панчанка. Дарэчы, самыя першыя вершы юнага Пашкова былі надрукаваны менавіта ў раённай газеце «Светлы шлях». Сёння, маючы за плячыма вялікі жыццёвы вопыт, багаты творчы скарб і жаданне працягваць летапісанне, мэтр мяняе сваё амплуа. Чаму? На гэта пытанне Генадзь Пятровіч адказаў прыкладна так:

 

– Пасля 60 гадоў жыцця пісаць нейкія «прахадныя» рэчы, выкліканыя часовымі пачуццямі ці ўражаннямі, лічу недаравальным глупствам. Назапашаны вопыт і прафесіяналізм неабходна выкарыстоўваць толькі для стварэння грунтоўных філасофскіх твораў. Або наогул не пісаць нічога. Калі я працаваў літсупрацоўнікам у часопісе «Полымя», маімі настаўнікамі былі Анатоль Вялюгін і Іван Чыгрынаў. Перачытваючы сёння іх творы, я разумею, што падсвядома вучыўся культуры верша па вялюгінскім радку. Сёння ж хачу вучыцца па творах празаіка Івана Чыгрынава, абагульняць гістарычны вопыт і выяўляць менталітэт беларускага народа, яго   нацыянальную душу. Рамантыкам я быў у падлеткавым узросце, калі збіраўся добраахвотнікам паехаць на вайну ў В’етнам. Напісаў заяву ў ваенкамат і нават атрымаў павестку. Вучыўся тады, можа, у восьмым класе. Нікому нічога не сказаўшы, паехаў у Смаргонь. Ваенкам доўга смяяўся і параіў мне паступаць на гуманітарныя дысцыпліны, бо ў арміі рамантыкам не месца.

 

А яшчэ паэт згадвае, як у дзяцінстве часта трапляў то ў смешныя, то ў небяспечныя сітуацыі. Прыцягнулі неяк на школьны двор з сябрамі снарад Першай сусветнай, што адкапалі ў лісінай нары. Шмат гвалту нарабілі. Чуткі пайшлі, што лясныя браты дыверсію падрыхтавалі. Калі з райцэнтра прыехалі сапёры і выкрылі басаногіх «дыверсантаў», доўга смяяліся. А снарад абясшкодзілі ў яры за вёскай.

 

У жыцці ўсё вельмі адносна. Хоць і не далучае паэт сябе да фаталістаў, аднак, згадваючы асобныя моманты, мяркуе: нешта ёсць у гэтым свеце, што нас ахоўвае і бароніць. Аднойчы ён выцягнуў на рыбалку свайго сябрука-кнігалюба. Эдзік вельмі любіў чытаць, і ў той дзень Генадзю каштавала немалых намаганняў сцягнуць хлопца з печы. Калі яны выйшлі з вёскі, недалёка ў полі ўпаў самалёт, і выбух быў такі моцны, што вялікі кавалак палаючага металу даляцеў да Эдзікавай хаты і тая ўспыхнула, як сноп саломы.

 

Розных выпадкаў з пасляваеннага дзяцінства хапае ў памяці. А пра нешта ні Генадзь, ні яго аднагодкі нават не здагадваліся. Ці ж маглі яны ведаць, што пад тымі пагоркамі, на якіх вясковая дзятва збірала ягады размарыну, былі могілкі Першай сусветнай вайны? Па вясновым ворыве збіралі патроны, вытрасалі з іх порах і, зрабіўшы «крывулькі», падпальвалі і бабахалі, палохаючы выпадковых мінакоў. I не дужа задумваліся над тым, боепрыпасамі якой эпохі так багата ўдобраны навакольныя палі. Калі з цягам часу адкрыліся многія тайны з гістарычнай спадчыны краю, паэт Генадзь Пашкоў зразумеў, што пейзажныя вершы маляўнічых краявідаў перасталі быць актуальныя, бо пад іх знешняй прыгажосцю прыхавана горкая праўда страшных успамінаў. Тэма грамадзянскай лірыкі заўжды прысутнічала ў непаўторным паэтычным свеце аўтара. Ад расчаравання за зніклую рэчку дзяцінства Спяглянку, за пустыя вёскі і павысяканыя бярозавыя гаі думкі скіроўваюцца да агульначалавечых праблем і трагедый. З эмацыянальнай узрушанасцю лірычны герой у паэме «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» задае рытарычнае пытанне:

 

Няўжо ў Зямлі,

калыскі чалавецтва,

ад туманоў зраселай,

гэткі лёс

урэшце стаць

арэнаю калецтва,

салёным морам

роспачы і слёз?

 

Сваёй творчасцю Генадзь Пашкоў выхоўвае ў чытачоў лепшыя чалавечыя якасці. Будзем чакаць яго мудрых твораў.

 

Ала КЛЕМЯНОК,

«ЛіМ» №12-30.03.2018г.

Оставить комментарий (0)
Система Orphus

Нас считают

Рейтинг@Mail.ru

Откуда вы

free counters
©2012-2018 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.