Скарб беларускай паэзіі
Верш «Зорны павой» выдатнага беларускага паэта Генадзя Пашкова, жывога класіка, крануў мяне да глыбіні душы. Ён ёсць верхам паэтычнай дасканаласці, паказвае майстэрства паэта і адкрывае чыстую душу яго.
У сутонні, водарам налітым,
прыпыню, здарожаны, хаду.
I да траваў хмельна-варажбітных
у шчаслівай стоме прыпаду.
Якое велічнае стаўленне да прыроды! Паэт проста ўбірае ў сябе яе, пакланяецца ёй, паколькі сам з'яўляецца часцінкай прыроды. Гэта сведчыць аб гармоніі з навакольным Космасам.
Алесь Новікаў
Зорны павой
Я пажыў даволі ў гэтым свеце.
І яшчэ,
дасць Божа,
пажыву.
Адпускаю птушкаю на вецер
з ціхім смуткам светлую душу.
Не шукайце вольнага на волі.
Вы мяне не знойдзеце нідзе.
Туманом сыду у наваколле.
Не пакіну следу на вадзе.
У сутонні, водарам налітым,
прыпыню, здарожаны, хаду.
I да траваў хмельна-варажбітных
у шчаслівай стоме прыпаду.
Заінелы поўнік над лукою
да гаёў вячыстых на градзе
скрозь туман
над соннаю ракою
залатую кладку пракладзе.
Не шукайце вольнага на волі.
Вы мяне не знойдзеце нідзе.
Туманом сыду у наваколле.
Не пакіну следу на вадзе.
<1995-96 (?)>
---
Чытаць яшчэ: