Аб радзіме шчодра і без фальшы
Генадзь Пашкоў
На зямлі спаконвечнай
Жывапіс асенняга пажару.
Снежаньская графіка лясоў.
Над выжарай – жаўры,
а ў імшарах –
смутак журавовых галасоў.
І ў тым свеце, між лясоў і гацяў -
колькі мне адпушчана пражыць, -
не стамлюся бачыць і здзіўляцца,
захапляцца,
слухаць
і любіць.
Адыйду, як лісце адыходзіць
пад крысо завейнае зімы.
Застануся толькі у прыродзе
я пад імем вечным Шар Зямны.
Першы ліст і першая завея...
Я слязы гаручай не ўтаю,
як душа ад шчасця анямее,
і як заварожаны стаю.
І ў тым свеце, між лясоў і гацяў –
колькі мне адпушчана пражыть, -
не стамлюся бачыць і здзіўляцца,
захапляцца, слухаць і любіць.
Яўгенія Янішчыц
«Бацькаўшчыне»
Радзімы вецер!
Ён з усіх вятроў
Мне як натхненне,
Як шчаслівы подых.
Ёсць доўгі шлях,
Дзе мы,
Як параходы,
Вяртаемся
Да родных берагоў.
Ўдалечыні
Прыйшлося столькі жыць
I слаць сябрам
Паклоны у канверце...
Ёсць міг такі,
Калі не страх памерці,
А страх —
Цябе сабой не засланіць.
Любоў Тарасюк
«Імя Айчыны»
Давеку я, напэўна, не збяру
Усю яе ў праявах разнастайных.
Маленькая, як сэрца, Беларусь
Адданая любоўю вырастае.
За бохан сонца, што з маленства меў,
Ці сплаціш ёй душэўнаю турботай?..
Сваю Айчыну ўбач і зразумей,
I ў ёй сябе ты зразумееш потым.
Сваёй Айчыны яснае імя,
Нібы ўласнае —
He дай запляміць...
I светлы цень буслінага крыла
Над рэкамі, дарогамі, палямі.
Міхась Южык
***
Між балацін пятляла Случ
і гушчарамі.
Глядзела сонца з вышніх круч
парой за намі.
І плыў байдарак караван
у фарбах светлых
поўз лес і паплавоў дзірван
скрозь водар лета.
Зігзагі порскія стракоз
і птушак спевы…
Ля леснічоўкі хісткі мост
ледзь ацалелы…
Да самай Прыпяці ў лясы
рака збягала,
іскрыстых бруяў валасы
нібы хавала.
Яна паказвала штодзень
свой нораў дзікі,
яна ірвалася пад цень
і ў сонца блікі.
Але як сотні ручаёў
і рэк Палесся
ўлілася ў хор сярод гаёў –
адзінай песняй.