Сцвярджаюць гісторыкі і мовазнаўцы
Што паступова сціраюцца грані нацый
І, нібыта як перажытак,
            аджыць павінна абавязкова
Мова маці маёй – беларуская мова…
Што мне, як імя ўласнае, блізкая і знаёмая,
Што па жылах маіх цячэ
                      і сонным Сажом і Нёманам.

Рыгор БАРАДУЛІН
Вы тут: Главная»Рубрики»Литература»ЛіМаразм»

ЛіМаразм-27. Рукою чараўніка

20/02/2015 в 12:02 Міхась ЮЖЫК, вядучы рубрыкі поэзия , поэты , псевдокритика

Просто я работаю волшебником.

                                                              Леў Ашанін

 

 

З усіх чалавечых якасцяў я найбольш ненавіджу бяздзейнасць. Гэтае летуценнае чаканне падарункаў не то з неба, не то ад людзей. Літаральна за месяц бяздзейнасці любы чалавек пачынае развальвацца па фізічным і псіхічным здароўі. Так хітра мы выдуманы, што мусім пастаянна працаваць, і над сабою ў тым ліку.

 

Мне лягчэй бы за ўсё цяпер – кінуць балота беларускай афіцыёзнай літаратуры і папісваць вершыкі, і вытрэшчвацца ў тэлевізар, дзе бегаюць прыгожыя карцінкі. Бо колькі я ні паглыбляюся ў архіў “ЛіМа”, бачу, што нічога да лепшага не мяняецца. Дый з чаго яно мусіць мяняцца, калі тады тыднёвік ніхто не крытыкаваў? Адзіныя спадзяванні могуць быць на далейшае паляпшэнне тыднёвіка, але па шчырасці – слабыя спадзяванні. У глыбінях жа архіву ляжаць такія нерушы, што робіцца страшна. Вось што значыць газета дзесяцігоддзямі перабывала без свайго крытыка. Але мы ёй дапаможам, паколькі лічым сябе прыналежнымі да гэтай газеты не менш, чым калектыў рэдакцыі нават. Мы з яе выраслі.

 

лев ошанин

 

“ЛіМ” №22 змяшчае на старонцы “паэзія” вершы Мар’яна Дуксы, Іны Фраловай, Аляксея Галаскока.

 

Вершы Мар’яна Дуксы вызначаюцца філасофскай заглыбленасцю, якая грунтуецца на традыцыйным беларускім песімізме і непрыманні шалёнай сучаснасці.

 

У першым вершы Дукса звяртаецца да паэтаў, якім у жыцці нялёгка:

 

Не хоча ні песціць, ні гушкаць

дзень сённяшні бесцырымонны.

Няпроста як, рэдкія птушкі,

вам вытрымаць нораў ягоны.

 

Вас губіць, напэўна, бязвер’е,

палохае клімат нязвычны.

У вас далікатнае пер’е,

залішне паёк ваш хімічны.

………………………………

 

Пад нязвычным кліматам разумеецца, відаць, грубая рэчаіснасць. У апошнім радку другой страфы праглядаецца граматычная памылка. Як можа “хімічны паёк” быць “залішне”?

 

У трэцім вершы напал песімізму ўзрастае:

 

***

 

Ён дыхае —

глабальны крах.

Наш лёс —

зямнога лёсу копія

зноў лапашыцца ў сэрцы

страх,

душу штодзённа точаць фобіі.

Ляціць трывог

пчаліны рой

ужо з любымі пераменамі.

Хоць узвышаецца настрой

людскі

стараннымі шаўменамі.

 

Тут выводзіцца нейкі глабальны крах, пры якім усім дрэнна. Толькі не варта, думаю, валіць з хворай галавы на здаровую – цывілізаваны свет жыве збольшага здорава, весела, плённа. І толькі беларусам усё кепска – вайна, адраджэнне (цяжкое), застой брэжнеўскі, перабудова, шалёны капіталізм… Ці не варта ўсё ж шукаць прычыну ў біяхіміі свайго мозгу, які гэтак негатыўна ўсё бярэцца ўспрымаць?

 

Далібог, “паэзія” так хітра завярстана, што апошнія вершы Іны Фраловай можна спакойна палічыць за вершы Аляксея Галаскока, трэцяга аўтара. Гляньце вёрстку, хто думае, што я прыдзіраюся.

 

Таму вазьму толькі першы верш паэтэсы:

 

Прага крыла

 

Спяшаецца, ляціць у просінь

Жывы лісток календара.

Мы пройдзем разам гэту восень,

Калі б прыйшла яе пара.

 

Не хмур у роспачы ты бровы,

У сумны спеў дажджоў не вер.

Іх песень словы —

толькі словы,

А я дару крыла давер.

 

А як спатолім прагу досыць

Мы з лістападам-матылём,

Перажывём і гэту восень,

Перажывём, перажывём...

 

Што можна сказаць. Верш светлы, прыемны. Але просценькі – настолькі, што ўжо выпадае з катэгорыі мастацкіх тэкстаў. Старадаўнія рыфмы “просінь – восень” і “не вер – давер” агульную карціну не ўпрыгожваюць. І ўсё ж дзякую аўтарцы за пазітыў. Адзначу як удалую знаходку “лістападам-матылём”.

 

Вершы Аляксея Галаскока напісаны прафесійна, на добрым такім, самавітым узроўні. Пераважна – пра любоў да Радзімы. Тэма далёка не новая. Але вечная. Прывядзём адзін з вершаў:

 

На Радзіме

 

Спазнаў я абдымкі тугі,

Мне сум развітання знаёмы.

Чужыя вітаў берагі,

З іх птушкай рваўся дадому.

 

Калі на Радзіму ляцеў,

Здавалася, зложацца крылы:

Стагнаў, не скараўся, цярпеў —

Адкуль толькі браліся сілы?

 

А сёння з палескай зямлі

Гляджу з захапленнем у неба

І ведаю, што не пяклі

Нідзе, як тут, смачнага хлеба.

 

А з нашых празрыстых крыніц

Глыточак вадзіцы спатоліць...

Я ў госці прыеду —пакліч,

А вось назаўсёды — ніколі!

 

У свеце ёсць многа краін

Дзіўнейшых. Цяплейшых, багатых.

А я, шляхам стомлены сын,

Вярнуўся ў бацькоўскую хату.

 

Адсюль мо душа адляціць

Да зорак пад плач завірухі.

Зямля, дзе пашчасціла жыць,

Будзь мне дываном, будзь і пухам.

 

З недахопаў я б адзначыў зашмуляную рыфму “неба – хлеба”. Ёсць шмат паэтычных штампаў: “празрыстых крыніц”, “бацькоўскую хату”. Свежых метафар я не знайшоў наогул. Усё гэта ўжо было, чулі, чыталі. На жаль. А ў цэлым, калі верш будзе чытаць не крытык, а дылетант, то ён можа яму вельмі спадабацца. Гладка, складна, ладна. І пачуцці не пустыя. Аднак для паэзіі гэтага мала.

 

Апавяданне Анатоля Кудласевіча “Летацішына золата” вытрымана ў лепшых традыцыях кароткага аповеду і ўласна беларускай вясковай прозы. Аповед вядзецца як быццам дакументальна, ад першай асобы. Мова ёмкая, вобразная бо Кудласевіч паэт. Увогуле творчы лёс Анатоля тыповы для беларускіх пісьменнікаў, якія не маюць калялітаратурных пасад. Рукапіс яго кнігі прозы пралежаў у “Мастацкай літаратуры” гадоў дваццаць і выйшаў кнігай (мяккая вокладка) ужо пасля таго, як паэт цяжка захварэў. Што тут каментаваць? Хай дзякуе Анатоль Богу, што ўсё склалася так, а не горай. Здароўя табе, добры чалавек, і творчага плёну.

 

На першай старонцы “крытыка” Жанна Шаладонава вядзе ўдумлівы параўнальны аналіз творчасці Янкі Купалы і Тараса Шаўчэнкі. То бок навуковец паказвае нам свой досвед. Для чаго? Артыкул літаратуразнаўчы і тут, у “крытыцы”, недарэчны. Купалу і Шаўчэнку мы ведаем добра, можна сказаць, наскрозь. Пішыце кнігі, ахвотныя іх купяць. Не займайце, Жанна, чужое месца.

 

Пачатак артыкула:

 

“Паэтычная спадчына Тараса Шаўчэнкі — адно з найбольш уплывовых выяўленняў беларуска-ўкраінскіх узаемасувязей. Кожны з творцаў наладжвае ўласны дыялог са славутым украінскім папярэднікам — у адпаведнасці з асаблівасцямі таленту, жыццёвага і мастацка-творчага досведу, эстэтычным густам, светапогляднымі ўстаноўкамі. Шаўчэнкаўскі рамантычны код прэзентацыі нацыянальнай рэчаіснасці і самавыяўлення індывідуальна-аўтарскага «я» знайшоў у свой час адлюстраванне ў паэзіі Янкі Купалы”.

 

Ад сівой даўніны ў беларускай літаратуры, прабачце, робіцца затхла. Усяму ёсць свая мера. Не ператварайце паэтаў у ідалаў, у язычніцкіх бажкоў, якімі вы размахваеце, палохаючы маладых. Пашкадуйце душу Купалы.

 

На другой старонцы “крытыкі” змешчаны задоўжаны, грунтоўны, млявы і глыбакадумны літаратуразнаўчы артыкул “Літаратурная думка Антона Луцкевіча” выраблены Аленай Карп.

 

Лаўлю сябе на тым, што праводжу рэвізію архіва “ЛіМа” і проста сведчу ў дакументах: “Падман. Не крытыка”, “Не крытыка”, “Не крытыка”. Уяві, чытач, колькі разоў за гэтыя месяцы цябе падманулі. Разглядаць і каментаваць такія артыкулы, напісаныя і змешчаныя не да месца, у мяне не стае сілаў.

 

І нарэшце, крытычны артыкул! У самым канцы рубрыкі “крытыка”. Супрацоўніца “ЛіМа” Анастасія Грышчук аналізуе… шматлікія сучасныя раманы Южыка? Не. Кнігу вострай крытыкі Аляксандра Новікава? Зноў міма. А – кнігу нязменнага госця “ЛіМаразма” акадэміка Уладзіміра Гніламёдава!

 

Гніламёдаў без перабольшвання – наша ўсё! Яго ўлада на беларускай літаратурай бязмерная – ад Гомеля да Браслава, ад Брэста да Віцебска, ад “Звязды” да “Нёмана”, ад “Полымя” да… “Галіяфаў”. Так, я не памыліўся, менавіта незалежнае выдавецтва “Галіяфы”, якое спецыялізуецца выключна на беларускай літаратуры, выдала рускамоўную літаратуразнаўчую кнігу Гніламёдава “На рубеже времен”. З якой, здавалася радасці? І чаму рэкламуецца незалежнае выдавецтва ў “ЛіМе”? А таму, што яно асвечана сонцам нашым – акадэмікам усяе Беларусі. Чакайце, ну ладна, рэкламуюць. А чаму ж выдалі Гніламёдава ў “Галіяфах”? Хе, а таму што акадэмік наш некалі дапамог зарэгістраваць гэтае слыннае выдавецтва, без яго ніяк чыноўнікі не згаджаліся! Логіку маю зразумелі? Няма ў нас дрэнных і апазіцыйных выданняў, ёсць мізэрныя людзі, пра якіх не пішуць і якіх не друкуюць, і якіх не рэгіструюць у якасці выдаўцоў.

 

Творчасць акадэміка неабсяжная і шматгранная, ледзьве крануўшыся чараўнічай рукою, ён напаўняе святлом і духам любую тэму. Гэтым жа разам… Зрэшты, дадзім урывак з артыкула:

 

“Уладзімір Гніламёдаў, вядомы літаратуразнаўца і пісьменнік, не бярэцца развязаць вузел, але даследаванне «На рубеже времён: Русскоязычная поэзия Беларуси» (Галіяфы, 2013) — гэта дакладны (прынамсі, ствараецца такое ўражанне), гарманічны і нават прыгожы малюнак «з натуры». У. Гніламёдаў дае агульны план: развіццё рускамоўнай літаратуры Беларусі — ад Сімяона Полацкага і да нашых дзён (дакладней, да разбурэння СССР)”.

 

Чытачы “ЛіМаразма” не забыліся, як натхнёна і непаўторна, на цэлую старонку тыднёвіка, даследаваў Гніламёдаў вершы невядомай рускамоўнай паэткі Саветнай? Для сапраўднага талента няма неадольных тэмаў і неадужных спраў.

 

Міхась Южык

Оставить комментарий (1)
Система Orphus

Нас считают

Откуда вы

free counters
©2012-2017 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.